Што не так з апошнімі «тэрарыстычнымі» справамі аб камені ў акне пракурора і аблітай фарбай машыне суддзі? Разбіраемся з былымі сілавікамі
Днямі з'явілася інфармацыя пра дзве новыя тэрарыстычныя справы. Першая — па кінутым камені ў акно аднаго з пракурораў краіны. Другая — па выпадку аблітай фарбай машыны суддзі. Цікава, што яшчэ пару год таму гэтыя дзеянні кваліфікавалі б як хуліганства. А цяпер за іх фігурантам пагражае расстрэльны артыкул. Прааналізавалі з сілавікамі дзве гэтыя справы.
Першае, на што звяртаюць увагу нашы суразмоўцы, калі аналізуюць вядомую інфармацыю па справах, у абодвух выпадках у СІЗА аказваецца на аднаго чалавека менш, чым тых, хто прымаў удзел.
Так, у сітуацыі з разбітым акном пракурора СК паведамляе, што затрымалі двух мужчын — 36 і 43 гадоў. Але ў відэа МУС гаворка ідзе пра трох чалавек.
«Адносна сітуацыі з акном пракурора, у выніковым відэа вуснамі супрацоўніка ГУБАЗіК гаворцца, што «устаноўленыя трое мінчукоў». Але ў тэкставым апісанні ад Следчага камітэта сцвярджаецца, што «затрыманыя двое», і яны «супрацоўнічаюць са следствам»», — кажа супрацоўнік органаў.
Хто той трэці, каго не затрымалі? Пытанне застаецца адкрытым.
Так і ў выпадку з аўтамабілем суддзі. Першапачаткова гаворка ідзе пра двух затрыманых, але ў выніку ў СІЗА аказваецца адзін.
«У другім відэа паказваюць запісы з камер відэаназірання. Адпаведна, падазраваныя трапілі на відэа, што дае магчымасць іх ідэнтыфікаваць і вылічыць маршрут руху, — тлумачыць наш суразмоўца. — Увогуле, следавая карціна складваецца з розных элементаў: аналізу білінгаў і камер відэаназірання, тэматычных чатаў і запытаў у інтэрнэце, праслухоўка аб'ектаў у распрацоўцы, біялагічныя сляды на месцы здарэння і іх супастаўленне з тымі, што ў базе, і некаторыя іншыя спосабы.
Можна было б падумаць, што людзей вылічылі па камерах, але зноў не — супрацоўнікі ГУБАЗіК і Следчага камітэта тлумачаць, што ў інцыдэнце былі задзейнічаныя два чалавекі, але ў СІЗА чамусьці аказваецца ў выніку толькі адзін».
Хто той другі, які не патрапіў у СІЗА? Адказу на гэтае пытанне і тут няма.
«Ёсць версія, што гэта могуць быць правакатары з ліку работнікаў органаў, якія маглі падбухторваць людзей на правапарушэнне, каб палепшыць ўласную справаздачнасць і атрымаць прэміі за «раскрыццё» нібыта цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства», — выказвае меркаванне былы супрацоўнік.
Чаму заводзяць справы па тэрарызме?
Ці можна лічыць дзеянні затрыманых тэрарызмам? Спыталі ў былога пракурора.
«Калі будзе даказана, што чалавек кінуў камень ці абліў машыну фарбай, кіруючыся ўласнымі матывамі, то гэта артыкул 218 КК РБ «Наўмыснае знішчэнне ці псаванне чужой маёмасці», — лічыць ён. — Але, для прыцягнення па ім памер нанесенай шкоды павінен быць большы за 40 базавых велічынь (1160 рублёў). Калі менш, то гэта — адміністрацыйная адказнасць.
Калі камень кінуты без прычыны, то гэта — 339 артыкул КК РБ, «Хуліганства».
У сітуацыі, калі «не да законаў», можна ўявіць наступнае: нібыта «злачынства» учыненае асобай, якая з'яўляецца часткай арганізацыі, і мэты асобы і арганізацыі супадаюць. А калі арганізацыя «тэрарыстычная», то і ўчынак, адпаведна — «тэрарыстычны акт», — патлумачыў пракурор.
Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваецца і нядаўні высокапастаўлены супрацоўнік Следчага камітэта.
«У трактоўцы тэрарызму ёсць словы пра «дзеянні, якія стварылі небяспеку гібелі людзей, нанясення ім цялесных пашкоджанняў ці шкоды ў асабліва буйным памеры». З апісання здарэнняў я такога не бачу, — кажа ён. — Хіба што, можна дапусціць, што праз разбітае акно пракурору прадула спіну, а суддзя сеў у машыну і надыхаўся паху фарбы. Разважаць пра гэта няма сэнсу, бо ў краіне адсутнічае права.
Склалася сітуацыя, калі караюць тое, што не караецца, адміністратыўкай, адміністратыўку — крыміналкай, нецяжкую крыміналку — павышаючы трактоўку крымінальнай справы ў бок цяжкага і асабліва цяжкага злачынства».
Каментары