«Гэта мішэнь для ўдару ў адказ». Ціханоўская выказалася з нагоды планаў размясціць ядзерную зброю ў Беларусі
Святлана Ціханоўская запісала зварот з нагоды падпісання дакументаў аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі. Лукашэнка, нагадаем, ужо заявіў, што пачалося перамяшчэнне ў Беларусь ядзерных боепрыпасаў.
«Яшчэ два месяцы таму дыктатары заяўлялі толькі пра намер размясціць у Беларусі расійскую ядзерную зброю — а ўжо сёння яны падпісалі пра гэта дакументы.
Ядзерная зброя — ніякі не «парасон», які абароніць ад небяспекі. Гэта ў першую чаргу мішэнь, цэль для ўдару ў адказ. Гэта наўпрост пагроза здароўю і жыццям беларусаў. Беларусаў, якія супраць размяшчэння ядзернай зброі ў сваёй краіне. Але дыктатары ж не пыталіся іх меркавання», — кажа ў звароце Святлана Ціханоўская.
Размяшчэнне ядзернай зброі ў нашай краіне ўзмоцніць і без таго велізарны кантроль Расіі над Беларуссю, падкрэслівае лідарка дэмакратычных сілаў.
«Гэту зброю складана будзе вывесці, яна можа стаць прадметам гандлю і агрэсіі з боку Расіі. Лукашэнка гэта разумее, але яму ўсё роўна, што будзе з нашай краінай у будучыні. Наступствы гэтага будуць гадамі разграбаць беларусы.
У 1990 гадах мы з вамі зрабілі свой выбар, адмовіўшыся ад ядзернай зброі і вывеўшы яе з нашай краіны — без якіх-небудзь умоў. Таму што беларусы вывучылі ўрокі гісторыі і не хочуць другога Чарнобыля на сваёй зямлі. Мы з вамі як ніхто ведаем цану міру і бяспекі. Ужо цяпер мір і бяспека кожнага з нас пад пагрозай».
Ціханоўская дадае, што галоўная мэта дэмакратычных сілаў — цалкам пазбавіць Беларусь ад расійскага ўплыву.
«Выйсці з АДКБ і Саюзнай дзяржавы — нам не патрэбныя саюзы, якія руйнуюць нашу краіну, супярэчаць нашым нацыянальным інтарэсам і ставяць пад пагрозу нашы жыцці. Беларусь павінна пазбавіцца ад такіх саюзаў і будаваць новыя, дзе шануецца жыццё, свабода і правы кожнага чалавека. Мы павінны дамагчыся вываду расійскіх войскаў і закрыцця іх вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі сваёй краіны», — адзначыла яна.
Лукашэнка заявіў, што пачалося перамяшчэнне ў Беларусь ядзерных боепрыпасаў
«Мы гаспадарлівыя». Лукашэнка супакойваў расіян, што з расійскай ядзернай зброяй ў Беларусі нічога не здарыцца
Кіраўнікі Мінабароны РФ і Беларусі падпісалі дакументы наконт нестратэгічнай ядзернай зброі РФ на тэрыторыі Беларусі. Кнопка будзе толькі ў Расіі
Каментары