Грамадства55

«Азначэнне Беларусі як выпаленай зямлі мне не падабаецца». Маналог беларуса, які нядаўна з’ехаў з краіны

Даніла Шэйка пераехаў жыць у Варшаву пару тыдняў таму. «Па звычцы ўсё яшчэ ўключаю VPN, калі чытаю навіны», — кажа ён. У Беларусі ён працаваў па размеркаванні ў дзяржаўнай газеце «Культура». У Польшчы хлопец уладкаваўся рабочым на завод. Даніла расказаў «Нашай Ніве», якая атмасфера пануе ўнутры краіны. А таксама як выглядала праца ў дзяржаўнай газеце.

Даніла Шэйка. Фота: асабісты архіў 

«Беларусы ў краіне не даюць заваяваць усю прастору гэтаму тупому сацрэалізму 2.0»

На вуліцах можа падацца, што беларусы «перагарнулі старонку», але гэта не так, дзеліцца хлопец.

«Беларусы ў краіне шукаюць нармальнае жыццё, крыніцы радасці. Спрабуюць не з’ехаць з глузду, але гэта не значыць, што яны змянілі каштоўнасці», — кажа ён.

Тыя, хто атрымаў забарону на прафесію, не могуць ладзіць канцэрты і выставы з-за маштабных рэпрэсій па ўсёй краіне, жывуць сяброўскімі сустрэчамі і сям’ёй.

«Азначэнне Беларусі як выпаленай зямлі мне не падабаецца, бо я дакладна магу сказаць, што нават у дзяржаўных інстытуцыях засталіся адэкватныя беларусы, з каштоўнасцямі. Засталіся тыя, хто шэптам спрабуе нешта казаць у сваіх колах і такім чынам не дае згінуць беларускай маралі, думцы, заваяваць усю прастору гэтаму тупому сацрэалізму 2.0», — разважае Даніла.

Азлобленасці на жыццё ў хлопца няма. Калі ён аналізуе падзеі ў беларускім дэмакратычным руху, то заўсёды перад сабой ставіць пытанне: «А што зрабіў я для перамен у краіне?»

«Не трэба забывацца, што ў адрозненне ад дзяржаўнай улады, якой я ў Беларусі плаціў падаткі, Офісу і Святлане Ціханоўскай падаткі не плачу. Аддаў ёй толькі свой голас. Я магу да яе выстаўляць нейкія патрабаванні, аналізаваць выказванні, крытыкаваць, але ў гэтым усім ёсць пэўны «стоп», бо разумею, што ў параўнанні з ёй, вядучымі дэмакратычнымі структурамі, я не зрабіў увогуле нічога. Гэтыя людзі цягнуць вялікую працу на сабе», — лічыць ён. 

«Кожную асобу, якую ты згадваеш у артыкулах, трэба было правяраць ледзь не ў КДБ»

У 2020 годзе Даніла зрабіў некалькі данатаў ахвярам палітычных рэпрэсій. За гэта яго выклікалі ў КДБ. 

«Быў вымушаны плаціць ім грошы, каб мяне не пасадзілі, — расказвае ён. — Увосень 2024 года кола рэпрэсій вакол мяне звужалася, і я вырашыў з’ехаць з краіны. Падаўся на працоўную візу, чакаў і ўвесь гэты час баяўся не паспець пераехаць. Тады пераадолеў сорам і звярнуўся па гуманітарную візу ў польскае МЗС. Яны адмовілі, таму што, па іх словах, іх партнёры з беларускай дэмакратычнай супольнасці рэкамендавалі, што ў маім выпадку няма падстаў для атрымання гуманітарнай візы. Гэта было непрыемна, але спакойна паставіўся».

На размеркаванне ў газету «Культура» хлопец трапіў у 2022 годзе. Да гэтага ён супрацоўнічаў з радыё «Культура», адкуль яго звольнілі за подпіс за прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыку.

«Нейкі час я рабіў матэрыялы пра беларускасць, нацыянальную ідэнтычнасць. Пісаў, напрыклад, пра дэсаветызацыю нашых тапонімаў. Зразумела, што гэта ўсё смешна на фоне сур’ёзных палітычных праблем у Беларусі. Але праз такія маленькія дробязі спрабавалі ўзняць хаця б тыя ж пытанні русіфікацыі. У мяне быў вялізны матэрыял, прысвечаны Максіму Гарэцкаму, я разважаў пра тое, чаму не папулярызуецца яго спадчына. 

2021 год вельмі адрозніваўся ад цяперашняга. Тады было вялікае кола асоб, у якіх можна было браць каментары. У 2024 годзе кожную асобу, якую ты згадваеш у артыкулах, трэба было правяраць ледзь не ў КДБ», — расказвае ён. 

«Цешыць, што я быў стрэмкай у дупе Міністэрства культуры»

Хлопец збіраўся звольніцца з газеты адразу па сканчэнні размеркавання. У рэдакцыі забаранялі пісаць праблемныя і крытычныя матэрыялы, а тагачасны міністр культуры Анатоль Маркевіч хацеў зрабіць з газеты сродак асабістага піяру.

Былы міністр культуры Анатоль Маркевіч разам з сёстрамі Груздзевымі. Фота: сацсеткі

«Прывяду некалькі прыкладаў, каб вы разумелі ўзровень абсурду. Напрыклад, у 2022 годзе Маркевіч ехаў галасаваць на рэферэндуме. Мне тады патэлефанавалі і сказалі тэрмінова ехаць на ўчастак у іншы канец горада. Усё было толькі для таго, каб запосціць у тэлеграм газеты фотаздымак, як галасуе Маркевіч. 

Неяк мы пісалі пра ўдзел у мерапрыемстве аднаго калектыва, які налічваў каля 100 чалавек. Перад тым, як паставіць фотаздымак у паблік, нам загадалі праверыць кожнага чалавека на ім — каб ніхто не быў датычны да палітыкі. 

Таксама было непрыемна рабіць матэрыялы пра супольныя праекты з Расіяй. Разумею, што калі нават я не трансляваў ідэі «трыадзінага славянскага народа», то ўсё роўна паклаў нейкую цаглінку ў свядомасць. Непрыемна дакранацца да краіны-агрэсара праз агульныя праекты. Вядома, што там гаворка не пра выставы «герояў СВА», але ўсё роўна не час для супрацоўніцтва. Расія выкарыстоўвае такія праекты не для развіцця культурнага дыялогу, а выключна дзеля таго, каб пашыраць свой уплыў на Беларусь», — расказвае ён.

Святкаванне 85-годдзя Брэсцкай вобласці. Фота: brestcity.com

Найвялікшай радасцю для Данілы было, калі кіраўніцтва газеты вярталася з нарады з Міністэрства культуры, дзе іх адчытвалі за тэксты хлопца. 

«Напрыклад, я напісаў, як у Бярозе знішчылі вялікую мазаіку на тэму гісторыі Беларусі, у ёй быў нацыяналістычны настрой, — расказвае ён. — Гэта не спадабалася.

Намеснік старшыні райвыканкама асабіста патэлефанаваў Маркевічу і стаў расказваць, што мы нібыта на адным боку, а тут такая публікацыя. Цешыць, што я быў стрэмкай у іх дупе.

Калі на дзяржаўным фестывалі, які першапачаткова быў прабеларускі, круцілі расійскую папсу, я напісаў, што гэта недапушчальна. Ірына Дрыга, якая на той момант яшчэ была начальніцай упраўлення дзяржаўных мерапрыемстваў, вельмі злавалася з-за гэтага тэксту». 

Каментары5

  • Ганьба
    16.01.2025
    Выпаленай зямлі не можа быць у прынцыпе: яе не было ні пры маскальскім цары, ні пры Сраліне. Чым больш улады займаюцца аўтагеннай трэніроўкай, маўляў, цалкам кантралююць сітуацыю, тым меньш будуць заўважаць саспяванне новай рэвалюцыйнай сітуацыі. ***сць лукашысцкай улады натуральным чынам спараджае непрыманне адэкватнай часткай насельніцтва. Так, гэтая частка невялікая - быдла заўжды ўсё задавальняе. Затое з мазгамі і актыўная.
  • Ня быць скотам
    16.01.2025
    Ганьба, калі людзі жадаюць проста камфортна жыць і каб іх не чапалі, тое не робіць іх быдлам.
    А лукашысты прывялі краіну ў стан, калі тых, каго задавальняе тое, што адбываецца, не так і шмат засталося.
  • Лявон
    16.01.2025
    А якiм бокам тут офic?

«Азначэнне Беларусі як выпаленай зямлі мне не падабаецца». Маналог беларуса, які нядаўна з’ехаў з краіны5

«Азначэнне Беларусі як выпаленай зямлі мне не падабаецца». Маналог беларуса, які нядаўна з’ехаў з краіны

Усе навіны →
Усе навіны

Пастаўкі расійскага газу ў Прыднястроўе адновяцца ў хуткім часе. У якасці гуманітарнай дапамогі4

У Мінпрацы назвалі топ-7 зменаў у бальнічным, якія дзейнічаюць з пачатку года

Гвалт і прымус да БДСМ. Ніла Геймана абвінавацілі ў сэксуальных злачынствах3

У Расіі выказалі меркаванне, чаму рэгулярна гараць беларускія аўтобусы4

«Камусьці тут трэба даць тры аплявухі». Фіца выказаўся пра падлетка, які не паціснуў руку прэзідэнту Славакіі16

Арына Сабаленка абвясціла пра хуткае завяршэнне кар'еры і стварэнне сям’і23

ЦВК палохае штрафам за фатаграфаванне выбарчага бюлетэня6

Мабільным аператарам забаранілі цішком падключаць платныя паслугі1

Махляры ад імя мытні «прадаюць» праз Instagram канфіскат1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Азначэнне Беларусі як выпаленай зямлі мне не падабаецца». Маналог беларуса, які нядаўна з’ехаў з краіны5

«Азначэнне Беларусі як выпаленай зямлі мне не падабаецца». Маналог беларуса, які нядаўна з’ехаў з краіны

Галоўнае
Усе навіны →