Урсула фон дэр Ляен: «Столь цэнаў» на расійскую нафту будзе ў восьмым пакеце санкцый
Еўрасаюз абвясціў пра падрыхтоўку восьмага пакета санкцый супраць Расіі. Пра гэта сёння заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Паводле фон дэр Ляен, пакет будзе ўключаць наступныя санкцыі:
- новыя забароны на імпарт расійскай прадукцыі, што пазбавіць расійскую эканоміку даходаў у 7 мільярдаў еўра;
- будзе ўведзена «столь цэнаў» на расійскую нафту;
- супраць асоб, якія будуць абыходзіць санкцыі, будуць таксама ўводзіцца санкцыі;
- еўрапейцам забароняць узначальваць расійскія кампаніі
- павялічыцца спіс забароненых да пастаўкі ў РФ тавараў у сферы авія— і электронных кампанентаў, хімічных рэчываў.
Столь цэнаў на расійскую нафту — гэта раней не апрабаваная мера, распрацаваная ЗША пасля пачатку вайны. У тэорыі яна ператворыць вядучыя індустрыяльныя краіны Захаду ў картэль пакупнікоў, які навязвае Расіі максімальную цану, якую яны гатовыя плаціць за яе нафту. Цану прапануецца ўсталяваць прыкметна ніжэйшую за бягучую рынкавую, але вышэйшую за сабекошт здабычы ў Расіі, з тым каб захаваць пастаўкі паліва на сусветны рынак, але пры гэтым прыкметна знізіць прыток нафтадаляраў у расійскі бюджэт. На практыцы поспех гэтай схемы залежыць ад колькасці краін, якія далучыліся да яе; акрамя таго, незразумела, наколькі эфектыўна гэтая мера будзе выконвацца. Але спрабаваць варта, і з выказванняў фон дэр Ляен можна зразумець, што яна ўжо ў прынцыпе ўзгодненая.
Новыя санкцыі збіраюцца ўвесці ў сувязі з так званымі «рэферэндумамі», якія Расія правяла на акупаваных тэрыторыях Украіны. Кіраўніца Еўракамісіі назвала іх сфальсікаванымі і паведаміла, што гэта спробы незаконным чынам адхапіць землі Украіны.
Санкцыі ж, паводле яе, «куслівыя», фон дэр Ляен падкрэсліла: «Мы поўныя рашучасці прымусіць Крэмль заплаціць за гэтую далейшую эскалацыю».
Каментары