Грамадства11

У палітвязня ў турме здарыліся інфаркт і інсульт, але яго ўсё адно адправілі ў калонію. Стала вядомая чарговая гісторыя пра бесчалавечнасць сістэмы

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у лістападзе 2021 года ў магілёўскай турме ў 47-гадовага палітвязня Дзмітрыя Сончыка здарыўся інфаркт, а пасля — інсульт. Але гэта не стала падставай для таго, каб суддзям і турэмшчыкам паставіцца да яго хоць крыху літасцівей. Былы сукамернік палітвязня з магілёўскай турмы і зняволены з калоніі, дзе адбывае тэрмін Дзмітрый, расказалі «Вясне» страшную гісторыю гэтага чалавека, якога дагэтуль працягваюць нішчыць за некалькі каментароў.

Тры гады калоніі за каментары

Вясельнага фатографа з Мінска Дзмітрыя Сончыка затрымалі людзі ў цывільным на таніраваным бусе 28 чэрвеня 2021 года. Прычына — рэпост і каментары ў інтэрнэце. Дома ў яго правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку. Пры затрыманні мужчыну надзелі кайданкі і накрылі іх кофтай, каб суседзі нічога не западозрылі. Да суда фатографа ўтрымлівалі ў жодзінскай турме.

12 кастрычніка 2021 года суддзя Дзмітрый Карсюк з суда Цэнтральнага раёна Мінска прызначыў Дзмітрыю тры гады калоніі. Паводле версіі абвінавачання, Дзмітрый Сончык абразіў чатырох чалавек і выказаў пагрозу іх жыццю ў каментарах у адным з тэлеграм-каналаў цягам 2020-2021 гадоў. Пацярпелыя — А. Пераходзька з Івацэвіцкага РАУС, начальнік Нясвіжскага РАУС А. Грынкевіч, старшы лейтэнант Нясвіжскага РАУС Р. Праневіч і супрацоўнік ГУБАЗіКа А. Алёкса. 

На судзе Сончык тлумачыў, што пісаў каментары праз эмоцыі пасля прагляду відэа збіцця і затрыманняў, абураны неправамернымі дзеяннямі супрацоўнікаў. Але падкрэсліў, што не збіраўся ажыццяўляць пагрозы.

Да затрымання ў Дзмітрыя не было праблем са здароўем. Але ў зняволенні ён перахварэў на кавід. Да разгляду апеляцыі з СІЗА-1 Дзмітрыя Сончыка этапавалі ў магілёўскую турму. Там, паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго збілі, патрабуючы на камеру прабачэнняў і прызнання віны.

Праз два тыдні пасля таго, як Дзмітрыя прывезлі ў турму №4, у мужчыны здарыўся інфаркт, а яшчэ праз два тыдні — інсульт.

«Яго фактычна паралізавала»

Былы палітвязень Валянцін Лабачоў расказаў «Вясне», што знаходзіўся з Дзмітрыем у камеры магілёўскай турмы 14 лістапада 2021 года, калі ў яго здарыўся інфаркт.

«Я быў з ім у камеры, калі яму стала блага і яго забралі ў бальніцу. Яму стала дрэнна ноччу. Пакуль мы дагрукаліся да супрацоўнікаў, прайшло некалькі гадзін. Яго адразу забралі ў медчастку турмы, а раніцай адвезлі ў магілёўскую гарадскую бальніцу.

У бальніцы ён прабыў дзесьці месяц. Потым у камеру, з якой яго забралі дактары, прыйшлі супрацоўнікі турмы і запыталі, хто з ім сядзеў і хто яго ведае. Я адказаў, што я з ім знаёмы. У Дзмітрыя былі праблемы з памяццю, таму шукалі знаёмых, каб працэс рэабілітацыі праходзіў хутчэй. Мяне і яшчэ некалькі чалавек перавялі ў невялікую камеру, дзе быў Дзмітрый.

Там мы яго даглядалі, бо ён быў у вельмі цяжкім стане. Мы нават памперсы яму мянялі, бо ён амаль што хадзіць не мог. Трэба было ў душы яго падтрымаць, напрыклад, каб ён памыўся. У той момант у яго былі праблемы з маўленнем і яго фактычна паралізавала. У камеры я прабыў з ім месяц».

У турме ў Дзмітрыя Сончыка адняліся левыя рука і нага, а таксама парушылася маўленне. За паўтара месяца ён вельмі моцна схуднеў — прыблізна на 60 кілаграм. Яму прысвоілі інваліднасць другой групы, але суд усё адно пакінуў прысуд без зменаў.

Былы палітвязень Валянцін Лабачоў адзначае, што праблемы са здароўем у ягонага былога сукамерніка абвастрыліся пасля збіцця сілавікамі.

«На маю думку, акрамя збіцця, на яго здароўе яшчэ моцна паўплывала тое, што ён вельмі хваляваўся і шмат паліў».

Валянцін Лабачоў нават у сваёй апеляцыйнай скарзе прасіў, каб суд улічыў тое, што ён даглядае зняволенага Дзмітрыя Сончыка. Але Магілёўскі абласны суд гэтага, як і трэба было чакаць, не ўлічыў. Разгляд скаргі Валянціна праходзіў у закрытым рэжыме.

«У яго былі праблемы з каардынацыяй рухаў і гаворкі»

З бальніцы Дзмітрыя Сончыка выпісалі 17 снежня 2021 года, а ў сярэдзіне студзеня 2022-га яго ўжо этапавалі праз Гомель у бабруйскую калонію №2. Там з ім пазнаёміўся былы палітвязень Віталь Жук.

«З Дзмітрыем Сончыкам я пазнаёміўся ў санчастцы калоніі ў канцы лютага — пачатку сакавіка 2022 года. Там мы правялі 10 дзён. Я адразу заўважыў, што ў яго нейкія праблемы з маўленнем, але не адразу зразумеў, што здарылася.

Ён вельмі эмацыйна жэстыкуляваў, але было прыкметна, што ён забывае словы ў працэсе размовы. Напрыклад, ён хоча нешта сказаць, але не памятае, як гучыць слова, таму шукаў сінонімы. Ці, напрыклад, блытаў канчаткі слоў, напрыклад, мог сказаць замест «дзень добры» — «дзень добрая».

Так я зразумеў, што ў яго ёсць пэўныя праблемы, але ў першы дзень знаёмства пра гэта мы не гаварылі. Пасля я даведаўся і пра інфаркт, і пра інсульт, якія былі справакаваныя збіццём. Наколькі я зразумеў, усё спрабавалі спісаць на кавід. Але гэта трызненне, таму што чалавек быў раней абсалютна здаровым».

Дзмітрыя вызначылі ў атрад пенсіянераў, нягледзячы на тое, што ён не падыходзіць па ўзросце. Яму прызначылі пенсію па інваліднасці (другой працоўнай групы), але яна да яго не даходзіць праз вылічванні калоніі.

«Я потым яшчэ сустракаўся з Дзмітрыем — у яго былі праблемы з каардынацыяй рухаў і гаворкі. Ён трохі кульгае і робіць міжвольныя рухі рукамі. Але Дзмітрый малайчына. Ён вельмі моцны чалавек унутры!» — кажа былы палітвязень Віталь Жук.

Чытайце таксама:

Былыя сядзельцы «Віцьбы» расказалі пра Знака і Вінярскага. Усяго там 150 палітвязняў

«Вітаем у пекле!» Журналіст Алег Груздзіловіч расказаў пра свой досвед у ШІЗА і растлумачыў, чым ён розніцца ад карцара

«Досвед палітычна матываванага арышту дае самы важны ўрок: ты адзін, ніхто не прыйдзе і не выратуе». Сацыяльная менеджарка падзялілася развагамі

Каментары1

  • Інь-і-янь
    31.05.2023
    Гэта жудасна.
    Гэта знішчае ў нас чалавечнасць.
    Менавіта такога стаўлення да сябе заслугоўваюць шакалы рэжыма, ў пэўны монант галоўнае не дараваць, аніякага прабачэння без пакарання.

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка1

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай13

Закладчыкі хавалі наркотыкі ў шышках, каштанах і жалудах3

Іван Наскевіч выдаў кнігу пра Следчы камітэт — які ён раней узначальваў6

Беларусы сабралі неабходную суму грошай на калядныя падарункі дзецям палітвязняў2

У Вілейцы з'явіўся ліхтар, якому трэба ціснуць руку, а ў адказ ён здыме капялюш і запаліць святло

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?32

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка1

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →