Здароўе

«За два тыдні верасня прыняла столькі ж пацыентаў, колькі ў студзені. І гэта яшчэ не пік». Медыкі і пацыенты пра чацвёртую хвалю кавіду

Міністэрства аховы здароўя Беларусі пару дзён таму аб’явіла чацвёртую хвалю кавіду. Колькасць хворых і памерлых нават па афіцыйнай статыстыцы значна вырасла. Толькі за мінулыя суткі ў краіне было зарэгістравана 1967 новых выпадкаў заражэння каранавірусам. І гэта адна з рэкордных лічбаў. Колькасць памерлых за суткі дасягнула 13. І гэта таксама рэкорд. Што адбываецца ў шпіталях і паліклініках, «Нашай Ніве» расказваюць дактары і пацыенты.

«Працую ў сталічнай паліклініцы. Выклікі да пацыентаў з каранавірусам у апошні месяц рэзка павялічыліся. З вялікай неахвотай адкрываюць месцы ў стацыянарах.

Перапоўненыя ўсе бальніцы, перапрафіляваныя пад кавідных пацыентаў. Там канвеер і выпісваюць рана. Не хапае апаратаў ШВЛ, прэпаратаў, — кажа адзін са сталічных дактароў, з якім мы пагаварылі на ўмовах ананімнасці. — Мяркуючы па тым, што мы бачым на месцах, лічбы па статыстыцы памяншаюць у некалькі разоў. Гэта можна прасачыць нават праз звесткі па залішняй смяротнасці ў Беларусі».

«За два тыдні верасня прыняла столькі ж пацыентаў, колькі прымала ў студзені. І гэта яшчэ не лістападаўская лавіна, не пік. Вельмі палохае моладзь. Бацькі прыводзяць тых, каму па 18-19 год. Хварэюць шмат і цяжка», — адзначае другі доктар.

«Медыкі амаль не спраўляюцца з наплывам. На інфекцыйным прыёме працуюць 4 дактары агульнай медыцынскай практыкі, штодня калідоры перапоўненыя першаснымі і паўторнымі пацыентамі.

Нават калі чалавек прыйшоў у паліклініку са звычайным вострым рэспіраторным захворваннем, пасля некалькіх гадзін у такой чарзе дахаты ён дакладна вернецца ўжо з кавідам, — кажа супрацоўніка 8-й паліклінікі, што абслугоўвае пацыентаў Першамайскага раёна Мінска.

Не так даўно ў інстаграме з’явілася фота аднаго з супрацоўнікаў сталічнай хуткай. Медык прызнаўся, што ў чарзе да першай гарадской клінічнай бальніцы ён быў дваццатым. Пацыента яны прывезлі ў 18:23, а аддалі ў прыёмны пакой у 20:30.

«У 20:00 выйшлі супрацоўнікі бальніцы і сказалі, што месцаў няма. Так, мы гэта зрабілі. У Мінску ўсе кавідныя бальніцы занятыя», — напісаў мужчына.

Пры гэтым навіны аб перапрафіляванні медустаноў пад кавідных пацыентаў з’яўляюцца амаль кожны дзень. Але мяркуючы па тым, што пішуць і расказваюць медыкі, месцаў для ўсіх хворых у іх не хапае.

«У педыятрыі наогул «рэкорды Гінеса»: даходзіць да 100 пацыентаў за дзень»

Сітуацыя не лепшая і ў рэгіёнах. Так, медыкі з Магілёва расказваюць, што за змену на рэнтгенаўскія здымкі прымаюць па 30-50 чалавек і адзначаюць значны прырост хворых на кавід.

«Многія ідуць сем’ямі. Шмат маладых. Месцаў у стацыянарах не хапае, мала кіслароду. Сказалі скараціць да мінімуму заняты ў чырвоных зонах персанал, — кажуць дактары. — Масачны рэжым ніяк не кантралюецца, толькі на касах у крамах яшчэ кантралююць крыху. У транспарце амаль усе без масак. Моладзь прышчапляцца не хоча, узроставыя больш адказныя».

У Маладзечне таксама наплыў. Дактары кажуць, што нагрузка вырасла і вельмі значна.

