Злыя робаты-дэсэптыконы атакуюць Зямлю і мараць патушыць сонца. Сэм разам са сваёй дзяўчынай Мікаэлай, адстаўным агентам (Джон Туртура) і добрымі робатамі-машынкамі выратоўваюць чалавецтва.
Ад чарговага галівудскага блакбастэра на тэму хлапечых гаджэтаў не варта чакаць філасофскіх адкрыццяў. Але пасля «Дняпроўскага рубяжа» – гэта суцэльная радасць.
Маецца годны набор адмысловых эфектаў. Робаты-сабакі, робаты-грэмліны, робаты-веліканы. Усё выбухае, страляе, лётае. Цяжкавікі становяцца пражэрлівымі пачварамі, самалёты пераўтвараюцца ў інсэкта-механічных істотаў, а лялечныя аўтамабілі ў дробных шкоднікаў. Арміі людзей і робатаў закідваюць адзін аднаго гарматамі і сыходзяцца ў рукапашную.
Але самае важнае, што ўсе гэтыя механічныя штучкі – дзеля простых і зразумелых кожнаму рэчаў.
Падступная дзяўчына трансфармуецца ў жалезна-языкастую сцерву, каб паказаць, што здраджваць нельга. Аўтабот Оптымус гіне ў змаганні – каб праявіць ахвярнасць і чалавечнасць. Гнюсна-падкалодная істота, што кіруе дэсэптыконамі – намякае на кананічных «Чужых» і ўсім сваім выглядам даводзіць, як кепска быць дыктатарам і тыранам. Звыклыя аўтамабілі дэманструюць пачуццё гумару, а амерыканскія самалёты падымаюцца ў паветра, каб выратаваць простага чалавечка.
І, нарэшце, бітва за Зямлю, мегатоны металу, скавытанне і выбухі і нават знішчаная егіпецкая піраміда – дзеля таго, каб хлопец прызнаўся ў каханні дзяўчыне.
Менавіта з гэтых простых прычынаў галівудскае кіно пра жалезкі – гэта не гульні ў вайнушку, а кіно пра людзей.
![Клас Клас](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-like.png)
![Панылы сорам Панылы сорам](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-facepalm.png)
![Ха-ха Ха-ха](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-smile.png)
![Ого Ого](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-omg.png)
![Сумна Сумна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-sad.png)
![Абуральна Абуральна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-anger.png)