Эканоміка

Жыццё пасля нафты: Расія плануе стаць сусветным лідарам у вытворчасці вадароду. Вось як яна думае гэта зрабіць

Здабыча, перапрацоўка і экспарт энергарэсурсаў — ключавыя сектары расійскай эканомікі, і частковая адмова развітых краін ад нафты і газу прымушае Расію развіваць альтэрнатыўную энергетыку.

Багатыя заходнія краіны плануюць ужо ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі цалкам адмовіцца ад выкідаў шкодных для клімату парніковых газаў, для гэтага яны робяць стаўку на замену традыцыйных крыніц энергіі (нафты і газу) на альтэрнатыўныя.

У многіх узнікае пытанне: ці не аслабіць пераход багатых еўрапейскіх краін да безвугляроднай эканомікі пазіцыі Расіі, якая, што не сакрэт, з’яўляецца адным з галоўных пастаўшчыкоў газу і нафты на еўрапейскі рынак, а таксама часта выкарыстоўвае газ у якасці геапалітычнай зброі?

Доўгі час Расія проста ігнаравала гэтыя пытанні, успрымаючы дэкарбанізацыю (адмову ад вуглевадародаў) і альтэрнатыўную энергетыку як нешта вельмі далёкае і фантастычнае.

Але расіяне, здаецца, сталі ўсведамляць рызыку страціць еўрапейскі энергетычны рынак, таму паставілі перад сабой амбітную мэту — выйсці на глабальны рынак альтэрнатыўнай энергетыкі.

Паводле адмысловай канцэпцыі расійскага ўрада, прынятай у кастрычніку 2021 года, краіна да 2050 года збіраецца стаць адным з галоўных вытворцаў вадароду ў свеце і зарабляць на гэтым па сто мільярдаў штогод. Разбіраемся, што стаіць за планамі расіян, і ці змогуць яны і далей трымаць Еўропу ў энергетычнай залежнасці.

На сёння Расія з’яўляецца самым вялікім экспарцёрам газу і нафты. Вуглевадароды доўгі час з’яўляюцца адным з галоўных экспартных тавараў у расійскай эканоміцы, на іх завязаныя цэлыя галіны расійскай гаспадаркі.

Акрамя таго, Расія часта выкарыстоўвала прыродны газ як геапалітычную зброю. Асаблівай патрэбы развіваць альтэрнатыўную энергетыку ў расіян не было, яны істотна адставалі ў распрацоўках ад багатых заходніх краін. Але Еўропа, галоўны рынак для расійскіх вуглевадародаў, будзе адмаўляцца ад газу і нафты.

У прыватнасці, Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Нарвегія і іншыя краіны плануюць да 2050 года зменшыць выкіды парніковых газаў да нуля. Яны сталі актыўна развіваць гэты напрамак і пераглядаюць будучую структуру свайго энергабалансу на карысць альтэрнатыўных крыніц энергіі і вадароду. Актыўна ўзяўся за дэкарбанізацыю эканомікі і Кітай.

Расія, якая турбуецца пра сваю эканамічную бяспеку, вымушаная будзе адаптавацца, каб не страціць рынак. Цяпер РФ мае каласальныя амбіцыі ў галіне вытворчасці вадароду і разглядае яго як прыбытковую, экалагічна чыстую энергію будучыні.

Што плануюць расіяне?

Вадарод для Расіі — гэта аснова будучага росквіту, сцвярджае дарадца Пуціна Анатоль Чубайс. На думку расійскага чыноўніка, аб'ёмы паставак вадароду з Расіі ў ЕС да 2030 года могуць дасягнуць як мінімум 20-30 мільярдаў даляраў штогод.

Паводле вадароднай стратэгіі, у Расіі створаць экспартна арыентаваную вытворчасць вадароду — як нізкавугляроднага, на базе прыроднага газу, так і цалкам безвугляроднага, на базе электролізу вады з выкарыстаннем магутансцяў ГЭС, АЭС і ўзнаўляльных крыніц энергіі. 

Краіна імкнецца заняць 20% рынку вадароду да 2030 года. Прыкладна столькі ж, колькі краіна займае на сусветным рынку нафты і газу. Да 2035 года расійскі ўрад разлічвае экспартаваць сем мільёнаў тон вадароду.

Расія збіраецца стаць адным з вядучых экспарцёраў вадароду і да 2050 года пастаўляць ад 15 да 50 млн тон штогод. Такім чынам яна заробіць на экспарце ад 30 да 100 мільярдаў даляраў штогод. Гэта дазволіць кампенсаваць страты, якія краіна панясе ад змяншэння продажу прыроднага газу.

Сярод стратэгічных ініцыятыў, прадстаўленых у канцэпцыі, — запуск пілотных праектаў па выпрацоўцы нізкавугляроднага вадароду, стварэнне кансорцыумаў па вытворчасці абсталявання і камплектуючых, фармаванне інфраструктуры для захоўвання і транспарціроўкі гэтага энерганосьбіта.

Першы этап канцэпцыі разлічаны на бліжэйшыя тры з паловай гады. Ён прадугледжвае стварэнне профільных кластараў і рэалізацыю пілотных праектаў па вытворчасці і экспарце вадароду, а таксама прымяненне вадародных энерганосьбітаў на ўнутраным рынку.

На наступных этапах (да 2035 і 2050 гадоў) плануецца адкрыць буйныя экспартна арыентаваныя вытворчасці, перайсці да серыйнага прымянення вадародных тэхналогій у розных сектарах эканомікі — ад нафтахіміі да жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Будуць наладжаныя вытворчасць і экспарт расійскага абсталявання для атрымання вадароду і вытворчасці сумесяў на яго аснове, а таксама паліўных элементаў, газавых турбін, вадародных энергаўстановак, заправак, вадароднага транспарту і робататэхнікі.

Сярод найбольш вядомых пілотных праектаў можна згадаць заводы на Сахаліне і Ямале, а таксама завод па вытворчасці экалагічнага «зялёнага» вадароду ў Мурманскай вобласці на базе ветракоў, які могуць пабудаваць у кааперацыі з італьянцамі.

Вадародны цягнік.

Расійскі ўрад таксама распрацоўвае спецыяльныя стымулы для ўкаранення вадародных тэхналогій у эканоміцы. Галінам эканомікі, якія працуюць з вадародам, забяспечаць доступ да спецыяльных інвестыцый і субсідый.

У бліжэйшыя тры гады Расія патраціць на вадародныя праекты каля 127 мільёнаў даляраў.

Расія ў сваёй канцэпцыі падкрэслівае міжнароднае супрацоўніцтва, уключаючы працу з іншымі краінамі. Сярод партнёраў называюцца Германія, Японія, Данія, Італія, Аўстралія, Нідэрланды і Паўднёвая Карэя, Саудаўская Аравія, ААЭ.

Згодна з канцэпцыяй, Расія плануе стварыць тры вадародныя кластары, або хабы: паўночна-заходні (для экспарту ў Еўропу), усходні (для экспарту ў Азію) і арктычны кластар. У перспектыве можа быць створаны і чацвёрты, паўднёвы кластар.

У канцэпцыі няма дакладнага месца размяшчэння гэтых вадародных хабаў. Але мяркуецца, што геаграфія гэтых кластараў будзе адлюстроўваць цяперашнюю геаграфію расійскага газавага сектара. Таму кластары, найбольш імаверна, будуць размяшчацца ў Ленінградскай вобласці, Прыморскім краі і Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.

Як «здабываюць» вадарод і чым ён адрозніваецца ад нафты і вугалю?

Хаця гэты элемент і з’яўляецца самым распаўсюджаным на зямлі, у прыродзе чысты вадарод не сустракаецца. Праблема ў тым, што ён лёгка ўступае ў рэакцыю з іншымі арганічнымі злучэннямі з утварэннем, напрыклад, вады.

Вадарод не з'яўляецца першаснай крыніцай энергіі, як нафта або вугаль. Ён хутчэй з’яўляецца носьбітам энергіі, падобна электрычнасці, а таксама сродкам захавання энергіі, як батарэя. Вадарод не здабываюць з зямлі ў чыстым выглядзе, яго неабходна выпрацаваць.

Адзін са спосабаў «здабычы» вадароду — выпрацаваць яго з вады з дапамогай электролізу (калі малекулы вады разбіваюць на атамы вадароду і кіслароду). Гэта можна зрабіць, выкарыстоўваючы энергію сонца ці ветру. Такі спосаб вытворчасці вадароду называецца «зялёным», ён максімальна экалагічны, але і адначасова дарагі. Хаця за апошнія гады такі спосаб «здабычы» істотна патаннеў. Вадарод добры тым, што пры яго згаранні не выдзяляецца вуглякіслы газ.

Вадародная запраўка

Выпрацоўка вадароду з энергіі сонца і ветру дазваляе кампенсаваць асноўны недахоп «зялёнай» энергетыкі. Ветравыя і сонечныя электрастанцыі працуюць нестабільна, генерацыя залежыць ад умоў надвор’я. Часта ў пікавыя нагрузкі такія электрастанцыі генеруюць недастатковую колькасць энергіі, або наадварот, лішнюю. Назапашваць электраэнергію ў вялікіх маштабах пакуль што не навучыліся, «транспартаваць» электраэнергію без вялікіх страт на значныя адлегласці пакуль што таксама не могуць, таму выпрацаваную на ветраках і сонечных станцыях электраэнергію прасцей перапрацаваць у вадарод, які можна без праблем канвертаваць у гэтае хімічнае рэчыва, захоўваць на выпадак пікавых нагрузак, а таксама транспартаваць у аддаленыя раёны краіны ці прадаць за мяжу. Вадарод робіць «зялёную» энергетыку больш гнуткай і надзейнай. 

Ёсць і таннейшы спосаб вытворчасці вадароду — з прыроднага газу. Такі вадарод называецца «шэры», і расіянам прасцей было б выпрацоўваць яго.

Пры згаранні такога вадароду вуглякіслы газ таксама не выдзяляецца, але ён прадукуецца пры вытворчасці такога вадароду, таму яго нельга назваць экалагічным.

Вадародны аўтобус

Таксама расіяне маглі б без праблем вырабляць «блакітны» ці «бірузовы» вадарод — ён таксама таннейшы за «зялёны» і вырабляецца з дапамогай газу, але такая тэхналогія больш экалагічная, пры ёй ловяцца і ўтылізуюцца лішкі вуглякіслага газу.

Але еўрапейцы настойваюць на тым, што ім патрэбны менавіта экалагічны «зялёны» вадарод, выпрацаваны з аднаўляльных крыніц энергіі. Расійскія чыноўнікі лічаць, што такое дзяленне вадароду па экалагічным прынцыпе з’яўляецца інструментам эканамічнага і палітычнага ціску.

Якія ёсць перавагі ў Расіі?

Расія мае каласальныя запасы прыроднага газу, і на першым этапе яна магла б выпрацоўваць вадарод з яго, паралельна развіваючы альтэрнатыўную зялёную энергетыку. Гэта дазволіла б змякчыць негатыўныя эканамічныя наступствы ад дэкарбанізацыі. Кошт газу на ўнутраным рынку дапаможа зрабіць «блакітны» вадарод, выраблены ў Расіі, адным з самых канкурэнтаздольных па цане.

Пакуль Расія будзе вырабляць танны вадарод з метану, можна паралельна развіваць інфраструктуру — напрыклад, будаваць вадародныя аўтазапраўкі. Калі створыцца неабходная інфраструктура, то потым, праз некалькі дзесяцігоддзяў, перайсці з «блакітнага» вадароду на «зялёны» будзе вельмі проста.

Блізкасць краіны як да еўрапейскага, так і да азіяцка-ціхаакіянскага рынкаў таксама робіць яе унікальным месцам для таго, каб стаць адным з найбуйнейшых экспарцёраў вадароду.

Акрамя таго, Расія мае велізарныя магчымасці для вытворчасці сонечнай і ветравой энергіі, асабліва ў маланаселеным арктычным рэгіёне.

Расія можа выкарыстоўваць сваю ўжо існуючую газатранспартную інфраструктуру, навуковы і інжынерны патэнцыял, а таксама свой досвед вытворчасці вадароду для вайсковых і касмічных мэтаў. 

Буйныя еўрапейскія кампаніі таксама гатовыя выкарыстоўваць свае старыя сувязі з расіянамі і дзяліцца з імі тэхналогіямі вытворчасці. Напрыклад, італьянскі энергетычны гігант Enel адкрыў офіс у Санкт-Пецярбургу ў чэрвені 2021 года, маючы намер стварыць праект па вытворчасці зялёнага вадароду ў Расіі. Адметна, што ў вадародную энергетыку і аднаўляльныя крыніцы энергіі актыўна пачалі ўкладвацца і іншыя нафтагавазыя гіганты, кшталту французскай Total. 

А ў чым недахопы?

У расійскай канцэпцыі гаворыцца, што да 2035 года ў якасці прыярытэтнага кірунку вытворчасці вадароду будзе вытворчасць з выкапнёвай сыравіны, то-бок «блакітнага». «Блакітны» вадарод у Расіі атрымаць прасцей за ўсё, таму што ў краіне шмат газу. Але попыт на такі вадарод будзе змяншацца, еўрапейцам будзе патрэбны «зялёны» вадарод.

У дакуменце гаворыцца пра тое, што «Расія мае сур'ёзны патэнцыял у галіне вадароднай энергетыкі», у прыватнасці, «рэсурсную базу», у якасці якой пазначаныя «запасы прыроднага газу, нафты, вугалю, незагружаныя магутнасці па вытворчасці электраэнергіі». 

У Расіі ёсць вялікая спакуса вырабляць вадарод з вуглевадародаў, гэта вельмі лёгкі шлях, але ён для Еўропы не падыходзіць. А вось ці змогуць там вырабляць «зялёны» вадарод у вялікіх маштабах, пакуль што невядома.

Для «зялёнага» вадароду патрэбная альбо гідраэнергія, альбо энергія сонца, ветру ці прыліваў. Лішку гідраэнергіі ў Расіі няма, яна выкарыстоўваецца для вытворчасці алюмінію. З энергіяй сонца ці ветру ўсё яшчэ горш, яе доля ў Расіі нікчэмная. Маштабныя планы па развіцці зялёнай энергіі ў Расіі пакуль што адсутнічаюць, і бліжэйшыя мінімум 10-15 гадоў там не будзе галоўнага кампаненту для «зялёнага» вадароду — «зялёнай» крыніцы энергіі для электролізу.

Тэарэтычна, расіяне маглі б прадаваць Еўропе «блакітны» ці «бірузовы» вадарод (ён таксама вырабляецца з газу, але пры вытворчасці утылізуюць лішні вуглярод). Такі вадарод адносна экалагічны, і ён таннейшы за зялёны. Еўропа цяпер была б не супраць, але невядома, колькі гадоў яна яшчэ будзе гатовая купляць такі вадарод, бо рана ці позна ўсё адно плануе перайсці цалкам на «зялёны». Для расіян было б рызыкоўна ўкладвацца ў «блакітны» і «бірузовы» вадарод, калі попыт на іх будзе не вельмі працяглым.

Аўтары канцэпцыі лічаць, што пасля 2035 года кошт вытворчасці «зялёнага» вадароду наблізіцца да кошту яго вытворчасці на базе выкапнёвай сыравіны, што дазволіць пачаць рэалізацыю буйных праектаў па вытворчасці і экспарту вадароду на базе аднаўляльных крыніц энергіі. Але праблема ў тым, што скачок у развіцці ветра– і сонечных электрастанцый можа адбыцца раней, чым мяркуюць у Расіі. 

Яшчэ адно слабае месца ў расійскай стратэгіі — экспарцёраў вадароду, хутчэй за ўсё, будзе больш, чым экспарцёраў вуглевадародаў. У Расіі з вадародам і блізка не будзе такіх канкурэнтных пераваг, якія ёсць цяпер, напрыклад, у пастаўках газу на еўрапейскі рынак.

Таксама ў расійскай вадароднай канцэпцыі няма ні паказчыкаў спажывання вадароду на ўнутраным рынку, ні экалагічных і кліматычных эфектаў ад гэтага спажывання, ні паказчыкаў развіцця рынку вадародных тэхналогій або іх экспарту. Канцэпцыя з’яўляецца, хутчэй, заклікам да дзеяння. Не старанна распрацаваным пакрокавым планам з дакладна вызначанымі прыярытэтамі, а «планам па распрацоўцы планаў». У канцэпцыі няма адказу на пытанне, хто за што будзе адказваць, і якая роля будзе ў прыватнага сектара.

Яшчэ адзін недахоп канцэпцыі: Расія бачыць вадародную энергетыку як экспартна арыентаваную галіну, без апоры на ўнутраны рынак і яго развіцця. Гэта рызыкоўна для краіны, бо ў такім выпадку яна будзе моцна залежаць ад попыту на замежных рынках. 

Чытайце таксама:

Мінфін зноў пагоршыў прагноз дэфіцыту дзяржбюджэту

Каментары

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Усе навіны →
Усе навіны

Ва ўзросце 112 гадоў памёр самы стары мужчына ў свеце1

Пачалі судзіць пажарнага, які публічна звольніўся ў 2020 годзе

Украінскія разведчыкі эвакуявалі з вострава Змяіны 15 кацянят ФОТЫ1

Пратэстоўцы ўвайшлі ў Ісламабад, дзе цяпер з візітам Лукашэнка. Пачаліся беспарадкі і страляніна38

Міністр спорту Кавальчук выйграў расійскі-беларускі турнір па більярдзе ФОТАФАКТ2

Яшчэ каля 800 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за паўгода. Праверце сябе і блізкіх2

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне5

Памёр былы рэгіянальны начальнік КДБ Іван Корж12

У Хойніцкім раёне воўк напаў на вартаўніка, а потым на міліцыянераў, якія прыехалі на выклік1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Як барацьба за экалогію прывяла еўрапейскі аўтапрам на мяжу калапсу

Галоўнае
Усе навіны →