Грамадства2323

Лябедзька і Дабравольскі прапануюць стварыць новую пасаду — амбудсмен па Беларусі. Праваабаронцы рашуча супраць

18 сакавіка ў Каардынацыйнай радзе прайшлі слуханні аб неабходнасці стварэння Інстытута Упаўнаважанага па правах грамадзян Беларусі. Іншымі словамі, амбудсмена па Беларусі. З прапановай выступіла фракцыя «Еўрапейскі выбар» — у прыватнасці, палітыкі Аляксандр Дабравольскі і Валерый Мацкевіч. Праваабаронцы такую ідэю не падтрымалі.

Каардынацыйная Рада арганізуе слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета ў Варшаве, 2023 год. Ілюстрацыйнае фота: Каардынацыйная Рада / YouTube

Аляксандр Дабравольскі на пасяджэнні адзначыў, што для абароны правоў беларусаў у дэмакратычных сілаў ёсць патрэба стварыць незалежны інстытут, які будзе падпарадкаваны толькі грамадству і справаздачыцца Каардынацыйнай радзе. Стварыць яго павінны КР, Офіс Ціханоўскай і Аб'яднаны пераходны кабінет.

«Мы прагназавалі, што могуць узнікнуць спрэчкі з праваабаронцамі ці ў праваабарончым асяроддзі, у тым ліку па кандыдатуры Упаўнаважанага. Разумеем, што праваабаронцы, як і ўсе людзі, могуць з рэўнасцю ставіцца да ініцыятываў, якія блізкія да «іх паляны». Але думалі і думаем мы найперш пра людзей, якім патрэбна дапамога», — сказаў Дабравольскі «Нашай Ніве».

Папярэдняя заўвага ад беларускіх праваабаронцаў, з якой не пагадзіліся палітыкі — што чалавек на новай пасадзе павінен займацца толькі правамі беларусаў за мяжой.

«Так, зараз магчымасцяў для ўплыву на сітуацыю ў Беларусі вельмі мала. Але можна прымаць звароты і спрабаваць дапамагчы ці рыхтавацца да зменаў», — дадаў ён.

Перад тым, як у КР пачалі абмяркоўваць палажэнне аб стварэнні пазіцыі амбудсмена, ідэя такой пасады ўжо існавала. Па словах Анатоля Лябедзькі, прадстаўніка Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе, раней быў напісаны праект такога ж закона — аб дзейнасці амбудсмена.

Лябедзька «мае адносіны да распрацоўкі» гэтага закона і лічыць, што беларускі амбудсмен цяпер можа вырашаць праблемы беларусаў і за мяжой, і ўнутры краіны.

«Ёсць супольнасць еўрапейскіх амбудсменаў (гаворка ідзе пра Інстытут еўрапейскіх амбудсменаў — НН) — такая парасонавая арганізацыя, у якую ўваходзяць амбудсмены з еўрапейскіх краін. Мы з гэтай ідэяй паспрабавалі атрымаць там нейкі фідбэк, і ён абсалютна пазітыўны», — сказаў Лябедзька.

Анатоль Лябедзька. Фота: «Наша Ніва»

На думку палітыка, прызнанне ад еўрапейскіх амбудсменаў дазволіць беларускаму прадстаўніку атрымаць суб'ектнасць. Супольнасць еўрапейскіх амбудсменаў стане «мосцікам» паміж ім і ўрадамі іншых краін, лічыць Лябедзька.

На пытанне аб тым, хто мог бы заняць гэтую пасаду, калі самыя ўплывовыя праваабарончыя арганізацыі не падтрымліваюць стварэнне новага інстытуту, Лябедзька адказаў неадназначна.

«Калі мы пераканаем адно аднаго, што ў гэтым ёсць патрэба, то мы пераканаем усіх. Я не думаю, што рашэнне можа быць лёгкім. Апошнім часам часта выкарыстоўваю формулу 51/49. [Калі] 51% за стварэнне пасады — гэта ўжо падстава і дэмакратычная працэдура, каб яе ствараць».

Палітык дадаў, што чуў таксама і ад праваабаронцаў падтрымку гэтай ідэі. Ідэальным кандыдатам, на яго думку, мог бы стаць Алесь Бяляцкі — калі б не адбываў пакаранне ў калоніі ў Беларусі.

2 красавіка беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з сумеснай заявай — стварэнне пасады ўпаўнаважанага па правах грамадзян, улічваючы сённяшнія ўмовы, немэтазгоднае і неэфектыўнае. Пад зваротам падпісаліся дзевяць вядомых праваабарончых арганізацый.

Па словах юрыста і прадстаўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Паўла Сапелкі, пра намер стварыць у дэмакратычных сілах новую пасаду было вядома даўно. У лютым 2025 года праваабаронцы сустрэліся з Офісам Святланы Ціханоўскай і раскрытыкавалі ініцыятыву — як канцэптуальна, так і тэхнічна.

У сакавіку 2025 года праваабаронцы зноў вярнуліся да гэтай тэмы, паколькі ў Каардынацыйнай радзе вынеслі на разгляд палажэнне аб стварэнні пазіцыі амбудсмена. Сапелка дадаў, што ў дакуменце былі змены — часткова да іх прыслухаліся.

«Зноў прыйшлі да высновы, што прапанаваная ідэя не адпавядае нашаму разуменню сутнасці, мэты, ролі і задач інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека», — кажа юрыст.

Экспертка Беларускага Хельсінскага Камітэта Кацярына Дзяйкала адзначыла, што для працы амбудсмена важна незалежнасць, разам з ёй — фінансавая стабільнасць і магчымасць уплываць на працэсы ў краіне.

«Упаўнаважаны павінен мець рэальную магчымасць уплываць на рашэнні ўлады ў сферы правоў чалавека. Калі ён не мае такой магчымасці — гэта хто заўгодна, толькі не Упаўнаважаны па правах чалавека».

Каментары23

  • Чакаем камент Лябедзькі і Дабравольскага
    03.04.2025
    Дзе каментар чальцоў партыі АГП Лябедзька і Дабравольскі наконт выкрытай Чэшскімі спецслужбамі агенткі з іх партыі Судлянковай?
  • Офісы-кабінеты
    03.04.2025
    Аляксандр Дабравольскі на пасяджэнні адзначыў, што для абароны правоў беларусаў у дэмакратычных сілаў ёсць патрэба стварыць незалежны інстытут, які будзе падпарадкаваны толькі грамадству і справаздачыцца Каардынацыйнай радзе. Стварыць яго павінны КР, Офіс Ціханоўскай і Аб'яднаны пераходны кабінет.//

    Які ж ён будзе "незалежны", калі ствараць яго будуць усё тыя ж самыя офісы-кабінеты?

    Гэта будзе чарговая структура офіса-кабінета.
  • Пытанне
    03.04.2025
    Навошта Лябедзька і Дабравольскі хочуць стварыць чарговую структуру, паралельную тым, што ўжо ёсць? Каб узяць пад свой кантроль?

Цяпер чытаюць

Першага намесніка гендырэктара «Белвеста» пасадзілі на тры з паловай гады за палітыку6

Першага намесніка гендырэктара «Белвеста» пасадзілі на тры з паловай гады за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

Уночы над Гомельшчынай зноў лятаў рэактыўны дрон3

У Кобрыне тата пасадзіў 12‑гадовую дачку не ў тую маршрутку, а кіроўца хацеў высадзіць яе ў чужым горадзе16

Украінскія беспілотнікі атакавалі Екацярынбург

4 спосабы праверыць, хто спрабуе выкарыстаць ваш PESEL у Польшчы11

Яраслаў Пісарэнка: Аднойчы прачнуўся, паглядзеў на сябе ў люстэрка і зразумеў, што так жыць больш нельга2

Мінчанка брала ў знаёмых тэлефоны пазваніць і афармляла на іх крэдыты4

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца17

У Мінску адклалі пашырэнне трэцяй лініі метро да Зялёнага Луга, прыярытэтам зрабілі 4‑ю лінію4

Вашынгтон упершыню за некалькі тыдняў нанёс удары па Іране. Тэгеран у адказ атакаваў базы ЗША ў Іарданіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Першага намесніка гендырэктара «Белвеста» пасадзілі на тры з паловай гады за палітыку6

Першага намесніка гендырэктара «Белвеста» пасадзілі на тры з паловай гады за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць