Грамадства

«Мы проста марылі патрапіць у карцар». Мінчанка расказала пра здзекі з затрыманых у ізалятарах

«Туалетнай паперы не было ўвогуле. Некаторыя ахоўнікі прыносілі газеты і нават старыя кнігі». Жанчына, якая нядаўна выйшла пасля 15 сутак, распавяла «Нашай Ніве» пра жудасныя ўмовы на Акрэсціна і ў Жодзіне, у якіх цяпер сядзяць людзі, затрыманыя за антываенныя мітынгі. А таксама пра тое, як у ізалятары праходзіў рэферэндум.

«У нас загад перакрыць вам кісларод»

Нашу суразмоўцу затрымалі 19 лютага, яна выйшла некалькі дзён таму.

«У ІЧУ ўмовы вельмі жорсткія. І менавіта да палітычных, астатнія правапарушальнікі знаходзяцца ў іншых умовах.

Забіраюць усё верхняе адзенне, пра матрацы і марыць не варта. Застаецца толькі тое, што пад курткай. Мне ўдалося пранесці шапку, але ў многіх і гэта забіралі. 

Спачатку было вельмі холадна: мы хадзілі, бегалі, каб сагрэцца». 

У ЦІПе камеры былі перанаселеныя, расказвае жанчына.

«У камеры на двух нас было адзінаццаць. Спалі на падлозе. 

Будзілі кожныя дзве гадзіны. А 10-й адбой, як толькі ты знойдзеш нейкае месца, уладкуешся — у 12 праверка (трэба назваць сябе), потым а 2-й ночы, а 4-й. А шостай ужо пад’ём. Такі здзек. 

Праз перапоўненасць было вельмі спякотна і душна, вентыляцыя не працавала. Калі прасілі прачыніць «кармушку», супрацоўнікі казалі, што не могуць, ім нельга, але самы цудоўны адказ быў: «У нас загад перакрыць вам кісларод». Гэта былі наўмысна створаныя нечалавечыя ўмовы.

Вядома, стаўленне хамскае, агрэсіўнае і зняважлівае.

Таксама быў карцар, мы так зразумелі, гэта нейкая навінка: каб усе пабывалі там. Чалавека выводзяць без тлумачэнняў, ён вяртаецца праз тры дні: аказваецца, быў у карцары. Спачатку мы баяліся, а потым прыйшло ўсведамленне, што там, насамрэч, лепей, чым у гэтай камеры — можна дыхаць. Мы проста ўжо марылі патрапіць у карцар».

«Мы чулі, як збіваюць мужчын, моцна»

Суды праходзяць анлайн альбо на Акрэсціна, альбо ў РУУСе (некаторых затрыманых пакідалі на ноч ва ўчастку, раніцай там і судзілі). Перадач не прымалі ніякіх, лістоў тым больш не было. 

«На Акрэсціна яшчэ быў фельчар, можна было выкленчыць нейкіх таблетак. У Жодзіне няма медыцынскага персаналу ўвогуле. Мы пыталі: а што, калі чалавеку зусім кепска стане? У адказ: «Нічога». Кажуць, што хуткая да іх таксама не ездзіць.

Зубных шчотак не было, туалетную паперу на Акрэсціна трэба было выпрошваць, прыніжаючыся, пракладкі таксама. У Жодзіне туалетнай паперы не было ўвогуле. Некаторыя ахоўнікі прыносілі газеты і нават старыя кнігі. 

Мяне перавялі ў Жодзіна 25 лютага ўвечары, было яшчэ адносна пуста. А вось на выхадных стала чуваць, як бясконца запаўняюць камеры, прыводзяць усё новых людзей. Нас перавялі на іншы паверх, у панядзелак мы апынуліся ў шасцімеснай камеры ў колькасці 18 чалавек. Па гуках было зразумела, што мужчын яшчэ больш.

Нас вадзілі на рэферэндум. У нядзелю нам сказалі: «Падрыхтуйцеся, недзеньце маскі». Мы пачалі жартаваць: няўжо прагулка? Была гіпотэза, што на рэферэндум, але да апошняга не верылася ў такі сюр. Ідзеш з рукамі за спінай, потым абапіраешся на краты, чакаеш — па адным выклікаюць, выдаюць бюлетэнь з цырымонным тварам.

Насамрэч, ніхто, здаецца, не глядзеў, як ты галасуеш. Але само выказванне свабоды выбару ў турме — гэта нешта неверагоднае. Мяркую, мой голас быў выкарыстаны і ў мяне на ўчастку, і ў турме.

Мы чулі, як збіваюць мужчын, моцна. Гэта адбывалася ледзь не штораз пасля адбою. Білі і вымушалі адну з камер крычаць хорам: «Я ніколі не буду парушаць закон». Жанчыны, асабліва сталыя, былі ў шоку, спрабавалі кідацца да дзвярэй, неяк дапамагчы, але мы іх спынялі, бо не ведалі, якія будуць наступствы і для гэтых хлопцаў, і для нас. Гэта было найболей цяжка вытрываць». 

«Акцёр з РТБД выйшаў са сцягам Украіны — яго забралі праз тры хвіліны»

Сукамерніцамі суразмоўцы былі абсалютна розныя людзі, ад 18-гадовых дзяўчат да бабуль. Адной было наогул 70 — узялі за шарыкі ў акне. Сядзелі і выхавацелька дзіцячага садка, і фітнэс-трэнерка, і дацэнтка, і стаматолаг.

Затрымлівалі іх таксама па-рознаму.

«Кагосьці запрасілі на «гутарку», і чалавек адтуль ужо не вярнуўся. Так было да 20 лютага. Потым пачалі ўрывацца ў кватэры ў поўнай экіпіроўцы. Праводзілі вобшук, забіралі ўсю тэхніку, потым вінавацілі ў супраціве, бо не адчынялі дзверы. Калі, напрыклад, прыходзілі да мужа, забіралі і мужа, і жонку. Цэлымі сем’ямі хапалі людзей.

У дзень рэферэндуму і на наступны людзей бралі паўсюль: і на ўчастках, і на вуліцы. Калі нехта даставаў тэлефон, адразу забіралі чалавека, каб не было ніякіх фота ці відэа. Абвінавачвалі за лозунг «Не вайне!»

Усіх пужаюць працяглай адсідкай. Мы атрымалі па 15 сутак, але ніхто не быў упэўнены, што выйдзе пасля, што не будзе чагосьці яшчэ зверху. Гэтым пагражалі ўвесь час. І такія выпадкі былі: адну дзяўчыну адразу за агароджай жодзінскага ізалятара пасадзілі ў машыну і адвезлі на Акрэсціна.

Вельмі хочацца, каб людзі зразумелі, што ўзровень тэрору ўнутры дзяржавы зашкальвае. Бяруць абсалютна безабаронных людзей, пра многіх нават невядома, цяпер страшна звяртацца да праваабаронцаў. 

Акцёр з РТБД, ён па пашпарце ўкраінец, выйшаў са сцягам Украіны каля Нацыянальнай бібліятэкі. Яго забралі літаральна праз тры хвіліны».

Пра ўварванне Расіі ва Украіну зняволеныя, якіх затрымалі да гэтых падзей, даведаліся не адразу.

«Толькі калі нас пераводзілі 25 лютага, нехта з ахоўнікаў сказаў агульнымі фразамі пра Данбас. 

Калі я выйшла, то спачатку радавалася, а потым пачало даганяць гэта ўсё. Ты наўпрост не можаш паверыць, што вайна адбываецца». 

Каментары

Цяпер чытаюць

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»8

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»

Усе навіны →
Усе навіны

Кім Чэн Ын зладзіў раскошны прыём у гонар Лукашэнкі10

«Гэта стала адным з найлепшых рашэнняў». Расіянка, якая год назад пераехала з Масквы ў Мінск, падзялілася сваімі ўражаннямі17

Пуцін на закрытай сустрэчы з буйнымі бізнэсменамі прапанаваў ім добраахвотна прафінансаваць вайну з Украінай8

У ЗША збіраюцца выпускаць даляры з подпісам Трампа4

У Беларусі больш не будуць прымаць платнікаў у медуніверсітэты. Што пра гэта кажуць дактары?4

Кацярына Андрэева перадала Дональду Трампу ліст пра беларускіх палітвязняў6

«Трэба сесці і размаўляць». Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні міністраў27

Лаўроў: ЗША хочуць забраць «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2»5

Вызначыліся ўдзельнікі фіналаў стыкавых матчаў адбору на чэмпіянат свету па футболе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»8

Пратасевіч зноў жэніцца — цяпер з таролагам Настассяй, якая працавала ў элітным медцэнтры «Мерсі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць