Грамадства1414

«Божанька яе пацалаваў — вось што я ведаю». Як праходзіў суд над спявачкай Патрыцыяй Свіцінай

2 жніўня быў вынесены прысуд 22-гадовай дзяўчыне, якая адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі. Яна правяла ў СІЗА два з паловай месяцы па «народным» артыкуле за ўдзел у пратэстах. У сацсетках з'явілася апісанне таго, як праходзіў суд над Патрыцыяй.

Патрыцыя Свіціна

«Божанька яе пацалаваў — вось што я ведаю», — заканчвае свае паказанні дэкан Універсітэта культуры…

Першага жніўня з раніцы выскачыла нагадвалка, што будзе праходзіць суд над спявачкай Патрыцыяй Свіцінай. Яе затрымалі 31 мая. Пераношу свае планы «на потым», удакладняю на сайце Вярхоўнага суда, а якой пачатак, і бягу на прыпынак. Трэба паспець да адзінаццаці. Разумею — хвілін на дзесяць не паспяваю. Могуць не пусціць у залу суда. Добра, калі што — памалюся пад дзвярыма.

На прахадной паказаў пашпарт. Ізноў не запісалі даныя і проста прапусцілі. Расслабіліся праз тры гады… Забягаю на трэці паверх. Каля дзвярэй у залу дзве жанчыны — сведкі абароны — чакаюць, калі іх выклічуць. Яны пацвердзілі, што суд пачаўся і дзверы зачыненыя на замок.

Што рабіць? Рашаюся і тузаю за ручку. Пстрычка, прыадчыняюцца дзверы, і міліцыянер, высунуўшы галаву ў шчыліну, цікавіцца:

— Вы хто? Сведка?

— Не, проста наведвальнік. Ці можна папрысутнічаць на пасяджэнні?

Здараецца цуд: дзверы адчыняюцца цалкам і мяне запускаюць у залу, загадаўшы садзіцца каля дзвюх жанчын у куце каля акна. Пасяджэнне ўжо пачалося. Аглядаюся. Белая клетка зачыненая на вісячы замок.

Унутры маладая дзяўчынка. Кайданкі на тонкіх руках. Валасы заплеценыя ў касу. Не глядзіць у залу.

Два міліцыянеры сядзяць, нахіліўшыся да кепак у руках. Там схаваныя тэлефоны. Адзін увесь час лыбіцца — відавочна нешта вясёлае глядзіць. Суддзя ў ролі добрай цётачкі дапытвае Патрыцыю.

Увесь час: «Скажыце, калі ласка», «Зрабіце ласку, растлумачце». Пару пытанняў ад пракуроркі з маленькай татушкай на назе. Адвакат, жанчына са стомленымі вачамі: «У абароны пытанняў няма». І так усім зразумела, што адбываецца.

Характарыстыкі толькі станоўчыя. У 18 гадоў атрымала Гран-пры [конкурсу] «Маладыя таленты — 2018». Дзве навуковыя публікацыі па народнай культуры Беларусі ў васямнаццаць (!) гадоў, свой музычны этна-праект, шмат арыгінальных аранжыровак. Узнагароды за ўдзел у конкурсах.

«Не ўдзельнічала», «не прыцягвалася» — гэтыя словы вандруюць па афіцыйных паперках з розных устаноў. «Не заўважана ў сувязях з амаральнымі асобамі» — характарыстыка ад участковага міліцыянера. Кіраўнік вясковага Дома культуры, маладая чорнавалосая дзяўчына, даючы паказанні, не можа стрымаць слёз.

Усхліпваючы, расказвае пра тое, як шмат станоўчых змен у культурнай сферы адбылося з прыходам Патрыцыі. Яе адправілі туды адпрацоўваць па размеркаванні. Як яе любяць дзеці. Дзве жанчыны сядзяць са слязамі на вачах. Патрыцыя ў камеры таксама плача. Я сам ледзь стрымліваюся.

Суддзю такім не праб'еш. Працягвае цікавіцца: 

— Навошта ў інстаграме размясцілі фатаграфіі з пратэстаў?

— Я на іх нядрэнна атрымалася… — вымучана ўсміхнулася дзяўчына.

«Ці можна дасягнуць мэт, нават самых добрых, парушаючы закон?» — дадаўшы патэтыкі, усклікае суддзя. Добрае пытанне, якое варта было б задаць самім сабе тым, хто пазіцыянуе сябе як «тыя, хто мае ўладу». Адвакат зачытвае паперу. Шэсць значных дзеячаў культуры Беларусі падпісалі хадайніцтва. Хто — не агучылі:

«З вялікай любоўю і творчай фантазіяй займалася сваёй справай… Можам ахарактарызаваць як выключна творча накіраваную і станоўчую асобу… Папулярызацыя і ахова спадчыны беларускай культуры… Да сваёй працы ставілася з творчай фантазіяй, імкнучыся парадаваць навакольных… Сёння яна з'яўляецца перспектыўным супрацоўнікам сферы культуры нашай краіны, які працуе з унікальнымі формамі народнай творчасці — аўтэнтычным фальклорам, які ахоўваецца РБ… Яе здольнасці і талент несумненна павінны працягваць развівацца далей і прыносіць вялікую карысць грамадству».

Пракурор хуткім рэчытатывам прачытала сваю прапанову — трэба пакараць гэтую злачынцу. Два з паловай гады «хіміі».

Для мяне тое, што бачыў, было чарговым «днём сурка». На колькіх ужо падобных судах пабываў і нават сам перажыў за тры апошнія гады… Сцэны, якія вандруюць з адной залы суда ў іншую. Нават суддзяў некаторых ужо ведаю ў твар. Думаў, што і зараз нічога новага для мяне не будзе.

Зразумелая рэч, што прысуд і так ужо і вынесены, і раздрукаваны. Толькі паводле правілаў гэтай пастаноўкі суддзя абавязаная прызначыць час яшчэ аднаго пасяджэння для абвяшчэння прысуду, а не проста выцягнуць з папкі гатовы прысуд і зачытаць <…>.

Але тут паднялася адвакат і пачала казаць абарончую прамову. Павольна, стомлена, без паперкі, сваімі словамі, гледзячы праз краты на акне кудысьці ўдалячынь:

— Паважаны суд. Сэнс любога расследавання і, у наступным, судовага разгляду не толькі выкрыццё, прызнанне вінаватасці і пакаранне, але і, па-першае, уздзеянне на вінаватую асобу, па-другое — уздзеянне на іншых людзей. Для іх павінна быць зразумела, што ўчыняць злачынствы не трэба.

Рэч толькі ў тым, што падзеі, якія прывялі на лаву падсудных гэтую маладую дзяўчынку, адбыліся ў 2020 годзе. Цяпер у нас 2023. Абставіны, абстаноўка, сітуацыя, настрой… усё што заўгодна, тое, што прыцягвала маладых людзей, усё гэта ўжо ў мінулым. І, мусіць, сэнс цяперашніх падзей павінен заключацца ў тым, каб у маладых людзей… іх стаўленне, іх настрой да ўсяго, што адбываецца… каб ім было зразумела, што не варта спрабаваць дасягнуць нейкіх мэт, парушаючы закон …

І вось у нас ёсць маладая дзяўчынка, таленавітая (як гэта справядліва адзначылі паважаныя дзеячы культуры нашай краіны), скончыла добра Інстытут культуры, паехала па размеркаванні ў сельскі Дом культуры, сэнс існавання якога чалавеку, які жыве ў сталіцы, у вялікім горадзе, па праўдзе кажучы, не вельмі зразумелы. Вы ўяўляеце сабе… гэта нешта такое… не вельмі цікавае… у якім дзеці займаюцца нейкай такой дзіцячай… і дарослыя старэйшага ўзросту.

Мы ўбачылі дырэктара гэтага ДК і бачым Свіціну. Гэтыя дзве дзяўчынкі там стварылі тое, што мала ў якім яшчэ ДК можа адбывацца. Тое, чаго нават не ўяўлялі жыхары гэтага населенага пункта і навакольных вёсак. Яны дачуліся так ці інакш пра тое, што там адбываюцца неверагодныя рэчы. У звычайным сельскім ДК, які нават вонкава змяніўся з прычыны таго, што там адбываліся такія прыгожыя, добрыя, душэўныя, эмацыйныя, цікавыя падзеі. І вось гэтая праца, якой займалася Патрыцыя, якая з мая гэтага года знаходзіцца ў месцах, па сутнасці, пазбаўлення волі, гэтая яе праца якраз і накіраваная на тое, каб моладзь, якая жыве там, не захацела парушаць закон.

Мне здаецца, калі б пры абранні меры пакарання ўвага была звернутая не толькі на яе фатаграфіі, але і на той уклад, які яна ўжо ўнесла ў такім маладым узросце ў нашу культуру… Рыхтуючыся да гэтай справы, я паслухала, у чым менавіта заключалася творчасць гэтай дзяўчынкі. … Дух захоплівае, проста калі слухаеш: як яна спявае, кажа… як яе вітаюць… Адзін з дзеячаў культуры, паслухаўшы яе выступленне, сказаў мне, што «перад Патрыцыяй шырокая, светлая творчая дарога на карысць нашай краіны». Хочацца думаць, што рашэнне суда таксама будзе пераследваць гэтую мэту…

Ух… так па-чалавечы… па-простаму… мяне кранула. Потым далі магчымасць сказаць апошняе слова Патрыцыі:

«… Усё, што адбылося са мной у апошні час, паслужыла ўрокам …прашу не караць строга і даць магчымасць вярнуцца да сям'і і на працу. У мяне ўсё».

Суддзя спакойна выслухала словы адваката, Патрыцыі і прызначыла вынясенне прысуду на тры гадзіны. Зразумелая справа — пасядзелі, пасядзелі, пара і паабедаць. На поўны страўнік не так сумленне трывожыць. Праходзячы міма клеткі, паспеў сказаць Патрыцыі, якая паглядзела на мяне, што малюся за яе. Міліцыянер груба загадаў паспяшацца «на выхад».

На жаль, не змог быць на вынясенні прысуду <…>. Увечары даведаўся пра 2,5 года «хатняй хіміі». Добра хоць не «з накіраваннем». Гэта ў нашых рэаліях найлепшы з варыянтаў. Госпадзі, выратуй.

Іс 3:10-11: «Скажыце праведніку, што добра яму, бо ён будзе спажываць плады дзеяў сваіх; а беззаконніку — гора, бо будзе яму адплата за дзеі рук ягоных».

Каментары14

  • :'(
    20.08.2023
    без слёз немагчыма чытаць
  • Ноўнэйм
    20.08.2023
    Сволачы
  • Янка
    20.08.2023
    Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

    Статья 33. Каждому гарантируется свобода мнений, убеждений и их свободное выражение. 

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм18

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм

Усе навіны →
Усе навіны

«Хаця б раз на тры дні павінен слухаць». Міліцыянер расказаў, як праслухоўваў беларусаў8

У Мінску адкрылася крама толькі з беларускімі цацкамі4

У Расіі святар, які падазраецца ў спробе згвалтавання дзяўчыны, адправіўся на вайну ва Украіну10

Папярэдняя прычына забойства чатырох дзяцей у Расіі — рэўнасць да жонкі3

Аляксандр Глеб прыехаў з пралукашэнкаўскім «Марафонам адзінства» ў Мазыр17

У навагоднюю ноч, напэўна, будзе дождж1

У Мінску з'явілася «гламурнае таксі»

Васьмікласніцу затрымалі за тое, што павесіла фота байцоў Рускага добраахвотніцкага корпуса3

Памілавалі яшчэ 20 чалавек13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм18

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм

Галоўнае
Усе навіны →