Вайна2222

«Я не сустракаў ніводнага вайскоўца, хто б не паважаў Драпатага»: на чале УСУ стаў камандзір новага пакалення. Што ўяўляе сабой Міхаіл Драпаты?

Былы міністр абароны Міхаіл Фёдараў пайшоў ва-банк і перамог: ва Украіне змяніўся галоўнакамандуючы. Ім стаў 43‑гадовы Міхаіл Драпаты, які пачынаў вайну камбатам. «Наша Ніва» папрасіла ўкраінца Цімура, які ў 2022—2024 гадах вёў украінскамоўны канал нашага выдання, патлумачыць, што ўяўляе сабой новы камандуючы УСУ. Цімур, у сваю чаргу, папрасіў ацаніць Драпатага сваіх сяброў, якія ваююць. 

Генерал-маёр Міхаіл Драпаты на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, 21 ліпеня 2026. Фота Ukrainian Presidential Press Office via AP

«Я думаю, што відавочна будзе лепш, чым раней. Ну або як мінімум лепш, чым магло б быць. Я не сустракаў ніводнага вайскоўца, хто б не паважаў Драпатага. З Сырскім роўна наадварот», — так адказаў Цімуру ўвечары 21 ліпеня знаёмы, які ваюе ў Дэсантна-штурмавых.

«І так думае не адзін ён. Мяркуючы па каналах вайскоўцаў (якія ў арміі да 2022 года), яны даўно хацелі Драпатага. Драпаты мае ідэйнасць. У гэтым ён блізкі да людзей тыпу Білецкага, Рэдзіса [Пракапенкі], Фёдарава, Флэша [Бяскрэснава]», — кажа Цімур.

Вось што яшчэ патлумачыў нам Цімур.

Мітынгі падчас вайны

Упершыню з часоў пратэстаў вакол НАБУ і САП украінскія гарады зноў убачылі масавыя мітынгі — і не супраць акупанта, а праз унутрыпалітычнае рашэнне ўлады. Фармальна краіна жыве ў рэжыме ваеннага становішча, пры якім масавыя акцыі абмежаваныя законам. Але ўжо амаль тыдзень людзі выходзяць на плошчы — і іх ніхто не разганяе. Для дзяржавы ў стане вайны гэта рэдкая і красамоўная карціна, і менавіта з яе варта пачынаць, каб зразумець маштаб падзей.

Усё пачалося са звальнення Уладзімірам Зеленскім міністра абароны Міхаіла Фёдарава. Рашэнне выклікала шырокі рэзананс насамперш таму, што не суправаджалася ніякай публічнай камунікацыяй: грамадству не патлумачылі, чаму так сталася. Пра подбіўку — сістэмны канфлікт міністра з галоўнакамандуючым УСУ Аляксандрам Сырскім — стала вядома ўжо пазней, у значнай ступені дзякуючы журналістам.

Паводле даных выдання The Economist, Фёдараў дамагаўся адхілення ад пасады Сырскага, а праведзены міністэрствам аўдыт нібыта выявіў мільярдныя перавытраты ў абаронным ведамстве.

16 ліпеня Фёдараў выйшаў да журналістаў і фактычна перавёў схаванае супрацьстаянне ў адкрытую плоскасць. Ён пацвердзіў канфлікт, заявіў, што Сырскі ставіў яму ўльтыматумы і блакаваў ініцыятывы міністэрства, — і адначасова прызнаў, што галоўкам «уратаваў краіну» падчас абароны Кіева ў 2022 годзе. Разам з міністрам у адстаўку пайшлі і яго медыйныя дарадцы — Сяргей Сцярненка і Сяргей Бяскрэснаў («Флэш»).

Рэакцыю грамадства справакавала менавіта гэтая заява. Ужо 17 ліпеня ў Кіеве на падтрымку Фёдарава сабраліся дзясятак тысяч людзей, а пратэсты ахапілі больш чым паўтара дзясятка гарадоў.

Арганізатарам выступіў ветэран расійска-украінскай вайны Дзмітрый Казяцінскі, які абвінаваціў Сырскага ў тым, што той «займаецца палітыкай замест фронту», дэмаралізуе армію і сабатуе рэформы.

Паказальна, што спачатку мітынгі былі дэперсаналізаванымі. Людзі выходзілі не «за канкрэтнага міністра» — пра гэта казаў і сам Фёдараў, — а за ідэю: за рэформы, тэхналогіі, за іншую якасць вядзення вайны. І толькі пазней пратэст сфакусаваўся ў лозунг, які пачалі скандаваць на плошчах ад Кіева да Івана-Франкоўска: «Фёдараў — міністр, Драпаты — галоўкам».

Менеджарская вілка Зяленскага

Рашэнне было складаным, трэба прызнаць. Калі двое ключавых людзей не могуць працаваць разам, а ад іх супрацоўніцтва залежыць супольная справа, класічнае менеджарскае рашэнне — звольніць аднаго. І тут была вілка: цывільны міністр, які адказвае за лагістыку, закупкі і прасоўванне тэхналагічных праектаў, — ці галоўнакамандуючы са сфармаванай ваеннай стратэгіяй, замена якога азначае ламанне гэтай стратэгіі і доўгую адаптацыю.

Цана часу цяпер надзвычай высокая. Шмат хто лічыць, што ва Украіны адкрылася акно магчымасцей — перахапіць ініцыятыву да парламенцкіх выбараў у Расіі, якія адбудуцца 18—20 верасня. Украінскае кіраўніцтва публічна не выключае, што адразу пасля выбараў Масква можа абвясціць новую хвалю мабілізацыі, якую дагэтуль адкладвала. То-бок рахунак ідзе на тыдні.

Кастынг доўжыўся толькі некалькі дзён

Далей прэзідэнт дэманстратыўна сустракаўся з вайскоўцамі — сярод іх былі Міхаіл Драпаты, Апостал, Гарбацюк, Білецкі, Абаленскі, Пракапенка. Гэта быў «кастынг» новага галоўкама: ці то Драпаты, ці то Апостал як кампрамісная, набліжаная да Сырскага фігура.

Драпаты, да слова, публічна падтрымаў Фёдарава, сказаўшы, што шмат рашэнняў экс-міністру даводзілася праводзіць насуперак сістэме, а не дзякуючы ёй.

Генерал-маёр Міхаіл Драпаты на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, 21 ліпеня 2026. Фота Ukrainian Presidential Press Office via AP

Падчас гэтага працэсу краіна атрымала калонку самога Сырскага — «Мая праца — вайна». І тут важна быць дакладным: Сырскі канфлікт адпрэчвае. Ён размяжоўвае адказнасць — міністэрства гэта забеспячэнне, закупкі і цывільны кантроль, а стратэгія і планаванне аперацый, паводле закона, ляжаць на ім. Патрабаванне публічна «прэзентаваць стратэгію» ён назваў патрабаваннем прэзентаваць яе ворагу. І асобна падкрэсліў, што будзе супрацоўнічаць з любым міністрам, якога прызначыць дзяржава.

Аргументы былога галоўкама былі не беспадстаўныя. Праблема хутчэй у тым, што калонка не адказала на чуллівыя пытанні, якія ставяць і грамадства, і частка вайскоўцаў. А пытанняў шмат. Сырскага цэняць як жорсткага антыкрызіснага менеджара, здольнага «разруліць» найскладанейшыя сітуацыі, — але крытыкуюць за мікраменеджмент і схільнасць вырашаць задачы хутчэй колькасцю, ніж якасцю. Яго падыход выклікае ў камандзіраў хлусню ў сваіх дакладах. Менавіта гэты дакор — «маленькая савецкая армія не пераможа вялікай савецкай арміі» — і ёсць нервам пратэсту.

Трохі інфармацыйнай вайны ў працэсе

Замест яснага адказу краіна атрымала спаборніцтва наратываў. Камандаванне Сіл лагістыкі УСУ напісала пра тое, што лагістыка пры Фёдараве нібыта пагоршала. Аднак за паўгода скаргаў на забеспячэнне ад вайскоўцаў не было, а такія праблемы звычайна заўважаюць хутка. Пост хутка быў выдалены.

Найбольш балючы эпізод — гісторыя палка «Скеля» (425‑ы асобны штурмавы полк) у Канстанцінаўцы. 18 ліпеня падраздзяленне паказала відэа, як яго байцы ўсталёўваюць украінскі сцяг — на якім былі выявы прэзідэнта і галоўкама. Наступнага дня расійская прапаганда распаўсюдзіла кадры тых самых вайскоўцаў ужо нібыта ў палоне, на той самай лакацыі. Сам полк назваў гэта маніпуляцыяй — спробай выдаць лакальны эпізод бою за правал усёй аперацыі; адначасова афіцыйна факт палону пабрацімаў у «Скелі» назвалі «надзвычай балючай весткай». Гэта гісторыя — востры прыклад таго, як медыйная дэманстрацыя на фронце можа абярнуцца рэальнай рызыкай для жыцця байцоў.

Цень Ермака

Андрэй Ярмак фармальна — усяго толькі былы кіраўнік Офіса прэзідэнта. Цяперашні кіраўнік ОП — Кірыла Буданаў, а сам Ермак фігуруе ў карупцыйнай справе пра легалізацыю сродкаў. Але менавіта тое, што чалавек без дзяржаўнай пасады пасля звальнення і далей праводзіць час з вайскоўцамі і, судзячы па ўсім, захоўвае значны ўплыў на найбольш чуллівыя для краіны тэмы, дае пратэстам новае дыханне.

Паведамленні пра тое, што Ярмак пасля адстаўкі Фёдарава наведаў пункт кіравання Сырскага і камунікуе з генераламі, варта ўспрымаць амаль як факт — проста не даведзены да канца. Прамых доказаў няма, але непрамых — яго частых і блізкіх кантактаў з вайсковай вярхоўкай — ужо дастаткова, каб казаць пра гэта адкрыта. І складаецца ўражанне, што менавіта гэты пазасістэмны ўплыў заводзіць краіну ў цёмную зону — калі рашэнні ў найважнейшых пытаннях нараджаюцца па-за пасадамі, па-за працэдурамі і па-за адказнасцю.

Чаму гэта адбываецца менавіта зараз

Найбольш прыкра, што крызіс выбухнуў у момант, калі Украіна мае поспехі на фронце. Сам Сырскі раней прызнаваў, што расійскі наступ «здзьмуўся», хоць і засцерагаў: радавацца зарана, пра пералом казаць заўчасна. Паралельна трывала ізаляцыя Крыма. Удары па паўднёвай лагістыцы групоўкі «Дняпро» выклікалі на паўвостраве дэфіцыт паліва і перабоі са святлом і вадой. А ў ноч на 18 ліпеня дроны паразілі лагістычныя хабы Wildberries і Ozon у Катоўску і Электрасталі.

Буданаў звязвае рост інтэнсіўнасці ўдараў па лагістыцы РФ з прарывам у вытворчасці ўкраінскіх сродкаў паражэння.

І вось у чым сутнасць грамадскага запыту: людзі хочуць асіметрыі, тэхналогій, развіцця, а не «бяспечнай гульні» па сістэме, якая, хай і працуе, але цягне за сабой вялікую колькасць страт. Логіка простая і даволі жорсткая: калі пасля вераснёўскіх выбараў Расія абвесціць мабілізацыю, спаборнічаць з ёй у колькасці людзей Украіна не зможа. У перавазе масы пераможа вораг — і гэта разумеюць усе. Таму і гатоўнасць рызыкаваць, ісці ў рэфармаванне і тэхналагізацыю, нават калі гэта рызыкоўна ў моманце.

Украінскае грамадства застаецца суб'ектам

Іншы важны аспект гэтай гісторыі: у краіне, дзе закон ваеннага часу абмяжоўвае масавыя акцыі, людзі ўсё адно выходзяць на плошчы, ставяць уладзе складаныя пытанні — і да іх прыслухоўваюцца. Для суседзяў, якія назіраюць за Украінай звонку, гэта, магчыма, найважнейшы сігнал: нават на пятым годзе поўнамаштабнай вайны ўкраінскае грамадства застаецца суб'ектам, а не фонам. І пакуль гэты голас гучыць, у краіны ёсць засцерагальнік супраць найгоршага.

Што вядома пра Міхаіла Драпатага

Генерал-маёр Міхаіл Драпаты нарадзіўся 21 лістапада 1982 года ў Камянцы-Падольскім, у 2004‑м скончыў Харкаўскі інстытут танкавых войскаў і пачаў службу ў 72‑й асобнай механізаванай брыгадзе.

Супраць расіянаў Драпаты ваюе з першых дзён вайны, з 2014 года. Менавіта тады адбыўся эпізод, які зрабіў яму імя на ўсю краіну: 9 мая 2014 года ягоны 2‑і механізаваны батальён 72‑й брыгады (сам Драпаты быў тады маёрам з пазыўным «Рубін») увайшоў у Марыупаль, каб вызваліць закладнікаў, якіх расійскія штурмавікі ўтрымлівалі ва ўпраўленні міліцыі. Калі механік-вадзіцель даклаў пра барыкады вышынёй з метр і запытаўся, што рабіць, Драпаты загадаў браць перашкоду штурмам — і кадры, як яго БМП фактычна пералятае цераз барыкады расіян, сталі культавымі. Гэтае відэа і дагэтуль вірусіцца як сімвал украінскага супраціву і баявой нахабнасці, з якой украінцы ломяць супраціўленне ворага.

У тым жа 2014‑м быў і іншы, больш драматычны эпізод: улетку ягонае падраздзяленне трапіла ў атачэнне на Луганшчыне, і Драпаты ўзяў на сябе адказнасць, вывеўшы з «Ізварынскага катла» 260 байцоў ды больш за 30 адзінак тэхнікі, адолеўшы 160 км пад агнём.

Далей быў камандны шлях: камандзір 58‑й асобнай мотапяхотнай брыгады (2016—2019), камандуючы аператыўных груповак «Херсон», «Харкаў», «Луганск» і Сухапутных войскаў УСУ (2024—2025).

Павагу паміж вайскоўцаў ён мае перадусім за тое, што гэта баявы генерал «з поля», а не кабінетны: у сакавіку 2022‑га ён узначаліў групоўку «Пакроўск» / «Поўдзень», якая спыніла прасоўванне расіянаў. Асобная рыса, якую адзначаюць у арміі, — гатоўнасць адказваць не толькі за перамогі: 1 чэрвеня 2025 года, пасля трагедыі на палігоне Сухапутных войскаў у Сумскай вобласці, Драпаты прадэманстраваў, што гатовы несці адказнасць і за пралікі: падаў у адстаўку з пасады камандуючага Сухапутных войскаў.

Драпатага лічаць камандзірам, які публічна абараняе сваіх людзей і не баіцца казаць пра рэальныя праблемы ў арміі.

«Служэнне Украіне падчас вайны за незалежнасць»

«Служэнне Украіне заўсёды было для мяне гонарам, а падчас вайны за незалежнасць яно азначае абсалютную адказнасць. Удзячны Галоўнакамандуючаму Узброеных сіл Украіны Аляксандру Сырскаму за паслядоўную працу па ўмацаванні ўкраінскага войска. Я ў ім вырас», — заявіў Міхаіл Драпаты пасля прызначэння яго новым Галоўкамам УСУ.

Фёдараў: Трэба пісаць новыя раздзелы і выпраўляць памылкі

«Гэта новы глыток паветра і новая надзея ў барацьбе вольных людзей за свабоду і справядлівасць. Голас зменаў, які нельга было не пачуць.

Цяпер высокія чаканні ўкраінцаў неабходна апраўдаць выразнай візіяй завяршэння вайны за Незалежнасць, моцнай камандай і рашучымі дзеяннямі, накіраванымі на захаванне жыццяў нашых воінаў, рабатызацыю фронту, нанясенне асіметрычных удараў і вычарпанне расійскай эканомікі.

Патэлефанаваў генералу Аляксандру Сырскаму і падзякаваў за абарону Кіеўшчыны, Харкаўскую аперацыю ды іншыя гістарычныя бітвы.

Гэта ўжо важная частка гісторыі Украіны.

Але трэба рухацца яшчэ хутчэй і пісаць новыя раздзелы, выправіўшы ўсе папярэднія памылкі.

Дзякуй усім датычным!» — так адгукнуўся на прызначэнне Міхаіла Драпатага ў сваім тэлеграм-канале Міхаіл Фёдараў. Апошнія словы прагучалі трохі з трампаўскай іроніяй, бо галоўны датычны — ён сам.

Каментары22

  • Ян
    22.07.2026
    Осталось переименовать министерство обороны в министерство войны, сделать стол там заказов по целям и открыть тотализатор с представительством в Монако и сразу войну выиграют.
  • цяпер зажывуць
    22.07.2026
    бадай тцкшнікі цяпер будуць бегаць
    ад натоўпу былых ухілянтаў, а цяпер дабраахвотнікаў.
  • заканамернасць
    22.07.2026
    Не здзіўлюся, калі праз некаторы час акажацца, што Драпаты будзе ў ва ўсім вінаваты. Так дзейнічае Зяленскі - узяць чалавека, замазаць яго, потым абліць чорным піярам і выкінуць, каб прыкрыць свае памылкі і злачынствы. Паглядзіце, колькі людзей вакол Зяленскага прайшлі па такой схеме, прычым шэраг з іх быў некаторы час народнымі любімцамі.

Цяпер чытаюць

Наколькі больш помнікаў архітэктуры ахоўваецца ў Польшчы і Літве ў параўнанні з Беларуссю. Жахлівыя лічбы3

Наколькі больш помнікаў архітэктуры ахоўваецца ў Польшчы і Літве ў параўнанні з Беларуссю. Жахлівыя лічбы

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі ўжо +30°С3

Google прыбраў ШІ-інструмент Nano Banana з Google Earth ужо праз дзень пасля запуску9

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі152

Мінскі гадзіннікавы завод прадставіў новую калекцыю ў стылі Клода Манэ2

Беларуска з картай паляка выйшла замуж за літоўца і збіралася пераехаць да яго, але ёй забаранілі ўезд у Літву23

Львоўскі: У Беларусі нацыянальнае свята — гэта рыцарскія турніры, у Расіі — сарафаны і карагоды26

Гол Іллі Шкурына трапіў у афіцыйны акаўнт УЕФА6

Расія ўначы ўдарыла па Кіеве: дзевяць загінулых, некалькі дзясяткаў параненых3

У Пампеях аднавілі роспіс скляпенняў, якіх не існуе ўжо два тысячагоддзі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наколькі больш помнікаў архітэктуры ахоўваецца ў Польшчы і Літве ў параўнанні з Беларуссю. Жахлівыя лічбы3

Наколькі больш помнікаў архітэктуры ахоўваецца ў Польшчы і Літве ў параўнанні з Беларуссю. Жахлівыя лічбы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць