Наколькі рэальна сфармаваць беларускае войска на тэрыторыі іншай дзяржавы?
Такое пытанне ўзнікае пасля стварэння Святланай Ціханоўскай Пераходнага кабінета, у складзе якога цяпер ёсць «міністр абароны». «Наша Ніва» звярнулася да гісторыка, юрысткі і палітолага, якія прывялі прыклады, калі нацыянальныя арміі ствараліся за межамі краіны, і расказалі, што пра гэта гаворыць міжнароднае права і да чаго можа прывесці ўзброеная барацьба з рэжымам.
«Адзіныя магчымасці ў гэтым кірунку — праца па разбудове беларускіх фармаванняў у складзе ўкраінскай арміі»
Гісторык Алесь Пашкевіч кажа, што ўвогуле спрыянне той ці іншай дзяржавы стварэнню вайсковых фармаванняў іншай дзяржавы ці народа на сваёй тэрыторыі цалкам ці часткова за свае сродкі ў гісторыі час ад часу здараецца.
Напрыклад, толькі ў ХХ стагоддзі можна згадаць ажно некалькі выпадкаў з нашымі суседзямі-палякамі.
«Прытым гэтыя прыклады дастаткова адрозныя і па абставінах, і па выніках.
Польскія Легіёны, якія звычайна асацыююцца з імем Юзафа Пілсудскага, былі створаныя ў 1914 годзе ў складзе войска Аўстра-Венгерскай імперыі (частка этнічна польскіх земляў з цэнтрам у Кракаве тады ўваходзіла ў гэту дзяржаву). Гэтыя фармаванні ўсю Першую сусветную вайну ваявалі ў складзе аўстрыйскай арміі супраць Расіі. А частка легіянераў ужо ў 1918 годзе адышла ад аўстрыйцаў, перабралася ў Заходнюю Еўропу і там арганізавала вайсковыя фармаванні, які нейкі час змагаліся пры падтрымцы Францыі на заходнім фронце супраць немцаў.
У той жа час і ў Расійскай імперыі ў складзе расійскай арміі як пэўную супрацьвагу стварылі польскія фармаванні, якія ваявалі разам з рускімі супраць немцаў і аўстрыйцаў.
Усе гэтыя фармаванні, калі ў выніку распаду імперый у 1918 годзе стала магчыма змагацца непасрэдна за польскую дзяржаву і яе межы, сталі асновай для польскага войска, якое ў 1919—1921 гадах стала сур’ёзным чыннікам, які вельмі спрычыніўся да вырашэння лёсу ўсяго рэгіёна», — кажа ён.
Калі напачатку Другой сусветнай вайны Польшчу зноў падзялілі, патэнцыял нацыянальнага супраціву таксама паспрабавалі выкарыстаць у антыгітлераўскай кааліцыі, прытым на двух яе баках — у заходнім свеце (перадусім Вялікабрытаніі) і ў СССР.
«Першая звалася Армія Андэрса (па прозвішчы генерала-стваральніка), другая — 1-я армія Войска Польскага.
Асновай у абодвух выпадках сталі былыя вайскоўцы і проста польскія грамадзяне, якія ў 1939—1941 гадах былі перамешчаныя — як правіла, прымусова, — на тэрыторыю СССР.
Арміяй Андэрса апекаваўся польскі эміграцыйны ўрад з сядзібай у Лондане, 1-й арміяй Войска Польскага — падкантрольны Крамлю «Саюз польскіх патрыётаў».
Армія Андэрса, бадай, найбольш блізкая паводле сваёй сутнасці да таго, пра што цяпер мрояць беларускія патрыёты. Польскі эміграцыйны ўрад ствараў яе, вядома, не для таго, каб атрымліваць перамогі пад Монтэ-Касіна ў Італіі ці дзе яшчэ ў месцах, далёкіх ад радзімы.
Паводле задумы гэтая армія павінна была б ваяваць у Польшчы і за Польшчу. Але рэалізацыя такіх задум моцна залежала ад міжнароднай сітуацыі», — расказвае гісторык.
Рэалізаваць іх было б магчыма толькі ў тым выпадку, калі б напрыканцы Другой сусветнай вайны ўзброенае змаганне за Польшчу вырашылі весці з СССР заходнія саюзнікі.
«Чаго, як вядома, не адбылося
— Чэрчыль і Рузвельт падзялілі са Сталіным Цэнтральную і Усходнюю Еўропу у агульных рысах яшчэ на канферэнцыі ў Ялце ў лютым 1945 года, — тлумачыць Алесь Пашкевіч. — Лёс Польшчы, такім чынам быў вырашаны без палякаў.
Удзельнікі арміі пакрыўджаныя не былі, але пазмагацца непасрэдна за радзіму суджана не было — геапалітыка пераважыла.
Прасавецкая 1-я армія Войска Польскага пазмагалася і на тэрыторыі Польшчы, яна прыняла непасрэдны ўдзел у вызваленні яе тэрыторыі ад нямецкіх войскаў. Але не самастойна, а разам з Чырвонай арміяй. Прытым асноўную частку, канешне, зрабіла апошняя, польскія фармаванні мелі характар больш дапаможна-сімвалічны».
Гістарычны вопыт сведчыць, што калі ўжо нейкая нацыянальная армія ствараецца за межамі бацькаўшчыны і пры рознага кшталту падтрымцы іншых краін, то перадусім гэтыя краіны маюць на ўвазе свае ўласныя інтарэсы.
«Таму ніколі такая армія не ствараецца проста для таго, каб яна была, стаяла ў запасе і чакала нейкага свайго часу. Якога можа і не дачакацца. Нейкія нацыянальныя фармаванні стварае краіна, якая ці ўжо ваюе, ці збіраецца найбліжэйшым часам ваяваць. І гэтыя фармаванні адпаведна ці ўваходзяць непасрэдна ў склад войска краіны-фундатаркі, ці, захоўваючы нейкую аўтаномію, цесна з ім звязаныя. Пакуль прыйдзе час ваяваць за сваё, яны разам з фундатарамі спярша ваююць за «чужое», а за сваё — толькі калі складзецца спрыяльная для таго міжнародная сітуацыя.
Для Легіёнаў Пілсудскага яна ўрэшце склалася цалкам, для 1-й арміі Войска Польскага — часткова, а для арміі Андэрса — не склалася зусім», — кажа гісторык.
Калі спрабаваць перакладаць гэты вопыт на нашы цяперашнія рэаліі, то можна сказаць, што адзіная краіна, якая ў гэты час рэальна ваюе і не мае магчымасці не ваяваць — Украіна. Адпаведна толькі яна і зацікаўленая ў спрыянні беларускай вайсковай справе.
«Краіны ж НАТА, у тым ліку і нашы найбліжэйшыя суседкі, прыязныя беларускай справе, пакуль не ваююць і ўсімі сіламі намагаюцца пазбегнуць непасрэднага ўключэння ў вайну. Таму і ствараць беларускія фармаванні яны на сваёй тэрыторыі і за свае грошы не будуць, прынамсі адкрыта. І адзіныя магчымасці для беларусаў у гэтым кірунку — праца па разбудове беларускіх фармаванняў у складзе ўкраінскай арміі, каб гэты патэнцыял на перспектыву проста мець. А ці складзецца спрыяльная палітычная сітуацыя, каб яго скарыстаць — гэта ніхто загадзя не можа прадбачыць, бо залежыць ад вялікага мноства зменлівых фактараў», — робіць выснову гісторык.
Стварыць з нуля сучасную баяздольную армію каштуе вельмі дорага.
«Хоць бы па тых сумах, якія выдзяляюцца рознымі заходнімі краінамі на падтрымку Украіны, можна меркаваць: лік ідзе па-любому на дзясяткі мільярдаў. Зброя, абмундзіраванне і іншы рыштунак, сучасная тэхніка і боепрыпасы — усё вельмі дарагое.
Плюс пры гэтым яўна востра мусяць паўстаць і кадравыя праблемы. Калі тыя ж палякі, асабліва падчас Другой сусветнай вайны, маглі абапірацца на сілавікоў, якія засталіся ў спадчыну ад разгромленай польскай дзяржавы, то нашыя сілавікі ў асноўным засталіся верныя Лукашэнку. Новых спецыялістаў, нават калі і дапусціць, што сярод беларускіх эмігрантаў шмат людзей з вайсковымі талентамі, трэба адмыслова навучаць — гэта таксама і вялікія грошы, і даволі працяглы час», — падсумоўвае ён.
«Важна зразумець адну рэч: вы не можаце стварыць такую сітуацыю, калі вы па-за прававым полем»
Кандыдатка юрыдычных навук, дацэнт, экспертка Беларускага Хельсінскага Камітэта Кацярына Дэйкала ўпэўнена, што магчымасць падрыхтаваць нейкае войска для сілавых дзеянняў у адной дзяржаве на тэрыторыі іншай сумнеўная з пункту гледжання міжнароднага права.
«Адна рэч, калі беларусы едуць ваяваць ва Украіну, як законныя камбатанты ў бягучым узброеным канфлікце. Яны становяцца часткай УСУ або нават калі застаюцца добраахвотнікамі, іх удзел у гэтым канфлікце дазволены і міжнародным гуманітарным правам, і ўнутраным заканадаўствам Украіны (у пачатку вайны Уладзімір Зяленскі выдаў адпаведы ўказ). Яны трэніруюцца зразумела для чаго, Украіна трэніруе кадры для сваёй вайны.
Іншая рэч, калі беларусы на тэрыторыі Украіны раптам пачынаюць ствараць нейкае фармаванне (пра войска складана мне зразумець, як можна казаць), якое рыхтуецца да сілавых дзеянняў у іншай краіне.
Гэта будзе азначаць адно — Украіна садзейнічае падрыхтоўцы сілавых дзеянняў супраць іншай дзяржавы. А калі ў гэтай падрыхтоўцы будуць удзельнічаць украінскія вайскоўцы, то не проста садзейнічае, а сама таксама прымае ў гэтым удзел. Зусім не важна, што гэта робіцца дзеля «святой мэты» — звяржэння рэжыму нелегітымнага Лукашэнкі», — тлумачыць яна.
Калі іншая дзяржава пачынае ўдзельнічаць у звяржэнні іншых рэжымаў, рыхтуючы на сваёй тэрыторыі для гэтага войска, — гэта парушэнні прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы і яшчэ шэрагу нормаў.
«У сувязі з гэтым можна згадаць, што аўтары і ідэйныя натхняльнікі гэтай ідэі казалі пра тое, што ім дасць легітымнасць Святланы Ціханоўскай. Ім, у вачах пратэснай аўдыторыі, можа быць, хаця таксама спрэчна, але ніяк не дзеянням Украіны ў кантэксце міжнароднага права.
Акрамя гэтага, тыя, хто ваяваў у складзе УСУ або як добраахвотнік, калі скончыцца вайна, павінны быць раззброеныя Украінай. Калі гэтага не будзе зроблена і Украіна дазволіць ім з гэтай зброяй кудысьці ехаць далей, то гэта таксама будзе расцэньвацца як мінімум як нядобрасумленныя паводзіны. Парушэнне прынцыпу due diligence.
Наогул важна зразумець адну рэч: вы не можаце стварыць такую сітуацыю, калі вы па-за прававым полем. Той факт, што мы пратэстуем супраць неправамерных дзеянняў, ніякім чынам не развязвае рукі на любыя дзеянні. І тым больш не робіць удзел у гэтым трэціх дзяржаў (удзел сваёй тэрыторыяй, кадрамі, зброяй) легальным. Менавіта таму «цвярозыя» дзяржавы наўрад ці на гэта пагодзяцца», — упэўнена Кацярына Дэйкала.
«Свабодная армія Сірыі не прыспешыла падзення рэжыму, а справакавала грамадзянскую вайну»
Палітолаг Пётра Рудкоўскі ставіцца да ідэі стварэння беларускай арміі неадназначна.
«Першая асацыяцыя, якая тут узнікае — «Свабодная армія Сірыі», якая была сфармавана ў ліпені 2011 года ў Турцыі на фоне расчаравання «занадта мірным» характарам пратэстаў супраць рэжыму Башара Аль-Асада. Свабодная армія Сірыі не прыспешыла падзення рэжыму, а справакавала грамадзянскую вайну.
Адразу агаваруся, што не сцвярджаю, што наступствы стварэння альтэрнатыўнага беларускага войска абавязкова будуць такімі ж самымі. Я не паспеў яшчэ грунтоўна пазнаёміцца з мэтай і канцэпцыяй гэтага войска. Магчыма, яна кардынальна будзе адрознівацца ад «Свабоднай арміі Сірыі».
Але хацеў бы падкрэсліць, што, плануючы шлях да Новай Беларусі, трэба пралічваць рызыкі і кошты. Узброеная барацьба з рэжымам не павышае шанцаў на поспех, затое ў разы павышае імавернасць горшых наступстваў — грамадзянскай вайны або акупацыі з боку Расіі», — лічыць палітолаг.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары