Аляксандр, 35 гадоў, вышэйшая адукацыя. Навуковец склаў партрэт беларускага «экстрэміста» — высновы ўражваюць
Рэжым Лукашэнкі паставіў на паток прызнанне асуджаных за палітыку «экстрэмістамі». Іх колькасць ўжо перавысіла 1700 чалавек. Навуковец Сяргей Бесараб стварыў партрэт «экстрэміста-беларуса» і вывеў характэрныя асаблівасці з'явы.
«Экстрэмістаў» у Беларусі больш, чым насельніцтва Дзісны
Сяргей Бесараб прааналізаваў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, які складае Міністэрства ўнутраных спраў.
Ён браў даныя па стане на 4 лістапада — тады ў спісе было 1714 чалавек (з іх мужчын — 1377, жанчын — 337). З таго часу спіс павялічыўся яшчэ на 70 чалавек.
Гэта больш, чым жыве ў Дзісне — самым маленькім беларускім горадзе (яго насельніцтва — 1455 чалавек).
Узрост большасці «экстрэмістаў» — ад 31 да 37 гадоў.
«Гэта самая эканамічна актыўная і фінансава здольная катэгорыя насельніцтва. Найлепшая ўзроставая катэгорыя для любой краіны з пункту гледжання цывілізацыйнай ацэнкі. У Беларусі ж яны альбо ўтрымліваюцца ў турме, альбо вымушаныя былі выехаць з краіны», — адзначае Сяргей.
Наймалодшы «экстрэміст» — хлопец 17 гадоў. Самая ўзроставая «экстрэмістка» — 82-гадовая жанчына.
Сярэднестатыстычны «экстрэміст» — мужчына, якога завуць Аляксандр Аляксандравіч. Можа быць Сяргеем Уладзіміравічам ці Андрэем Сяргеевічам.
«Экстрэмісткай» можа быць Таццяна Уладзіміраўна. Таксама яе могуць зваць Наталляй, Вольгай Аляксандраўнай або Кацярынай Мікалаеўнай.
«Сан Саныч ды Таццяна Уладзіміраўна ўзнялі Беларусь», — заўважае ён, гаворачы пра вынікі свайго даследавання.
41% асуджаных абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 КК). 29% «абразілі прадстаўніка ўлады» альбо «дыскрэдытавалі дзяржаву» (артыкулы 369, 396-1 КК), а 8% «абразілі прэзідэнта» (артыкул 368 КК). Па словах даследчыка, шмат у каго з асуджаных некалькі абвінавачанняў.
Анклавы нелаяльных беларусаў
«У мяне ўзнікла гіпотэза, што беларускі экстрэмізм — не анамалія, а хутчэй этнагеаграфічная адметнасць, — разважае навуковец. — Ён вельмі раўнамерна распаўсюджаны, не мае тэрытарыяльнай, урбаністычнай прывязкі».
Сяргей стварыў этнагеаграфічную карту беларускага экстрэмізму, звёў у дыяграмы выбаркі яго характэрных асаблівасцяў ды разлічыў колькі «экстрэмістаў» прыпадае на адну тысячу чалавек.
«У сярэднестатыстычным горадзе, населеным «экстрэмістамі», ад 10 да 50 тысяч чалавек. Гэта сярэдні раённы цэнтр. У ім ёсць чыгунка і прамысловыя прадпрыемствы», — даводзіць Сяргей.
Па яго словах, на карце шчыльнасць «экстрэмістаў» захоўваецца па лініі «з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход па чыгунцы, а затым з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад таксама па чыгунцы».
Безумоўны лідар — Жлобін з 76 тысячамі насельніцтва. Тут на 1 «экстрэміста» прыпадае 887 чалавек.
Другі радок у топе мае Краснапольскі раён, дзе жыве 6,5 тысячы чалавек. Тут на 1 «экстрэміста» прыходзіцца 1276 чалавек. На трэцім месцы 18-тысячныя Пружаны: 1 «экстрэміст» на 1574 чалавекі.
Максімальная шчыльнасць «экстрэмістаў» у невялікіх гарадах Гродзенскай вобласці.
Паводле Сяргея, іх канцэнтрацыя добра кладзецца на тэрыторыю Вейшнорыі, віртуальнай дзяржавы, якую прыдумалі як элемент легенды для сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2017».
«Нельга сказаць, што ўсход Беларусі радыкальна адрозніваецца ад захаду. Насамрэч гэта гульні з невялікімі лічбамі. Розніца ў 500 чалавек», — адзначае Сяргей.
У Гродне на аднаго экстрэміста прыпадае 3,5 тысячы чалавек. У Мінску — 3,96 тысячы. У Оршы — 5 тысяч на аднаго «экстрэміста». У Вілейцы — 5,4 тысячы, у Віцебску — 7,5 тысячы, а ў Магілёве — 7,65 тысячы.
«Сухія лічбы выклікаюць большую роспач, чым слязлівы артыкул»
Сяргей Бесараб вынікі даследавання апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Па яго словах, рэакцыя наведвальнікаў чаканая. Нехта пачаў ганарыцца сваім «экстрэмісцкім анклавам», а ў адным з каментарыяў яму напісалі, што ён паспяшаўся са сваім даследаваннем, бо крыху пазней на такія тэмы будуць пісаць дысертацыі.
«Я не збіраюся чагосьці чакаць, скажам, да 2025 года, таму пачаў аналізаваць цяпер, — кажа навуковец. — Вядома ж, гэтыя даныя застануцца, а людзі будуць аналізаваць і знаходзіць новыя заканамернасці, зыходзячы з новых даных, якія адкрыюцца».
У журналістаў лічыцца добрым тонам, дадае ён, даваць іншаму боку права на рэпліку, але «пакуль з таго боку ніякіх рэплік не было».
«Я ж нікога не абразіў. Гэта проста лічбы, проста матэматыка. Нічога асабістага. З таго боку ніхто не напісаў. Хутчэй за ўсё ім спадабалася», — заўважае з іроніяй Сяргей.
Ён кажа, што навука каштоўнасна нейтральная, таму спецыяльна не стаў каментаваць сваё даследаванне.
«Насамрэч, гэтыя сухія лічбы, ніяк не афарбаваныя, выклікаюць большую роспач, чым слязлівы артыкул ці малюнак», — лічыць Сяргей.
Ён прызнаецца, што да таго, як пачаў выводзіць даныя ў дыяграмы, яго душылі слёзы. У спісе шмат родных адно аднаму людзей — гэта бачна па прозвішчах, імёнах па бацьку. Багата мужоў і жонак.
«Ва ўдумлівага беларуса, калі ён будзе гартаць гэты спіс, будуць такія ж эмоцыі, як у мяне. Людзі жывуць у невялікіх пасёлках, вёсках, і тры-чатыры «экстрэмісты» з адным прозвішчам у іх. Яны могуць быць з адной сям’і, аднаго роду», — заўважае Сяргей.
«Мне гэта нагадвае чалавека, які шукае родных, зніклых у Асвенціме, — дзеліцца суразмоўца. — Ён гартае спіс і бачыць трагедыі і смерці. Дзякуй богу, што ў спісе людзі жывыя. Але ёсць адзін чалавек, які памёр».
Сяргей прызнаецца, што не можа праглядаць відэа, здымкі, слухаць музыку з пратэстаў 2020 года. Пазбягае глядзець інтэрвʼю журналісткі Дар’і Чульцовай, якую два гады ўтрымлівалі ў няволі.
«Не магу бачыць яе вочы. У іх згвалтаваная Беларусь», — тлумачыць ён.
Пра Сяргея Бесараба
Сяргею Бесарабу 38 гадоў. Ён навуковец у галіне калоіднай хіміі, папулярызатар навукі, тэхналагічны аўтар. Стваральнік Telegram-канала LAB-66, прысвечанага радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай бяспецы, грамадзянскай абароне. Ён захоплены радыёаматарствам ды спартовым турызмам.
2020 год стаў для яго пераломным. Пасля таго, як ён сваім даследаваннем даказаў нікчэмнасць выстаўленага абвінавачвання актывісту пратэсту Сцяпану Латыпаву ў спробе атруціць супрацоўнікаў міліцыі і падпісаў ліст навукоўцаў супраць гвалту, яго пазбавілі доступу да лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, а затым звольнілі.
Браць на працу Сяргея ніхто не хацеў. Пасля інтэрвʼю аб міністру адукацыі Андрэю Іванцу яму сталі пагражаць. Вымушаны быў зʼехаць з Беларусі.
Каментары