Эканоміка

На «Беларуськаліі» праблемы з абсталяваннем праз санкцыі

Як стала вядома «Нашай Ніве», даўні партнёр «Беларуськалія», нямецкая кампанія Eickhoff, не выконвае працы па гарантыйным абслугоўванні горна-тэхнічнага абсталявання. Згорнутая дзейнасць прадстаўніцтва замежнага прадпрыемства. 

Праца шахцёра ў лаве. Фота: kurjer.info

Былы працаўнік «Беларуськалія» і сябра незалежнага прафсаюза гарнякоў расказаў «Нашай Ніве», што «АйкхофБел» згарнуў дзейнасць са снежня 2021 года, пасля таго як набылі моц амерыканскія санкцыі супраць «Беларуськалія» і Беларускай калійнай кампаніі. Паводле яго крыніцаў на прадпрыемстве, Eickhoff больш не супрацоўнічае з «Беларуськаліем». 

Юрыдычна беларускае прадстаўніцтва Eickhoff застаецца дзейным. Зарэгістраванае яно было ў 2008 годзе. На сайце Eickhoff у раздзеле аб міжнародным супрацоўніцтве кампаніі не пазначана, што яе офіс існуе ў Беларусі.

Карта прадстаўніцтваў кампаніі Eickhoff. У Беларусі прадстаўніцтва няма. Фота: eickhoff-bochum.de

Eickhoff і беларускі пратэст 2020 года

Сямейная кампанія Eickhoff вырабляе абсталяванне для горназдабыўной вытворчасці. Галаўны офіс месціцца ў Бохуме. Кампанія мае прадстаўніцтвы ў Польшчы, Аўстраліі, Паўднёвай Афрыцы, Кітаі і ў самой Германіі. Да вайны 2022-га былі два прадстаўніцтвы ў Расіі — у Маскве і Кемераўскай вобласці. Цяпер яны на сайце кампаніі не згадваюцца, але ў раздзеле «абслугоўванне» на карце пазначаныя, гэтак жа, як і Беларусь. 

Такія машыны прадавала «Беларуськалію» кампанія Eickhoff. Фота: news-front.info 

У 2020 годзе Eickhoff праігнаравала заклікі нямецкіх прафсаюзаў праявіць салідарнасць з удзельнікамі страйку на «Беларуськаліі», якія трапілі пад пераслед.

«Eickhoff ажыццяўляе пастаўкі на «Беларуськалій» з 1975 года незалежна ад палітычнай сітуацыі ў краіне», — заяўлялі тады ў Eickhoff.

Пазней нямецкая кампанія сваю пазіцыю патлумачыла тым, што перапынак у пастаўках абсталявання вялікага ўплыву на «Беларуськалій» не акажа, а толькі негатыўна адаб'ецца на бяспецы беларускіх шахцёраў і іх даходах.

У наступныя два гады супрацоўніцтва нямецкай кампаніі з «Беларуськаліем» у дзяржаўнай і незалежнай прэсе не згадвалася.

Беларускія шахцёры абвяшчаюць страйк з патрабаваннем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і свабодных выбараў. Фота: Tut.by

За гэты час былі звольненыя шахцёры, якія ўдзельнічалі ў страйку. Рэжым Лукашэнкі забараніў дзейнасць незалежнага прафсаюза гарнякоў.

Старшыню арганізацыі Аляксандра Мішука кінулі на 2,5 года ў калонію за «ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Яму ў віну паставілі выступ перад працоўнымі прадпрыемства 17 жніўня 2020 года.

«Беларуськалій» і ўплыў санкцый

Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларуськалій» — адзін з найбольшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце. Паводле Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на яго долю да санкцый прыпадала пятая частка сусветнага абʼёму вытворчасці калійных угнаенняў.

Прадае прадукцыю «Беларуськалія» акцыянернае таварыства «Беларуская калійная кампанія».

Фота: npg.by

«Беларуськалій» — адна з асноўных крыніц валютных паступленняў у бюджэт Беларусі. Экспарт калійных угнаенняў у 2020 годзе склаў $2,4 млрд. Гэта каля 8 працэнтаў агульнага абʼёму беларускага экспарту, або каля 4 працэнтаў ВУП краіны.

Фота: reform.by

Па набыцці моцы амерыканскіх санкцый Літоўская чыгунка адмовілася транспартаваць угнаенні «Беларуськалія». З 1 красавіка 2022 года супрацоўніцтва з «Беларуськаліем» спыніла нарвежская кампанія Yara, якая закупляла ў сярэднім 15% ад агульнага аб’ёму беларускага калію. 

«Беларуськалій» знаходзіць кампаніі, якія рызыкуюць і купляюць прадукцыю, але значна танней

Экспертка цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна кажа, што ацаніць наступствы санкцый супраць «Беларуськалія» складана, бо доступ да інфармацыі пра аб’ёмы і выручку ад продажу яго прадукцыі зрабілі абмежаваным.

Па яе словах, у спакойныя часы прадпрыемства прадавала калійных угнаенняў на больш чым 2,5 мільярда даляраў.

Найбольш адчувальнымі для «Беларуськалія» сталі санкцыі, уведзеныя сёлета, бо яны цяпер распаўсюджваюцца ў цэлым на прадукцыю, а не на асобныя яе катэгорыі. А кампаніі, якія наважацца купляць беларускі калій, рызыкуюць трапіць пад другасныя санкцыі.

Акрамя таго, пасля страты доступу да порта ў Літве прадпрыемства аказалася ў няпростай сітуацыі і вымушана было знаходзіць альтэрнатыўныя каналы продажу прадукцыі. Цяпер гаворка ідзе пра пастаўку калію купцам праз расійскія парты.

Эксперт заўважае: зыходзячы з даступнай інфармацыі, беларускія ўгнаенні могуць прадавацца са зніжкай ад 30 да 50 працэнтаў — гэта бонус купцу за рызыку.

«Вядома ж, існуе страчаная выгада, бо цэны на ўгнаенні даходзілі да 550 даляраў за адну тону. Калі глядзець на даныя 2000 года, то тады ўгнаенні прадавалі за 200 даляраў. Калі дапусціць, што дысконт (зніжка) складае 30—50 працэнтаў, то прадпрыемства, калі прадае аб’ём 2000 года, мае такую ж выручку. Аднак аб'ёмы, хутчэй за ўсё, скараціліся», — мяркуе Лузгіна.

Па яе словах, спыненне цалкам продажу беларускага калію прывядзе да росту цэн на сусветным рынку. Улетку кошт угнаенняў складаў 600 даляраў за тону і крыху зменшыўся.

«Гэта можа сведчыць пра тое, што пастаўкі беларускай прадукцыі ідуць. Горш на рынку не становіцца дакладна, але гэтыя пастаўкі могуць быць у пэўнай ступені абмежаваныя. Хутчэй за ўсё, «Беларуськалій» выкарыстоўвае дэмпінг і за кошт яго ажыццяўляе гандаль», — адзначае эксперт.

Настасся Лузгіна лічыць, што «Беларуськалій» знаходзіць кампаніі, якія гатовыя мірыцца з рызыкай патрапіць пад другасныя санкцыі і купляюць прадукцыю значна танней.

Чытайце таксама:

«Санкцыі адчулі на ўласнай скуры». Работнікі «Беларуськалія» расказалі пра сітуацыю на прадпрыемстве

Тры з пяці рудаўпраўленняў у Салігорску спыніліся, «Беларуськалій» упершыню бярэ крэдыты на заробкі

Літоўскі суд канчаткова прызнаў, што дамова «Беларуськалія» з Літоўскімі чыгункамі пагражала нацыянальнай бяспецы Літвы

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс4

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс

Усе навіны →
Усе навіны

Па колькасці самагубстваў у Еўрасаюзе лідзіруе Літва. А што з гэтым у Беларусі?10

У Францыі сышоў з рэек пасажырскі цягнік, падобна да дыверсіі2

Змялелую Прыпяць можна пераехаць на грузавіку ВІДЭА9

У Мінску збіраюцца ўзвесці некалькі мастоў4

Аўстрыйская пякарня пачала прадаваць у Нью-Ёрку хлеб па 60 даляраў за бохан4

На Венецыянскім фестывалі ўпершыню за 40 гадоў паказалі фільм пра Беларусь1

400 тон пяску і трыбуны на 1800 чалавек. Вось што зрабілі на Нямізе5

Нямецкія СМІ назвалі імя беларуса, якога падазраюць у падрыхтоўцы тэракта ў Лейпцыгу5

Лэдзі Гага стала мамай5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс4

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць