Меркаванні1919

Ірына Халіп: Я не хачу радавацца ніякай «Вуліцы-Ежы», пакуль сядзяць тысячы палітвязняў

Карэспандэнтка расійскай «Новой газеты», былая палітзняволеная, лаўрэатка прэміі «Герой Еўропы» (2005) дагэтуль з сумам узгадвае страчаныя ў жніўні 2020 года шанцы, у інтэрв'ю Радыё Свабода расказвае, як мяняюцца людзі ў Маскве за два месяцы вайны і заяўляе, што доўгія гады рэжым Лукашэнкі трымаўся не на штыках, а на задаволенасці сярэдняга класа.

— Мы размаўляем напярэдадні гадавіны 9 жніўня, калі беларуская грамадская думка рэфлексуе аб падзеях жніўня 2020 года. Пры гэтым дыяпазон думак вагаецца ад «мы прайгралі, трэба гэта прызнаць» да «мы перамаглі, неўзабаве гэта ўсе пабачаць». У якім месцы гэтага спектру вашыя адчуванні?

— Ведаеце, адрозна ад большасці беларусаў, я ў парадыгме барацьбы з 1996 года, з таго «Чарнобыльскага шляху», пасля якога я не прапускала фактычна ніводнай масавай акцыі.

Таму, з аднаго боку, я шчаслівая, бо ў 2020-м урэшце здарылася тое, пра што мы ўсе марылі, калі выходзілі ў нулявыя-дзясятыя гады на акцыі, якія часам збіралі толькі некалькі сотняў чалавек і дзе амапаўцаў было больш, чым удзельнікаў. Гэта шчасце, што грамадства ўрэшце абудзілася, людзі адчулі сябе беларусамі і праявілі сябе як геніі салідарнасці. Для мяне найважнейшым складнікам была нават не колькасць людзей, а салідарнасць, калі беларусы збіралі грошы на штрафы, пакавалі перадачы, перадавалі ключы, каб пакарміць коціка, усе гэтыя дваровыя ініцыятывы — для мяне гэта вельмі шмат значыць.

А калі ўспамінаць лічбу людзей, якія выходзілі — вось тут мне робіцца сумна. Бо з такой колькасцю беларусаў на вуліцах разыходзіцца кожны раз… гэта сумна, гэта мяне ўзрушвае дагэтуль. Я не хачу далучацца да гэтай арміі «яжгаварылаў» — але прызнаюся: мне так шкада, што мы разыходзіліся кожны вечар (бо назаўтра на працу), мы не засталіся на Плошчы.

— Прывяду некалькі прычын такіх паводзін. Па-першае, у грамадстве панаваў страх і непрыманне Майдана, ягоных ахвяраў. Па-другое, большасць людзей сапраўды ўпершыню выйшлі на палітычную акцыю і не былі гатовыя да доўгай і цяжкай барацьбы. Ну і, па-трэцяе, не было тады вулічнага лідара, які мог павесці за сабой (многія патэнцыйныя лідары пратэстаў ужо былі за кратамі).

— Так, усё гэта слушна. Але ў 2006 годзе ўжо было намётавае мястэчка, была першая спроба не разысціся. Некалькі дзясяткаў маладых хлопцаў і дзяўчат усё зрабілі самі, стварылі нават сістэму ўласнай бяспекі. Не было сацыяльных сетак, былі звычайныя тэлефоны, але кожны дзень людзі ішлі да іх на Плошчу, неслі гарбату, цёплыя рэчы…

А тут паўмільёна на вуліцах. І ніхто не захацеў браць на сябе адказнасць, бо актыўнасць павінна была ісці адтуль, знутры. Наконт паходу на Акрэсціна — то, я думаю, тады сапраўды быў шанец вызваліць вязняў. Але адбылася загадкавая сітуацыя з нейкімі дзіўнымі валанцёрамі, якія сталі сцяной і казалі, што нельга вызваляць вязняў, бо іх будуць за гэта катаваць.

— У адказ на такія аргументы людзі скажуць, што ўлады пачалі б страляць…

— Дык вось якраз праз тры дні, ад 12 жніўня, сілавікі проста зніклі з вуліц.

— Так, і гэта галоўная таямніца, чаму пасля трох дзён забойстваў і зверстваў яны раптам зніклі. 13-га я выйшаў пасля затрымання з Акрэсціна і ўбачыў зусім іншы горад. Мінск быў захоплены народам, тысячы людзей стаялі з бел-чырвона-белымі сцягамі ўздоўж вуліц, усе сігналілі і гукалі «Жыве Беларусь!».

— Так, я нават памятаю, што тады пісала тэкст для нямецкага часопіса «Stern», 10 жніўня яго здала, а ў чацвер, 13-га, ён меў выйсці ў папяровай версіі. І мне тэлефануюць рэдактары і кажуць — «у цябе апошні абзац пра тое, што павінна рабіць Еўропа. Давай мы проста прыбяром яго. Бо мы выйдзем заўтра, а заўтра ўсё будзе скончана. Глядзі, што адбываецца, Беларусь стане вольнай краінай, і не будзе ніякіх прычынаў для такой рэакцыі і санкцыяў».

Я і сама была ўпэўненая, што хутка ўсё будзе скончана.

— У цябе сапраўды было такое перакананне?

— Вядома. А ў цябе хіба не?

— Не. Калі я пабачыў, што Майдана не будзе, што людзі не жадаюць ісці на больш актыўныя дзеянні, што яны пасля шматсоттысячнага мітынгу 16-га разышліся па дамах — я зразумеў, што так, «мы паказалі, як нас шмат», але такую ўладу гэтым не скінеш.

— У мяне была ўпэўненасць у перамозе пачынаючы ад 12 жніўня, калі сілавікі зніклі з вуліц, калі ўсё нарастала — ажно да вечара 16-га, калі ўсе сотні тысячаў разышліся. Вось тады да мяне вярнуўся песімізм.

— У тыя дні ніхто не мог уявіць, якія рэпрэсіі разгорнуцца ў 2021—22 гадах. Ці ўдаецца ўладам пераламаць найлепшыя маральныя рысы беларускага народа? Бо яны ж караюць нават не за апазіцыйнасць, яны караюць за кожную праяву сумлення, салідарнасці, прыстойнасці.

— Мне здаецца, задача рэпрэсій патапіць, заціснуць тэму палітзняволеных лічбамі. Яны хапаюць сотні і тысячы, каб за імі страчваліся рэальныя палітвязні, іхнія рэальныя трагедыі, дый наша салідарнасць. Колькі палітвязняў можа назваць звычайны чалавек і нават журналіст? Пра многіх ніхто ўжо не памятае! Калі кожны дзень ідзе няспынны паток арыштаў, то мы за новымі затрыманнямі пачынаем забываць папярэднія.

А мы не павінны забываць! Мусім рабіць нейкія высілкі над сабой, каб памятаць. Журналісты павінны размяркоўваць свой уласны працоўны час, каб кожны дзень пісаць пра палітвязняў і нагадваць пра гэта грамадству.

— Тут у значнай ступені «вінаватая» расійская вайна супраць Украіны, калі ўсе забыліся не толькі пра палітвязняў, але ўвогуле пра Беларусь. Дарэчы, ад пачатку вайны сярод тваіх расійскіх сяброў і знаёмых не было такіх, у якіх давялося расчаравацца?

— Магчыма, у мяне нейкае асаблівае кола расійскіх знаёмых — але мяне ніхто не расчараваў! Але што ў цэлым адбываецца з расійскім грамадствам… У мяне ёсць вельмі блізкая сяброўка, піярніца ў бізнэсе. Калі пачалася вайна, яна адразу выехала з Масквы, зразумела, што жыць далей у Расіі немагчыма, і праз 2 месяцы вярнулася ў Маскву «сабраць рэчы» і ўладзіць розныя пытанні.

І яна мне тэлефанавала і эмацыйна распавядала — «я не разумею, што адбылося з маімі знаёмымі, адукаванымі людзьмі, за гэтыя два месяцы». Тыя, хто 24 лютага хорам казалі, што гэта жудасна, гэта трагедыя, вайну трэба спыніць — праз 2 месяцы пачалі казаць «не ўсё так адназначна». Што адбываецца? — пыталася мая сяброўка. А адбываецца працэс інтэграцыі ў новую рэчаіснасць. Праходзіць два месяцы, людзі бачаць арышты за антываенныя выказванні, ціск, звальненні. І яны разумеюць, што трэба або ехаць, або заставацца. І калі яны застаюцца, то інтэгруюцца ў новую рэальнасць і пераконваюць сябе, што «ўсё не так адназначна».

Калі я была ў Маскве за два тыдні да вайны, мае крыніцы апавядалі, што Крэмль самым розным службам замовіў апытанне на тэму стаўлення да магчымага нападу на Украіну. І народ расійскі адназначна сказаў «не». Але калі пачынаецца вайна, народ становіцца на бок улады, бо па-іншаму небяспечна.

— У 1991-м многім здавалася, што наступіў «канец гісторыі», што цяпер усім нацыям толькі адна дарога — да ліберальнай дэмакратыі, што войны скончыліся. Але цяпер ядзерныя дзяржавы, Расія, Кітай толькі ўзмацняюць свае аўтарытарныя (як мінімум) рэжымы, дэмакратыі ва ўсім свеце стала менш, чым было 20 гадоў таму. Як з гэтага гледзішча выглядаюць перспектывы Беларусі?

— У нас былі шанцы ня толькі ў 2020 годзе, а ў 1996-м, напрыклад. І мне невыносна шкада тых, хто ўсе гэтыя гады ахвяраваў уласнай кар’ерай, фактычна аддаваў найлепшыя гады дзеля змагання за свабоду. А многія з тых, хто ўпершыню выйшаў у 2020 годзе, раней лічылі апазыцыянераў нейкімі гарадскімі вар’ятамі, як Ніну Багінскую. Хіба гэта нармальны чэл? Замест Зыбіцкай ён ідзе на акцыю, дзе яго саджаюць на 15 сутак.

Ведаеш, я скажу такую непапулярную рэч, за якую мяне могуць асуджаць. Я заўсёды лічыла, і пасля 2020-га яшчэ больш пераканалася ў тым, што калі Лукашэнка дагэтуль утрымлівае ўладу, то гадамі гэтая ўлада (да 2020 года) трымалася не на штыках, КДБ і сілавіках, а на «Вуліцы-Ежы», «Джазе каля Ратушы», «арт-прасторах», фестывалях, на ўсім гэтым сярэднім класе, якому ўсё было нармальна. Мо і не ўсё ідэальна, але віза шэнгенская ёсць, фестывалі ёсць — еўрапейская краіна!

І давай будзем шчырыя — беларуская незалежная прэса таксама рабіла ўсё магчымае, каб ствараць гэтую карцінку нармальнай краіны.

— Можа, не ўсе людзі могуць або хочуць быць максімалістамі…

— Але гэта не максімалізм, гэта норма. Гэта гігіена. Нельга лічыць, што ў краіне ўсё нармальна, калі ў ёй ёсць хоць адзін палітвязень.

Так, мяне абвінавачвалі ў радыкалізме нават заходнія амбасадары. Яны казалі, што «трэба ўлічваць станоўчыя працэсы», шукалі нешта добрае ў Лукашэнку, і — «нельга ж быць такой радыкальнай».

Але я не хачу радавацца ніякай «Вуліцы-Ежы», пакуль сядзяць тысячы палітвязняў, пакуль кожны дзень для многіх беларусаў пачынаецца з таго, што ў 6 раніцы ГУБАЗіК ломіць дзверы ў іхнія кватэры. Я лічу, што цяпер гэта ўжо не дыктатура, гэта вайна, якую вядзе ўлада супраць свайго народа. І калі мы на вайне, то, выбачайце, вы выбіраеце бок зла або бок дабра.

Каментары19

  • Satan
    08.08.2022
    Побывав на подобных мероприятиях в Чехии... где играет музыка и дымятся котлы на дровах с гуляшом на выбор из оленины, свинины, говядины... Да, я тоже не хочу Вулицы-Ежы и их бургеров.
  • Satan
    08.08.2022
    Абы пажраць, ой украинский народ там тоже не мёдом мазан. Да, есть герои, которые самоотверженно воюют за родину. Но есть еще тысячи украинцев, которые сдают позиции своих военных врагу за 100 баксов. А еще тысячи делают бабки на нищих беженцах, продают гуманитарку, загоняют за бабки броники и каски, деньги на которые собирали волонтеры, дают взятки таможенникам, чтобы свалить от призыва... и т.д., и т.п. Желаю победы Украине в этой войне, безусловно. Но молиться на украинский народ, простите, не стану.
  • Абы пажраць
    08.08.2022
    Satan, гэта адзiнкi такiх паршывых авец, iх адлоўлiваюць адразу, а так усе дапамагаюць адзiн аднаму, дапамагаюць армii, мне нават страшна ўявiць, што было бы тут калi б тут вайна - наша хата скраю

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →