Грамадства

Я Чавэса бачыў

Уга Чавэс усё ж прыехаў у Беларусь. Хай і візыт атрымаўся не зусім такі, якім чакалі. У панядзелак 24-га заманілася мне паглядзець на лацінаамэрыканскага дыктатара і аднагодка беларускага прэзыдэнта – ня так часта ў Беларусь прыяжджаюць кіраўнікі не СНДэўскіх дзяржаваў. А пра Чавэса ж яшчэ гавораць, што ў параўнаньні зь ім Лукашэнка выглядае сапраўдным амэрыканафілам.

Уга Чавэс усё ж прыехаў у Беларусь. Хай і візыт атрымаўся не зусім такі, якім чакалі. У панядзелак 24-га заманілася мне паглядзець на лацінаамэрыканскага дыктатара і аднагодка беларускага прэзыдэнта – ня так часта ў Беларусь прыяжджаюць кіраўнікі не СНДэўскіх дзяржаваў. А пра Чавэса ж яшчэ гавораць, што ў параўнаньні зь ім Лукашэнка выглядае сапраўдным амэрыканафілам.

Адзінай для шараговага чалавека магчымасьцю пабачыць высокага госьця было ўскладаньне кветак на плошчы Перамогі. Плянавалася, што вэнэсуэльскі лідэр павінен быў зьявіцца на плошчы а 13:40. Я й прыйшоў туды ў адпаведны час.

У падземным пераходзе ўжо дзяжурылі прывезеныя аўтобусамі БРСМаўцы, ганаровая варта й прэзыдэнцкі аркестар. У кожнага, хто меўся ўбачыць Чавэса, да адзеньня мусіла быць прышпілена чырвона-зялёная стужка.

Час і ішоў, а Чавэс усё не зьяўляўся. Некаторыя цішком пачалі выказваць крамольнае меркаваньне: можа зусім не прыедзе? Усе нэрваваліся.

Рослыя хлопцы з Акадэміі фізычнага выхаваньня пыталіся адзін аднаго: а дзе тая Вэнэсуэла? Гэта ў Ціхім акіяне? Змучаны музыка з аркестру наракаў, што ад стомы ня ў стане ні сядзець, ні стаяць, ні ляжаць. Сьпёка (30 паводле Цэльсія) і смага сапраўды былі знакамітыя.

Ускорасьці гледачоў пачалі выпускаць на пляц, мне ўдалося ўплішчыцца ў шэрагі лукамольцаў і прайсьці на плошчу. (Я быў, напэўна, адзіным без той чырвона-зялёнай стужачкі.) Прысутным раздалі беларускія і вэнэсуэльскія сьцягі (я ўзяў вэнэсуэльскі), каб ім вітаць прэзыдэнта баліварыянскай краіны.

І калі ў пераходзе было яшчэ не бяды, то на сонцы стаяць было папросту немагчыма.

Нейкаму пільнаму гэбісту не спадабалася саколка на маім суседзе з выявай амэрыканскага штандарту: «Ты ў першыя шэрагі ня лезь, а то і зусім сыдзі з плошчы», – ласкава параіў ён. Студэнты, пакутаючы ад сквару, спрабавалі паціху зьбегчы з сустрэчы, але іхнія выкладчыкі ў самым зародку перарывалі гэтыя несур’ёзныя парывы. Тым больш дзіўным выглядала тое, як на пляц нейкім чынам змаглі прарвацца два альканаўты з Завадзкога раёну. «Што вы тут робіце?» – было запытаньне ахоўнікаў. «На Чавэса прыйшлі паглядзець». «Валіце адсюль, пакуль не атрымалі, гэта ж закрытае мерапрыемства».

Прайшлі ўжо дзьве гадзіна, а Чавэса ўсё няма. Сонца настолькі моцна нагрэла ў галаву аднаму сталаму мужчыну, што ён страціў прытомнасьць проста на прыступках пераходу. Усё б нічога, але праз пару хвіляў павінен быў якраз зьявіцца непараўнальны Ўга. У аўральным рэжыме была выклікана хуткая дапамога, і ўжо праз пару імгненьняў дзядуля ўжо быў унутры машыны. Пасьпелі – Чавэса яшчэ не было. Чамусьці мне здаецца, што пра гэты выпадак не згадае ніводзін дзяржаўны рэпарцёр.

Вэнэсуэлец зьявіўся на плошчы ў суправаджэньні Віктара Шэймана ў той момант, калі гадзіньнік паказваў 16:00, а цярпеньне людзей было на мяжы. Чавэс адразу пачаў дасылаць тым, хто яго сустракаў, паветраныя пацалункі і бясконца прыкладаў руку да сэрца, паказваючы, што вельмі любіць нас. Ён зьзяў асьляпляльнай усьмешкай.

Яшчэ некалькі хвілін – і вэнэсуэлец ужо ўсклаў да манумэнту кветкі, і пайшоў у народ. Чавэс доўга расказваў пра тое, як ён любіць дзяцей і моладзь, пра тое, што запрашае маладых беларусаў наведаць яго краіну. Уга дзяліўся плянамі, як ён скора пабудуе новы сьвет, дзе ня будзе бедных. Ня мог Чавэс не згадаць і пра свайго найлепшага хаўрусьніка – Кастра, ён паведаміў, што хоць Фідэлю хутка ўжо будзе восемдзесят, але ў душы ён застаецца ранейшым хлапчуком.

Чавэс ідэальна адчувае сябе ў слове, ён бы мог гаварыць яшчэ гадзінамі, але яго няспынна ціснуў час. Яшчэ перад сыходам ён пасьпеў паціснуць рукі і паабдымацца з вэтэранамі, а таксама заклікаў усіх пачаць змагацца з сусьветным імпэрыялізмам.

Не пасьпеў Чавэс сесьці ў машыну, як некаторыя навучэнцы ўжо далі лататы з пляцу, а Ўга на разьвітаньне працягваў махаць сваей магутнай рукой.

Каментары

Цяпер чытаюць

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Усе навіны →
Усе навіны

Як жывуць Маўшукі з Пінска — у 2020‑м мужа і жонку пасадзілі, а дзяцей збіраліся адправіць у прытулак5

Трамп можа пачаць ваенную аперацыю ў Малі, дзе знаходзіцца «Афрыканскі корпус» Пуціна4

Простае дзеянне, калі доўга седзіце, зніжае смяротнасць ад раку: новыя высновы навукоўцаў5

Студэнцкія пратэсты ў Індыі сталі праблемай для прэм'ера Модзі. Адкуль узяўся рух «тараканаў»?1

У мінскім метро з пачатку года зафіксавана 100 інцыдэнтаў з пасажырамі

Грошы на развітанне і пахаванне Святланы Курс сабраныя

Японкі скардзяцца на валасатыя ногі мужчын у офісах. Гэта называюць «харасментам валасатымі галёнкамі»26

Арнэла Муці падаецца на атрыманне грамадзянства Расіі6

Каб пераадолець створаны ўладамі кадравы голад, у правінцыю перавялі служыць ксяндза з Мінска2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць