Некаторыя мінскія школы ўводзяць адзіны стыль адзення для настаўнікаў
Паэтапнае ўвядзенне школьнай формы працягнецца ў мінскіх школах у новым навучальным годзе. Гаворка пра ўкараненне ўжо другога адзінага элемента ў касцюме вучня. Таксама некаторыя школы ўводзяць адзіны стыль адзення для педагогаў. Пра гэта «Мінск-Навінам» расказаў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі.
— Мы звяртаем увагу кіраўнікоў школ і гімназій: летам неабходна правесці шырокую інфармацыйную кампанію па абмеркаванні магчымых элементаў школьнай формы, якія будуць уводзіцца з верасня, — адзначыў Стрыгельскі.
Старшыня камітэта расказаў, як павінен выглядаць вучань сталічнай школы і гімназіі ў 2023/2024 навучальным годзе.
— Няма строгага патрабавання. Гаворка ідзе пра паэтапны, год за годам, пераход на афіцыйна-дзелавы стыль, — сказаў чыноўнік. — Летась ва ўстановах быў уведзены нейкі абавязковы элемент, які адрознівае вучняў школы ад іншых. Напрыклад, камізэлька.
У гэтым годзе школа павінна пайсці далей: наступным элементам можа стаць пінжак пэўнага колеру або фасону, штаны, гальштук ці нешта яшчэ.
Ёсць прыклады ўстаноў, дзе ўжо прыйшлі да адзінага камплекта школьнага адзення, і такіх у Мінску шмат. Важна праводзіць шырокую інфармацыйную кампанію, у тым ліку ў інтэрнэце, каб былі знойдзеныя такія падыходы, якія задаволяць і дзяцей, і бацькоў.
Спікер таксама падкрэсліў, што кожная школа мае ўласную абавязковую эмблему.
— З аднаго боку, гэта адметны знак, а з другога — дапамога ў фармаванні і выхаванні ў вучняў пачуцця гонару за сваю ўстанову. Гэта спрыяе згуртаванню калектыву, — сказаў Стрыгельскі.
Што тычыцца знешняга выгляду настаўнікаў, то суразмоўца адзначыў: у дачыненні да педагогаў даўно замацаваная норма па афіцыйна-дзелавым стылі, і яна выконваецца.
— Але некаторыя школы прыйшлі да таго, што паціху ўводзіцца адзіны стыль адзення для педагогаў. Гэта дзелавыя касцюмы пэўнага колеру або адметны элемент, — падкрэсліў Стрыгельскі.
Каментары
а с точки зрэния мянта усе далжны быць як мянты