Эканоміка

«Калапс, мытня тоне ў колькасці працы». Як фуры з ЕС уязджаюць у Беларусь

Адказ Беларусі на пяты пакет санкцый ЕС прымусіў грузаперавозчыкаў перагледзець працэс сваёй працы. Цяпер фуры з еўрапейскімі нумарамі перасякаюць нашу мяжу для таго, каб у адведзеных месцах перачапіць паўпрычэп на беларускі цягач або зрабіць перагрузку. Сёння шосты дзень, як перавозчыкі працуюць па такой схеме. Zerkalo.io даведалася ў беларускіх лагістаў, як усё працуе, ці ёсць праблемы і як іх вырашаюць.

«Афармленне ідзе вельмі марудна, спачатку трэба выстаяць у чарзе»

Супрацоўніца фірмы-перавозчыка з Брэсцкай вобласці распавяла, што іх фуры аднымі з першых адправіліся ў транспартна-лагістычны цэнтр (ТЛЦ) у Казловічах на перачэпку грузу ад еўрапейскага перавозчыка. Яна адзначыла, што ад фірмаў з ЕС прыходзіць дастатковая колькасць запытаў на перачэпку. «Палякам трэба неяк даставіць хоць бы тыя грузы, якія ўжо ў працы, таму адпраўнікі, экспедытары тэлефануюць цяпер шмат», — кажа прадстаўніца фірмы-перавозчыка. Суразмоўніца сама займалася гэтай працэдурай, ездзіла кантраляваць працэс на месцы.

— Праца па перачэпцы выглядае так: паводле папярэдняй дамоўленасці, фура з ЕС і беларускі цягач заязджаюць на ТЛЦ, кіроўца з Беларусі падае заяву на перачэпку. Паўпрычэп ад замежнай фуры адлучаюць і далучаюць да беларускага цягача, які вязе яго да месца прызначэння. Тут жа груз праходзіць працэдуру мытнай ачысткі, выдаецца дэкларацыя.

Суразмоўніца выдання кажа, што схема працы па перавалцы грузаў у першыя дні контрсанкцый выклікае нямала пытанняў. Як яна сцвярджае, перад складам часовага захоўвання (СЧЗ) у Казловічах сабраліся чэргі з фур.

— Працэс ідзе вельмі марудна, бо спачатку трэба выстаяць у чарзе на СЧЗ, потым асобныя чэргі на падачу заявы, дакументаў, афармленне дазволу, выдачу рахунку за стаянку, ёсць нават чарга на выезд. У ТЛЦ тлумачаць: «Занадта шмат працы, чакайце».

«Поўны хаос, кожны супрацоўнік прымае рашэнні інтуітыўна»

Прадстаўнік фірмы-перавозчыка з Брэсцкай вобласці распавядае, што як мінімум адзін пункт мытнага афармлення ў ТЛЦ у Казловічах перавялі на кругласутачны рэжым працы, «але гэтага ўсё роўна не хапае», каб справіцца з наплывам грузавікоў. Калі ў першы дзень дзеяння контрсанкцый, калі паток фур быў адносна невялікі, на афармленне адной машыны патрабавалася менш за 24 гадзіны, то ў наступныя дні на гэта сыходзіла да сутак з паловай. Пры гэтым расцэнкі на паслугі СЧЗ падняліся з 16 красавіка: раней заезд на тэрыторыю каштаваў 50 рублёў, цяпер — крыху больш за 150, за кожны дзень прастою — такая ж сума.

— Цяпер у «Белмытсэрвісе» поўны хаос, інфармацыі ад урадавых арганізацый (чыноўнікаў) мала, кожны супрацоўнік і начальнік на сваім месцы прымае рашэнні больш інтуітыўна, бо сітуацыі ў многіх кіроўцаў розныя. Датэлефанавацца ў транспартна-лагістычныя цэнтры для атрымання інфармацыі немагчыма, — расказвае суразмоўца.

Яна кажа, што пры працы ў новых умовах ёсць шмат нюансаў і дробязяў, якія нідзе не абгавораныя ў новых пастановах, даводзіцца «прарывацца, як у цярністым лесе, дзейнічаць сваімі сіламі метадам проб і памылак». Паводле яе звестак, некаторыя моманты мяняюцца літаральна кожную гадзіну, напрыклад, спачатку беларускаму цягачу трэба было стаяць усю чаргу з машын на склад, а пазней абвясцілі, што яго будуць запускаць разам з фурай ЕС.

— Для беларускіх грузаперавозчыкаў усе гэтыя контрсанкцыі ў такім выглядзе, як іх абвясцілі, — поўны калапс. Калі нічога не зменяць, не дададуць і не выправяць, то мытня сама патоне ў колькасці працы.

Чым больш сутак ідзе афармленне — тым больш грошай трэба заплаціць

Беларус Даніла (імя змененае) працуе лагістам у беларускай фірме па перавозцы грузаў. У кампаніі ёсць аўто на беларускіх і польскіх нумарах, таму шукаць пасярэднікаў для перачэпкі ёй не трэба.

— 18 красавіка мы аформілі ў ТЛЦ «Бераставіца» адну перачэпку. Тады яшчэ не было вялікага наплыву машын і на ўсё хапіла сутак, — распавёў Даніла.

Учора яго кампанія афармляла яшчэ дзве перачэпкі на тым жа ТЛЦ, на гэта спатрэбілася ўжо больш за 24 гадзіны. Хлопец кажа, што раней у гэтым працэсе не было цяжкасцяў: афармлялася адна мытная дэкларацыя, у якую ўносіліся звесткі першага і другога перавозчыкаў, машына заязджала ў Беларусь і яны перачапляліся.

— Цяпер жа польскую машыну афармляюць да заезду на ТЛЦ — на яе асобная дэкларацыя — а на другую машыну, беларускую, афармляюць другую дэкларацыю, але ўжо проста на ТЛЦ, — растлумачыў лагіст.

За кожную машыну за суткі трэба заплаціць па 155 рублёў. Чым больш сутак ідзе афармленне, тым больш грошай трэба заплаціць. Па словах Данілы, у ТЛЦ «Бераставіца» з'явілася магчымасць зэканоміць: цяпер там можна рабіць перачэпку ў зоне чакання, без заезду на СЧЗ — гэта каштуе 100 рублёў у суткі за адно аўто.

— На польскі цягач і прычэп вешаюць навігацыйныя пломбы. Дзесяць дзён даюць на тое, каб польскі грузавік выехаў назад з Беларусі, — інфармуе Даніла.

Дзве машыны перавозчыка сёння раніцай перасеклі мяжу ў літоўскім пункце «Прывалка», а адтуль адправіліся на перачэпку ў ТЛЦ «Брузгі».

— З добрага ёсць адно: кіроўцы, якія ехалі з Еўропы, казалі, што чаргі на мяжы няма або яны невялікія, таму пераехаць на беларускі бок ім удалося даволі хутка.

«Белмытсэрвіс»: «Чаргу не адсочваем»

Для перагрузкі і перачэпкі тавараў з фур ЕС адвялі асобныя месцы. Паспрабавалі таксама даведацца, дзе чарга на працэдуру меншая, для гэтага звярнуліся ў кол-цэнтр «Белмытсэрвісу». Аднак у вайбер-чаце адказалі, што арганізацыя «чаргу не адсочвае».

Што тычыцца кошту знаходжання фур у зоне мытнага кантролю (сюды адносіцца і тэрыторыя склада часовага афармлення, і зона чакання), то нам паведамілі, што яна складае 99 рублёў.

— З сённяшняга дня цэны былі перагледжаныя — паведаміла спецыяліст, дадаўшы, што прайс-ліст на паслугі можна запытаць непасрэдна на ТЛЦ.

***

15 красавіка Беларусь увяла забарону на перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў Беларусь аўтамабіляў (і цягачоў), зарэгістраваных у Еўрапейскім Саюзе. Ён пачаў дзейнічаць 16 красавіка. Выключэнне зрабілі для машын, якія ўехалі ў Беларусь раней — яны павінны пакінуць нашу краіну да 23 красавіка.

Да гэтага, з 9 красавіка, ЕС забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у тым ліку транзітныя, для беларускіх і расійскіх кампаній. Абмежаванні былі прынятыя «ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да расійскай агрэсіі супраць Украіны». Выключэнне зрабілі для перавозкі пошты і грузаў для гуманітарных мэтаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Вайб-праграмаванне зменіць ролю распрацоўшчыка, RLVR і калі лопне бурбалка. Беларус-інжынер у галіне ШІ, які працуе ў ЗША, расказаў, што нас чакае ў 2026

Вайб-праграмаванне зменіць ролю распрацоўшчыка, RLVR і калі лопне бурбалка. Беларус-інжынер у галіне ШІ, які працуе ў ЗША, расказаў, што нас чакае ў 2026

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі ў навагоднім звароце: Мір у 2026‑м магчымы, але ёсць умовы

Вось чаму на звароце Ціханоўскай не было Бяляцкага і Ціханоўскага31

Трамп зарэпосціў артыкул «Пустаслоўе Пуціна пра «ўдар» па ім паказвае, што менавіта Расія стаіць на перашкодзе міру»11

Мінчукі выйшлі святкаваць Новы год у цэнтр горада ФОТЫ9

Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2026 год Годам беларускай жанчыны5

«Як там нашы праціўнікі, сапернікі і ворагі?» Перад навагоднім зваротам Лукашэнка дэманстратыўна пазваніў Хрэніну14

Ціханоўская павіншавала беларусаў разам з Калеснікавай, Севярынцам і Латушкам54

Ціханоўскі ў навагоднім звароце заклікаў да «фінляндызацыі», даравання тым, «каго папутаў бес», і павагі да Трампа32

«Пакуль Auchan адкрыты, скіньце грошай». Беларуска двойчы расчаравалася ў эмігрантах, якім дапамагала, але працягвае верыць людзям4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вайб-праграмаванне зменіць ролю распрацоўшчыка, RLVR і калі лопне бурбалка. Беларус-інжынер у галіне ШІ, які працуе ў ЗША, расказаў, што нас чакае ў 2026

Вайб-праграмаванне зменіць ролю распрацоўшчыка, RLVR і калі лопне бурбалка. Беларус-інжынер у галіне ШІ, які працуе ў ЗША, расказаў, што нас чакае ў 2026

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць