Грамадства

«Да нас у лес на допыт потым прывезлі Алесю Буневіч». З Беларусі ўдалося вырвацца чалавеку, які стаў сведкам аперацыі КДБ з удзелам рэйкавых партызан

33-гадовага праграміста з Мінска Аляксея Кавалеўскага затрымалі летась у снежні за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Пасля чатырох месяцаў у СІЗА-1 па «народным» 342-м артыкуле Крымінальнага кодэкса яго асудзілі да двух гадоў «хіміі» і адпусцілі да накіравання ў папраўчую ўстанову. Спрабуючы выехаць у Літву, ён патрапіў у спецаперацыю КДБ, якая займалася справай бабруйскіх «рэйкавых партызан» і Алесі Буневіч. Збіццё, дарога ў багажніку, допыт у лесе, ізалятары Гродна і Магілёва — гэта тое, што перажыў Аляксей за няўдалую спробу ўцячы з Беларусі. Ужо знаходзячыся ў бяспецы, айцішнік распавёў «Вясне» пра чатыры месяцы на «Валадарцы», сукамернікаў і пра тое, як пасля вызвалення ён зрабіўся падазраваным паводле «тэрарыстычнага артыкула».

Аляксей Кавалеўскі

У «Жёлтых сливах» напісалі, што «укранацыст прыехаў рабіць «Майдан»

У 2020 годзе Аляксей, як і шматлікія беларусы, уключыўся ў барацьбу за адстойванне сваіх правоў і свабод. Адзін са спосабаў — удзел у акцыях пратэсту. Так Аляксей апынуўся на мітынгах 9 і 16 жніўня 2020 года. Пасля выбараў праграміст патрапіў у бойку з супрацоўнікамі АМАПа ў адным з мінскіх двароў — Аляксею разбілі твар. Шнар каля брыва ў яго застаўся дагэтуль.

Праз паўгода пасля падзей, як расказвае Аляксей, ён пачаў выязджаць у іншыя краіны, каб «разгрузіць галаву і спакойна папрацаваць праграмістам». Але ён не мог назаўжды пакінуць Беларусь, бо тут у яго дзіця ад першага шлюбу, з якім мужчына перыядычна сустракаўся. Апошні раз Аляксей з'ездзіў у Адэсу з жонкай-украінкай. На пачатку снежня мінулага года праграміст у чарговы раз прыехаў да дзіцяці. Але гэтым разам яму давялося пабыць у краіне даўжэй — яго затрымалі.

«Як я потым зразумеў, затрымалі мяне паводле заявы маёй былой жонкі. Яна ўсюды пісала заявы: у звычайную міліцыю, КДБ, ГУБАЗіК. Відэа са мной потым размясцілі на «Жёлтых сливах». З тэксту допісу я зразумеў, што на мяне напісалі заяву. Там было напісана штосьці кшталту «укранацыст прыехаў рабіць «Майдан» у Беларусі».

Хоць ва Украіну я пачаў ездзіць пасля падзей 2020 года. І пад відэа яшчэ было напісана, што я «такі нягоднік, не плачу аліменты і не гляджу дзіця». Гэта якая тупая жаночая нянавісць з заявы, а «Жёлтые сливы» ўставілі гэта», — распавядае Аляксей.

«У ГУБАЗіКу пужалі электрашокерам і пісталетам, што заб'юць»

Раніцай 9 снежня 2021 года Аляксею пазванілі ў дзверы — гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Увечары ён ужо засынаў у ІЧУ на Акрэсціна.

«Яны прыйшлі да мяне спакойна — не як да некаторых прыходзяць: са шчытамі, пісталетамі. Паказалі пасведчанні — там проста было напісана, што міліцыя, не было пазначана, што ГУБАЗіК. Праз тое, што яны прыйшлі паводле заявы, яны не ведалі, што ў мяне дакладна штосьці ёсць.

Вобшуку не было, але адразу забралі тэлефон і паролі. Калі прыехалі ў ГУБАЗіК, то пачалі калупацца ў тэлефоне. Але да моманту затрымання я ўжо адыходзіў ад спраў: паступова пачаў паменш чытаць усякія рэсурсы. Я чуў, што затрымлівалі за Telegram-каналы — гэта я пачысціў, але здымкі з пратэстаў засталіся, бо сінхранізаваліся з Google-акаўнтам. Я нават не ведаў, што яны ёсць на тэлефоне.

У ГУБАЗіКу яны падпісалі мяне на розныя Telegram-каналы, таму што ў мяне іх не было. Падпісалі на «стандартны пакет»: NEXTA і іншыя. Яны падпісваліся і казалі, што я падпісаны на тое, пра што я ніколі не чуў раней. Адразу яны крычалі, што падпісаны на «План Перамога», прычым яны гэта так сцвярджаюць, як быццам яны гэта дакладна ведаюць. Гэта была няпраўда, я ім сказаў: «Не, я не падпісаны».

У ГУБАЗіКу пужалі электрашокерам і пісталетам, што заб'юць. Ім вельмі не падабалася, што я не згаджаўся з тым, што я нібы падпісаны на «План Перамога». Але потым усё ж я падпісаў гэтую паперу.

Калі на мяне наставілі зброю — у мяне не было ніякага дысанансу, я разумеў, што гэта за людзі. Я ўжо бачыў гэта ўсё: хадзіў на мітынгі ў 2006 і 2010 гадах і ведаю, што гэта за людзі.

Збольшага яны неслі нейкую лухту. Але калі ўбачылі фота мяне на тратуары на акцыі — ім гэтага хапіла».

«Калі мы ўсе клаліся спаць на падлогу, то нам фізічна не хапала месца» 

Пасля допыту, пагроз і запісу «пакаяннага» відэа на зялёным фоне Аляксея павезлі ў Следчы камітэт. Увечары 9 снежня 2021 гады яго перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна.

«Адразу мяне змясцілі ў пяцімесную камеру, дзе мне нават выдалі матрац. Там мяне ўжо чакалі — бывалы зэк, які спрабаваў раскруціць і распытаць штосьці. У камеру мяне заводзілі «ластаўкай» — той зэк, калі ўбачыў гэта, сам адразу напалохаўся.

Сілавікі спрабуюць пужаць нас гэтымі зэкамі, а атрымліваецца наадварот. І гэтая схема настолькі відавочная: мала таго, што ў яго матрац быў, дык яшчэ і пасцельная бялізна. Занадта «паліўна»!»

Суткі Аляксей утрымліваўся ў камеры з «антысацыяльнымі» людзьмі: затрыманымі паводле «наркатычнага» артыкула з ломкай, з бяздомнымі. Наступныя восем сутак ён і яшчэ 12 «палітычных» утрымліваліся ў двухмеснай камеры.

«Пры гэтым у ІЧУ было месцаў мора. Калі нас выводзілі да адваката, то мы бачылі, што каля іншых камер стаяла мала абутку побач (у ІЧУ здымаюць абутак перад камерай). Было бачна, што камеры не забітыя. Проста нас вырашылі сабраць у адной камеры і памучыць. Калі мы ўсе клаліся спаць на падлогу, то нам фізічна не хапала месца. Але я не разумею гэтага. Вы саджаеце ў камеру 13 чалавек — гэта ж неадэкватна, гэта рэальныя катаванні, але навошта тады вы нас корміце, напрыклад? Калі вы з глузду едзеце, то навошта тады даяце ежу?

Там ты разумееш, што інтэлектуальны ўзровень у камеры нашмат вышэйшы, чым за дзвярыма. І нават з тымі, хто крадзе тэлефоны, напрыклад, было больш агульных тэм для гутаркі, чым з людзьмі па той бок. Там не можа працаваць нармальны чалавек, і я такога ні разу не сустракаў. А ў камеры можна было пагутарыць з рознымі людзьмі: бармэны расказвалі, як рабіць кактэйлі, бізнэсовец — пра свой досвед, айцішнік — пра сваю працу. Усе людзі былі цікавыя і прыемныя».

«Усе больш-менш трымаюцца». Сукамернікі Мажэйка, Скурко, Галаўко, Краўчук

Пасля выстаўлення абвінавачвання Аляксея ўначы на аўтазаку перавезлі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

«Турма не выглядае як у кіно. Там усё абсалютна па-іншаму: куча людзей, ва ўсіх розныя артыкулы і яны разумеюць, што трэба неяк жыць разам».

За чатыры месяцы Аляксей утрымліваўся ў дзвюх камерах на «Валадарцы». У першай было 16 чалавек, а ў другой — 15. Аляксей расказаў пра некаторых сукамернікаў — яму спатрэбіўся час, каб прыгадаць імёны і прозвішчы, бо памятае ўсіх па мянушках.

«Ва ўсіх у камеры ёсць нейкія стадыі. Яны прыкладна аднолькавыя ва ўсіх. Калі чалавек прыязджае, то ён яшчэ не ўсведамляе, куды ён трапіў, і думае, што гэта ўсё хутка скончыцца: «Зараз разбяруцца, я ні ў чым не вінаваты».

Потым усе пачынаюць лазіць па Крымінальным кодэксе і глядзець, што ім свеціць. А потым прыходзіць змірэнне. За ўвесь час, што я быў у СІЗА, я не бачыў ніводнага чалавека, якога б зусім зламалі. Усе больш-менш трымаюцца. Там ва ўсіх час ад часу бывае дрэнны настрой, але гэта хвалямі. Сябравалі, не журыліся.

У першай камеры я быў з Аляксеем Гамезам — яму ставяць у віну пяць страшных артыкулаў за тое, што ён нібы абліў фарбай машыну пракурора.

Таксама да нас прыязджаў журналіст «Комсомольской правды» Генадзь Мажэйка — яго перавялі з іншай камеры. Я заспеў, калі ён знаходзіўся на першай стадыі: «Яны ж разбяруцца, зараз мяне адпусцяць». Гэта добры і шчыры чалавек, часам нават, як дзіця. Ён вельмі моцна спадзяваўся, што за яго заступіцца расійская частка газеты і яго вызваляць, але было бачна, што гэтага не будзе, мяркуючы па артыкулах, якія яму інкрымінавалі, і па рэзананснасці справы.

Генадзь расказваў нам, як яго затрымалі. Ён паехаў у Маскву і хацеў адтуль вылецець кудысьці. Яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ у аэрапорце ў Маскве. Потым завезлі на беларускую мяжу і перадалі КДБ Беларусі. Расіяне тут супрацоўнічалі без усялякіх працэдур.

Журналіст казаў, што яго чакалі ўжо ў Маскве. Яшчэ да пашпартнага кантролю, паводле Генадзя, да яго падыходзілі нейкія людзі і шушукаліся. На пашпартным кантролі яго ўзялі пад рукі, і ўсё. Вось ён такі наіўны…

Хоць усе мы так патрапілі — ніхто не думаў, што настолькі ўсё сур'ёзна, тупа і настае 1937 год. Цяпер цябе могуць пасадзіць за ўсё што заўгодна: за каментарый, за ўдзел у акцыі, за фота на праезнай частцы, за нясплату падаткаў.

Я расказваю сябрам цяпер гэта, зыходзячы са свайго досведу, а яны не вераць у тое, што настолькі ўсё дрэнна. Калі да цябе прыходзіць ГУБАЗіК, калі яны выдаткавалі на цябе свой час, то ты павінен сесці: калі трэба, то падкінуць табе сцяг, падпішуць на Telegram-каналы, і ўсё.

Са мной сядзеў Аляксей Галаўко. Гэта маленькае наіўнае дзіця — які ён кіраўнік анархаячэйкі? Пры мне ён піў супакойваючыя таблеткі, якія яму выпісвалі там, таму ён быў зусім як «гародніна». Яго сукамернікі, якія з ім даўно сядзяць, расказвалі, што ён начытаны хлопец з цікавымі думкамі.

Таксама я сядзеў у камеры з дальнабойшчыкам Дзянісам Краўчуком. Яго справа — наогул смех! Ён казаў, што ўпершыню ўбачыў сваіх так званых «змоўцаў», калі іх на допыт вялі. Дзяніс неяк напісаў у лісце родным: «Тут нармальна, але ў СІЗА КДБ кормяць лепш». Цэнзар вярнуў гэты ліст і не прапусціў на волю.

У другой камеры я быў з Андрэем Скурко з «Нашай Нівы». Ён увесь час размаўляў на беларускай мове. Трымаўся нармальна».

«Калі прыляціць бомба, то твае краты пахіснуцца»

Пра вайну Аляксей і яго сукамернікі дазналіся адразу — зранку 24 лютага з навінаў у тэлевізары.

«Было складана. У мяне жонка з Украіны, мы там жылі, у нас там гаспадарка. Але мне было спакайней, ведаючы, што яна была ў Мінску, — яна дапамагала мне. І для нас было відавочна, што калі я выйду, то буду бегчы туды. Але потым усё зрабілася больш складаным, высветлілася, што ў мяне заблакавалі ўсе рахункі там — з'явілася куча нюансаў яшчэ.

Усе ў камеры прыліпалі да тэлевізара і глядзелі навіны. Мы не глядзелі карцінку, мы чыталі бягучы радок — у ім больш усё інфарматыўна. Усе разумелі, што ўсё адназначна: ёсць агрэсар — абсалютнае зло — яно напала на Украіну. Цяпер толькі набрацца цярпення і сілаў гэтай краіне. Далей пачынаецца канапная аналітыка ў камеры».

На пытанне, ці не было страху, што ў Беларусі можа пачацца вайна, а ён у зняволенні, Аляксей адказаў так:

«Калі ты сядзіш у турме, асабліва паводле «палітычнага» артыкула, то ты ўспрымаеш гэта ўсё пазітыўна. Большасць «палітычных», асабліва з вялікімі тэрмінамі, сядзяць з такімі думкамі, што яны не будуць сядзець гэты ўвесь час у турме. Яны разумеюць, што пасядзяць па два-тры-пяць гадоў, але не ўсе 10-20. Яны на гэта спадзяюцца.

Таму навіны пра ўвядзенне санкцый і абвал рубля ўспрымаюцца апладысментамі. Там сядзіш і думаеш: калі прыляціць бомба, то твае краты пахіснуцца, і шмат хто ўспрыняў гэта пазітыўна».

«Суд праходзіў максімальна фармальна і па-дурному»

Аляксей Кавалеўскі 9 жніўня 2020 года

Аляксея асудзілі 31 сакавіка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у акцыях пратэсту 9 і 16 жніўня 2020 года да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). Справу вёў суддзя Дзмітрый Астапенка.

«Я прыкладна разумеў, што мяне чакае «хімія». Увесь час, што я там сядзеў, я прапрацоўваў план і абдумваў, як я буду ўцякаць. Але псіхалагічна я сябе ўсё адно настройваў на «лагер». Суд праходзіў максімальна фармальна і па-дурному. Суддзя нібыта не выспаўся і быў агрэсіўны».

«Нас вязуць у багажніку ў лес, там дастаюць і збіваюць, у тым ліку б'юць электрашокерам»

Калі Аляксея выпусцілі пасля прысуду да накіравання на «хімію», ён вырашыў адразу ж пакінуць Беларусь і пачаў шукаць выйсце. На наступны дзень ён ужо быў у Гродне для выезду з краіны, але гэтая спроба скончылася жорсткім затрыманнем:

«Але чамусьці чалавек, які мне дапамагаў, вырашыў арганізаваць групу, каб я перабягаў мяжу не адзін, а з іншымі людзьмі. У выніку мы мусілі перасякаць мяжу ўтрох. І вось я саджуся ў машыну да людзей, з якімі мусілі пераходзіць мяжу. Мы толькі ад'язджаем ад Гродна — нас адразу максімальна жорстка прымае КДБ.

Машыну толькі спыняе ДАІ, кіроўца не паспеў зацягнуць ручнік, ужо адчыняюцца дзверы — мне прылятае ўдар па сківіцы і людзі стаяць тыкаюць пісталетамі. Адразу — «мордай у падлогу» і куча ўдараў, якія ўжо не злічыць. Потым нас з кіроўцам вязуць у багажніку ў лес, там дастаюць і збіваюць, у тым ліку б'юць электрашокерам. У лесе праводзяць допыт з пісталетамі. Супрацоўнікі былі ў цывільным.

Як выявілася, у маёй групе мусілі перасякаць мяжу «рэйкавыя партызаны» з Бабруйска. Іх затрымалі задоўга да гэтага, а наша затрыманне было інсцэніроўкай. Людзі з нашай машыны, якія нібы меліся з намі перабягаць мяжу, былі падстаўныя супрацоўнікі.

Я гэта зразумеў адразу. Калі нас затрымлівалі, то гэтыя трымалі мяне за рукі ў самой машыне. Вось у мяне «паплечнікі» — трымаюць, калі мяне затрымліваюць! Усё тупа, па-ідыёцку і непрафесійна. Потым яны разыгрывалі сцэнку з прастрэленымі каленамі. Крычалі, што і нам прастрэляць таксама. Білі так, каб як быццам знепрытомнеў, але мяне ж дапытваюць — максімальна дзіўна гэта было.

Уся гэтая спецаперацыя была, каб злавіць чалавека, які дапамагае з пераходам мяжы. Да нас у лес на допыт потым прывезлі Алесю Буневіч».

КДБ і ІЧУ Гродна

Аляксей распавядае, што тады ён адчуваў крыўду за няўдалую спробу збегчы, а таксама было неразуменне сітуацыі. Толькі ў лесе на допыце ён дазнаўся, праз што яго затрымалі. Паўвечара Аляксей праляжаў на падлозе ў машыне ў лесе. Толькі ўвечары яго павезлі ў КДБ Гродна на допыт:

«Там таксама свая спецыфіка допытаў: пяць гадзінаў з табой размаўляюць ні пра што, а паралельна нейкі начальнік забягае і пачынае крыкамі дапытваць па справе. Крычаць і ўцякаць».

На двое сутак Аляксея перавялі ў ІЧУ Гродна, дзе яго чакаў «падсадны зняволены»:

«Яму прынеслі гарбату, матрац, пасцельную бялізну. Схема ўсюды аднолькавая. Але я ўжо таксама бывалы — магу на яго мове размаўляць. Спрабуе штосьці выведаць, а я яму: «Непрыстойна зэку такія рэчы запытваць». А ён разумее, што сапраўды непрыстойна, і ў яго пачынаецца дысананс: яго паслалі выведаць, а ён і аблічча сваё захаваць не можа, і дазнацца нічога не можа».

«У ІЧУ Магілёва ў кайданках і майтках выбягаеш у калідор, і яны металашукальнікам па 15 хвілін усё скануюць»

Затым Аляксея, кіроўцу і Алесю Буневіч перавозяць у Магілёў, бо справу бабруйскіх «рэйкавых партызан» вядзе магілёўскі КДБ. У дарозе супрацоўнікі таксама ладзілі допыты. Пасля этапу ўсіх траіх адразу павезлі на допыт у КДБ — іх адвакаты фізічна не маглі прыехаць. Толькі там Аляксей дазнаўся артыкулы, якія яму інкрымінуюць, — саўдзел у тэрарызме (ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 289 КК), і што яму пагражае. Пасля гэтага праграміста змясцілі ў ІЧУ Магілёва на восем сутак.

«Допыт праходзіў у стылі «добры-злы паліцыянт»: адзін кажа, што ўсё будзе рабіць згодна з законам, а іншы ўрываецца, крычыць і пагражае. Потым нас запіхваюць у ІЧУ Магілёва. Гэтае месца нават у параўнанні з ІЧУ на Акрэсціна здалося мне нейкім пеклам. Там такая атмасфера, што ты як быццам асуджаны да смяротнага пакарання.

Штодня мяне перакідвалі ў іншую камеру. У двухмеснай я заўсёды быў адзін, а ў аднамеснай часам трапляўся сукамернік — «качка». Без матрацаў і з кругласутачна ўключаным святлом. У адзіночных камерах часам не было вады — ці яна ў іх не працавала, ці яны адмыслова выключалі яе. Вады давалі мала — па паўкубка два разы на дзень.

Таксама вельмі моцна смярдзеў туалет. У мяне забралі швэдар і куртку — я застаўся ў адной майцы. Напэўна, як «рэцыдывісту» не паложана. Мне было вельмі холадна, таму спаў у абдымку з батарэяй.

Будзілі па два разы на ноч — я мусіў назваць свой артыкул, а я яго дагэтуль нармальна не вывучыў. Тры разы на дзень рабілі шмон: у кайданках і майтках выбягаеш у калідор, рэчы ўсе з сабой, здымаеш майткі, і яны металашукальнікам па 15 хвілінаў усё скануюць.

Я ўжо думаў, што яны ўрэшце рэальна штосьці знойдуць у мяне там. У гэтым ІЧУ у супрацоўнікаў з псіхікай вялікія праблемы — на калідоры былі чутныя іх істэрычныя размовы.

Мне казалі, што кіроўцу і Алесю адпусцяць, а мяне дакладна на 20 гадоў пасадзяць. Адвакат адразу да мяне трапіць не мог, а калі нарэшце прабіўся, то на сустрэчы супрацоўнік проста стаяў і глядзеў у акенца на нас — ён нават не хаваў, што ён глядзіць і слухае». 

«Так і быць, не будзем табе перакваліфікоўваць «хімію» на калонію»

Аляксей Кавалеўскі

Як распавядае Аляксей, у ІЧУ Магілёва ў яго былі толькі дзве думкі: ці расстраляюць, ці адпусцяць — але як бегчы далей?

«Ад першага варыянта я спрабаваў адыходзіць, і гэта было лёгка. Калі мне вешаюць гэты артыкул (289 КК), то даюць 20 гадоў ці расстрэльваюць — то навошта пра яго ўжо думаць? Спрабаваў думаць другую думку: чаму не атрымалася бегчы ў першы раз, што выправіць і як гэта змяніць.

Адзінае, на што я спадзяваўся, — што яны не будуць наогул так фальсіфікаваць, таму што яны не маглі прыпісаць мне тое, што я не мог здзейсніць фізічна: калі палілі рэлейныя шафы і затрымлівалі тых хлопцаў, я яшчэ сядзеў у СІЗА ў Мінску. Яны яшчэ неяк спрабуюць гуляць у законнасць, а тут зусім лухта.

Баяўся, што яны зробяць групу… Хаця яны так і зрабілі, мяркуючы па фільме, але без мяне».

Аляксей застаецца падазраваным паводле ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса. У яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні і аб нявыездзе — ужо другую.

«У апошнюю гадзіну дзесяці сутак у ІЧУ прыйшоў следчы КДБ. Як звычайна, пужае, каб я нікому нічога не казаў, нікуды не бег, а ехаў адбываць сваю «хімію». Кажа, што «так і быць, не будзем табе перакваліфікоўваць «хімію» на калонію». Але ўцёкаў ніякіх і не было: я нават да мяжы не даехаў».

Другі раз Аляксей выехаў праз афіцыйны пункт пропуску ў Расіі пасля пяцігадзіннага допыту ФСБ.

«Напэўна, гэта патрыятызм»

«Цяпер мы з жонкай не да канца разумеем, дзе і як мы будзем жыць. Ва Украіне ў нас засталася ўся гаспадарка: кот, матацыкл і іншае. Жонка марыць вярнуцца ва Украіну, але я бачу, што гэта ўсё зацягваецца.

Ці хачу я потым вярнуцца ў Беларусь? Пакуль я не разглядаю такую опцыю. Вельмі складана гэта змадэляваць. Мне больш падабалася ў Адэсе, чым у Мінску, адкідаючы нават палітычнае. Складана сказаць штосьці адназначна.

Калі б мяне хтосьці спытаў у 2019 годзе, ці буду я ўдзельнічаць у мітынгах, то я б сказаў: «Не, навошта мне глупствам займацца? Мне гэта не цікава».

Але, як паказала практыка, проста штосьці страляе ў галаве — і ты ідзеш. І я не ведаю, як гэта працуе. Хаця калі я ішоў на мітынг 9 жніўня 2020 года, то я разумеў, што будзе жорстка: будзе супраціў — будуць страляць. Я не меў ілюзій — я не першы раз гэта ўсё бачыў. Але я ўсё адно ўстаў і пайшоў. Напэўна, гэта патрыятызм».

Каментары

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня1

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня

Усе навіны →
Усе навіны

І «Масад», і Ватыкан сачылі за ПВК «Вагнер» і атачэннем Пуціна1

Трамп: «Госпад выратаваў маё жыццё не проста так!» «Гэта будзе залаты век для Амерыкі» ВІДЭА24

Расійскі алігарх па выніках выбараў у ЗША прагназуе падзенне цэн на нафту4

У цэнтры Мінска на продаж выставілі кватэру ў сталінцы, дзе квадратны метр каштуе больш за 3 тысячы даляраў2

У Расіі згарэў чарговы МАЗ

Школьнікі ў Расіі выбеглі на пляцоўку падчас матча дзеля грошай ад Mellstroy. Гамяльчук не заплаціў, а бацькоў аштрафавалі2

На Нямізе пасля рамонту адчыніўся Mak.by1

Сын сакратара Рады бяспекі Вальфовіча выконвае абавязкі камандзіра 120-й брыгады1

«Зменаў у палітыцы па Беларусі не будзе, але ёсць нюансы». Валер Кавалеўскі — пра тое, чаго чакаць ад Трампа9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня1

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня

Галоўнае
Усе навіны →