Ежа1616

Маласольныя агуркі: у чым іх карысць і навошта дадаваць у слоік лісце дуба і парэчак

Маласольныя і марынаваныя агуркі — смачны дадатак да бутэрбродаў і абедаў. Іх робяць са свежых агуркоў шляхам анаэробнай ферментацыі, пакідаючы ў салёным расоле са спецыямі. Маласольныя агуркі ўтрымліваюць шмат вітамінаў і мала калорый. Гэта сапраўдны цуд цэнтральнаеўрапейскай, у тым ліку і беларускай, кухні. Якія яшчэ пажыўныя ўласцівасці яны маюць? І чым адрозніваюцца ад марынаваных? Чытайце ў артыкуле.

малосольные огурцы маласольныя гуркі
Гуркі соляць у расоле з наборам спецый. Звычайна гэта кроп, лісце хрэну, дуба, парэчак і вішні, а таксама часнок. Фота: Наша Ніва

Маласольныя агуркі па спосабе прыгатавання нічым не адрозніваюцца ад марынаваных ці салёных агуркоў, але іх ядуць праз кароткі прамежак часу. Дзякуючы гэтаму ў іх больш вітамінаў і менш солі.

Расол робіцца такім жа чынам: бярэцца аналагічны набор спецый і такая ж колькасць солі. Гэтыя дзве разнавіднасці адрозніваюцца толькі працягласцю перыяду закісання і смакам. Маласольныя агуркі гатовыя да ўжывання праз дзень-два-тры. Чакаць салёных прыходзіцца ад тыдня да дзесяці дзён.

Маласольныя агуркі — крыніца натуральных прабіётыкаў, або, як яшчэ іх называюць, «добрых бактэрый». Яны станоўча ўплываюць на страваванне і засваяльнасць ежы, а таксама на імунную сістэму арганізма, бо дапамагаюць змагацца з рознымі відамі вірусных інфекцый, дыярэяй і харчовай алергіяй.

Каб прыгатаваць традыцыйныя маласольныя агуркі, вам спатрэбіцца:

  • 1,5 кг свежых грунтавых агуркоў, невялікіх, са скуркай без пашкоджанняў,
  • малая галоўка або палова вялікай галоўкі свежага часнаку,
  • некалькі галінак кропу,
  • трохі кораня хрэну і / або некалькі лістоў,
  • 2 сталовыя лыжкі солі,
  • 2 літры вады.

У 5-літровы кантэйнер лёгка змяшчаецца 1,5 кг агуркоў. Вы можаце выкарыстоўваць вялікі слоік, гаршчок або керамічную бочку.

Паміж агуркамі пакладзіце хрэн і спецыі.

Закіпяціце ваду, растварыце ў ёй соль, астудзіце і заліце агуркі.

Агуркі трэба прыціснуць гнётам, каб яны не вытыркаліся з расолу.

Мінімальны час салення — дзень-два. Першыя суткі гуркі трымаюць пры пакаёвай тэмпературы, каб паветра даходзіла да расолу (каб пасудзіна была ненакрытая ці прыкрытая марляй).

Ёсць спосаб прыгатаваць маласольныя агуркі больш хутка — гэта так званыя агуркі, прыгатаваныя «насуха». Трэба пакласці іх у цэлафанавы пакет, дадаць спецыі, пасыпаць соллю, добра страсянуць пакет, каб усе складнікі як след перамяшаліся, а потым пакласці ў халадзільнік прыкладна на восем гадзін. Гатова!

Што яшчэ можна дадаць для смаку

Акрамя вады, солі, кропу, якія паўтараюцца амаль у кожным рэцэпце, пры гатаванні маласольных агуркоў можна эксперыментаваць з іншымі дадаткамі, якія паляпшаюць і змяняюць смак.

Лаўровы ліст, перац, гарчыца, лісце дуба і парэчак, вінаграду і вішні, чабор, базілік, цукар, мёд, грэцкія арэхі ― усё залежыць ад таго, што вы любіце.

Вось яшчэ два рэцэпты са смакавымі варыяцыямі.

Маласольныя агуркі з лісцем чорных парэчак

  • 1 літр гарачай вады
  • 2 сталовыя лыжкі солі
  • 2 кг свежых агуркоў
  • 1 пучок свежага кропу
  • 5 зубчыкаў часнаку
  • 4 лісты чорных парэчак

Старанна вымыйце агуркі. Пакладзіце пучок кропу на дно глінянага гаршка або слоіка. Выкладзіце ў ёмістасць агуркі. Ачысціце зубчыкі часнаку і таксама пакладзіце іх у слоік. Лісце парэчак вымыйце і пакладзіце да агуркоў. Закіпяціце ваду і дадайце соль. Змяшайце да растварэння солі і адразу ж залівайце агуркі. Накрыйце і пакіньце да наступнага дня.

Маласольныя агуркі з лісцем дуба або вішні

Складнікі на літровы слоік:

  • каля 500 г агуркоў,
  • 1 літр кіпячонай вады,
  • 1 сталовая лыжка солі з невялікай горкай (пажадана каменнай, не ёдаванай),
  • 1 ліст хрэну,
  • 2-3 вялікія зубчыкі часнаку,
  • 3-4 галінкі кропу (чым больш, тым лепшы водар),
  • кавалачак кораня хрэну — прыкладна 3-4 см,
  • вішнёвае ці дубовае лісце.

Аўтарка рэцэпта раіць на літр вады класці 1 сталовую лыжку солі з невялікай горкай, а на літровы слоік выкарыстоўваць каля 500 мл расолу.

Як гатаваць:

  1. Закіпяціце 1 літр вады і дадайце 1 сталовую лыжку солі з горкай. Старанна перамяшайце і астудзіце (у момант, калі вы заліваеце агуркі, вада можа быць ледзь цёплай).
  2. Старанна вымыйце агуркі, кроп і хрэн. Нарэжце хрэн на некалькі больш дробных частак (напрыклад, на чатыры). Ачысціце часнок і падзяліце яго на зубчыкі. Акуратна раздушыце кожны зубчык часнаку, прыціснуўшы яго тупым бокам нажа да стальніцы.
  3. Агуркі можна спакаваць у вялікі слоік, керамічны посуд або ў некалькі слоікаў. Для салення «тут і цяпер» — г. зн. у выпадку маласольных агуркоў — лепш за ўсё падыходзіць керамічны посуд.
  4. На самае дно слоіка пакладзіце ліст і кавалачак хрэну, частку кропу, зубчык часнаку.
  5. Досыць шчыльна выкладзіце агуркі ў слоік, пажадана ў вертыкальным становішчы. Пакінуты часнок, хрэн і кроп запхніце паміж агуркамі.
  6. Заліце агуркі папярэдне прыгатаванай ледзь цёплай вадой з соллю, яны павінны быць цалкам пакрытыя. Калі вы робіце агуркі ў слоіку, досыць шчыльна іх укладзіце і накрыйце слоік накрыўкай або марляй (павінен быць доступ паветра, таму шчыльна не закрывайце).
  7. Агуркі трэба схаваць ад сонца (бо інакш яны згніюць, а не прасоляцца). Прыкладна праз 2-3 дні яны будуць гатовыя да ўжывання — вада памутнее. Кожны наступны дзень будзе рабіць маласольныя агуркі больш салёнымі.

Больш пра ежу:

Шэсць салатаў з агурком: ад знаёмых да нечаканых

Як скласці летні рацыён? Разбіраем міфы і правілы

Бамбл-кава — сапраўдны летні хіт. Асцярожна, гэты напой можа стаць вашым улюбёным

Каментары16

  • Угу
    15.07.2023
    "Чорныч парэчкі"?... А чаму не "смародзіна"?..
  • каструля
    15.07.2023
    на галаве?
    а можа ў вас і агурок такі ж...?
  • Салата
    15.07.2023
    І з маладой бульбай!

Банкі зніжаюць прыбытковасць па валютных дэпазітах да 0,1%. Тлумачым матэматыку1

Банкі зніжаюць прыбытковасць па валютных дэпазітах да 0,1%. Тлумачым матэматыку

Усе навіны →
Усе навіны

На Ваўпшасава ў Дражні машына амаль цалкам сышла пад ваду ФОТАФАКТ

Арына Сабаленка: Плячо зажыло. На гэтым тыдні я пачынаю гуляць1

Камароўскі рынак ператварыўся ў сапраўднае мора ВІДЭА6

Сілавікі ў Брэсце затрымалі дырэктара кампаніі за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года

У Мінску з-за патопу закрылі станцыю метро «Парк Чалюскінцаў» ВІДЭА

«У Беларусі маю музыку рэкламавала КДБ, а ў Польшчы — паліцыя». Банцар пракаментаваў сваё затрыманне ў Варшаве9

Літва развярнула на мяжы больш за 20 машын з Беларусі — у тым ліку з грамадзянкай Літвы за рулём5

Мінск сёння пайшоў пад ваду ФОТЫ13

Амерыканец у 14 гадоў стаў самым маладым футбалістам у гісторыі Амерыканскай футбольнай лігі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Банкі зніжаюць прыбытковасць па валютных дэпазітах да 0,1%. Тлумачым матэматыку1

Банкі зніжаюць прыбытковасць па валютных дэпазітах да 0,1%. Тлумачым матэматыку

Галоўнае
Усе навіны →