Эканоміка

«Наступны год можа стаць крызісным». Як старыя і новыя санкцыі паўплываюць на беларускую эканоміку і ці змогуць іх абысці?

Яшчэ да прыняцця пятага пакета эканамісты прагназавалі: са снежня Беларусь пачне адчуваць на сабе наступствы санкцый. Асабліва балючым мусіў стаць удар па нафтавым і калійным сектарах. Якіх страт чакаюць цяпер? Як паўплываюць новыя санкцыі Еўропы і Амерыкі? Прагнозы розныя.

Чаму эфекту ад папярэдніх санкцый чакалі са снежня?

Да снежня была адтэрміноўка амерыканскіх санкцый па «Беларуськаліі».

Сектаральныя еўрапейскія санкцыі ўвялі яшчэ ў чэрвені. Але з адкладзеным механізмам — пад іх не падпадалі кантракты, заключаныя раней. 

«Наколькі доўгія гэтыя кантракты, мы не ведаем. Калі казаць пра дробныя пастаўкі, на іх санкцыі дзейнічаюць адразу. Калі пра знакавыя прадпрыемствы кшталту «Беларуськалія», «Белнафтахіма» — там часта кантракты прапісваюцца на год, — тлумачыць эканаміст Леў Львоўскі. — Зразумела, што гэтыя кантракты наўрад ці былі заключаныя акурат перад падпісаннем санкцый.

З гэтага зыходзяць эканамісты, якія кажуць, што мы павінны пачаць адчуваць эфект санкцый недзе ў чацвёртым квартале гэтага года і першых двух 2022-га. А пакуль назіраем толькі эпізадычныя эфекты».

Адтэрміноўка па санкцыях давалася, каб афіцыйны Мінск змяніў свае паводзіны. Рыторыка сапраўды змянілася — на больш ваяўнічую.

Беларускі экспартны цуд, які мы назіралі з пачатку года, наўрад ці зможа кампенсаваць будучыя страты. 

«У многіх сектарах фізічныя аб’ёмы экспарту за 2021 год засталіся на папярэдніх адзнаках, але павысіліся цэны. Цяпер цэны паступова прыходзяць у норму, адпаведна, сканчваецца і наш экспартны цуд. Калі па выніках першых сямі месяцаў у нас рост эканомікі складаў каля 3%, то цяпер — 2,4%», — кажа Львоўскі. 

«Мы не можам нідзе займаць, нават у Кітаі»

Найбольш балючымі могуць быць не абмежаванні па нафце і каліі, а праблема знешніх запазычанняў, лічыць эканаміст.

«У наступным годзе бюджэт плануецца з дэфіцытам. Плюс нам трэба будзе аддаваць больш за 3,5 млрд даляраў знешняга доўгу. А Уладзімір Пуцін пры апошняй сустрэчы выказаўся, што 640 мільёнаў даляраў, якія ён выдаткаваў, — гэта нам на наступныя паўтара года. Калі гэта так, то пры немагчымасці знешніх запазычванняў, наступны год становіцца крызісным. 

Мы не можам нідзе займаць, нават у Кітаі — Кітай нам нічога не дае з пачатку палітычнага крызісу. На сёння гэты эфект нават больш важны, чым санкцыі на асобныя прадпрыемствы».

Ацэнкі па магчымых стратах розныя — ад 1% ВУП да 10% у доўгатэрміновай перспектыве. 

Старшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб тлумачыць, чаму складана даць дакладны прагноз.

«Першае — гэта закрыццё часткі афіцыйнай статыстыкі. Напрыклад, што тычыцца паставак нафтапрадуктаў, звестак па тытуні, угнаеннях, машынабудаванні. Закрылі як аб’ёмныя паказчыкі, так і фінансавыя. 

Другі момант — не заўсёды на практыцы зразумела, наколькі жорстка санкцыі будуць прымяняцца і наколькі складана іх будзе абыходзіць».

Не да канца ясна таксама, наколькі жорстка будзе дзейнічаць механізм другасных санкцый.

«Беларуснафта» ў спісе — балючы ўдар»

У пятым пакеце еўрапейскіх санкцый аказаліся чатыры важныя кампаніі, «Белавія», «Беларуснафта», «Гродна Азот» і «Белшына».

«Беларуснафта» ў спісе — балючы ўдар. Раней яе прадукцыя не трапляла ў сектаральныя санкцыі, бо яны распаўсюджваліся на нафтапрадукты, а не на сырую нафту.

