Візы даюць нават судзімым

Я вырашыў з'ехаць у лютым 2021 года. Знайсці працу ў Англіі аказалася няцяжка — дастаткова было забіць у пошукавік некалькі фраз і звярнуцца ў агенцтва. Я трапіў у арганізацыю з бясплатнымі вакансіямі і афармленнем дакументаў, за мной — толькі аплата візы і дарогі. У лютым варыянты былі на чэрвень і ліпень, і ўсё, што прапаноўвалі, звязана з сельскай гаспадаркай. Напрыклад, пасадка і збор ягад, гародніны і садавіны, апрацоўка грыбоў (туды бяруць толькі жанчын), мантаж цяпліц і іншага абсталявання.

Афармленне дакументаў і атрыманне візы заняло каля трох з паловай месяцаў, і ў сярэдзіне траўня я атрымаў дазвол на ўезд у Вялікабрытанію тэрмінам на паўгода. Не атрымаць візу трэба пастарацца: у пасольстве не глядзяць ні на веданне мовы, ні на мінулы жыццёвы вопыт. Ужо па прыездзе ў краіну я пазнаёміўся з чалавекам, якому далі дакументы, нягледзячы на нядаўна пагашаную судзімасць. Гэта тлумачыцца тым, што ў Англіі дзікі дэфіцыт работнікаў у сельскай гаспадарцы: мясцовыя не гатовыя працаваць у складаных умовах за мінімалку, таму дзяржава імкнецца перакрываць гэты дэфіцыт грамадзянамі трэціх краін. А тыя едуць ахвотна, таму што не змогуць атрымліваць у сябе 8,91 фунта за гадзіну (мінімальная аплата працы ў Вялікабрытаніі ў 2021 годзе), што ў пераводзе 11,5 даляра, або каля 30 беларускіх рублёў.

Так выглядае жыллё для сезонных работнікаў у Англіі

Так выглядае жыллё для сезонных работнікаў у Англіі

Перад выездам менеджар параіла ўзяць з сабой цёплую вопратку, пару дажджавікоў, двухтыднёвы запас ежы і грошай, а яшчэ посуд і пасцельную бялізну з падушкай, таму што ў доміку на колах, дзе нам трэба было жыць, нічога гэтага не будзе. Але цягнуць талеркі, патэльні і рондалі было зусім не абавязкова: мінулыя жыхары пакінулі ўсё гэта дабро нам. Увогуле, на ўсе зборы, аплату візы і дарогі туды-назад у мяне сышло каля 1200 даляраў.

Ферма Dearnsdale Fruit разбітая на дзве часткі: першая, з цэнтральным офісам, знаходзілася ля гарадка Стафард паміж Бірмінгемам і Манчэстарам, другая, каранцінная, для новапрыбыўшых — у 15 кіламетрах ад яе, у глыбокай глушы. Умовы для жыцця такія: пасярод поля, практычна ўшчыльную да цяпліц, стаяць некалькі дзясяткаў дамоў на колах — іх яшчэ называлі караванамі. Кожны караван — гэта каля 60 квадратных метраў плошчы, на якіх размяшчаюцца тры спальні, гасцёўня, камора, душ і туалет. Гарачая вада была прыкладна ў палове хатак. Астатнія, у тым ліку мы, хадзілі мыцца ў агульную душавую прыкладна ў 250 метрах ад дома. Яшчэ адзін непрыемны момант — адсутнасць ацяплення. А ў Англіі нават летам халодныя ночы (тэмпература часта апускаецца ніжэй 8 градусаў цяпла), сценкі ж хатак усяго сантыметр таўшчынёй. Карыстацца газавым камінам у гасцёўні забаранялі, каб не парушаць правілы пажарнай бяспекі. З часам мы вырашылі гэтую праблему абагравальнікамі, якія можна купіць за 10-20 фунтаў у любой краме ў горадзе. Трапіць у горад можна толькі раз на тыдзень у свой законны выхадны на бясплатным аўтобусе ад фермы. Кіраўніцтва папярэдзіла: калі паспрабуеш выехаць пасля працы на таксі або грамадскім транспартам і будзеш заўважаны, цябе тут жа звольняць. Гэта засцярога з-за каранавіруса.

Забаў на ферме таксама не было, як і Wi-Fi. Таму мы куплялі мясцовыя сімкі (20 фунтаў за 40 ГБ інтэрнэту) і пасля працы альбо глядзелі фільмы, чыталі ці гулялі ў гульні на тэлефоне, альбо хадзілі ў госці да хлопцаў з іншых караванаў. Але гэта праблема канкрэтна маёй фермы: у іншых месцах, я даведаўся ўжо потым, ёсць трэнажорныя залы, тэнісныя і більярдныя сталы або ровары для паездак па наваколлі.

Але больш за ўсё здзівіў не побыт, а самі цяпліцы — велізарныя канструкцыі шырынёй 20—25 метраў з дванаццаццю радамі клубніц. Яны расцягнутыя на паўкіламетра. На адным полі стаяла да 25 такіх цяпліц. Паліў і апрацоўка — усё аўтаматызаванае. Ягады ў такіх умовах растуць да канца кастрычніка.

Норма збору — 30 кілаграмаў клубніц за гадзіну

Наш каранцінны гарадок быў разлічаны на 200 чалавек. Адсоткаў 60 з іх, па маіх адчуваннях, прыехалі з Румыніі, Балгарыі і Сербіі. Крыху менш было ўкраінцаў і малдаван. Усе астатнія — гэта выхадцы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Казахстана і Прыднястроўя. За тыя месяцы, якія я правёў на ферме, нейкіх адкрытых канфліктаў не было. Але мы адчувалі сябе даволі некамфортна з-за таго, што ўсе кіруючыя пасады займалі румыны. Гэтыя хлопцы стараліся дапамагаць сваім: менш кантралявалі якасць збору і часцяком адпраўлялі іх на больш ураджайныя палі.

Кіраўнічая вертыкаль выбудаваная наступным чынам: ёсць уладальнік фермы, які зрэдку прыязджае на палі і кантралюе працэсы. У яго некалькі намеснікаў. Адзін адказвае за эфектыўнасць і якасць збору ягад, другі — за план збору ўраджаю на кожным канкрэтным полі і працу сканераў і супервайзераў. Яшчэ адзін знаходзіцца ў пакавальным цэху, дзе фасуецца гатовы прадукт. На прыступку ніжэй знаходзяцца сканеры, якія скануюць і правяраюць кожную сабраную скрыню, і супервайзеры, якія назіраюць за тым, каб зборшчык не прапускаў ягады на стойках і збіраў мінімальную норму на 8,91 фунта за гадзіну. Апошнія ў гэтым ланцужку — самі зборшчыкі.

Мы пачалі працу 20 чэрвеня, як раз у самым пачатку гарачага сезону збору ягад. Пасля трох простых і аплатных дзён навучання пачаліся жорсткія працоўныя будні. Працоўны дзень выглядаў так: пад'ём у 4:00-4:20. У 4:50 агульны збор на лятучку ў полі. На пачатку шостай гадзіны супервайзеры размяркоўваюць зборшчыкаў па шэрагах і даюць каманду на старт. Працаваць трэба хутка і не адставаць ад астатніх, інакш супервайзер некалькі разоў папярэдзіць, а потым і зусім спыніць твой працоўны час і адправіць у караван. Але такое бывае, калі ты не збіраеш норму. Яна змянялася ў залежнасці ад поля і ўраджайнасці і складала ад 10 да 30 кілаграмаў ягад за гадзіну. Заканчэнне работы — каля 19:00. За тыдзень збору ў высокі сезон у мяне набягала да 65 працоўных гадзін

На працягу дня ёсць два неаплатныя перапынкі па паўгадзіны. Калі працуеш больш за 12 гадзін, сканер можа абвясціць экстраперакур на 15 хвілін. Хадзіць у туалет і піць ваду падчас працы можна, але потым табе прыйдзецца наганяць астатніх хлопцаў. А вось браць у цяпліцу тэлефоны, навушнікі, упрыгожванні забаронена, таму што ўсё гэта можа патрапіць у скрыню з ягадамі, а потым на прылавак у краму.

Можна заплюшчыць вочы на ўсе праблемы, калі бачыш лічбу ў разліковым лістку

Сама па сабе праца простая: ты збіраеш ягаду, якая расце на ўзроўні 150—160 сантыметраў, і паступова запаўняеш скрыні. Калі ўсе шэсць скрынь сабраныя, нясеш іх у трэйлер, дзе сканер выбарачна правярае некалькі з іх. Калі ўсё добра, ён скануе іх і ўносіць у спецыяльную сістэму для аплаты. Калі ў скрынях аказваюцца гнілыя, зялёныя клубніцы ці лісце, табе могуць скрыню не залічыць. Усё ўскладняюць дадатковыя ўмовы: бывала, мы траплялі на рады, на якіх падоўгу не выдалялася лішняя лістота. Мала таго што даводзіцца выбіраць ягады ў зарасніках, дык яшчэ пры гэтым збіраеш на сябе кучу павуціння і не паспяваеш адбівацца ад мошак. Да сярэдзіны жніўня з'явілася яшчэ адна непрыемнасць: на працягу дня занадта вялікая розніца тэмператур. Першыя тры гадзіны працуеш у цёплай восеньскай куртцы, а пасля абеду хочацца зняць нават майку.

Але з усім гэтым можна мірыцца, калі ў канцы тыдня атрымліваеш разліковы ліст і бачыш суму, якая прыходзіць табе на карту. Я быў зборшчыкам сярэдняга ўзроўню, ніколі не перавыконваў норму, але нават з такімі ўводнымі выходзіла да 530 фунтаў (каля 680 даляраў) за тыдзень. З іх чыстымі, пасля выплат на падаткі і жыллё, я атрымліваў каля 430 фунтаў. Тыя, хто перавыконваў норму, атрымлівалі чыстымі да 600 фунтаў (780 даляраў). Ад гэтай сумы трэба адняць яшчэ 30 фунтаў (каля 40 даляраў) на харчаванне. Пры гэтым я ні ў чым сабе не адмаўляў: купляў на тыдзень ялавічны стэйк, морапрадукты, салодкае і алкаголь. Мае калегі выхітраліся закупляцца і на 15 фунтаў.

Якасць жыцця работніка напрамую залежыць ад паспяховасці канкрэтнага сезона. Калі здараецца неўрадлівы месяц, фермер імкнецца зрэзаць свае выдаткі, у тым ліку і на выплаты заробкаў. Так было і ў мяне: у канцы жніўня кіраўніцтва часам выстаўляла на неўраджайным полі вялікія нормы збору. Усё, што ты недапрацаваў, бяруць з працоўных гадзін. Таму на пачатку верасня я напісаў заяву на звальненне і вярнуўся ў Беларусь. За тыя два з паловай месяцы, што прабыў у Англіі, змог зарабіць каля 4 тысяч даляраў чыстымі. Мае суседзі-беларусы, якія засталіся на ферме, з'ехалі месяцы праз паўтара пасля мяне. Нягледзячы на тое, што да заканчэння кантрактаў заставаўся яшчэ месяц, іх звольнілі. Сказалі, што з-за каранавіруса і нізкага ўраджаю больш не маюць патрэбы ў іх паслугах.

Але гэта прыклад не самай удалай працы ў Туманным Альбіёне. Мае сябры, якія з'ехалі ў іншыя куткі Англіі, апынуліся ў лепшых умовах: яны адпрацавалі кантракты да канца, спрацаваліся з уладальнікамі ферм і атрымалі запрашэнні на наступны сезон. Каб не патрапіць у такую сітуацыю, у якой апынуўся я, абавязкова вывучайце водгукі пра фермы ў інтэрнэце і шукайце ў Беларусі людзей, якія там пабывалі. І яшчэ адна парада: адпраўляйцеся на заробкі са сваімі сябрамі і знаёмымі. Так значна лягчэй адаптавацца да новай рэальнасці і перажываць стрэсы.

Па тэме

Беларусаў чакаюць на заробках не толькі ў Англіі. У інтэрнэце можна знайсці масу варыянтаў у Польшчы, Літве і Чэхіі. У асноўным там шукаюць работнікаў на склады і будоўлі. Да прыкладу, камплектоўшчыку на складзе прадуктаў у Каўнасе прапануюць да паўтары тысячы еўра ў месяц. Ёсць і больш арыгінальныя вакансіі. Напрыклад, праз замежныя агенцтва можна ўладкавацца на вытворчасць вядомых дражэ M&M’s ў Галандыі з заробкам у 2,5 тысячы еўра. Або ў Славакію — на завод, дзе робяць аўтамабільныя шыны. У большасці выпадкаў ад саіскальнікаў не патрабуюць ні адукацыі, ні якіх-небудзь спецыяльных навыкаў.

Клас
36
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
6
Абуральна
4