…У мінулым лісце я скардзіўся, што ў мяне непрацоўны настрой. Пасля гэтага, у пятніцу, я зрабіў ледзь не палову перакладу «Айбаліта», пазаймаўся англійскай мовай некалькі гадзін, перабраў часнок:) 

…Судовы тыдзень быў хіба самым цяжкім для нас, але паступова будзе ўсё больш і больш аддаляцца, заціраючыся новымі ўражаннямі. Напрыклад, спатканнем. Маю надзею, што і табе, і бацькам наша сустрэча надала сілаў і бадзёрасці. 

…Настрой у апошнія дні «чамаданны», з адценнем зацікаўлення. Пакуль няясна, дзе давядзецца быць бліжэйшы час. Але мы ж з табой абмяркоўвалі: калі і перавядуць кудысьці — нічога страшнага: ёсць тэлепатычная і іншыя віды сувязі. На пераезд гляджу як на працяг гэтага нашага падарожжа і як на яшчэ адну прыступку на лесвіцы, якая вядзе мяне да вас.

…Атрымаў гадзіннік — дзякуй, вельмі прыгожы. Гадоў дваццаць, як з’явіўся мабільнік, я гадзіннікам не карыстаўся. Круцілася ў галаве з паэмы Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады»: «Я пабачу часы перамог на тваім цыферблаце».

…Да мясцовых «навін даліны». З 1-га змянілася меню: сталі даваць гарохавы суп. Усе вельмі задаволеныя. Увогуле, канечне, я чакаю — не магу дачакацца, калі зноў буду гатаваць вам сняданкі, варыць супы і, канечне ж, пячы бліны. А пасля мы ўсе разам будзем гэта есці. Тым больш у нас цяпер ёсць такі заяц-памочнік.

…Нядаўна радыкальна пастрыгся і сваім выглядам многіх напалохаў тут. Такую прычоску проста зручней мець пры няпэўнасці сітуацыі з пераездамі і г.д. Успрымаю гэта без вялікай самарэфлексіі. Валасы адрастуць. Пабачыў, дарэчы, што сівізны ў мяне амаль няма. У гэты раз хадзіў у душ без шампуню і расчоскі (у мінулы раз узяў іх па інерцыі).

…Люблю, калі ты апісваеш, што вы ясцё і якія чаі ты п’еш. Я апошнім часам запарваю сабе адзін з тваіх зялёных чаёў, дадаю малака і сушаных яблыкаў, і стаўлю, каб нацягнула. Выходзіць вельмі цікавы смак.

…Пішу табе ўжо з Магілёва. Адлегласць, канечне, большая, але стратэгічна я бліжэйшы да дома і вас. Прайшло ўсяго чатыры дні ад майго пераезду, а ўжо здаецца, што той ранейшы і досыць доўгі побыт у Мінску быў даўно-даўно. Некалі і сённяшняе пройдзе — а мы застанёмся.

…Нягледзячы на холад, ужо здорава адчуваецца вясна: ціўкаюць птушкі дробныя (на Валадарцы былі вароны, чайкі і штосьці начное ўлетку). Скора палезе першая травічка, і падбел вызірне. Уяўляю, як малому будзе цікава!

Уяўляю, як мы такой парой будзем бяліць яблыні, рабіць іншыя вясновыя работы, а таксама не работы — паліць вогнішча, хадзіць гуляць у лес, глядзець, як цвіце ветраніца, і да вады — назіраць за прылётам птушак. (З тэрмасам і бутэрбродамі, канечне.) Я так рады, што вы ў мяне ёсць! І можна такое ўсё планаваць.

…Калі я яшчэ ў школе вучыўся, тата мне раіў весці «дзённік чытача» — выпісваць цікавае з прачытаных кніг. Не прайшло і 30-ці год, як кажуць.

З Мінску я выехаў якраз тады, калі ўдалося здабыць другую палову «Вайны і міру». Дык вось. Яна знайшлася і тут! Напэўна, няма лепшага месца і сітуацыі для чытання гэтай кнігі.

Калегі наракаюць, што белетрыстычныя, сюжэтныя часткі рамана перарываюцца тэарэтызаваннем Талстога пра гісторыю. Мне гэта наадварот падабаецца.

Бітву, піша Талстой, выйграе той, хто цвёрда вырашыў яе выйграць. І поспех залежыць не ад пазіцыі, загадаў камандавання, колькасці гармат, а толькі ад няўлоўнай сілы, якая называецца духам войска. Сама разумееш, гэтыя разважанні падмацоўваюць аптымізм.

Добра паказана, як перад абліччам вялікай бяды яднаецца і ўзвышаецца сам над сабою народ (як Растовы выкідаюць свае рэчы з падвод, каб вывезці параненых)…

…Дачытаў Талстога. Увогуле, варта было сюды трапіць, каб прачытаць «Вайну і мір». Так многа ўсяго, такое багацце і разнастайнасць і вобразаў, і думак, і ідэй!.. Харошы таксама выраз «Час терпеть — а век жить», які варта памятаць у нашай сітуацыі.

Ёсць у нас тут яшчэ «Рабінзон Круза» Дэфо (з цікавага:)) Можа, паспрабую яго глянуць дарослымі вачыма — з пункту гледжання тэорыі каланіялізму і звяртаючы ўвагу на знакі эпохі зараджэння буржуазіі:)

…Як надвор’е? (Цяпер ёсць сэнс глядзець прагноз, каб даведацца, якое ў каго надвор’е, праўда?) У нас трэці дзень «періщить сірий дощ, по бруківці стіка…» І далей амаль усё па тэксце гэтай песні гурта «Мандри». Памятаеш, ёсць два варыянты гэтай песні: вальсавая, павольна-«французская» і дынамічная. Мне другая заўжды падабалася больш. 

…«Айбаліт» патроху ідзе. Хоць і не так хутка, як хацелася б. Падумаў, што гэты тэрмін дадзены мне, каб скласці ў галаве яшчэ пару патрэбных кніг. 

…Каб скончыць (калі ўдасца) літаратурна-кніжную тэму: пасля «Дагістарычнай сям’і ўзяўся чытаць «дзве гісторыі Русі» Лур’е. Праз яе, канечне, складаней прадзерціся. Там кожная падзея інтэрпрэтуецца і асвятляецца з розных бакоў, супастаўляюцца версіі розных летапісаў. Але калі прадзярэшся, разумееш, што гэта дэтэктыў!..

Цікава: аказваецца, калі Свідрыгайла перайшоў у Маскоўскае княства, Васіль даў яму горад Уладзімір з воласцю (знакавае месца). Але Свідрыгайла слаба сябе там праявіў — не даў рады татарам, а пасля ўвогуле сышоў адтуль.

Цікава таксама, што многія кананічныя, здавалася б, дэталі Кулікоўскай бітвы, кшталту бойкі Перасвета з Чалубеем; таго, што Перасвет быў манахам; абмену адзежай паміж Дзмітрыем Данскім і баярынам; наяўнасці засаднага палка; таго, што князя Дзмітрыя параненага знайшлі пасля воддаль месца бітвы пад дрэвам — нічога гэтага не знаходзіць дакументальнага пацверджання. І абумоўленае з’яўленне гэтых «дэталяў» часта такімі прычынамі, што і не здагадаешся. Напрыклад, хацелі князі серпухаўскія ўзняць свой прэстыж і ўносілася ў летапіс, што іх продак князя Дзмітрыя пасля бітвы адшукаў. Пасля і князёў тых не стала, і памяці пра іх не засталося, а тая дэталь у хроніках захавалася.

…Займаюся трохі англійскай мовай. Удалося тут здабыць «Спокен інгліш» з хадавымі (на 1991 год:) фразамі і тэкстамі. Стараюся, каб цэлы дзень быў заняты — так прасцей пазбегнуць, як пісаў Франкл, «празябання».

…Класна, што нашы з Аляксеем коміксы прыдаюцца. Цікава заўжды, як нейкія сюжэты ці ідэі «ідуць у людзі» і пачынаюць жыць сваім жыццём, натхняюць кагосьці на штосьці зусім новае і нечаканае.

…Дзякуй, што прыслала гэты класны верш Кіплінга (і Стуса) — «Синові». Кіплінг і Стус, нягледзячы на ўсю рознасць (прадстаўнік народа-каланізатара і народа каланізаванага) падобныя супольным пачуццём годнасці, цвёрдасці перад нягодамі, нядробязнасці. Хоць «Цяжар белага чалавека» Стус наўрад ці перакладаў.

Дзякуй таксама, што прыслала мне артыкул пра Змеевы валы! Мы, напэўна, адны такія, што абмяркоўваем такія тэмы на спатканні.

…Вялізнае прывітанне ўсім нашым сябрам, асабліва тым, хто ў войску. Хай Бог іх беражэ. І дзякуй ім неймаверны за тое, што яны робяць. Прыкра, што няма як ім дапамагчы. Вельмі хочацца спадзявацца, што скора ўсё скончыцца — і скончыцца добра.

…Апошні час яскрава паказаў, навошта і як важна вывучаць гісторыю. І да якіх катастроф можа прыводзіць няправільная інтэрпрэтацыя і маніпуляванне. Падаецца, справа тут не толькі ў цынізме крайняй ступені, але яшчэ і ў банальнай недавучанасці. Што паробіш: нават у супольнасцях шымпанзэ тэхнічныя новаўвядзенні апошнім засвойвае альфа-самец (а першымі — маладыя малпачкі). Пра гэта казалі па тэлевізары.

…Малы вялікі маладзец: і штонікі сам нацягвае, і суп лыжачкай есць — хвалі яго, калі ласка, і ад майго імя. А за тое, што на дарогу выбягаў, я, канечне, на яго сваруся (як ён і прасіў).

…Сёння, я палічыў, у мяне 400 адбытых дзён тэрміну (дзень за паўтара). «Залікоўка працуе на нас», як казалі ва ўніверсітэце.

…Мы ўсё гэта перажывём — і будзем пасля такія задаволеныя, такія шчаслівыя! Мяне грэе гэта думка ўвесь час.

…У апошнія дні, як я быў у Мінску, глядзеў па тэлевізары новы расійскі серыял «Уласік. Цень Сталіна» пра шматгадовага сталінскага ахоўніка, Уласіка (родам ён быў, здаецца, са Слоніма. Але ў фільме гэта ніяк не праяўляецца, Уласік той бярэцца зніадкуль, з нетраў «органаў». Дый персона, характар яго паказаныя прымітыўна, малацікава). Цэнтральны персанаж — Сталін пачатку 1930-х, «эфектыўны крызісны менеджар», сямейныя праблемы якога былі абумоўленыя не паранояй, а недасканаласцю жонкі… Нават радуе, што гэтыя гістарычныя іх серыялы дзіка прымітыўныя, хадульныя, неталенавітыя. Напрыклад, паказваецца паездка ўрадавай дэлегацыі ў Растоў. Прысутнасць Сталіна на пероне выклікае стыхійны мітынг — народ кідаецца з кірмашу на вакзал. Прычым гэтыя статысты ва ўмоўнай адзежы 30-х гадоў маюць такія сытыя морды — яўна пад Растовам у той перыяд народ быў худзейшы. Успамінаецца, як бабушка Вера казала, што ў часы яе дзяцінства ў вёсцы «тоўстых неяк не было».

…З гэтай партыяй бібліятэчных кніг нам зайшлі Чэхаў і Шэкспір — аўтары, якіх я мала цаніў у школе. Цяпер у Чэхава цікава было чытаць пра спецыфіку памешчыцкага жыцця. А Шэкспір такі складаны, такія там глыбокія, шматслойныя эмоцыі і праблемы! Цікава прымяраць думкі і праблемы, якія яго займалі, на нашых суайчыннікаў часоў Баторыя і Жыгімонта ІІІ. Хто там быў сучаснік? Еўлашоўскі? Будны? Хоць у нас тэатральная культура знаходзілася на значна прымітыўнейшым узроўні. Зрэшты, чаго дзівіцца: Лондан у пачатку нашай эры пры некаторых імператарах быў фактычна сталіцай Рымскай імперыі. Дый парламент з’явіўся ў 1248-м (а не ў 1990-м), а сяляне масава выступілі ў абарону сваіх правоў у 1381-м (у нас тады задушылі Кейстута, а сяляне, відаць, масава дыстанцыянаваліся ад усяго гэтага ў лясах і балотах).

…Разгляд нашай апеляцыйнай скаргі прызначаны на 20 мая. Перспектывы гэтага новага «разгляду» мы, відаць, усе ацэньваем аднолькава. Засяродзімся на галоўным: нашым жыцці і нашым каханні, і любові да свету і жыцця.

…У лісце ты так добра сфармулявала нашы разрозненыя думкі пра выбар. Сапраўды, мы маем свабоду, маем раскошу трымацца прынцыпаў, хоць і адчуваем пэўныя нязручнасці ад гэтага. Але што зробіш — такая цана ў наш час і ў гэтым месцы. Раней цана была вышэйшая, а прыйдзе час — калі гэта ўвогуле будзе задарма. І, сапраўды, нашы час і месца не найгоршыя. (Хоць некаторыя думаюць іначай:).

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
0