Вайна

«Танцуе і бегае на пратэзе ў 74 гады». Жыццясцвярджальная гісторыя жанчыны, якая страціла нагу падчас расійскіх абстрэлаў

Любоў Прачухан з сяла Анісаў на Чарнігаўшчыне ў сакавіку пайшла даіць кароў. У той дзень расійскі самалёт скінуў на ферму некалькі бомбаў. Жанчына атрымала раненні і страціла частку нагі. Але дзякуючы валанцёрам з Кіева яна трапіла на пратэзаванне і рэабілітацыю ў Аўстрыі, дзе на практыцы даказала, што галоўнае ў жыцці — не траціць жыццялюбства і аптымізму, пішуць «Суспільне новини».

Пазітыўная і заўсёды ўсмешлівая: за гэта Любоў Міронаўну палюбілі аўстрыйскія лекары і ставілі яе ў прыклад іншым украінцам, якія страцілі канечнасці.

Любоў Міронаўна. Фота: suspilne.media

Жанчына атрымала раненне 21 сакавіка. Тады расіяне скінулі на ферму чатыры авіябомбы. Яна ў той дзень упершыню прыйшла дапамагаць даіць кароў, бо некалькі мясцовых даярак разам з сем'ямі выехалі з вёскі. Тады атрымалася надаіць 100 літраў, гэта малако бясплатна раздавалі мясцовым, з яго ж жанчыны рыхтавалі сыр для вайскоўцаў.

Разбураная ферма. Фота: suspilne.media

Жанчына ўжо села на ровар і пачала ад'язджаць ад кароўніка, як пачуўся выбух.

«Я не памятаю нічога, толькі шум, і з хлява чорны дым паваліў. Яно трапіла ў хлеў і сюды хваляй выбіла. Я ўпала, потым думаю, ага, казалі, трэба каціцца, а потым думаю, куды ж каціцца, сцяны ж няма. Я адразу сябе праверыла, дзе што ў мяне не так, нага, чую, што не слухаецца».

Любоў Міронаўна. Фота: suspilne.media

Ад асколачных раненняў загінулі амаль восем дзясяткаў малых цялят, 60 з іх нованароджаных, і больш за чатыры дзясяткі кароў.

Загінулыя жывёлы. Фота: suspilne.media

Хуткая дапамога забрала жанчыну ў найбліжэйшую бальніцу, у Кулікоўку. «Там я праляжала 10-11 дзён, а потым заходзіць малады, прыгожы хлопец барадаценькі такі: «Я — Славік», кажу, ну і добра, што ты Слаўка», — распавяла Любоў Міронаўна.

Кіяўлянін Вячаслаў Запарожац аказаўся кіраўніком фонду «Цэнтр выратавання жыцця». Ён працуе з вайсковымі і цывільнымі параненымі. У сакавіку і красавіку ён разам з іншымі валанцёрамі вывозіў цяжкапараненых з Чарнігава і вобласці.

«У адзін з дзён я зайшоў у бальніцу, у нас было месца вольнае ў хуткай. Кажу, у вас ёсць параненыя? І лекар кажа, ёсць бабуля, але яна добра сябе адчувае. Я падышоў, гляджу. Што не вельмі добра ў яе ўсё з ножкай. А ён мне кажа, не трэба везці ў Кіеў, яна праз тыдзень будзе скакаць. Не, кажу, сябра, я яе забіраю», — сказаў валанцёр Вячаслаў Запарожац.

Вячаслаў Запарожац. Фота: suspilne.media

Жанчыну транспартавалі ў Кіеў. «Там адразу зрабілі МРТ, прыйшоў траўматолаг і кажа, што там ужо гангрэна. Заўсёды так пры асколачных раненнях канечнасцяў».

Любоў Міронаўна ў бальніцы. Фота: suspilne.media

«Увечары прыходзіць прафесар, паказвае мне на мабілцы, вось такая рана і я бачу, што нітачкі тырчаць, сухажыллі. Кажа, трэба выдаляць. Ну, трэба дык трэба. Яны 7 чысла ўзялі. А я такая цікаўная, яны задралі мне нагу і апрацоўваюць, а я гляджу, што вы робіце. Яны тады раз — фіранку закрылі. Кажу, што закрылі, каб я не падглядала? Тут мяне аперуюць, побач на адным стале іншых аперуюць, наглядзелася — гэта жахі.

— Гэта значыць, вы былі ў свядомасці? — У свядомасці, нават чула, як нажоўкай мне костку пілавалі. Чую чыгірк-чыгірк, думаю пілкай піляць, Піль-Піль. Думаю, у людзей горш, а ў цябе толькі трохі нагі няма, глупства», — кажа Любоў Міронаўна.

З тых часоў жанчына не раз дэманстравала сваю мужнасць, цягавітасць і зараджала ўсіх вакол сваім аптымізмам. На пратэзаванне і наступную рэабілітацыю ў жніўні Вячаслаў адправіў жанчыну ў Аўстрыю. Там яна правяла месяц, вучачыся хадзіць на пратэзе.

«Была зарадка, трэба было перакочвацца праз галаву, з пратэзам, яны вучылі як падаць. Я кажу, я вось у 74 гады і мне праз галаву куляцца? Ён кажа: «Так, так». Трэба, значыць трэба. У баскетбол, у кошык мяч кідаць. Ён мне падае мяч, я дзесяць разоў бах, наце вам. Хада а 10-й гадзіне, спорт а 11-й, а 12-й абед, потым а 13-й яшчэ што-небудзь, а 15-й масаж рабілі. Яшчэ быў басейн, так у мяне купальніка не было, у басейн не хадзіла», — распавядае жанчына.

Любоў Міронаўна. Фота: suspilne.media

У дзень выпіскі Любоў Міронаўна станцавала на пратэзе для аўстрыйскіх лекараў.

Танец у дзень выпіскі. Фота: suspilne.media

«Яна сынок мяне называе, кажа: «Сынку, я так радая, што мне канечнасць адрэзалі: я пабыла ў Вене. Мне рабілі масаж, прычоску. Гэта заслугоўвае ўвагі і павагі. Я паказваю яе прыклад усім хлопцам. Многія губляюць канечнасці, яны вельмі сумныя, дэпрэсія. ПТСР, я заўсёды паказваю бабулю», — распавёў Вячаслаў Запарожац.

Вячаслаў Запарожац з Любоўю Міронаўнай. Фота: suspilne.media

Паводле яго слоў, праз год Любоў Міронаўну чакае змена пратэза на больш функцыянальны. Цяпер бабуля марыць, каб да вясны Украіна атрымала перамогу ў вайне. Бо тады яна зможа спакойна саджаць агарод.

Каментары

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Сапраўдны палац за 90 рублёў. У Беларусі шукаюць гаспадара для пабудовы 1751 года6

Гэтай ноччу тэмпература не апускалася ніжэй за 10 градусаў

Францыя і Канада адкрылі консульствы ў Грэнландыі

Адстаўны падпалкоўнік міліцыі адсудзіў кватэру ў сваёй дачкі. Гучная сямейная гісторыя з Брэста14

Галоўнага судмедэксперта Мазыра асудзілі па справе Гаюна7

Дзяржаўныя СМІ паведамілі пра аднаўленне чыгуначнага злучэння з Польшчай. Ці праўда?11

«Ён яшчэ сваё слова скажа». Ціханоўская — пра Ціханоўскага11

«Нешта можа здарыцца»: Трамп зрабіў новую заяву наконт мірных перамоў аб Украіне1

На Алімпіядзе ізалявалі жаночую зборную па хакеі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль7

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць