Меркаванні

Паўліна Скурко: Мы як сям’я і як народ павінны ператварыць гэтыя пакуты ў нешта вельмі каштоўнае, інакш нельга

Паўліна Скурко, жонка рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, распавяла ў Facebook пра спатканне з мужам у Магілёве. Прыводзім гэты пост.

Напярэдадні сустрэчы мне тэлефанаваў былы Андрэеў сукамернік. Сярод іншага, ён расказаў, што Андрэй у цудоўнай фізічнай форме (вязні адціскаюцца ад нараў, падымаюць торбы з цяжкімі рэчамі як гантэлі…) «Можа, хоць трохі пакажаш мне кубікі на жываце?» — прашу Андрэя ў трубку пасля вітання. «Тут няма ўмоў», — смяемся. Паказаў мне замест кубікаў пінгвіна на майцы. Гэту майку я дала яму пераадзець пасля вобшуку, калі яго забіралі з дому 11 месяцаў таму. Насіць яе засталося апошнія дні — у калоніі ўсякія пінгвіны, любыя малюнкі, як і колеры, апрача чорнага, забароненыя.

Раней мне гэта здавалася трагедыяй — тое, што праз адзенне адмыслова нібы сціраюць індывідуальнасць. Цяпер гэта здаецца дробяззю. Андрэева асоба, такая моцная, глыбокая, што чорная майка хіба яе падкрэсліць.

Я ж перад Андрэем у меру сіл пакруцілася ў сукенцы, набытай спецыяльна для спаткання. Спадзяюся, праз двайное шкло і краты ён хоць нешта разгледзеў:)

Вось і гэты этап мы прайшлі, — кажа Андрэй пра апеляцыю.

Пра вынік нават не пытае. Адзінае, што яго цікавіла — ці ўключылі ў тэрмін першыя 10 сутак на Акрэсціна (калі нашаніўцаў затрымалі нібыта па іншай справе, а праз 10 дзён не выпускаючы «перазатрымалі» па іншай). Не, кажу, усе скаргі адхілілі. Ну і… — махае рукой.

Дзялюся ўражаннямі ад суда — нібы пабывала на карціне Босха. «Добра, што ў нас ёсць наш малы громаадводзік», кажа Андрэй.

Я многа расказвала пра планы і мары нашага «малога громаадводзіка» на татава вяртанне: пакатацца разам на трактары (мотаблоку) — «без праблем», кажа Андрэй; парамантаваць старую дзедаву машыну, паглядзець, што знаходзіцца пад крышкай капота; купіць машынку для марожанага і рабіць у ёй ягаднае марожанае; глядзець разам мульцікі і каб Тамаш паказваў тату свае любімыя; разам ездзіць на вадасховішча (дзе Тамаш будзе асцерагаць тату, што не можна лавіць лебедзяў, бо яны могуць ушчыкнуць).

Абмяркоўвалі дзелавое: праўкі ў пераклад «Айбаліта», які Андрэй зрабіў у магілёўскай турме — «Добры доктар Будзьздароў».

Абмяркоўвалі літаратурныя планы (іх некалькі).

Андрэй таксама задумаў музычны праект — перастварыць шэраг ірландскіх балад па-беларуску (першую баладу «The Green Fields of France» ён пераклаў у лютым, у прадчуванні вайны). 

Я была вельмі рада задуме: значыць у яго ўнутры зноў пачала гучаць музыка. Я ніколі за гэтыя месяцы не пыталася, але думаю, яму вельмі няпроста: дома ён бярэ гітару ў рукі штовечар (а часам баян).

Абгаворвалі з ім нядаўна прачытанае і пачарпнутыя адтуль думкі (такія вячэрне-кухонныя размовы; Андрэй найбольш расказваў цікавосткі з нядаўна выдадзенай кніжкі Кшыштафа Пяткевіча «Вялікае Княства Літоўскае пад уладай Аляксандра Ягелончыка»).

Я расказвала міжнародныя навіны, Андрэй каротка ківаў. У нейкі момант запытаў, ці праўда, што польскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Украіны. Не, адкуль такая інфа? Былі такія чуткі. Відаць, з «Советской Белоруссіі», гэта адзіная газета, якая даходзіць у камеру.

Андрэй перадаваў вітанні ўсім, хто пра яго перажывае, паклоны тым, хто падтрымаў грашовымі пераводамі; вялікае прывітанне калегам і сябрам. Ён таксама вельмі перажывае за нашых сяброў, хто цяпер у арміі.

Кладуся спаць і радуюся, што яшчэ адзін дзень мінуў, кажа Андрэй.

Недзе ў размове з горкай іроніяй характаразуе свой цяперашні побыт як «жыццё ў грамадскай прыбіральні».

Я таксама расказала, што атрымала адказ ад Дэпартамента выканання пакаранняў пра тое, у якую калонію яго размяркуюць.

«Ты знаеш, там каля яе цячэ рэчка Вільнянка», кажу. «Але я яе ніколі не буду бачыць».

Выйшла я са спаткання з горкім адчуваннем, што прыгода зацягнулася.

Так супала, што ў суседняй кабінцы размаўлялі Ягор Марціновіч і яго бацькі.

І вось гляджу на гэтых прыгожых, поўных творчай энергіі хлопцаў — Андрэя і Ягора — яны сядзяць стомленыя, нават змучаныя, бледныя.

Прафесіяналы, цудоўныя менеджары, топавыя журналісты. Сядзяць… устаюць — рукі за спінай.

Некалькі дзён ад уражанняў яшчэ ўнутрана калоціць.

Нагадваю сабе пастаянную думку з нашай перапіскі: гэта этап, які мы мусім перажыць.

У каляіну аптымізму мяне нарэшце вяртае ўнясенне правак у «Будзьздарова».

Мы як сям’я і як народ павінны ператварыць гэтыя пакуты ў нешта вельмі каштоўнае, інакш нельга.

Каментары

Цяпер чытаюць

Здаецца, вызначылася самая модная пара беларускай апазіцыі. Як вам іх пачуцце стылю?74

Здаецца, вызначылася самая модная пара беларускай апазіцыі. Як вам іх пачуцце стылю?

Усе навіны →
Усе навіны

Дзіўны флэшмоб: у тыктоку дзяўчаты ядуць цюльпаны3

Ілюстрацыя беларускага мастака з’явілася ў The New York Times

У палон да ўкраінцаў трапіў 33-гадовы наркаман з Віцебска, якога на фронце выкарыстоўвалі як «адкрывачку»6

Пашкоджанне вадаправоднай сеткі на ўсходзе Мінска лакалізаванае1

«Выкінутыя на ўзбочыну жыцця, але творчасці гэта не замінае». Як выжываюць у цяперашняй Беларусі літаратары?1

Кіроўцы ўсё больш незадаволеныя самымі новымі тэхналогіямі ў сваіх аўто1

Касы самаабслугоўвання сталі патрабаваць ад беларусаў сканаваць адразу па два коды. Навошта?9

31-гадовы беларускі футбаліст памёр пасля матчу8

Ва Уруччы і Новай Баравой знікла вада. На вуліцы патоп1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Здаецца, вызначылася самая модная пара беларускай апазіцыі. Як вам іх пачуцце стылю?74

Здаецца, вызначылася самая модная пара беларускай апазіцыі. Як вам іх пачуцце стылю?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць