У Беларусі ўсяго тры-чатыры гады, каб падрыхтавацца
Як толькі Расія займее альтэрнатыўныя шляхі транзіту нафты і газу, яна пачне гаварыць з Мінскам на мове дыктату, прагназуе Віталь Сіліцкі. Што да крэдытаў МВФ, то Крэмль ім толькі рады.
Як толькі Расія займее альтэрнатыўныя шляхі транзіту нафты і газу, яна пачне гаварыць з Мінскам на мове дыктату, прагназуе дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі. Што да крэдытаў МВФ, то Крэмль ім толькі рады. Ён спадзяецца перапампоўваць іх на аплату тых жа расійскіх энерганосьбітаў па вышэйшых цэнах.
— Я распавяду вам гісторыю, якая адбылася на канферэнцыі, якую ладзіў наш інстытут у лістападзе 2008 года. У якасці аднаго з выступоўцаў прыехаў вядомы ў Беларусі расійскі эксперт Андрэй Суздальцаў. Ён выступаў у рангу дзяржаўнага чыноўніка Расійскай Федэрацыі і проста абгаворваў схемы, у што Беларусі абыдзецца геапалітычны разварот на Захад. Былі прагавораны канкрэтныя рэчы: калі Беларусь будзе пярэчыць прыватызацыі сваіх ключавых актываў расійскім капіталам, калі яна будзе ствараць перашкоды, Расія не будзе пускаць беларускія тавары на свой рынак. Гэта было агучана на канферэнцыі абсалютна ў адкрытую. Калі мы маем такія заявы, то становіцца ясна, што гэтая палітыка зараз і адбываецца.
Сапраўднай прычынай Малочнай вайны быў частковы разварот Беларусі на Захад, непрызнанне Беларуссю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і нежаданне беларускіх уладаў згадзіцца на прыватызацыю менавіта малочнай галіны расійскім капіталам.
Калі пачаліся размовы пра стандартызацыю, сертыфікацыю беларускай малочнай прадукцыі па нормах ЕС, у Расіі, магчыма, склалася ўражанне, што гэтая галіна цалкам можа пайсці ў рукі заходніх інвестараў.
— Гэта значыць, расіяне адчулі, што проста «бабкі» ўцякаюць у іншы бок?
— Тут нават не бабкі: хутчэй, уцякае тэрыторыя. Лаяльнасць Беларусі да Расіі цяпер пад вялікім пытаннем. Асаблівы штуршок усім гэтым працэсам дало «Ўсходняе партнёрства». З пункту гледжання расійскай палітэліты (і гэта прасочваецца па ўсіх іх заявах), цяпер момант, калі Беларусь можна яшчэ ўзяць і затрымаць, бо ў нас вельмі залежная ад Расіі эканоміка па ўсіх параметрах. І тут можна ствараць нейкія абмежаванні, перашкоды па ўсім спектры таго, на што мы арыентуемся.
— Без Расіі мы ніяк не здолеем, нават калі пераарыентуемся на Еўропу?
— Цалкам санітарна заблакаваць Беларусь у Расіі ніколі не ўдаецца.Пэўная залежнасць Расіі ад Беларусі захоўваецца, пакуль мы кантралюем транзітныя шляхі і пакуль у Расіі існуе дэфіцыт транзітных магутнасцяў, як гэта і ёсць зараз. Магчыма, праз тры-чатыры гады гэтай перавагі ў Беларусі ўжо і не будзе, калі Расія ўпрэцца рогам і выдасць шалёныя сумы, каб пабудаваць абсалютна стратныя трубапровады. Але ж калі мы ўжо сур’ёзна думаем пра нейкае незалежнае існаванне, то гэтыя тры-чатыры гады ёсць у нас на пэўную структурную перабудову беларускай эканомікі.
— Пакуль не закрыюць «Дружбу», прыйдзецца сябраваць?
— Так, я згодны з гэтым.
— Куды ж мы рушым? У Расію ці не? Чым усё скончыцца?
— Ідзе гульня нерваў: Масква чакае, што Беларусь спужаецца ўласнай прыткасці і спыніцца, бо ёй не будзе куды дзявацца. А беларускі бок разлічвае на тое, што ўсё ж Расія схопіцца за галаву, зразумеўшы, што Беларусь усур’ёз «сыходзіць». Магчыма, дзесьці гэты кампраміс да канца месяца і будзе знойдзены. Але ж пакуль абодва бакі гуляюць на вельмі павышаных танах і павышаных стаўках. Дарэчы, ужо
пайшоў працэс геапалітычнай канкурэнцыі, калі Міжнародны валютны фонд пачаў перабіваць расійскія крэдыты. Што насамрэч пэўнымі коламі ў Крамлі, я думаю, толькі будзе заахвочвацца, таму што гэтыя крэдыты пойдуць на аплату тых жа запазычанасцяў за расійскія энерганосьбіты і гэтак далей.Сітуацыя будзе непрадказальнай.
Каб зрабіць сапраўдны разварот, трэба мець дакладную накіраванасць на структурную перабудову беларускай эканомікі. Гэта вельмі балюча — і палітычна, і сацыяльна. Існаваць па нейкіх паўправілах-»паўняправілах» у прывілеяваным стане з Расіяй было лягчэй. Не трэба было напружвацца. Ведаеце, з гэтах канфліктаў можа атрымацца шмат карыснага, калі пагнабляць малако, потым мяса, потым яшчэ што-небудзь. Калі прадпрыемствы зоймуцца сертыфікаціяй прадукцыі, пошукам новых рынкаў, пераходам на нармальныя стандарты, каб экспартаваць яшчэ ў многія бакі — будзе тое, што адбылося, умоўна кажучы, з грузінскім і малдаўскім віном. І хаця зараз там вытворчасць упала, але ж, як яны кажуць, гэта дазволіла ім пераарыентавацца, знайсці новыя рынкі, павысіць якасць прадукцыі. Але ж гэта трэба будзе рабіць не з адной-дзвюма нейкімі пазіцыямі, а з цэлым шэрагам.
— Дзіўна, што ўсё гэта адбываецца пад сцягам будаўніцтва саюзнай дзяржавы…
— З гэтым трэба вызначыцца, вызначыць Беларусь як самую сябе, свае нацыянальныя інтарэсы, уласную ідэнтычнасць, якая ўжо не звоздіцца проста да пастсавецкай ці квазісаюзнай.
Пытанне ставіцца так: што такое Беларусь?
Каментары