Тэлеграм-канал БТ запосціў сёння допіс, у якім паведаміў пра вызваленне ў гэты дзень, 28 ліпеня 1944 года, Брэста і Брэсцкай крэпасці ад войскаў НАТА, якія, на думку прапагандыстаў, тады называліся арміяй Гітлера. Але ніякай пераемнасці паміж імі, вядома, не існуе.
Пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыя Германіі знаходзілася пад акупацыяй ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі і СССР. Першы крок да пабудовы Паўночнаатлатычнага альянсу, сам таго не ведаючы, зрабіў Савецкі Саюз, калі ў 1946 годзе прыпыніў дастаўку сельскагаспадарчых прадуктаў са сваёй зоны ў заходнія рэгіёны Германіі. Амерыканская ваенная адміністрацыя ў адказ спыніла транзітныя перавозкі і дастаўку абсталявання з фабрык і заводаў Рурскай вобласці ў савецкую зону. У выніку пачаў развівацца сур'ёзны крызіс кіравання. Амерыканская і брытанская зоны акупацыі былі аб'яднаны ў 1947 годзе ў «Бізонію».
Ужо 17 сакавіка 1948 года пяць заходнееўрапейскіх дзяржаў — Бельгія, Вялікабрытанія, Люксембург, Нідэрланды і Францыя заключылі так званы Брусельскі пакт, які змяшчаў палажэнні аб «калектыўнай самаабароне».
Прычынамі яго падпісання быў страх перад ваеннай агрэсій з боку відавочна недружалюбна наладжанага СССР і ягоных сатэлітаў, а таксама недапушчэнне адраджэння германскага мілітарызму, як тое адбылося пасля Першай сусветнай вайны.
Брусельскі пакт прынята лічыць пачаткам афармлення Паўночнаатлантычнага альянсу. Паралельна вяліся сакрэтныя перамовы паміж ЗША, Канадай і Вялікабрытаніяй пра стварэнне саюза.
У гэты ж час адбываюцца чарговыя тэрытарыяльныя пераўтварэнні на тэрыторыі акупаванай Германіі. Пасля таго як ЗША і Вялікабрытанія пачалі ствараць дэмакратычныя органы ўлады ў Бізоніі, Францыя пачала атрымліваць менш вугалю з тамтэйшага Рурскага басейна, бо не мела права голасу пры размеркаванні паставак. Разумеючы яе незадаволенасць, ЗША і Вялікабрытанія прапанавалі стварыць для кіравання Рурам міжнародны кантрольны орган з удзелам Францыі, але без Савецкага Саюза. Наўзамен Парыж павінен быў пагадзіцца на далучэнне сваёй акупацыйнай зоны да Бізоніі. Прапанова была прынятая, і 3 чэрвеня 1948 года была створана Трызонія.
Перамовы заходніх краін аб сістэме калектыўнай бяспекі таксама мелі плён. Прадстаўнікі дванаццаці краін — Бельгіі, Вялікабрытаніі, Даніі, Ісландыі, Італіі, Канады, Люксембурга, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, ЗША і Францыі — падпісалі 4 красавіка 1949 года Паўночнаатлантычны Дагавор, паводле якога абавязваліся калектыўна абараняць любога ўдзельніка дагавора, на якога будзе здзейснены напад.
Заходняя Германія на той момант, хоць і была ператворана 7 верасня 1949 года з Трызоніі ў Федэратыўную Рэспубліку, фактычна не мела ўласнай арміі, застаючыся пад кантролем акупацыйных сіл. Таму ні пра якую прамую пераемнасць арміі Гітлера з сіламі НАТА гаварыць не даводзіцца.
Акупацыйны рэжым у Заходняй Германіі быў скасаваны толькі праз пяць гадоў пасля стварэння НАТА, у 1954 годзе, калі былі падпісныя пагадненні ў Парыжы. Кабінет тагачаснага канцлера Конрада Адэнаўэра, які быў непрымірымым праціўнікам нацысцкага і савецкага рэжымаў, прыме цалкам новую канцэпцыю арміі, якая не грунтавалася ні на спадчыне прускага мілітарызму, ні, тым больш, на спадчыне Трэцяга Рэйха. А ў Асноўным законе ФРГ будзе замацаваная забарона на выкарыстанне арміі па-за межамі Германіі.
7 чэрвеня 1955 года, праз 10 гадоў пасля заканчэння вайны, былі створаны Узброеныя сілы і адкрыта Міністэрства абароны ФРГ. 9 мая Заходнюю Германію прынялі ў склад НАТА. У адказ на гэта Савецкі Саюз аб’яднаў сваіх сатэлітаў у аналагічную па прынцыпах Арганізацыю Варшаўскага дагавора, якая стане ўрэшце інструментам не калектыўнай абароны ад знешніх агрэсараў, а інструментам сілавога падтрымання савецкага рэжыму ва Усходняй Еўропе, што яскрава праявіцца ў час здушэння «Пражскай вясны» ў 1968 годзе.
На дадзены момант усе былыя заходнія саюзнікі, якія разам з СССР змагаліся супраць гітлераўскай Германіі, з’яўляюцца членамі НАТА. Пры гэтым новая дэмакратычная Германія не стаіць на чале альянсу і не з’яўляецца самым буйным удзельнікам Дагавора, значна саступаючы па колькасці ўзброеных сіл такім краінам як ЗША і Турцыя.
Спробы ачарніць былых саюзнікаў, пры тым, што тая ж Вялікабрытанія і Францыя ўвязаліся ў вайну з маманту нападу на Польшчу, пакуль СССР у саюзе з гітлераўцамі дзяліў Усходнюю Еўропу і нават правёў у Брэсце сумесны парад з вермахтам, выглядаюць недарэчнымі. Як, у прынцыпе, і ўся беларуская прапаганда. Беларускія ўлады робяць з НАТА агрэсіўна настроенага ворага і нацягваюць на яго маску нацысцкай Германіі нездарма — гэта даўно абкатаны прыём аўтарытарных рэжымаў, каб аб’яднаць вакол сябе парадзелыя рады сваіх прыхільнікаў пад сцягам барацьбы са знешнім ворагам, за якім насамрэч заўсёды хаваецца спроба прыкрыць відавочныя правалы ў эканамічным, палітычным і сацыяльным развіцці краіны.
Менавіта гэты прынцып пакладзены ў аснову свету рамана «1984» Джорджа Оруэла, дзе выдуманая краіна Акіянія вядзе перманентную вайну з дзвюма іншымі таталітарнымі звышдзяржавамі. Але самой вайны героі рамана не бачаць, і, мяркуючы па змесце кнігі, ёсць вялікія сумневы, што яна вядзецца ўвогуле, а не з’яўляецца сродкам прапаганды і абгрунтавання той паўсюднай галечы, у якой жыве народ, пастаяннага скарачэння норм выдачы прадуктаў ды неабмежаваных рэпрэсій.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары