Стала вядома, хто сотнямі тысяч скупляе акцыі «Беларусбанка», якія могуць даваць сотні працэнтаў прыбытку
Раней мы паведамлялі пра дзіўную схему, калі дзяржава дала магчымасць зарабіць на акцыях Беларусбанка з прыбытковасцю 500% і больш.
Цана на акцыі, якія могуць набыць толькі супрацоўнікі Беларусбанка, устаноўленая банкам у 18 капеек.
Праз два гады валодання гэтыя акцыі можна прадаць шматкроць даражэй — так, цяпер яны гандлююцца па 3,5-5 рублёў. Адрозненне «простых» акцый ад прывілеяваных у тым, што па першых плацяць мізэрныя дывідэнды — 1-2% у год, але за кошт гэтай мізэрнасці па «прывілеяваных акцыях» выплачваюцца звышдывідэнды, таму іх цана на рынку падскоквае ў разы. Такі прыбытак з'яўляецца цалкам легальным і можа быць адлюстраваны ў дэкларацыях.
Схема дзейнічае з 2019 года. Хто ж бенефецыяры?
Згодна з законам, нават свой намер набыць акцыі трэба задэклараваць. Мы праверылі на Адзіным партале фінансавага рынку прозвішчы топ-менеджмента Беларусбанка.
Выявілася займальная карціна: старшыня праўлення і яго намеснікі сотнямі тысяч скупляюць «простыя акцыі», якія ў наступным могуць быць канвертаваныя ў «прывілеяваныя» згодна з рашэннем схода акцыянераў. Хто ўваходзіць у сход акцыянераў дзяржаўнага банка? Прадстаўнікі дзяржавы, якіх яна дэлегуе.
І вось, напрыклад, старшыня праўлення банка Віктар Ананіч выказаў намер купіць 50 000 простых акцый у 2020 годзе.
І яшчэ 40 000 у 2021 годзе.
Першы намеснік старшыні праўлення Аляксандр Паліўка ў 2020-м выказаў жаданне набыць 120 000 простых акцый і яшчэ 150 000 у 2021-м.
Калі ўзяць цану пакупкі і самую мінімальную цану продажу на рынку прывілеяваных акцый (пры ўмове, што іх канвертуюць), то з «інвестыцыі» ў 48 600 рублёў намеснік старшыні праўлення праз два гады атрымае магчымасць прадаць акцыі за 945 000 рублёў.
З іншымі намеснікамі сітуацыя аналагічная: Дзмітрый Грышчанкаў за два гады выказаў намер купіць 60 000 акцый, Святлана Кажэнкіна 150 000, Сяргей Мельнік 175 000.
Выглядае, сярод усіх намеснікаў старшыні праўлення толькі Таццяна Міхайлоўская засталася без акцый, яна ў банку займаецца персаналам. Таксама няма дадзеных па акцыях, якія б належалі выканаўчаму дырэктару Міхаілу Кулічкаву.
Мы папрасілі пракаментаваць інфармацыю фінансавага аналітыка Максіма Адаскевіча. Ён лічыць, што колькасць акцый, якія хоча набыць топ-менеджмент, выглядае падазронай.
«Калі б гэта была праграма, каб даць звычайным мінарытарыям і супрацоўнікам бонусную даходнасць, такой анамальнай карціны б не было.
Калі б такі атракцыён шчодрасці праводзіўся без удзелу праўлення — гэта была б крыху дзіўна структураваная схема, але па сутнасці яшчэ нармальная. А так, вядома, аб'ёмы ставяць пытанні пра матывы.
Наколькі вялікай будзе даходнасць у выніку — пытанне, бо бюджэт на дывідэнды абмежаваны 1% прыбытку, аднак, зноў жа, гэта можна змяніць.
Галоўная праблема, што дзяржава і ўласнік, і кіраўнік, і рэгулятар, а так не павінна быць, гэта і прыводзіць да такіх сітуацый», — рэзюмуе Адаскевіч.
Каментары