Улада

Уладны бункер. Як Зяленскі кіруе краінай падчас вайны і хто з ім побач

Маючы перад вачыма без перабольшання апакаліптычныя звесткі заходніх спецслужбаў, Зяленскі вырашыў даверыцца разлікам уласных спецыялістаў і арміі, якія казалі, што Расія не можа ўзяць сталіцу. Ён застаўся ў Кіеве і стварыў сваю стаўку ў сакрэтным бункеры. «Украінская праўда» распавядае пра арганізацыю працы Зяленскага і яго каманды падчас вайны.

Гэты сакрэтны аб'ект застаўся ва Украіне з савецкіх часоў і прызначаны для выжывання ў ядзернай вайне. Людзі, якія там бывалі, звычайна не гавораць пра такія месцы. Але ёсць цытата Мікалая Азарава.

«Калі мы гаворым пра бункер на тэрыторыі адміністрацыі прэзідэнта, то ён цалкам абаронены, падрыхтаваны ў савецкія часы для вышэйшага палітычнага і ваеннага кіраўніцтва дзяржавы пры ядзернай атацы. Прамое ўздзеянне ядзерных боепрыпасаў не прынясе шкоды людзям у бункеры», — сказаў Азараў расійскім прапагандыстам пасля пачатку вайны.

Такі выбар месца працы прэзідэнта больш чым лагічны. Менавіта для такіх часоў дзяржава гадамі падтрымлівала ўсю гэтую інфраструктуру. А тым, хто хоча крытыкаваць Зяленскага за тое, што ён не сядзіць у сваім кабінеце, варта паглядзець на цяперашні стан кабінета, скажам, мікалаеўскага кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталя Кіма або на руіны Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі.

Мікалаеўская аблдзяржадміністрацыя пасля бамбёжкі. ФОТА: ДСНС

Зяленскі і яго каманда выкарыстоўваюць памяшканні Офіса для сустрэч, інтэрв'ю, брыфінгаў. Аднак, паводле інфармацыі «УП», асноўная праца праходзіць у памяшканнях бункера.

Каманда для вайны

З прэзідэнтам працуе невялікі пастаянны пул, які з'яўляецца асновай яго каманды.

«Побач з Зяленскім у асноўным тыя, хто быў з ім у Бучы пасля яе вызвалення. Гэта Ярмак, Кірыл Цімашэнка, Кубракоў. А недзе побач — «блогеры», як іх называюць, напрыклад, Арастовіч і Лешчанка, які ў камунікацыі з Падаляком», — кажа адзін з уплывовых удзельнікаў каманды Зяленскага.

У цэлым Зяленскі арыентаваны на вырашэнне праблем у дзвюх асноўных сферах: міжнароднай і абароннай.

Як прызнаюцца ў атачэнні Зяленскага, на ўсё астатняе проста не хапае часу. Акрамя, бадай, эканомікі.

Таму нядзіўна, што вакол Зяленскага цяпер круцяцца тры групы чыноўнікаў: дыпламаты, вайскоўцы і эканамісты.

Дыпламатычны напрамак закрываюць Андрэй Ярмак, які камунікуе з Белым домам, міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба, якому выпала роля весці перамовы са светам, і намеснік кіраўніка АПУ Андрэй Сібіга, асноўныя функцыі якога — падрыхтоўка для прэзідэнта і яго спічрайтараў так званых «дыпламатычных рамак» перад важнымі перамовамі.

Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Бучу. ФОТА: Дзмітрый Ларын

Як адзін з ключавых перамоўнікаў з Расіяй у бункеры часта бывае Давід Арахамія, лідар фракцыі «Слуга народа».

Хаця найбольшую дыпламатычную працу праводзіць сам Зяленскі. Як паведаміў Ярмак у інтэрв'ю, у прэзідэнта за дзень праходзіць дзесяць раўндаў перамоў на вышэйшым узроўні. А яшчэ — штодзённыя выступы перад парламентамі свету, НАТА, ЕС ці ўвогуле на Грэмі.

Ваенны блок прадстаўляюць міністр абароны Аляксей Рэзнікаў, сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў, галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Валерый Залужны і іншыя вайсковыя камандзіры, чые імёны ведамства не афішуе са зразумелых прычынаў.

У эканамічнае крыло каманды прэзідэнта ўваходзіць прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль, які адказвае за каардынацыю і стабілізацыю эканомікі.

Генерацыяй новых эканамічных ідэй у першую чаргу займаецца група міністра эканомікі Юліі Свірыдзенкі і профільнага намесніка старшыні ОПУ Расціслава Шурмы.

Акрамя іх, важную эканамічную і гуманітарную працу робяць Цімашэнка і Кубракоў. На іх завязана так шмат працэсаў, што іх жартам называюць «ценявым прэм'ерам». У першыя дні вайны Цімашэнкі не было ў Кіеве, але пазней ён вярнуўся і паступова набраў абароты, у тым ліку і ў СМІ.

«На ім засталася рэгіяналка. Нават здолеў памірыць мэраў і кіраўнікоў аблдзяржадміністрацый. Напрыклад, мэр Чарнігава ледзь не пасылаў нас у жывым эфіры, а Цімашэнка браў слухаўку і ўсё роўна працягваў з ім размаўляць, шукаючы нейкія рашэнні. Плюс ён увесь час сочыць, дзе якога лідара грамады скралі, як каго абмяняць, вырашае пытанне, як некуды таемна прывезці лекі і гэтак далей», — патлумачылі «УП» у атачэнні прэзідэнта.

Кубракоў адказвае за лагістыку дастаўкі дапамогі і аператыўнае аднаўленне інфраструктуры там, дзе яна вельмі патрэбная.

Час ад часу на Банкавую прыходзіць спікер Рады Руслан Стэфанчук, каб удакладніць парадак дня з Зяленскім і Офісам: выслухаць патрэбы АПУ і паказаць, над чым Рада будзе працаваць. Гэта неабходна, каб потым Зяленскі не наклаў вета на парламенцкія ініцыятывы.

Улада на дыстанцыйным кіраванні

І прэм’ер-міністр Шмыгаль, і спікер Стэфанчук, магчыма, упершыню ў сваёй працы адпушчаныя ў вольнае плаванне. Бо з-за дыпламатычнай і ваеннай працы ў прэзідэнта і яго ведамства не хапае сіл і часу, каб кантраляваць іншыя галіны ўлады.

У першыя дні вайны двойчы на дзень прэзідэнт праз спецслужбы праводзіў вялікія селектарныя нарады. У іх бралі ўдзел: галоўнакамандуючы Узброейнымі сіламі Украіны Валерый Залужны, старшыня ОПУ Ярмак, яго намеснікі Цімашэнка і Шурма, прэм'ер-міністр Шмыгаль, першы віцэ-прэм'ер Свірыдзенка, міністр абароны Рэзнікаў, міністр інфраструктуры Кубракоў, міністр развіцця Аляксей Чарнышоў, міністр лічбавага развіцця Міхаіл Фёдараў, міністр унутраных спраў Дзяніс Манастырскі, міністр замежных спраў Кулеба і сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў.

Большасць людзей падключалася да гэтых сустрэч з розных месцаў і гарадоў.

Па-першае, у першыя дні вайны з Кіева былі эвакуяваныя некаторыя міністры, намеснікі кіраўніка АПУ і іншыя высокапастаўленыя асобы.

Па-другое, як патлумачыў Данілаў, паводле пратаколаў бяспекі, падчас вайны ўсім кіраўнікам дзяржавы забаронена збірацца ў адным месцы. Калі вораг нанясе дакладны ўдар, краіна рызыкуе застацца без палітычнага кіраўніцтва.

Таму вайсковыя нарады Зяленскага — не ўсе афлайнавыя. А такіх, як кажуць на Банкавай, «сітуатывак» шмат — Зяленскі трымае руку на пульсе падзей на франтах.

«Ён кантактуе з Генштабам, з Залужным, з Рэзнікавым — гэта асобныя размовы і «сітуацыі». Але вайну нельга запланаваць — усё пры неабходнасці і ў рэжыме рэальнага часу», — сказаў адзін з суразмоўцаў «УП».

Пасля перамогі Украіны ў бітве за Кіеў членам урада і іншым кіраўнікам было загадана вярнуцца ў сталіцу.

Таму апошнія дні ў Кабінеце міністраў праводзілі пасяджэнні ў афлайнавым рэжыме.

«Шчыра кажучы, у першыя дні працы Кабміна быў хаос, міністры былі раскіданыя па краіне, і неяк не вельмі сістэмна гэта працавала. Але Шмыгаль сабраўся і навёў парадак, наладзіў працу — цяпер усё абсалютна нармальна працуе», — распавядае крыніца на Банкавай.

У Вярхоўнай радзе іншая праблема. Цяжка сабраць больш за 400 дэпутатаў у адным месцы падчас вайны. Асабліва ў Кіеве.

Кіраўніцтва Рады цяпер сканцэнтраванае як на міжнародных адносінах па парламенцкай лініі, так і на захаванні ўнутранага адзінства, каб мець магчымасць хутка прымаць законы.

Як даведалася «УП», перад пасяджэннямі Рады адбываецца падрыхтоўка па відэасувязі. Кожная фракцыя прадастаўляе на гэтыя сустрэчы свайго прадстаўніка, там адбываюцца кансультацыі, сваркі, ўзгадненні і іншая парламенцкая руціна. Усяго адно пасяджэнне рыхтуецца 15-20 гадзін па відэасувязі.

На разгляд Рады выносяцца законы, загадзя цалкам узгодненыя з усімі фракцыямі.

Сустрэчы, дарэчы, праходзяць таемна, без рэкламы. І пакуль дэпутаты не выйдуць з памяшкання Рады, іх просяць не гаварыць пра прынятыя законы і г.д. у інтэрнэце — каб у расіян не было спакусы біць ракетай у поўную дэпутатаў залу.

Па інфармацыі «УП», Рада ужо некалькі дзён абмяркоўвае магчымасць вяртання да больш звыклага працоўнага працэсу ў найбліжэйшыя тыдні. У прыватнасці, членам фракцыі «Слуга народа» 7 красавіка павінны паведаміць пра неабходнасць вярнуцца ў сталіцу.

«Прэзідэнт тут увесь час, вярнуўся амаль увесь Кабмін, таму трэба вярнуць дэпутатаў на пастаянную працу ў Кіеў. Рада вернецца да больш звыклай формы працы», — расказаў уплывовы член каманды прэзідэнта.

Каментары

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Усе навіны →
Усе навіны

У краме ў Гродне адкрылі скрынку з хурмой. А там — гекон2

БелТА замест «ізраільскі» пачала пісаць «сіянісцкі»11

Экс-кіраўніку Нагорнага Карабаха Баку выставіў 45 абвінавачванняў. Яму пагражае пажыццёвае1

15-гадовая вучаніца ўчыніла стральбу ў школе ў Амерыцы. Двое забітых і пяцёра параненых1

Старшыня суда Хойніцкага раёна папрасіўся ў адстаўку па ўласным жаданні1

Жыхарка Пінска прадала аўтамабіль 2018 года за 600 рублёў. Што пайшло не так?1

Скандал ва Украіне: вайсковец катаваў падначаленых і прыкрываўся сваімі сямейнымі сувязямі7

Тры сцэнары, па якіх «Белтэлекам» стане мабільным аператарам9

У Мінску заўважылі абрыкосы амаль па 100 рублёў за кілаграм

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Галоўнае
Усе навіны →