Затрымалі на выбарчым участку, збілі на Акрэсціна, далі год калоніі за дэманстрацыю гематом на маршы
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 верасня за ўдзел у маршах 16 жніўня і 25 кастрычніка да года калоніі асудзілі 45-гадовага мінчука Аляксея Муравіцкага. Здзейсненае ім кваліфікавалі як удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляе spring96.org.
Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей Муравіцкі 16 жніўня мінулага года на праспекце Пераможцаў «удзельнічаў у незаконным масавым мерапрыемстве». Згодна з матэрыяламі справы, ён, парушаючы правілы дарожнага руху, выйшаў на праезную частку са сцягам і надпісам на спіне «Усіх не заб'еш», паўплываў на парушэнне раскладу грамадскага транспарту.
Таксама яго абвінавацілі ў блакаванні дарожнага руху 25 кастрычніка, бо ён «выехаў на сваім аўто на праезную частку на вуліцы Багдановіча», чым заблакаваў дарожны рух.
Аляксея Муравіцкага абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак 16 жніўня і 25 кастрычніка, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
«Мінсктранс» заявіў пазоў да абвінавачванага «і іншых асоб» на суму 71 255 рублёў.
Затрымалі крыху больш за месяц таму і запісалі «пакаяльнае відэа»
Аляксея Муравіцкага супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 27 ліпеня. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК і змясцілі яго пад варту. Таксама з затрыманым запісалі «пакаяльнае відэа», дзе ён тлумачыць свае дзеянні «ўплывам дэструктыўных тэлеграм-каналаў», на якія быў падпісаны.
На судзе Муравіцкі прызнаў віну. Ён распавёў пра свой удзел у маршах 16 жніўня і 25 кастрычніка.
Паводле яго слоў, 16 жніўня каля 12-й гадзіны дня ён пакінуў машыну побач з гасцініцай «Беларусь» і пешшу дайшоў да Стэлы. Пра марш даведаўся з інтэрнэту. Прайшоў да Нямігі з іншымі ўдзельнікамі пратэстнай акцыі. З сабой была музычная калонка і транспарант «Мы мірныя людзi, магутныя разам…». Муравіцкі адзначыў, што выйшаў на марш, бо яму здаліся несправядлівымі масавыя затрыманні і ён такім чынам выступаў супраць гвалту. Муравіцкі выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь», але ў далоні не пляскаў.
У той дзень у раёне Нямігі незнаёмы чалавек прапанаваў напісаць яму на спіне на месцы гематом на плячы фразу «Усіх не заб'еш». Муравіцкі пагадзіўся. Каля будынка КДБ яго сфатаграфавалі, гэты здымак ён потым бачыў у інтэрнэце. Як адзначыў Муравіцкі, гематомы на плячы з'явіліся пасля затрымання 9 жніўня і ўтрымання ў ІЧУ. Але падрабязнасці вырашыў не распавядаць.
Як расказаў на працэсе Аляксей, 9 жніўня ён чакаў на лаўцы каля свайго выбарчага ўчастка вынікаў выбараў. Да яго звярнуўся незнаёмы мужчына з просьбай дапамагчы на ўчастку, бо туды не пускаюць незалежных назіральнікаў. Муравіцкі пагадзіўся. Ён зайшоў у школу, дзе ўжо было каля сарака абураных людзей, і прапанаваў напісаць калектыўную заяву ў Цэнтрвыбаркам пра нядопуск незалежных назіральнікаў. Праз пару хвілін прыбыў АМАП і затрымаў некалькі чалавек, у тым ліку і Муравіцкага.
Як распавёў Аляксей, 25 кастрычніка каля 14:00 ён рухаўся на машыне па вуліцы Веры Харужай. Калі ён пад'ехаў да скрыжавання з вуліцай Максіма Багдановіча, то спыніўся, бо не мог рухацца далей праз марш. У Аляксея быў з сабой БЧБ-сцяг, на эмоцыях Муравіцкі ўзяў яго, устаў на дах сваёй машыны і махаў ім хвілін 5-10, пры гэтым крычаў лозунг «Жыве Беларусь». Праз некаторы час мінак папрасіў таксама залезці на дах, Муравіцкі дазволіў яму «з салідарнасці».
«Наогул на маю грамадзянскую пазіцыю паўплывала інфармацыя, якая публікавалася ў крыніцах, як я потым зразумеў, дэструктыўных», — распавядае Муравіцкі на судзе.
У той момант ён лічыў, што спыненне ягонага аўтамабіля на дарозе не з'яўляецца крытычным, бо праз вялікую колькасць людзей руху машын не было. Далей ён ехаў на сваім аўто ў бок вуліцы Сурганава, а потым ішоў пешшу да вуліцы Арлоўскай па тратуары.
На сёння да зробленага Муравіцкі ставіцца негатыўна:
«Тыя ўчынкі былі памылковыя. З іх вынес урок, больш у такіх мерапрыемствах не буду ўдзельнічаць».
А што з сумай шкоды?
У матэрыялах справы прысутнічае запыт Следчага камітэта да КУП «Мінсктранс». Прадстаўнікі арганізацыі папярэдне падлічылі суму шкоды за 16 жніўня і 25 кастрычніка — 63 096 рублёў. Аднак на судзе сума пазову да абвінавачванага «і іншых асоб» вырасла да 71 255 рублёў.
Пракурор Цімафей Нічыпарук у судовых спрэчках прапанаваў выключыць з абвінавачвання інфармацыю пра плясканне, бо падчас справы пацверджання ім не знайшлося. У астатняй частцы ён палічыў віну цалкам даказанай. Змякчальнай акалічнасцю пракурор папрасіў прызнаць чыстасардэчнае раскаянне, а абцяжарвальнай — тое, што злачынства здзейсненае па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці. У выніку, дзяржабвінаваўца папрасіў прызнаць суд вінаватым Муравіцкага па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год, а таксама задаволіць заяўлены пазоў «Мінсктранса» на суму 71 255 рублёў.
У апошнім слове Муравіцкі прасіў прызначыць яму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі:
«Я ва ўсіх калектывах зарэкамендаваў сябе добрым, сумленным, прыстойным, справядлівым чалавекам. Зазнаўшы ўплыў дэструктыўных каналаў, здзейсніў шэраг правіннасцяў, надалей абяцаю не ўдзельнічаць».
У выніку, 9 верасня суддзя Шабуня прызнала Аляксея Муравіцкага вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК і асудзіла яго да аднаго года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пазоў «Мінсктранса» пакінулі без разгляду: ён будзе вырашаны ў грамадзянскім парадку.
Каментары