На сумесным пасяджэнні сеймаў Польшчы і Літвы, прымеркаванаму 230-годдзю Канстытуцыі 3 мая, Наўседа заклікаў разам супрацьстаяць пагрозам Расіі супраць Украіны і Беларусі, піша «Польскае радыё».
Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа падчас выступу на сумесным пасяджэнні парламентаў Польшчы і Літвы, прымеркаванаму 230-гадавіне прыняцця Канстытуцыі 3 мая, заклікаў разам супрацьстаяць пагрозам Расіі ў дачыненні да Украіны і Беларусі.
— Хачу падкрэсліць, што Літва ніколі не прызнае незаконную анексію Крыма і будзе працаваць над спыненнем фактычнай акупацыі ўсходняй часткі Украіны. Што б ні здарылася, мы не можам дапусціць, каб Украіна зноў сышла ў мінулае.
Прамаўляючы ў польскім Сейме літоўскі лідар Гітанас Наўседа таксама заявіў, што Расія намагаецца падпарадкаваць сабе Беларусь:
— Важную ролю ў гэтым працэсе мае небяспечная Астравецкая АЭС, якая прадстаўляе небяспеку для ўсіх жыхароў рэгіёна. Я казаў і кажу, што мы цэнім суверэнітэт Беларусі і ніколі не пагодзімся з тым, каб энергетыка стала геапалітычнай зброяй, якая ператварыла Беларусь у закладніцу крамлёўскай палітыкі.
Гітанас Наўседа падкрэсліў, каб краіны рэгіёна маглі свабодна развіваць свае дэмакратычныя памкненні, спатрэбіцца дакладнае бачанне Усходняга партнёрства Еўрапейскага Саюза. Урокі мінулага паказваюць, што «перад тварам агрэсіі з боку варожай сілы неабходна аб'яднацца і мабілізаваць уласныя сілы, пакуль не стала занадта позна».
3 мая ў Польшчы адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Цяпер з гэтай нагоды ў Варшаву дзеля перамоваў і ўдзелу ў святочных урачыстасцях прыбываюць таксама прэзідэнты Латвіі, Эстоніі і Украіны.
Каментары