Трагічнае здарэнне адбылося яшчэ 2 ліпеня ў зоне адпачынку «Ціхая затока» ў Салігорску. Адпачывальнікі ці то выкалалі, то выціснулі вочы вартаўніку-пенсіянеру Юрыю Храловічу. Адно вока дактарам удалося «сабраць па кавалачках», і цяпер ёсць шанец аднавіць на ім частку зроку, але патрэбныя грошы, паведамляе мясцовае выданне «Шахцёр».
Пра выпадак расказала жонка пацярпелага Наталля Храловіч. Яе муж, былы будаўнік, працаваў вартаўніком у зоне адпачынку «Ціхая затока» ў лесапарку ў Салігорску.
У кіраўніцтва зоны адпачынку Юрый Храловіч характарызуецца як сумленны і выканаўчы супрацоўнік. Але ўвечары 2 ліпеня ў яго ўзнік канфлікт з адпачывальнікамі. У выніку мужчыну нанеслі цяжкія цялесныя пашкоджанні, і ён цалкам страціў зрок.
Пасля нападу Юрый Уладзіміравіч прачнуўся ад дажджу. Усвядоміў, што нічога не бачыць, а з вачэй ідзе кроў. Пачаў абмацваць мясцовасць рукамі. Зразумеў, што вакол лес, але ісці не мог.
Дапамаглі сабакі, якія ахоўвалі тэрыторыю зоны адпачынку: ён пачаў клікаць іх па мянушках, а яны брахаць. Так, арыентуючыся на брэх, ён змог дапаўзці да вартоўні. На раніцу прыехала жонка, якая не магла ўсю ноч датэлефанавацца да мужа.
Далей усё як у тумане: хуткая, складаная аперацыя працягласцю ў 6 гадзін. У аперацыйнай змагаліся за зрок пацыента, а Наталля ўвесь гэты час знаходзілася ў бальнічным калідоры, молячыся за мужа ў пакутлівым чаканні. Доктар, які рабіў аперацыю, сказаў: «Адно вока выцекла цалкам, а вось другое збіралі па кавалачках. І што гэта за каты, так паздзекаваліся з чалавека?». На сённяшні дзень на гэтыя пытанні зламыснік адкажа ў Следчым камітэце і панясе пакаранне. Аднак зрок цалкам аднавіць ужо немагчыма.
Юрый Храловіч, дазнаўшыся, што стане цалкам невідушчым, трапіў у глыбокую дэпрэсію і перастаў размаўляць з навакольнымі. Ён не хоча стаць клопатам для сваёй сям'і і быць ім цяжарам. Аднак шанец часткова аднавіць зрок на адным воку ёсць. Але дзеля гэтага патрэбная дарагая дыягностыка і рэабілітацыя. Сям'я ўжо праглядае медыцынскія цэнтры па аднаўленні зроку, але сродкаў з сямейнага бюджэту не хопіць.
Дапамагчы і падтрымаць сям'ю можна, папоўніўшы баланс карты 6711 2900 4280 6301 BELARUSBANK, тэрмін дзеяння 07/24 на імя Yuri Hralovich.
Каментары