Гісторыя

«Мая еўрапейская сям'я». Захапляльная кніга пра гісторыю з’яўлення і развіцця чалавечай папуляцыі ў Еўропе

Шведская журналістка Карын Бойс напісала захапляльную кнігу пра гісторыю з’яўлення і развіцця чалавечай папуляцыі ў Еўропе. Яна даследуе гісторыю ўласнай сям’і за апошнія 54 тысячы гадоў. Як гэта магчыма? Хронікі і летапісы далёкіх часоў, пра якія не засталося крыніц, мы носім у сабе, у малекулах ДНК нашага арганізма, піша пра кнігу, якая ў расейскім перакладзе кніга называецца «Моя доисторическая семья», а ў арыгінале і іншых перакладах — «Мая еўрапейская сям'я», Андрэй Скурко. Ягоны водгук на кнігу, дасланы з турмы, апублікаваны ў фэйсбуку. 

Старонка кнігі «Мая дагістарычная сям’я» з пазнакамі, зробленымі Андрэем Скурко ў турме.

ДНК (дэзаксірыбануклеінавая кіслата) — хімічнае злучэнне, якое ёсць ва ўсіх нашых клетках і служыць пасярэднікам падчас перадачы з пакалення ў пакаленне біялагічнай інфармацыі. ДНК-малекула складаецца з 3 мільярдаў азоцістых злучэнняў і ў двух розных людзей яны будуць адрознівацца на адну тысячную долі — астатняе ідэнтычна. Параўнанне гэтай часткі ДНК, паслядоўнасці азоцістых злучэнняў і дае інфармацыю пра паходжанне кожнага чалавека і яго далёкіх продкаў. ДНК-даследаванні пачалі хутка развівацца пасля 1995 года, цяпер навукоўцы за некалькі гадзін могуць цалкам вывучыць геном чалавека. 

Аўтарка 18 гадоў працавала навуковым журналістам і рэдактарам раздзела «Навука» газеты «Дагенс Нюхетэр», яе кніжка — сінтэз навукова выверанай інфармацыі і чытэльнай яркай падачы.

У свой радавод Бойс уключае і старажытных паляўнічых на паўночных аленяў, якія блукалі па прыледавіковай тундры, і земляробаў, што мігравалі з Блізкага Усходу, і качэўнікаў-індаеўрапейцаў. Яна задумляецца пра лад жыцця, матывацыі, дасягненні далёкіх продкаў, інфармацыю пра якіх атрымала з аналізу ўласнай ДНК. 

Уключае аўтарка ў свой радавод і неандэртальцаў. Адпраўная кропка кнігі — 54 тысячы гадоў таму — і адлічваецца ад часу, калі ў неандэртальцаў і людзей сучаснага тыпу маглі нараджацца сумесныя дзеці.

Згодна з уяўленнямі, якія панавалі яшчэ паўстагоддзя таму, неандэртальцы лічыліся наўпростымі продкамі людзей сучаснага тыпу. Аднак генетычныя даследаванні паказалі, што яны нам кшталту стрыечных-траюрадных прадзядуляў. У геноме сучасных еўрапейцаў трохі меней за 2% неандэртальскіх генаў, але ўласцівасці, атрыманыя ад неандэртальцаў, дапамагалі людзям выжыць у старажытнасці. Напрыклад, здольнасць страваваць тлустую ежу ў вялікай колькасці ратавала ад галоднай смерці (хоць у сучасных людзей гэты неандэртальскі ген правакуе аўтаімунныя збоі кшталту набірання лішняй вагі і цукровага дыябету). Кантакты з неандэртальцамі, мяркуюць навукоўцы, адбываліся на тэрыторыі сучаснага Ізраілю (у гістарычнай Галілеі), дзе групы людзей сучаснага тыпу, якія мігравалі з Афрыкі ў кірунку Еўропы і Азіі, жылі побач з неандэртальцамі. У Еўропе людзі сучаснага тыпу здолелі замацавацца (не з першага разу) каля 40 тысячаў гадоў таму. Неандэртальцы панавалі там 200 тысяч гадоў. Што перашкодзіла ім дасягнуць такога прагрэсу, якога дасягнулі мы? Яны прыстасаваліся да ледавікоў, зменаў рэльефу, вулканічных катастроф. Але ў параўнанні з краманьёнцамі мелі невялікае адрозненне ў гене, адказным за працэдурную памяць (які дазваляе нам, напрыклад, раз навучыўшыся, усё жыццё ўмець ездзіць на ровары, а таксама асвойваць мову). Горшыя камунікацыйныя здольнасці перашкаджалі неандэртальцам развіваць тэхналогіі і пашыраць сацыяльныя кантакты. У генах апошніх неандэртальцаў (яны зніклі каля 39 тысяч год таму) — сляды шматлікіх сувязяў між блізкімі сваякамі. А іх апошняя археалагічная культура — шатэльперонская — мае сляды тэхналогій і абрадаў, скапіяваных у краманьёнцаў.

Яшчэ адна перавага: краманьёнцы былі здатныя да творчасці, мастацтва (хоць і неандэртальцы мелі пачуцце сіметрыі і былі добрымі рамеснікамі). Хто не захапляўся дасканалымі выявамі бізонаў, коней, мамантаў на сценах пячор! Самым старажытным з іх — 32 тысячы гадоў. (А найстаражытнейшым са знойдзеных чалавечых малюнкаў — удвая больш. Гэта каляровыя зігзагі, накшталт тых, што з’яўляюцца перад вачыма пры мігрэнях, выяўленыя ў паўднёваафрыканскай пячоры.)

Раней лічылася, што выявы жывёл — элемент паляўнічай магіі: маўляў, мужчыны перад выправай па здабычу збіраліся перад малюнкам і тыцкалі ў яго дзідамі — каб на паляванні ім трапіўся сапраўдны бізон. Але цікавая рэч: на малюнках пераважна не тыя жывёлы, на якіх палявалі (гэта відаць з таго, чые косткі засталіся ў харчовых адкідах). Таксама многія малюнкі размешчаныя на вышыні пяці метраў на сценах пячор — не дужа патрапіш дзідай. Ёсць версія, што жывёлы, чые выявы захаваліся, былі татэмамі плямёнаў-родаў, якія ў тых пячорах жылі. Бо ў пячоры Фон-лё-Гом (Францыя) — выключна бізоны, у пячоры Камбарэль за некалькі кіламетраў — дзікія коні, а ў пячоры Руфіньяк — маманты. Жывёл гэтых сотні — розных узростаў, у розную пару года. Ствараючы іх выявы, кажуць антраполагі, старажытныя шаманы атрымлівалі нібыта духоўную сілу, гэта быў абрад. Нельга ігнараваць і эстэтычныя запатрабаванні старажытных людзей: у пячоры, сцены якой упрыгожаныя густоўнымі фрэскамі, прыемней жыць.

А сімпатычны вясёлы круглы мамант намаляваны ўсяго за метр ад падлогі пры ўваходзе ў пячору Руфіньяк, быў, такое ўражанне, створаны спецыяльна для дзяцей. 

Паляўнічыя займелі і першых хатніх гадаванцаў — сабак. Яны паходзяць ад ваўкоў старажытнай пароды (вымерлай), якія круціліліся на ўскрайку стаянкі людзей, куды кідалі харчовыя адкіды. Калі параўнаць паводзіны ваўка з паводзінамі дарослага чалавека, дык сабака паводзіць сябе як чалавек, які дзяцініцца. Сабакі весялейшыя, гуллівейшыя, «прасцейшыя». Такія рысы з пакалення ў пакаленне культываваліся ў першых сабак — гэта дапамагала падабацца чалавеку. Катоў людзі прыручылі, калі асвоілі земляробства, займелі запасы збожжа і, адпаведна, мышэй.

Раней лічылася, што на пэўным этапе развіцця людзі перайшлі ад палявання да земляробства, асэнсаваўшы перавагі новага спосабу гаспадарання. Карын Бойс піша, што тэхналогію апрацоўкі зямлі на нашу частку свету прынеслі мігранты з Блізкага Усходу, якія доўгі час існавалі паралельна са старажытнымі еўрапейскімі паляўнічымі. Аўтарка агучвае вынікі генетычных даследаванняў парэштак старажытных паляўнічых і земляробаў, знойдзеных у Швецыі: адны ад другіх адрозніваліся прыкладна як сённяшнія фіны ад італьянцаў, хоць і жылі побач.

У кнізе апісваецца самы старажытны горад свету, заснаваны земляробамі — Чатал-Гююк (Турцыя), сёння ён раскапаны і адкрыты для турыстаў. 9 тысяч гадоў таму там жыло некалькі тысяч чалавек. У горадзе не было вуліц — дамкі стаялі так цесна, што перасоўвацца па горадзе можна было пераскокваючы з даху на дах. Уваход у дом быў таксама зверху — адтуліна ў пляскатым даху, якая адначасова і акно, і дымаход. Пры кожным доме былі камора і алтар, дзе, сярод іншага, стаялі і чарапы продкаў. Целы ж іх хавалі непасрэдна пад падлогай жылога памяшкання. Над магіламі рабілі ўзвышэнні і, не выключана, спалі на іх. 

Земляробы з Блізкага Усходу рушылі ў Еўропу з-за парадаксальнай сітуацыі з кліматам: у выніку агульнага пацяплення пачалі таяць ледавікі ў Канадзе, у акіян трапіла вялікая колькасць прэснай вады, і гэта паўплывала на кірунак цёплых цячэнняў. Клімат на Блізкім Усходзе зрабіўся сухі — і людзі рушылі шукаць лепшых месцаў для жыцця.

Яшчэ адна хваля міграцыі, якая паўплывала кардынальна на еўрапейскі этнагенез — прыход качэўнікаў індаеўрапейцаў з усходу. У выніку іх змяшэння з нашчадкамі мясцовых паляўнічых і земляробаў паўстала кола археалагічнай культуры шнуравой керамікі. А разам з ім — новыя тыпы посуду, новыя прылады працы, новыя вераванні і абрады, новыя сацыяльныя адносіны. Тэрыторыя нашай краіны таксама была ўключаная ў гэты працэс. Можна ўявіць, якое змаганне ішло за кантроль над крамянёвымі шахтамі на Росі каля Ваўкавыска, як вандроўнікі — прадстаўнікі культуры шарападобных амфар — шукалі тут гандлёвыя шляхі бурштыну і солі, гандлявалі з тубыльцамі.

Яшчэ адзін цікавы акцэнт кнігі: мы часам уяўляем, што геаграфічны абрыс нашага кантынента меў сённяшні выгляд ад пачатку часоў. Тым часам сучасным берагавым лініям усяго некалькі тысяч год. Да канца апошняй ледавіковай эпохі (11600 год) вялізныя аб’ёмы вады знаходзіліся ў цвёрдым стане, у выніку чаго ўзровень сусветнага акіяну быў ніжэйшы на 120 метраў. І вялікія заселеныя тэрыторыі былі там, дзе цяпер бушуюць хвалі. Ад Даніі да Шатландыі ляжала зямля, якую цяпер умоўна называюць Догерлэнд. Там быў спрыяльны клімат, багатая флора і фаўна. У рыбалоўныя сеткі і сёння трапляюць там прылады працы старажытных людзей, падводныя археолагі шукаюць іх стаянкі. Калі ледавікі пачалі таяць, тэрыторыя Догерлэнда паменшала, а канчаткова ён апусціўся пад ваду пасля цунамі, справакаванага абсоўваннем грунту на дне Нарвежскага мора. Яшчэ большай за Догерлэнд была Берынгія, што ляжала між Сібірам і Аляскай. Адтуль каля 14 тысяч гадоў таму людзі пачалі рассяляцца на амерыканскі кантынент.

Контуры не толькі геаграфічнай, але і палітычнай карты акрэсліваліся ў далёкія эпохі. Напрыклад, Брытанскія астравы былі цэнтрам еўрапейскіх гандлёвых шляхоў яшчэ ў бронзавым веку — дзякуючы корнуольскім пакладам волава, неабходнага для вырабу бронзы. Яшчэ ў тую эпоху шанавалі золата і бурштын. І жыццё людзей было больш шматколерным, чым мы можам сабе ўявіць: быў ужо гандаль, імпарт, падарожжы, відовішчныя рытуалы, нават своеасаблівая поп-культура — захаваліся выявы акрабатаў, якія танцавалі перад тагачаснымі правадырамі. Тыя правадыры сядзелі на складных крэслах (гэта быў атрыбут кіраўніка — як і шкляны ці гліняны кубак з алкаголем на аснове мёду).

Уражывае змесціва трума карабля, які затануў 3300 год таму ў Міжземным моры, каля турэцкага горада Капі: «…10 тон медзі, тона олава, балтыйскі бурштын і золата, паўкаштоўныя камяні, кшталту кварцу і агату. Каля сотні гліняных сасудаў былі напоўненыя сінімі шклянымі пацеркамі, смалой-жывіцай, аліўкамі, міндалём, кедравымі арэхамі, фінікамі, вінаградам і гранатамі. Іншымі прадметамі раскошы ў гэтым грузе былі слановая костка, зубы бегемота, чарапахавы панцыр і страусавыя яйкі». 3300 год таму — гэта 13-е стагоддзе да н.э. — часы ўмоўнай Траянскай вайны. І ў той час яны плавалі ўжо на Балтыку па бурштын — і, магчыма, вярталіся недзе па нашых рэках…

Усе пададзеныя вышэй факты — ілюстрацыі з розных эпох да асноўнай лініі кнігі. Карын Бойс уяўляла сама і дапамагае нам уявіць жыццё ў неймаверна далёкія часы.

Цікава прымерыць тэорыі кніжкі да нашых продкаў. Напрыклад, чаму людзі нарвенскай (усвяцкай) культуры шанавалі качак, а не мядзведзяў ці ваўкоў (сляды гэтага культа — касцяную галоўку качкі, выявы качкі на посудзе — знаходзяць беларускія археолагі). Вадаплаўныя птушкі ва ўяўленні шаманаў каменнага веку маглі перамяшчацца паміж усімі трыма ўзроўнямі сусвету: верхнім (неба), сярэднім (зямля), ніжнім (вада), кажуць сучасныя рэканструктары. Аўтарка піша, што ранні Бронзавы век быў тэакратыяй. Апроч жрацоў, вялікую ролю ігралі купцы, ваяры і мастакі… Яшчэ яна піша пра першыя флейты з костак і біўняў — і ўспамінаецца гісторыя Міхася Міхайлавіча Чарняўскага пра флейту з косткі бусла, знойдзеную на Асаўцы пад Бешанкавічамі…

Кожнага, хто наважыцца замовіць даследаванне сваёй ДНК, чакае шмат адкрыццяў і нагодах для рэфлексіі. Хтосьці акажацца нашчадкам вікінгаў, хтосьці кельтаў, хтосьці — індаеўрапейцаў-качэўнікаў. Задумляючыся пра іх захмарна-далёкія лёсы, асабліва ясна адчуваеш сябе часткай велізарнага кругавароту пакаленняў. Мы не першыя і не апошнія, не найлепшыя і не найгоршыя — і ўрэшце ўсё міне, «бо векавечны толькі край і далеч, і жоўты ліст на зелені травы». І, разам з тым, ніводнае звяно не лішняе, бо яго адсутнасць спыніла б той кругаварот. Ад кожнага з нас у кожную хвіліну залежыць, куды далей пакоціцца кола нашай шматтысячагадовай вандроўкі.

Каментары

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал

Усе навіны →
Усе навіны

У Купалаўскім тэатры адбылася першая прэм'ера сезона. Гэта трагікамедыя Дастаеўскага з Няфёдавай у галоўнай ролі21

«Сто працэнтаў Беларусь». У Магілёве заўважылі ката, які ведае правілы дарожнага руху ВІДЭА1

Памёр віцебскі мастак Аляксандр Слепаў

«Вось за гэта вас, хачэй, і ненавідзяць!» Комік Мірзалізадэ расказаў, ці можна лічыць беларусаў талерантнымі21

Расія вярбуе на вайну супраць Украіны еменскіх хусітаў1

Пасля затрыманняў у Смаргоні некалькі чалавек застаюцца пад арыштам

Назваць дачку Арэшніцай у гонар балістычнай ракеты хочуць бацькі з Татарстана7

На «Марафоне адзінства» ў Магілёве Марзалюк граміў ворагаў словамі Караткевіча31

Каардынацыйная рада заклікала Літву і Украіну памяняць Верамейчыка на беларускіх шпіёнаў13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал

Галоўнае
Усе навіны →