Грамадства

«Я не шкадую». Пасля сустрэчы з ябацькамі стэндапер адсядзеў 45 сутак, згубіў працу і з'ехаў з Беларусі

Мінскі стэндапер Цярэнцій Марыніч у красавіку выклаў відэа сваёй размовы з удзельнікамі «ябацькаўскага» мітынгу. Ролік шырока разышоўся па сацыяльных сетках, але папулярнасць прынесла хлопцу толькі праблемы: спачатку ён правёў 45 сутак за кратамі, а пасля ўвогуле з’ехаў з Беларусі. Пра гумар, зняволенне і эміграцыю Цярэнцій распавёў «Нашай Ніве».

«У Мінску я працаваў маркетолагам у IT-кампаніі. Стэндап быў хутчэй як хобі, выступаў на англійскай і рускай мове. Гэтым я не зарабляў, проста аматарскае захапленне. 

25 красавіка я ехаў прадаваць фітнес-браслет. Пакупнік папрасіў пад’ехаць ва Уручча. Браслет аддаў і выпадкова гляджу: стаяць гэтыя красаўцы са сваім мітынгам. І тут узяла такая злосць — яны стаяць, а іншых людзей саджаюць за паперку на шыбе, — расказвае Марыніч. — Я падышоў. Мэта мая была — проста пагаварыць. Хто ім даў дазвол і гэтак далей. Тэлефон я ўключыў, каб пасля не было праблем, каб пасля мне не «прышылі», што я мацюкаўся ці яшчэ што. Ніякі пранк рабіць з гэтага я спачатку не збіраўся. Здымаў на ўсякі выпадак, каб быў доказ, што я паводзіў сябе прыстойна і ў межах закона.

Я ўжыў выраз «лашкі-петушкі». Але не адрасна, канкрэтна так нікога не назваў, проста ўжыў у паветра. Ябацек гэта вельмі трыгернула, яны пачалі мне пхаць чырвона-зялёны сцяг са словамі «О, змагар падышоў!». Але мне не зашкварна было з ім пастаяць, я ўзяў. Усе загагаталі: аха-ха, змагар з нашым сцягам! 

Бабулі пачалі задаваць на іх думку каверзныя пытанні, тыпу: «А вы любіце АМАП?», але я не вёўся. 

І шчыра, я не да ўсіх удзельнікаў таго мітынгу адчуваю негатыў. Бо там былі і тыя, хто яўна разумеў усё, што адбываецца ў краіне, і проста стаяў там са сваімі мэтамі. А былі і тыя, хто стаяў абсалютна шчыра, хто шчыра верыў у ідэю, у Лукашэнку. 

Пасля я пераглядзеў відэа — гэта быў проста агонь. Я шчыра смяяўся, калі пераглядаў. Брату паказаў, ён таксама ацаніў.

Тады я скінуў відэа ў некалькі каналаў, якія цяпер прызналі экстрэмісцкімі. 

Пра праблемы я нават не думаў, я ўважліва ставіўся да сваёй бяспекі. Бо я ж нічога не парушаў, за што мяне прыцягваць да адказнасці?» 

Але ж беларускія сілавікі палічылі інакш. Відэа хутка разляцелася па каналах і неўзабавае па Цярэнція прыйшлі.

«Праз два дні я стаяў на прыпынку. Падняў галаву, паглядзеў на расклад тралейбусаў, адпусціў галаву — і перада мною выраслі пяцёра сілавікоў, а на прыпынку ўжо стаяў іх бус. «Прайдзёмце! Імя-прозвішча?» Я быў у навушніках, гэта было так нечакана, што аж язык заняло, — кажа Цярэнцій. — 

Пасадзілі мяне ў бус. Я назваўся, пачаў патрабаваць адваката. Сілавікоў гэта падбешвала. Мне сказалі, што павязуць у аддзяленне для высвятлення асобы.

Прывезлі ў Першамайскае РАУС, перадалі міліцыянту. Ён прышпіліў мяне кайданкамі да скамейкі ў калідоры. Калупаліся ў маім тэлефоне — ён быў нават не запаролены, бо я лічыў, што мне баяцца няма чаго.

Аформілі дакументы, пасадзілі ў камеру. Там я правёў ноч. Далей Першамайскі суд. У мяне была дамова з адвакаткай, калі яна прыехала і праглядзела дакументы, аказалася, што я нібыта мацюкаўся і біў нагамі па дзвярах у РАУСе. Суддзя Ляйкоўская вырашыла, што гэта цягне на 15 сутак. Пасля зноў РАУС, і а 6-й раніцы павезлі на Акрэсціна».

Тады Цярэнцій яшчэ не ведаў, што правядзе на Акрэсціна не 15 сутак, а больш за месяц.

«Я амаль увесь час сядзеў у адной камеры. Перагрузу не было: 4 месцы і 4 чалавекі. Матрасы далі. Толькі адзін раз нас чамусьці адводзілі ў такую камеру, але на іншым паверсе. І там у чатырохмясцовай было чалавек 16, без матрасаў. У той камеры я правёў ноч, пасля мяне вярнулі ў «маю».

Першыя дні перадачы мне аддавалі. Пасля перасталі.

А недзе на 13 суткі да мяне прыехалі з новым пратаколам: там быў распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі, што я рэпоснуў запіс аднаго з каналаў», — згадвае Марыніч.

Хлопец кажа, што сядзеў разам з каментатарамі, якіх масава пазабіралі за допісы пра смерць пілотаў пад Баранавічамі. 

«Некаторыя з іх пісалі сапраўды абразлівыя каменты. А некаторыя — звычайныя. Адзін мужык напісаў: «Гэта быў гераізм ці тупасць?» Па яго прыйшлі. Хтосьці каментаваў у тэлеграме, хтосьці на «Анлайнеры». Да іх спецыяльна прыязджаў нейкі мужык з ГУБАЗіК, зайшоў, скамандаваў: абаражальнікі налева, астатнія направа! Крычаў на іх: «Вось яны, героі канапныя!»

Калі іх вадзілі на суды, то супрацоўнікі Акрэсціна таксама крычалі амаль увесь час, што ім крыміналка пагражае, усякае такое, — расказвае Цярэнцій. — 

Падчас зняволення на Акрэсціна прыязджалі бацюшкі — павіншаваць нас з Вялікднём. Нас вывелі ў калідор. Бацюшкі раздалі ручнікі (іх мы не бралі) і нейкія салодкія трубачкі. Падчас гэтага стаяў, як я зразумеў, начальнік ЦІПа, які мне пасля «мерапрыемства» кажа: стаяць. А ў мяне былі тапкі з надпісамі: на адным Fuck, на другім Off. Ён паглядзеў на іх і пацікавіўся, ці ёсць у мяне яшчэ абутак, а пасля сказаў: ці тапкі здымаеш, ці пачынаеш «претерпевать тяготы и лишения». Я выбраў ахвяраваць тапкамі.

Пасля 30 сутак мяне вывезлі зноў у Першамайскі РАУС. Я не разумеў, што адбываецца, пытаўся: я затрыманы? Міліцыянт мне адказваў: «Не затрыманы. Але будзеш затрыманы». Я патрабаваў адваката, адказ быў: «Ты ж разумееш, што не магу даць адваката». Таксама міліцыянт казаў мне: пасядзіш зараз яшчэ на Акрэсціна, а пасля на Валадарку, падумаеш там пра свае паводзіны. 

На мяне склалі новы пратакол, маўляў, я выйшаў з РАУСа і пачаў хапаць мінакоў за рукі.

І праз пару гадзін мяне вярнулі на Акрэсціна. На наступны дзень суд па скайпе, рашэнне — 15 сутак. Адвакат пыталася, дык а дзе тыя, каго я нібыта хапаў за рукі? Адказ быў: ну адмовіліся ад дачы тлумачэнняў».

Па словах Цярэнція, апошнія 15 сутак ён сядзеў без палітычных сукамернікаў, шмат дзён увогуле ў адзіноце. 

«Самае непрыемнае было — невядомасць. Нават пасля 45 дзён я не ведаў, гэта ўсё ці яшчэ мне штосьці дадуць», — кажа хлопец.

11 чэрвеня ён выйшаў на волю. А ўжо 20 — з’ехаў з Беларусі.

Сёння Марыніч знаходзіцца ў Кіеве. 

«Мяне нават не звольнілі пасля сутак, мяне чакалі на працы і паставіліся да сітуацыі нармальна. Але кампанія працавала з беларускім банкам, і гэта не прадугледжвала працы на адлегласці, трэба было быць у краіне. Таму я звольніўся сам. Цяпер зарабляю фрылансам, як кантэнт-маркетолаг, пішу для блога таксама. 

Я баяўся, што могуць прыйсці зноў, таму выехаў ва Украіну. І баяўся, мяркую, недарма. Бо мне ўжо званіў нехта з Беларусі, кажа: вы праходзіце сведкам па крымінальнай справе, пад’едзьце ў Цэнтральнае РАУС, літаральна на 15 хвілін.

Я адказваю: ага, я ўжо заязджаў у РАУС, пасля 45 сутак правёў на Акрэсціна. 

Суразмоўца кажа: вы ж разумееце, што калі не прыедзеце, то вас прывязуць?

Я кажу: окей! Я зараз у цэнтры Кіева, давайце, выклікайце нарад! — пасміхаецца Марыніч. — Насамрэч я б вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь. Часам думаеш: купіў квіток за 500 грывень — і ты ў Гомелі! Але гэта пакуль небяспечна. Я разумею, што мяне лёгка і хутка знойдуць».

Пры гэтым Цярэнцій кажа, што шкадаванняў пра тую сустрэчу з ябацькамі ў яго няма.

«Першыя 15 сутак я думаў: калі з працы не звольняць, то гэта было варта таго. Другія 15 сутак я думаў: ну, калі толькі 30, то таксама не дарма, калі яшчэ накінуць, то можа і не варта было. 

А цяпер, адсядзеўшы 45 сутак, я не шкадую. Нават каб я загадзя ведаў, што правяду 45 сутак за кратамі, згублю працу і прыйдзецца эміграваць — усё роўна б падышоў да тых ябацек. Яны самі сабе выставілі такімі на тых відэа. Хай людзі ведаюць».

Каментары

Яўген Дудкін патлумачыў, чаму стаў сакрэтным агентам КДБ16

Яўген Дудкін патлумачыў, чаму стаў сакрэтным агентам КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Польская паліцыя закрыла справу, заведзеную пасля суіцыду беларуса ў Варшаве

Оле-Эйнар Б'ёрндален больш не рэкардсмен па перамогах на чэмпіянатах свету

Ціханоўская: Вызваленні адбываюцца не праз гуманнасць Лукашэнкі, а праз ціск на рэжым36

Памёр Валеры Петрыкевіч3

У Перу паліцэйскі апрануўся ў касцюм капібары, каб захапіць наркадылера з доказамі злачынства ВІДЭА

Спецпрадстаўнік Трампа Кіт Келаг не бачыць Еўропы за сталом мірных перамоў38

Сапраўдная прычына, чаму моладзь усё часцей мае патрэбу ў псіхатэрапіі24

Спявак з Італіі заявіў, што яго ўжо запрасілі ў Маскву на «канцэрт міру»3

Мазырскі НПЗ прызнаў сваю стратнасць і расказаў пра павелічэнне загрузкі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Дудкін патлумачыў, чаму стаў сакрэтным агентам КДБ16

Яўген Дудкін патлумачыў, чаму стаў сакрэтным агентам КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць