Пра водную траву, якую некалі нібыта завезлі да нас усходнія заваёўнікі і якой мы пасля шчодра падзяліліся з Еўропай і Амерыкай, піша доктар гісторыі Алесь Белы.
Аер. Depositphotos.com by Dabjola
Прарадзіма — Непал?
На землі Вялікага Княства Літоўскага аер прыйшоў як «татарская» зёлка. Нібыта яшчэ ў часы мангольскага нашэсця татары вазілі з сабой карані аеру, адмыслова засяляючы ім вадаёмы, у якіх паілі сваіх коней (бо лічылі, што аер ачышчае ваду).
Усходнеславянскія назвы аеру (бел. аер, рус. аир, укр. аїр) сапраўды паходзяць ад турэцкага і татарскага ağir, але само гэтае слова — ад старажытнагрэцкага ἄκορος (як і лацінская назва acoros). Ядро кораня слова ἄκ- тлумачаць як «востры». Так што да нас расліна сапраўды магла трапіць праз татар, але не з усходу, а з поўдня. Бо цюркскія народы, відаць, самі пазнаёміліся з аерам на тэрыторыі Візантыйскай імперыі.
Сёння аер расце ў Еўропе паўсюдна, але не ўтварае пладоў, памнажаецца вегетатыўна: уломкамі кораня. І толькі ў Цэнтральнай Азіі на расліне выспяваюць чырвоныя ягады, бо там жывуць непрыкметныя жоўтыя мошкі роду Contarinia, здольныя апыляць кветкі аеру. Адгэтуль і гіпотэза, што прарадзіма расліны — Паўночная Індыя, Непал.
Ва Усходняе Міжземнамор’е, далёка на захад ад прарадзімы, расліну маглі прывезці арабскія ці фінікійскія купцы: часткі аеру звычайнага былі знойдзены нават у грабніцы фараона Тутанхамона (XIV стагоддзе да н. э.).
Сродак ад усяго
Аер быў добра вядомы старажытным персам, габрэям і грэкам як кампанент парфумерных вырабаў і спецыя. Бацька медыцыны Гіпакрат (V—ІV стагоддзі да н. э.) зацвердзіў за ім рэпутацыю важнай лекавай расліны. Старажытнагрэцкі лекар Дыяскарыд (І стагоддзе н. э.) рэкамендаваў ужываць яго пры захворваннях пячонкі, касы, дыхальных шляхоў, а таксама як мачагонны і танізуючы сродак. А перс Авіцэна (ХІ стагоддзе) раіў як ачышчальны сродак пры захворваннях пячонкі і страўніка.
Дзве тысячы гадоў таму не было выразнага ўяўлення пра дэзынфекцыю ў сучасным сэнсе. Але аер адпалохваў патэнцыйна шкодных насякомых — і яго сталі ўжываць для абароны ад хваробаў, а заадно ад злых духаў і ўвогуле любых бедаў.
Не толькі народная свядомасць, але і даўнейшая схаластычная навука істотна перабольшвалі гэтыя ўласцівасці аеру. Польскі батанік і лекар Шыман Сырэнскі прысвяціў аеру ладны кавалак свайго фундаментальнага «Зельніка», выдадзенага ў Кракаве ў 1613 годзе. Ён сцвярджаў, што соль аеравага кораня, прыгатаваная са старым моцным віном, нейтралізуе атруту змей і іншых ядавітых жывёл.
Сёння навука прызнае за раслінай моцнае інсектыцыднае, бактэрыцыднае і фунгіцыднае дзеянне — без магічных перабольшанняў. У аптэках, апроч сушанага кораня, можна знайсці алей з аеравага карэнішча, настойку і экстракт.
У народнай медыцыне карэнішча аеру ўжываецца значна шырэй, чым у навуковай. Яго спіртавой настойкай у даўніну абмывалі гнойныя раны і язвы. Корань узмацняе цыбуліны валасоў, памагае пры рэўматызме. Спіртавую настойку і адвар ужываюць пры хваробах страўнікава-кішэчнага тракту, паносах, хваробах жоўцевых шляхоў, пры камянях у нырках і пры малярыі. Карэнішча аеру лічацца адным з галоўных кампанентаў сумесяў для ваннаў для залатушных і рахітычных дзяцей.
Аер жавалі, ратуючыся ад эпідэмій халеры, «іспанкі» 1919 года і сыпнога тыфу, хоць эфектыўнасць расліны супраць гэтых хвароб сумнеўная.
Згадваюць таксама, што корань аеру наразалі кавалачкамі, сушылі, а потым, калі адчувалі пяршэнне і боль у горле, такі горкі кавалачак грызлі і смакталі.
Аер-ахоўнік
Ахоўная функцыя аеру, бадай, самая прыкметная ў беларускай народнай культуры. Сцёблы або кавалкі карэння расліны раскідалі па падлогах дамоў і лазняў, у хлявах і на падворку, асабліва па дарожках. У некаторых мясцовасцях Беларусі тое самае рабілі ў пакоі, дзе да пахавання заставаўся нябожчык. Коранем аеру чысцілі калодзежы. Сушаным лісцем набівалі падушкі і матрацы. Аерам мылі валасы (асабліва жанчыны), каб надаць ім сілы. Рабілі для дзяцей прымітыўныя музычныя духавыя інструменты. А яшчэ выкарыстоўвалі доўгае лісце ў якасці шнуроў для звязвання вянкоў цыбулі і часнаку.
Як і некаторыя іншыя сімвалічна важныя зёлкі, аер асабліва ўшаноўвалі падчас свята Сёмухі (Тройцы), якое называлі таксама Зелянец або Зялёныя святкі. Сцёблы аеру было прынята ў гэты дзень раскладаць па хатах, аерам «умайвалі» падлогу і інтэр’ер цэркваў і касцёлаў. А дзяўчаты плялі сабе вянкі з гаючых і чарадзейскіх траў (аеру, буквіцы, палыну і іншых).
Ежа для беднякоў і экспартны прадукт
Ужываць аер у ежу беларусаў навучылі татары. Даўней яны варылі лісце і парасткі аеру як гародніну. З карэнішчаў аеру гатавалі цукаты. Іх выраб потым перайшоў і ў шляхецкі побыт. У часы, калі цукар быў неверагодна дарагім, для падсалоджвання цукатаў выкарыстоўваўся мёд.
Аер дадавалі ў збітні, узвары і падобныя напоі. Павел Шпілеўскі пісаў у 1853 годзе ў сваім артыкуле «Нізкi рынaк у Менску»: «Проста насупраць Бернардзінскай вуліцы ўбачыце некалькіх жыдовак, якія гандлююць збітнем, але збітнем беларускім, альбо менскім, прыгатаваным з бярозавага лісця, аеру, ліпавага цвету і патакі; збіцень кіпяціцца ў вялізных, не надта прыгожых самаварах і разліваецца ў кубкі са сподачкамі».
Гэтак жа як лісцем клёна або дуба, лістамі аеру выкладалі хлебную лапату. Хлеб з упечанымі ў яго скарынку зялёнымі «стужкамі» меў прыемны водар і своеасаблівы выгляд.
А дзеці і беднякі вясной перабіваліся маладымі парасткамі аеру (белыя часткі лісця ля самага кораня) проста так, без усялякай апрацоўкi. І сёння многія памятаюць пра гэты «ласунак»: праз 2—3 дзесяцігоддзі, што мінулі ад вясковага дзяцінства, смак аеру нагадвае некаторым людзям… авакада!
І цукаты, і сушанае карэнне аеру былі адным з артыкулаў экспарту з Вялікага Княства Літоўскага ў Заходнюю Еўропу, дзе аер прыкладна да сярэдзіны XVІI стагоддзя яшчэ не рос. Еўрапейскія геаграфічныя энцыклапедыі, пачынаючы з «Усеагульнай касмагpафiі» 1550 года пpафесаpа Базэльскага ўнiвеpсітэта Себасцьяна Мюнстэpа, паведамлялі, што найбольш «духмянага трыснягу» (Calamo Aromatico) расце менавіта на Белай Русi.
Вядомы французскі аптэкар часоў Людовіка XІV Маісей Шарас адзначаў у напісаным у 1676 годзе фармакалагічным даведніку, што аер трапіў у Францыю менавіта з ВКЛ. А ў XVІІI стагоддзі ён нават перасек акіян і рассяліўся ў Паўночнай Амерыцы.
Аераўка-калмусоўка
Прыемны бальзамічны водар аеру здаўна выкарыстоўвалі ў вытворчасці алкагольных напояў. Часам яго ўжывалі ў піваварстве заміж хмелю, а таксама араматызавалі ім віно.
У 1758 годзе ў выдавецтве Супрасльскага базыльянскага манастыра выйшла кніга «Alexego Podemontana medyka y filozofa taiemnice…» — пераклад на польскую мову славутай энцыклапедыі разнастайных «сакрэтаў» па розных галінах ведаў італьянскага аўтара XVI стагоддзя, які пісаў пад псеўданімам «Аляксей з П’емонта». На розных еўрапейскіх мовах гэтая кніга вытрымала больш за 100 выданняў. Сярод вялікай колькасці іншых «сакрэтаў», даволі наіўных або спрэчных з нашага сённяшняга гледзішча, там прыводзіцца і рэцэпт араматызацыі аерам салодкага віна тыпу мускат.
Але самай распаўсюджанай у Рэчы Паспалітай была настойка аеру на гарэлцы, якую называлі «аераўка», але часцей «калмусоўка» — ад лацінскай назвы расліны Acorus calamus. Што асабліва ўражвае ў гэтым своеасаблівым напоі аранжава-жоўтага колеру, дык гэта рэзкі кантраст паміж яго вельмі прыемным, бальзамічным водарам, ад якога інтуітыўна чакаеш салодкага смаку, і нечаканай горыччу.
Калмусоўкі наўрад ці вып’еш цэлую шклянку. Хворым яе давалі маленькімі лыжачкамі, некалькімі кроплямі на цукры, а ў даўняй шляхецкай традыцыі пілі маленькімі кілішкамі як аперытыў або дыжэстыў.
Даўней без аераўкі не абыходзілася аніводная прыстойная шляхецкая «прыемная аптэчка» — адначасова і набор лекаў, і хатні міні-бар. Ва ўспамінах Леана Патоцкага з 1820-х гадоў кілішкам аераўкі-калмусоўкі пачынаўся звычайны сняданак шляхціча-ліцвіна, што і задавала настрой на ўвесь дзень, на працягу якога належала яшчэ шмат чаго з’есці і выпіць.
Некалькі разоў хваліць «дасканалую калмусоўку» славуты пісьменнік Юзаф Ігнацы Крашэўскі ў гістарычнай аповесці «Кароль Пяст», дзеянне якой адбываецца ў 1668—1669 гадах. Праўда, мы не ведаем дакладна, сапраўды аераўка ў XVII стагоддзі выконвала тую ж ролю, што і ў ХІХ-м, ці Крашэўскі проста перанёс на два стагоддзі раней стэрэатыпы свайго часу.
Каментары
Ня толькі вясной . Ўсе лета .
Гэта не ласунак , і не вельмі смачна .
Але каб з галаду не памерці як на Украіне
. Ў Беларусі ён ( аір ) у маёй мясцовасці - явер , выратаваў шмат жыццяў . Ў стэпу ён ня расцець (
а на пляўкі нягоднікаў не зважайце. ды вы і не зважаеце