«Гэта проста не ўкладаецца ў галаве, як фізічна паспець прыняць 50 пацыентаў, а потым абысці 60 адрасоў на ўчастку за палову дня? Чэргі на вуліцах у любую паліклініку мінімум чалавек 20, хатніх выклікаў у аднаго тэрапеўта 40-60 на дзень. У педыятрыі наогул «рэкорды Гінеса»: даходзіць да 100 пацыентаў за дзень».

Па звестках, якімі з намі падзяліліся медыкі з Ушацкага раёна, колькасць кавідных пацыентаў за апошнія месяцы там павялічылася амаль у пяць разоў.

«Працую ў шпіталі ветэранаў у аграгарадку «Лясны». Зранку было 165 хворых на кавід. Вязуць «свежыя» пнеўманіі з Мінскай вобласці, горад не прымаем. Выпісваем апошніх планавых і адчыняем яшчэ 180 ложкаў пад кавід», — паведаміў адзін з дактароў.

«Многія нават з тэмпературай стаяць на вуліцы з самага ранку. Мерзнуць»

Чытачы «Нашай Нівы» расказалі пра вялікія чэргі, што цяпер утварыліся перад кавіднымі аддзяленнямі ў паліклініках.

«20-я дзіцячая паліклініка ў Мінску — велізарная чарга пацыентаў з тэмпературай. Заходзяць праз асобны ўваход. Гадзін у 11 усім сказалі разыходзіцца, таму што больш прыняць не могуць, — кажа мінчук Сяргей. — Участковых тэрапеўтаў не хапае.

Адзін доктар прымае тры ўчасткі. А той, да якога нас адправілі, павінен працаваць да 12-й гадзіны, і ён лагічна папрасіў больш не займаць чаргу. Але з рэгістратуры людзей сюды адпраўляюць і адпраўляюць. Увесь калідор забіты людзьмі. Гэта не скарга на дактароў. Я проста апісваю тую сітуацыю, з якой сутыкнуліся».

Многія чытачы ў якасці доказу дасылаюць фотаздымкі. Вось такое фота, напрыклад, нам даслаў жыхар Гомеля. Па яго словах, гэта 8-я паліклініка.

У Кобрыне чарга такая, што яна заварочваецца ажно за будынак. Пацыенты кажуць, што медыкі працуюць без перапынкаў, але людзі ўсё роўна гадзінамі стаяць у чарзе.

Вельмі падобная сітуацыя, па словах чытачоў, і ў Салігорску, дзе ў «гарадскіх лячэбна-прафілактычных цэнтрах сёння небывалы наплыў хворых дзяцей і дарослых».

Аналагічна і ў Мар’інагорскай паліклініцы. У чарзе на прыём з падазрэннем на каранавірус людзі стаяць гадзінамі.

«З візітам да хворых доктар у нас не ходзіць. Ён проста не спраўляецца з наплывам пацыентаў, — расказвае мясцовы жыхар. — Для кавідных працуе асобны кабінет, хворых у яго прапускаюць з чорнага ўваходу. Многія нават з тэмпературай стаяць на вуліцы з самага ранку. Мерзнуць».

«Ведаеце, па некалькі гадзін у чарзе — гэта не 20 разоў на дзень пешшу на 4-5 паверх падняцца, — каментуе медык, якая наведвае хворых у спецыяльным антыкавідным касцюме. Эфект саўны ў ім дасягаецца ўжо праз 10 хвілін працы. —

Я ўжо маўчу пра новабудолі, дзе не працуюць ліфты. Цяпер я ў паліклініцы, раней была ў хуткай дапамозе. Кожную структуру ведаю знутры. Скажу так: у паліклініках сёння — сапраўднае пекла».

«Многіх сапраўды дасведчаных спецыялістаў звольнілі за грамадзянскую пазіцыю»

Гадзінныя чэргі і такія цяжкасці ў лячэнні чацвёртай хвалі каранавіруса, па словах медыкаў, не толькі з-за таго, што рэзка павялічылася колькасць хворых. Яшчэ адна значная прычына — скарацілася колькасць медыкаў.

«Медыкаў катэгарычна не хапае, — кажа адзін са сталічных дактароў. Многіх сапраўды дасведчаных спецыялістаў у нас, якія не хацелі маўчаць, звольнілі за грамадзянскую пазіцыю».

«У той жа Мар’інай горцы недахоп дактароў катастрафічны: кавідны прыём з велізарным наплывам пацыентаў вядзе адзін спецыяліст. Відавочна, што дапамагчы ўсім гэты спецыяліст проста не ў стане нават фізічна», — піша жыхарка Мар’інай горкі Алена.

«Толькі з нашай бальніцы за апошнія месяцы звольніліся 14 чалавек, — расказалі нам медыкі з Салігорска. — У хуткім часе лячыць пацыентаў стане няма каму.

А калі хтосьці з нашых калег скардзіцца на тое, што апошнія паўтара года яны працуюць ў небяспечных для жыцця ўмовах — з ненармаваным графікам і ў пастаянным стрэсе — у адказ чуюць: «Хто на што вучыўся».

Па афіцыйных даных, у Беларусі сёння не хапае каля 10 тысяч медыкаў. Цікава тое, што яшчэ на пачатку 2020 года ў краіне не хапала ўсяго 3 тысяч такіх спецыялістаў. Толькі за 8 месяцаў сістэме аховы здароўя ўтварылася «дзірка» ў 7 тысяч спецыялістаў.

Чыноўнікі праблемы з кадрамі ў ахове здароўя прызнаюць, але запэўніваюць, што сітуацыя не крытычная. Пры гэтым, каб забяспечыць паліклінікі кадрамі, туды адпраўляюць інтэрнаў. Пра гэта сведчыць дакумент, які трапіў у рукі «Нашай Ніве».

Мяркуючы па яго змесце, каб забяспечыць працоўнай сілай паліклінікі, у Міністэрстве пайшлі на змяненне плана праходжання інтэрнатуры. На два месяцы інтэрнаў хочуць увесці ў склад кантактных брыгад, якія ходзяць на хатнія візіты да пацыентаў з пацверджаным кавідам.

«Міністэрства аховы здароўя не бачыць ніякіх прычын уводзіць дадатковыя каранцінныя меры, а вось мабілізаваць на найбліжэйшыя месяцы інтэрнаў для візіту да хворых — бачыць, — тлумачыць адзін з дактароў. — Гэтаксама ў Міністэрстве аховы здароўя не хочуць прызнаваць факт крытычнага недахопу медыкаў у Беларусі.

Прытым што перакідванне інтэрнаў на «візіты» кажа менавіта пра тое, што патрэба ў «руках» рэзка павялічылася. А колькасць гэтых «рук» прагрэсіўна памяншаецца. Даплат, дарэчы, інтэрнам за візіты не абяцаюць».

«Людзей не хапае, таму кіраўнікі выклікаюць працаўнікоў з адпачынку»

Між тым каранавірус актыўна крочыць па калектывах, школах і дзіцячых садках. Пра ўспышкі захворванняў нам паведамляюць як супрацоўнікі сістэмы адукацыі, так і работнікі разнастайных прадпрыемстваў. Так, супрацоўніца дзіцячага садка з Фрунзенскага раёна кажа, што ў яе калектыве хварэе палова супрацоўнікаў.

«Людзей проста косіць кавід. Я сама перахварэла ў снежні, здавалася б, шмат антыцел, але падхапіла каранавірус ізноў», — кажа яна.

Не хапае людзей праз хваробу і на прадпрыемствах. Супрацоўнікі Мінскага электратэхнічнага завода (МЭТЗ) расказваюць, што людзей даводзіцца выклікаць з адпачынкаў.

«У 16-м цэху хварэюць практычна ўсе, а ў 9-м эпідэмія толькі пачынае распаўсюджвацца. Людзей не хапае, таму кіраўнікі выклікаюць працаўнікоў з адпачынку», — расказвае адна з рабочых.

«Дзеці ў школе ходзяць па кабінетах, а не вучацца ў адным, як гэта прапісана антыкавіднымі нормамі, — гаворыць нам маці шасцікласніцы з сярэдняй школы №205 у Мінску. — Пра дыстанцыйнае навучанне гаворка ўвогуле пакуль не ідзе».

Бацькі школьнікаў з іншых навучальных устаноў сталіцы кажуць, што ў іх навучальных установах сітуацыя аналагічная. Больш за тое, у выпадку, калі бацькі вырашаюць пакінуць дзіцёнка на адзін дзень дома, да прыкладу — захварэла горла, школа патрабуе афіцыйную даведку ад лекара.

«Гэта значыць, нават калі дзіцёнак проста прастыў, яго трэба весці ў перапоўненую паліклініку, адкуль ён дакладна вернецца ўжо з кавідам, — абураецца мама чацвертаклашкі Вольга. — Аналагічная гісторыя з даведкамі, якія цяпер патрабуюць ад школьнікаў амаль усе спартыўныя гурткі. Дзе логіка і хоць нейкі розум?»

Нагадаем, што з супрацькаранцінных мер Міністэрства аховы здароўя раіць часцей мыць рукі, насіць маскі, прытрымлівацца дыстанцыі і зрабіць прышчэпку. Таксама абмежаваны выезд за мяжу. Ні пра які лакдаўн гаворкі сёння не ідзе.

«Беларусы пра сябе цяпер павінны паклапаціцца самі»

«Факт: у Беларусі пачалася чацвёртая хваля каранавіруса. Хутка да яго далучыцца грып. І ў гэты час ніводны чалавек, якога я прыняла за апошнія некалькі дзён, не быў вакцынаваны, — адзначае доктар Алена з Мінска. — Многія беларусы плюнулі на меры бяспекі і працягваюць хадзіць без маскі. На вяселлях і вечарынах — па 100 чалавек, і таксама без масак: фотаздымкі ж дрэнныя атрымаюцца. Кіраўніцтва краіны паўнавартасных супрацькавідных дзеянняў таксама пакуль не прымае».

На думку медыка — і многія калегі Алены яе прытрымліваюцца, — Міністэрства аховы здароўя, якое ідзе па шляху скарачэння часу бальнічнага і звальнення медыкаў, з праблемай каранавіруса ў найбліжэйшы час не справіцца.

«Таму паклапаціцца пра сябе беларусы абавязаны самі. Толькі ў вашых руках цяпер вакцынавацца і адказна выконваць супрацькавідныя меры», — кажа доктар.

Паводле апошніх афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, поўны курс вакцынацыі ад каранавіруса ў Беларусі ўжо прайшлі звыш 1,48 млн чалавек, першы кампанент вакцыны атрымалі больш за 1,77 млн жыхароў краіны.

Прышчапіцца ад каранавіруса ў Беларусі можна дзвюма вакцынамі: расійскім «Спутнік V» ці кітайскай Vero Cell ад кампаніі «Сінафарм».

Дзеля рэвакцынацыі ў Беларусь паступіла 250 тысяч доз расійскай аднакампанентнай вакцыны «Спутнік Лайт».

Вакцынавацца можна ў паліклініках і некаторых бальніцах, спецыяльных пунктах у гандлёвых цэнтрах, на рынках і нават у метро. Таксама прышчэпку можна зрабіць ў сталічных ВНУ і студэнцкіх інтэрнатах.

Чытайце таксама:

«Налічаць не 1500 рублёў, а 500». Як змяніліся заробкі медыкаў з новымі правіламі аплаты кавіду

Каментары

Цяпер чытаюць

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам1

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп: ЗША павінны валодаць Грэнландыяй, каб не дапусціць яе захопу Расіяй і Кітаем8

Экс-палітвязня Ігара Карнея запрашаюць у Беларусь, каб вярнуць адзін рубель3

Сын апошняга шаха. Хто такі Рэза Пехлеві, чые імя выкрыкваюць паўстанцы іранцы3

У Іране падчас пратэстаў загінулі ўжо больш за 50 чалавек1

Украіна і ЗША могуць падпісаць у Давосе пагадненне аб аднаўленні на 800 млрд даляраў

Доктар патлумачыў, якія сродкі не дапамогуць вашым суставам9

Затрымаць сёння нафтавы танкер амерыканцам дапамаглі ўлады Венесуэлы. Трамп імі задаволены9

Трамп можа даць кожнаму жыхару Грэнландыі па 100 тысяч даляраў за далучэнне да ЗША23

«Ты з іншага цеста». Як заставацца беларусамі за мяжой самім і гадаваць імі дзяцей23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам1

Імпарт людзей: Беларусь гадамі пляжыла Еўропу за мігрантаў, цяпер сама джгае тым жа шляхам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць