Эканоміка

«З краіны з’язджаюць тысячы людзей з зарплатай 2500—3000 даляраў». Як адток айцішнікаў паўплывае на эканоміку

На ўчорашняй нарадзе Лукашэнка паабяцаў не закрываць ПВТ. Але наўрад ці гэта спыніць адток у ІТ. Калі сітуацыя не зменіцца, праз год лічба айцішнікаў у Беларусі можа скараціцца прыблізна на 30 адсоткаў, лічыць СЕО адной з буйных кампаній. «Наша Ніва» разбіралася, як рэлакейт IТ-спецыялістаў адаб'ецца на эканоміцы Беларусі.

Па выніках 2021 года ІТ-сектар паказаў прырост

У сакавіку чысты адток спецыялістаў ІТ — больш за 1000 чалавек. Такія звесткі публікуе Белстат. Упершыню з пачатку 2021 года колькасць звольненых са сферы перавысіла колькасць прынятых на працу.

Згодна з красавіцкімі вынікамі апытання BICC, у 43% беларускіх ІТ-кампаній паменшала колькасць супрацоўнікаў, у 42% — засталася нязменнай і толькі ў 15% кампаній штат павялічыўся. СЕО буйной сервіснай кампаніі ў каментарыі dev.by прагназуе, што калі сітуацыя не зменіцца, то праз год лічба айцішнікаў у Беларусі скароціцца прыблізна на 30 адсоткаў.

Эксперт BEROC Кацярына Барнукова адзначае, што рэальныя лічбы заўжды меншыя за тыя, што публікуюцца па выніках апытанняў, але гэта не значыць, што нам няма пра што хвалявацца.

«Першая хваля міграцыі пачалася яшчэ ў канцы 2020 года, калі айцішнікі сталі даволі масава пакідаць Беларусь праз паслявыбарчыя падзеі. Яшчэ тады меркавалася, што агульная колькасць спецыялістаў у краіне паменшае, але па выніках 2021 года гэты сектар усё адно паказаў прырост. 

Аднак тут трэба разумець, што агульны прырост айцішнікаў яшчэ не кажа пра тое, што ніхто не з’язджаў. Проста ў прафесію прыходзіла шмат новых людзей, у першую чаргу з ліку выпускнікоў ВНУ. Кожны год у ІТ прыходзіла каля дзесяці тысяч чалавек, і гэтыя лічбы раслі з года ў год. Аднак гэта не адмяняе таго, што недзе 5—10 тысяч спецыялістаў з ІТ-сферы з’ехалі з Беларусі праз палітычную сітуацыю ў краіне», — кажа Кацярына Барнукова. 

Рэлакейт або звальненне

Пры гэтым эканамістка звяртае ўвагу на тое, што сітуацыя да пачатку вайны і пасля істотна адрозніваецца. Калі раней рашэнне аб пераездзе прымалі самі супрацоўнікі, то цяпер да гэтага іх усё часцей схіляюць працадаўцы.

Фота: Інстаграм Epam

«Цяпер людзі часта апынаюцца ў сітуацыі, калі трэба абіраць: пагадзіцца на рэлакацыю або застацца без працы. Да гэтага дадаюцца асцярогі непасрэдна звязаныя з вайной, таму бягучая сітуацыя моцна розніцца ад той, якую мы назіралі да 24 лютага».

Самі ІТ-кампаніі часам вымушана ідуць на рэлакейт, бо гэтага вымагаюць заказчыкі. 

Згодна з вынікамі апытання, 22% рэспандэнтаў адзначаюць, што кліенты адмаўляюцца працаваць з беларускімі юрыдычнымі асобамі. 21% заявілі, што замежныя кліенты патрабуюць рэлакаваць распрацоўшчыкаў з Беларусі. Менш за траціну адзначылі, што замежныя кліенты працуюць з імі ў ранейшым рэжыме і толькі 22% кампаній не плануюць нават частковай рэлакацыі з Беларусі. 

Тым не менш, агучаныя лічбы скарачэння на 30% цягам года, Кацярына Барнукова называе малаімавернымі.

«Мяркую, што калі сітуацыя не зменіцца, то мы зможам казаць пра скарачэнне ІТ-сектара на 10—20 працэнтаў. Аднак нават такія лічбы з’яўляюцца вельмі істотнымі і адчувальнымі для эканомікі. Бо калі раней ІТ-сектар штогод паказваў прырост на 7—10 %, то за бягучы год ён дакладна не вырасце, і цалкам верагодна, што пакажа падзенне».

ІТ быў драйверам росту эканомікі

Доля ІТ-сектара ў Беларусі складае каля 5% ад ВУП, якія вырабляюцца сіламі каля ста тысяч чалавек, то-бок гэтая галіна мае выбітны ККД. Каб лепей разумець: 5% ад ВУП — гэта прыкладна тое, што мы маем ад сельскай гаспадаркі, і нават больш, чым нам дае нафтаперапрацоўка.

«Экспартная выручка ІТ супастаўная з экспартнай выручкай таго ж «Беларуськалія». Апроч гэтага, варта адзначыць, што за апошнія дзесяць гадоў каля паловы росту эканомікі Беларусі забяспечвалася менавіта дзякуючы развіццю IT-галіны. ІТ застаецца адным з нямногіх драйвераў беларускай эканомікі», — адзначае эканамістка. 

У выніку масавай рэлакацыі айцішнікаў і ІТ-кампаній з Беларусі свае грошы недаатрымае не толькі беларускі бюджэт, але і бізнэс.

 «Сярэдні заробак беларускіх айцішнікаў мае сярэднееўрапейскія паказчыкі і вагаецца ў межах 2500—3000 даляраў. Вынікае, што краіна губляе тысячы людзей, чый заробак у 5-6 разоў вышэйшы за сярэдні па краіне. Праз гэта пацерпіць не толькі бюджет, які недаатрымае грошы ў выглядзе падаткаў і адлічэнняў у ФСАН, але, напрыклад, і сфера паслуг, якая моцна развілася за апошнія пяць гадоў, у тым ліку дзякуючы таму, што ў краіне з’яўлялася ўсё больш плацежаздольных людзей.

Таму ад гэтага ў пэўнай меры пацерпяць усе, пачынаючы ад клінінгавых кампаній, прыватных дзіцячых садкоў і школ, да кавярняў і таксі. Бо гэтыя тысячы людзей з добрымі заробкамі, будуць траціць свае грошы ўжо не ў Беларусі, а за яе межамі», — адзначае эканамістка. 

Офісныя будынкі ўжо пустуюць

Нават з улікам таго, што вайна ва Украіне і выкліканы ёй рэлакейт айцішнікаў пачаліся толькі два з паловай месяцы таму, у Беларусі ўжо з’явіліся сферы, на якія гэтая з’ява паспела аказаць негатыўны ўплыў.

«Працэс рэлакацыі пачаўся яшчэ два гады таму, а цяпер ён толькі паскорыўся. Цэлыя офісныя будынкі, пабудаваныя пад ІТ, пустуюць. Але пакуль далёка не ўсе кампаніі цалкам рэлакаваліся, таму працэсс апусцення будзе расцягнуты ў часе», — адзначаюць на рынку нерухомасці.

Мяркуецца, што больш дакладна ацаніць маштабы можна будзе бліжэй да канца лета. 

На жылой нерухомасці гэты працэс пакуль асабліва не адбіўся.

«Кватэры на продаж яны яшчэ масава не выстаўляюць, а забудоўшчыкі не расказваюць, наколькі яны цяпер запатрабаваныя ці не запатрабаваныя айцішнікамі.

Адзінае, што можна адзначыць — гэта зніжэнне цэн на аб’екты, якія будуюцца ў раёнах, што традыцыйна карысталіся попытам у айцішнікаў. Прынамсі, па гэтым можна меркаваць, што попыт на жыллё сярод плацежаздольнага насельніцтва сур'ёзна прасеў», — кажа адзін са спецыялістаў рынку нерухомасці. 

Чытайце таксама:

«Ён працуе і будзе працаваць». Лукашэнка паабяцаў не закрываць ПВТ

«Катастрофа». Эксперты пра скарачэнне насельніцтва Беларусі на 154 тысячы за два гады: «Гэта далёка не поўныя лічбы»

Каментары

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскага «забойцу Вікіпедыі» забілі самога. А Вікіпедыя жыве5

«Рэпутацыйная шкода велізарная». Ад цыбульнага плантатара Ёрга Дорнау дыстанцыруецца нават «Альтэрнатыва для Германіі»5

Казачны парк або турыстычная вёска. Куды паехаць на выхадныя гэтай восенню?2

Як бюджэтна адпачыць на востраве вечнай вясны ў Атлантычным акіяне? Беларусы падзяліліся досведам4

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне61

«Пратэст завадчан у 2024». Найлепшыя твіты тыдня3

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу4

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →