«Атлант» выпусціць халадзільнікі і пральныя машыны, якімі можна кіраваць праз смартфон
Халадзільнік і пральную машыну з функцыяй дыстанцыйнага кіравання з дапамогай спецыяльнай праграмы на смартфоне або планшэце неўзабаве запусцяць у серыйную вытворчасць на заводзе «Атлант». Халадзільнік з'явіцца пры канцы 2023 года, а пральная машына — у 2024-м.
Як паведаміў генеральны дырэктар ЗАТ «Атлант» Дзмітрый Сакалоўскі БелТА, эксперыментальныя ўзоры ўжо былі вырабленыя і пратэставаныя.
З дапамогай спецыяльнай праграмы на смартфоне можна будзе дыстанцыйна кантраляваць працу халадзільніка, напрыклад, змяняць рэжымы працы, паніжаць або павышаць тэмпературу.
У пральных машынах з дапамогай той жа праграмы можна будзе дакладней падабраць рэжым мыцця — праграма задасць неабходныя пытанні пра колькасць бялізны, яе склад і колеры і прапануе найлепшы варыянт. Плануецца, што з адной праграмы можна будзе кіраваць абодвума бытавымі прыборамі.
Замежныя кампаніі падобныя халадзільнікі вырабляюць далёка не першы год.
За апошнія гады на «Атланце» былі выпушчаныя мадэлі халадзільнікаў з сістэмай no frost. У 2023 годзе з'явіліся пральныя машыны з апрацоўкай бялізны парай. Завершаны работы па абсталяванні халадзільнікаў і пральных машын пластыкавымі дэталямі, устойлівымі да ўздзеяння бактэрый (з антыбактэрыяльным пакрыццём), і неўзабаве можна чакаць іх з'яўлення ў продажы.
Каментары