Чарговы антырэкорд на мяжы. Колькі тысяч фур стаіць у чарзе на выезд з Беларусі ў ЕС
Чэргі з грузавікоў працягваюць расці. За месяц колькасць машын, якія стаяць на выезд з Беларусі, павялічылася больш як на 1500 адзінак.
Па стане на 14 гадзін 19 снежня, у чэргах на выезд з Беларусі стаіць больш за 5340 грузавікоў. Месяц таму іх было каля 3800.
Найбольш напружанай сітуацыя застаецца ў пункце пропуску «Каменны Лог», там з беларускага боку сабралася больш за 1100 грузовікоў. На другім месцы па загружанасці «Беняконі», дзе больш за 880 грузавых аўто.
Больш за 700 грузавікоў чакае выезду ў Польшчу праз пункт пропуску «Бераставіца».
Вялікія чэргі з фур назіраюцца нават на латвійскім кірунку, дзе сітуацыя традыцыйна была менш напружанай у параўнанні з пераходамі на мяжы Польшчы і Літвы.
У пункце пропуску «Урбаны» сабралася больш за 550 фур. У «Грыгароўшчыне» выезду з Беларусі чакаюць больш за 260 грузавікоў.
Каб патрапіць з Беларусі ў ЕС, дальнабойшчыкі вымушаны праводзіць у чэрагах па 10-15 дзён. Нават уладальнікі даражэзных прапускоў, якія даюць права на пазачарговы ўезд на тэрыторыю пункта пропуску, вымушаны стаяць у чарзе па 2-4 сутак.
Каментары