Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Трэба разумець, што рэальнай карціны статыстыка зусім не адлюстроўвае, адразу падкрэслівае выданне. У статыстыцы, якую вядзе Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС, улічваюцца толькі тыя, хто з'ехаў на працу за мяжу пры садзейнічанні кампаній, у якіх ёсць спецыяльны дазвол (ліцэнзія) на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з такім працаўладкаваннем. Тых жа, хто з'ехаў самастойна, гэтая статыстыка не фіксуе, а іх значна больш. Але пэўныя тэндэнцыі паказвае і яна. 

Зніжэнне прывабнасці расійскага рынку працы для беларусаў пачалося не цяпер. Расія страціла беларускіх працоўных мігрантаў падчас пандэміі каранавіруса, мяркуюць у кампаніі «Дэўбрэйн», якая займаецца працаўладкаваннем беларусаў за мяжой.

Нейкі час падчас пандэміі паміж Беларуссю і Расіяй не было нармальнага транспартнага злучэння. Так, напрыклад, на асабістым транспарце ці аўтобусе паездка была магчымая толькі пры наяўнасці важных падстаў і пацвярджэння іх дакументамі.

«А беларус, які працаваў у Расіі, асабліва вахтавым метадам, не быў гатовы да такога. Заставацца без працы ён не мог, бо прывык да пэўнага ўзроўню жыцця, да пэўнага заробку. А ў Беларусі, у якім-небудзь невялікім горадзе, такіх заробкаў няма і нават марыць не даводзіцца. Таму тады многія людзі, якія працавалі раней у Расіі, пераарыентаваліся на Польшчу», — адзначылі ў кампаніі.

Польшча некалькі гадоў таму стала актыўна заваёўваць рынак Беларусі. Палякі спрасцілі ўезд для працоўных мігрантаў, скарацілі спіс дакументаў, неабходных для працаўладкавання.

«Ды і зарплаты там добрага ўзроўню. Таму тыя, хто змяніў Расію на Польшчу, сёння не бачаць сэнсу вяртацца ў Расію», — мяркуюць у кампаніі «Дэўбрэйн».

Там адзначылі, што, акрамя іншага, і ўзровень жыцця ў Польшчы, і розныя сацыяльныя льготы, і магчымасць развівацца і падымацца па кар'ернай лесвіцы — гэта ўсё важкія аргументы на карысць працы ў гэтай краіне.

У кампаніі растлумачылі, што шмат беларусаў працавала якраз не ў Маскве, а на поўначы Расіі. «А там умовы для працы і жыцця не самыя, скажам шчыра, выдатныя. Нікуды не выйдзеш у выхадны дзень, таму што там нічога няма, акрамя мясцовага магазінчыка для рабочых.

А ў Польшчы, жывучы ў тым жа Гданьску, да прыкладу, у выхадны дзень можна прагуляцца да мора, схадзіць у гандлёвыя цэнтры і г. д., то-бок розніца ва ўмовах жыцця істотная. І гэта нармальна, што, паспрабаваўшы нешта лепшае, да горшага вяртацца беларусы не хочуць», — падагульніла прадстаўніца кампаніі.

Клас
69
Панылы сорам
2
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
3