Рэцэпт на выхадныя. Бананавы хлеб з лімонам — просты, але цікавы дэсерт
Бананавы хлеб — класічны і даволі просты варыянт выпечкі. Асвяжым яго: дадамо да цеста трохі лімона і імбіру, каб атрымаць арыгінальны і незвычайны смак.
Каб згатаваць бананавы хлеб з лімонам, вам спатрэбіцца:
- 250 грамаў мукі,
- 3 чайныя лыжкі разрыхляльніку,
- палова чайнай лыжкі харчовай соды,
- чвэрць чайнай лыжкі солі,
- 1 чайная лыжка молатага імбіру,
- 110 грамаў размякчанага масла,
- 150 грамаў цукру,
- 2 яйкі,
- 400 грамаў мякаці банана,
- 50 грамаў смятаны,
- цэдра і сок 2 лімонаў,
- для падачы: 2 сталовыя лыжкі цукру і палова лімона (трэба яго вельмі тонка нарэзаць).
- Для пачатку разагрэйце духоўку да 180 градусаў. Потым падрыхтуйце форму для хлеба: трохі змажце яе маслам або засцяліце паперай для выпякання.
- Перамяшайце да аднароднасці муку, разрыхляльнік, харчовую соду, соль і імбір. Адстаўце ўбок.
- Узбівайце размякчанае масла, пакуль яно не стане аднародным, з крэмавай тэкстурай. Паступова дадавайце цукар і працягвайце ўзбіваць, пакуль тэкстура сумесі не стане лёгкай і пульхнай.
- Трохі ўзбіце яйкі і дадайце іх да маслянай сумесі. Перамяшайце да аднароднасці.
- Разамніце бананы відэльцам. Дадайце смятану, лімонны сок і цэдру, перамяшайце.
- Дадайце бананавую сумесь да яечнай і перамяшайце да аднароднасці.
- Вазьміце палову бананава-яечнай сумесі і дадайце яе да мучной сумесі, трохі перамяшайце. Потым дадайце другую палову сумесі і перамяшайце, але старайцеся занадта не мяшаць, бо інакш у вас можа атрымацца вельмі цвёрды бохан.
- Выліце цеста ў форму, пакладзіце зверху тонкія лустачкі лімона. Пасыпце цукрам і пастаўце ў духоўку.
- Выпякайце хлеб 55—65 хвілін ці пакуль чысты нож, устаўлены ў цэнтр, не будзе выходзіць чыстым. Астуджайце хлеб каля 20 хвілін перад тым, як дастаць яго з формы. Гатовую выпечку можна захоўваць у халадзільніку ў закрытым посудзе каля тыдня.
Каментары
ахрэнець. палову прадукта ў сметніцу. а я шчэ абуралася, што агуркі ўдвая даражэйшыя за бананы. а атрымліцца, што не. з улікам таго, што агурок цалкам у ежу ідзе, а банан напалову, атрымліваецца, што каштуюць яны аднолькава