«Беларусь штогод пастаўляе прыкладна 1,6 мільёна тон сваёй нафты ў Нямеччыну і на гэтым зарабляе некалькі соцень мільёнаў даляраў. У 2020-м (калі былі праблемы з нафтай) гэта было каля 340 мільёнаў даляраў, а ў 2019 — амаль 730 мільёнаў. Што больш за 1% валавага прадукту Беларусі. 

У кампаніі ёсць актывы за мяжой. Напрыклад, у Польшчы дачынная кампанія «Beloil Polska». Яна мае сетку аўтазаправак. Выручка «Beloil Polska» ў 2020 годзе была большай за 150 мільёнаў даляраў. Еўрапейскія санкцыі павінны замарозіць актывы прадпрыемства за мяжой», — апісвае наступствы Алесь Аляхновіч, эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай.

Глядзім «Гродна Азот». У 2020-м Беларусь пастаўляла азотных угнаенняў на 180 мільёнаў даляраў. Палову прадукцыі «Азот» гнаў на еўрапейскі рынак — Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія і іншыя краіны.

Тэарэтычна, страты ад санкцый па гэтым кірунку — каля 90 мільёнаў даляраў у год. Бо пастаўляць у ЕС будзе забаронена ўсю прадукцыю.

«Белшына» мае два прадстаўніцтвы ў Еўрапейскім саюзе — у Літве і Балгарыі. Гэта таксама можа быць ударам. Раней ЕС забараняў не толькі набыццё прадукцыі, але таксама транзіт праз еўрапейскую тэрыторыю. Нават калі «Белшына» знойдзе спосабы абыходу, то праз расійскія порты гэта будзе рабіць даражэй», — кажа Алесь Аляхновіч.

Што мяняюць амерыканскія санкцыі?

Сярод тых, хто трапіў пад новыя амерыканскія санкцыі ад 2 снежня, — Беларуская калійная кампанія. Аляхновіч тлумачыць, чаму гэта істотны момант. У «Яры» кантракт заключаны менавіта з БКК, а не з «Беларуськаліем». Фармальна гэта супрацоўніцтва не супярэчыла закону.

«Але цяпер амерыканцы зачынілі гэты прабел і магчымасць да рознага трактавання. Амерыканскія санкцыі дзейнічаюць не толькі супраць амерыканскіх прадпрыемстваў і фізасобаў, але і супраць тых, хто мае ў ЗША свае філіялы. Калі «Яра» мае такія аддзяленні, яны не змогуць болей набываць уганенні ў БКК». Пяцігадовы кантракт «Яры» з Беларуссю можа сарвацца.

У спісе з'явіўся таксама і «Слаўкалій».

«Кітайскія банкі, нават пасля таго як Еўропа дадала Гуцэрыева ў санкцыйны пакет, перасталі даваць крэдыты, якія былі падпісаныя са «Слаўкаліем», — кажа Аляхновіч. — Можна спадзявацца, што цяпер і арабскія краіны не будуць рызыкаваць. Амерыка можа паставіць пытанне рубам — або супрацоўнічаеце з намі, або з нашымі ворагамі».

Што яшчэ важна: ЗША ўвялі забарону на новыя аперацыі з Мінфінам і Банкам развіцця Беларусі. Забароненыя пазыкі з тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён. Не дазваляецца і абыход санкцый.

«Гэта можа мець другасны эфект, то-бок не толькі Амерыка, але банкі з іншых краін будуць трымацца падалей ад Мінфіна і Банка развіцця. Фінансавыя санкцыі тычацца і новых, і старых аблігацый (якія ўжо каціруюцца на міжнародных фінансавах рынках).

Амерыканскія банкі і іншыя юрасобы і фізасобы не змогуць набываць ужо існуючыя еўрабонды», — дадае Алесь Аляхновіч.

«Будуць ладзіць пастаўкі праз пасрэдніцкія структуры»

Відавочна, што санкцыі будуць спрабаваць абыходзіць. 

«Напрыклад, ладзіць пастаўкі праз пасрэдніцкія структуры, верагодней, праз расійскія. Калі ўзнікаюць складанасці з правядзеннем плацяжоў, іх можна рабіць праз расійскія банкі», — лічыць Вадзім Іосуб.

З тым жа «Нафтанам», які трапіў пад санкцыі, сітуацыя дзіўная.

«Расійскія кампаніі, якія працуюць на міжнародным рынку, сказалі: мы на «Нафтан» сыравіну не пастаўляем. Нібыта ніхто нафту туды не прадае, але завод як працаваў, так і працуе», — заўважае эксперт. 

Пры гэтым намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў паведамляў, што беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы праз санкцыі страцілі 80 млн даляраў.

У жніўні ўлады Літвы заяўлялі, што спыняць транзіт нашых калійных угнаенняў. Беларусь як запасны варыянт разглядала экспарт праз расійскія порты, напрыклад Мурманск. Але тут не ўсё так проста.

«Ёсць пытанні і з лагістыкай, і з прапускной здольнасцю. У расійскіх портах няма вольных магутнасцяў для перавалкі, трэба будаваць новыя тэрміналы. Для гэтага патрэбны час і грошы», — кажа аналітык.

«Калі б праз Расію гэта ўсё было больш выгадна рабіць эканамічна, мы б даўно так рабілі, — разважае Леў Львоўскі. — Расійскія контрагенты, якія будуць дапамагаць абыходзіць санкцыі, адпаведна, будуць прэтэндаваць на нейкую частку прыбытку. Якія страты будуць, мы пакуль не ведаем, трэба глядзець з практыкі».

Верагодна, Беларусь паспрабуе долю еўрапейскага экспарту перанакіраваць у краіны, якія не далучыліся да санкцый. І сутыкнецца з праблемай.

«Адна з важных для нас краін — Украіна. З ёй доўгі час Аляксандр Лукашэнка стараўся сварыцца па мінімуме. Калі параўнаць рыторыку ў дачыненні Літвы, Польшчы і да Украіны, то гэта неба і зямля. Але на апошнім тыдні ўсё змянілася: ужо гучаць ваенныя пагрозы. Таму нарасціць экспарт праз той кірунак будзе праблематычна».

«Калі Пуцін захоча даць пяць мільярдаў даляраў, гэта кампенсуе магчымыя страты»

«Уплыў санкцый не такі аднамоманты. Яны дзейнічаюць нават перад іх агучваннем. Калі у СМІ ёсць інфармацыя, што хтосьці можа патрапіць у санкцыйны спіс, кампаніі пачынаюць рыхтавацца загадзя, — гаворыць Алесь Аляхновіч. — Тое ж і замежныя патрнёры. «Яра» рызыкнула і падпісала пяцігадовы кантракт з Беларускай калійнай кампаніяй, але іншыя могуць адмаўляцца ад супрацоўніцтва з нашымі кампаніямі, бо не хочуць рызыкаваць».

На яго думку, беларуская эканоміка пачне адчуваць эфект ад санкцый ужо цяпер, але іх пік прыпадзе на другую палову 2022 года.

«Часта мы звярталі ўвагу, што санкцыі бяззубыя. Але еўрапейцы вучацца на сваіх памылках і дапрацоўваюць санкцыі. Ужо агучана, што ідзе праца па шостым пакеце — заяўлялася, што там можа быць да 300 фізічных і юрасобаў.

Еўрапейцы павялічваюць ціск — колькасна і якасна. І нават калі будуць спосабы абыходу гэтых санкцый рэжымам, то можна спадзявацца, што ЕС з часам зачыніць і гэтыя каналы. 

Санкцыйная палітыка — гэта марафон. І беларускім уладам праз міграцыйны крызіс ці рэферэндум не ўдасца спыніць санкцыі. Пакуль у Беларусі не будуць вызваленыя палітвязні, спыненыя рэпрэсіі, пакуль не пачнецца нацыянальны дыялог, санкцыі будуць узмацняцца. Гэта разумеюць замежныя інвестары». 

Але ёсць істотны фактар, які можа перакрыць шкоду ад санкцый, — падтрымка Расіі.

«Для Расіі ўмоўна 5 млрд даляраў не такія вялікія грошы. Калі Уладзімір Пуцін захоча даць Беларусі іх проста так, то, канечне, гэта кампенсуе ўсе магчымыя страты ад санкцый у наступным годзе», — кажа Леў Львоўскі.

Чытайце таксама:

Санкцыі — гэта добра ці дрэнна? Спрабуем зразумець па заявах уладаў

Каментары

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Легенду Веткаўскага музея, вядомага краязнаўцу асудзілі ў Гомелі — вырак выносіў былы следчы2

Расія ўпершыню выкарыстала супраць Украіны балістычную ракету новага тыпу. Што гэта можа змяніць14

Пад Мінскам на дарогу выскачыла казуля — перакуліўся МАЗ ФОТАФАКТ

У сеціве з'явілася відэа, магчыма, першага ў гісторыі прымянення новых расійскіх балістычных міжкантынентальных ракет2

Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію2

Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў21

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах10

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →