«Гэта мой адказ гэтаму ўсяму». Беларуска ў калоніі навучылася працаваць на рэдкай швейнай машынцы, а цяпер шые на такой натаўскія балаклавы
Алу затрымлівалі тройчы, але два разы ўсё заканчвалася адміністрацыйнымі арыштамі. На трэці раз сілавікі прыйшлі да яе на працу, правялі ператрус і павезлі з сабой. Ёй далі 15 сутак арышту, але далей усё абярнулася крымінальнай справай, і на волю Ала выйшла больш чым праз год. Яе гісторыю расказвае «Медыязона», змяніўшы імя гераіні.
Пакуль была ў ІЧУ, пачалася вайна. Жыццё ў «самай спакойнай камеры»
Па крымінальнай справе Алу затрымалі не адразу. Спачатку былі суткі на Акрэсціна па адміністратыўцы, потым — там жа чаканне абвінавачання па крыміналцы. Гэта было зімой 2022-га. У гэты час Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну — Ала і яе сукамерніцы даведаліся навіну пра пачатак вайны ад новай затрыманай.
«Усе былі ў шоку. Але, напэўна, нешта прадвяшчала гэта, хоць мы былі там ужо з пачатку лютага і наогул не ведалі, што адбываецца. Людзі плакалі, бо ва ўсіх сваякі ва Украіне. Усе былі перапалоханыя».
Неўзабаве Алу перавялі ў мінскі СІЗА-1 на Валадарскага. Там атрымалася збіраць крупінкі інфармацыі пра вайну ад ахоўнікаў. Увесну, падчас адной з прагулак, дзяўчаты пачулі, як у калідоры яны абмяркоўвалі Бучу.
«Мы спецыяльна ішлі павольней, каб больш пачуць. Яны апісвалі, [што ім вядома]. У іх таксама былі пытанні, яны паміж сабой добра спрачаліся: хто гэта зрабіў, чаму, як і наколькі гэта праўда».
У камеры на Валадарскага з Алай жыло яшчэ сем-восем чалавек. Улетку там было вельмі душна — даводзілася змочваць вадой прасціны. Аконную раму ў памяшканні зняла адміністрацыя СІЗА, ад спёкі дапамагаў і вентылятар адной з суседак.
Па словах Алы, у іх была «самая спакойная камера»: дзяўчаты былі ціхімі, большую частку часу проста чыталі. Праз паўгода ў СІЗА ў Алы моцна сеў зрок, таму што вакол было толькі «дрэннае штучнае жоўтае святло».
«На Валадарскага добрая бібліятэка. Была нават Алексіевіч на беларускай мове, Оруэл на беларускай. Не кажучы ўжо пра Салжаніцына і гэтак далей. Сапраўды добры бібліятэкар. Мы пісалі спіс літаратуры, раз на два тыдні нам прыносілі кнігі — што-небудзь з гэтага спіса або годную замену».
Калонія — гэта «новая дзяржава». Этап
Суд асудзіў Алу да 1,5 года калоніі. Пасля прысуду і апеляцыі яе разам з іншымі жанчынамі этапавалі ў гомельскую ПК. Перавозілі на цягніку: каля 10-й вечара іх у кайданках пагрузілі ў састаў, а раніцай яны былі ў іншым горадзе.
Як састаў выглядаў звонку, асуджаная не бачыла: аўтазак падвёз іх проста да ўвахода ў вагон. Унутры, як і ў звычайным купэйным вагоне, быў доўгі праход, толькі замест звыклых перагародак — краты, а ложкі замянялі драўляныя нары. У адным такім «купэ» ўсю ноч ехала 13 жанчын.
Калонія адразу падалася Але «новай дзяржавай», якую ўсе разглядалі з цікаўнасцю. Яна прайшла каранцін і размеркавалася ў атрад. Акрамя ложка, з асабістай прасторы ў жанчыны была тумбачка, у якой захоўвалася некалькі рэчаў са спіса дазволеных, і месца ў бакоўцы з іншымі асабістымі рэчамі, куды пускалі на некалькі хвілін у строга адведзены час.
Акрамя дзяжурстваў, пастраенняў і працы, зняволеныя павінны глядзець тэлевізар — унутранае тэлебачанне «Вектар», уключаюць яго праз флэшку, кажа Ала. Прагляд праходзіць у маленькай актавай зале. Асуджаным нельга адтуль выходзіць, яны не могуць спаць, пісаць і чытаць нешта паралельна.
«Паказваюць адно і тое ж па коле. «Клуб рэдактараў», які наш ваенторг выдатны, якія машыны выдатныя. Як квітнее наша прамысловасць, якія выдатныя расійскія прадпрыемствы і як мы з імі супрацоўнічаем».
Да лекара траплялі «бывалыя». Здароўе
Палітычным зняволеным нельга хадзіць у спартзалу і на кантрольна-следавую паласу — месца паміж платамі па перыметры калоніі. Іншыя асуджаныя перакопваюць яе і раўняюць граблямі — як кажа Ала, каб было відаць, калі хтосьці вырашыць уцячы.
«Гэта вельмі цяжкая праца, там усе пакутуюць. Але я гэта бачыла толькі здалёк».
За час зняволення Ала схуднела, у яе сапсаваўся зрок і абвастрыліся хранічныя захворванні. Тэарэтычна ў калоніі можна было запісацца да лекара, але насамрэч зрабіць гэта было складана. Ад сезонных хвароб жанчыны лячыліся лімонам з крамы і імбірам з перадач.
«Бывалыя, якія шмат гадоў сядзяць, яны неяк умудраюцца трапіць і да тэрапеўта, і да астатніх лекараў. Не ведаю, як у іх гэта атрымліваецца. Трымаць пры сабе лекі ні ў якім разе нельга. Толькі каб у санчастцы прапісалі і хадзіць туды, каб атрымаць. Але для гэтага трэба спачатку да тэрапеўта трапіць — замкнёнае кола».
Праца швачкай у калоніі спатрэбілася на волі
«Калонія — гэта велізарная колькасць абсалютна бесталковай працы, прыдуманай для таго, каб чымсьці заняць людзей. Увесь час нейкія прыборкі, дзяжурствы, выціранне ўсяго на свеце анучай, перацягванне аднаго і таго ж у розныя бакі».
Асуджаная пачала працаваць на швейнай фабрыцы.
Ва ўсіх палітычных у першыя дні пыталіся: «Вы разумееце, што будзеце шыць форму для міліцыі, для вайскоўцаў? Вы можаце адмовіцца».
Адмова ад працы караецца, тлумачыць Ала, за гэта могуць адправіць у ШІЗА. Тым не менш у працы ў швейным цэху «хоць была нейкая логіка»: «Гэта значыць, ты робіш нейкі выраб: пачынаеш шыць і заканчваеш. Зразумела, што гэта ўсё практычна бясплатна, але ў гэтым ёсць хоць нейкі сэнс».
За час у калоніі Ала ні разу не трапіла ў ШІЗА. З-за таго, што яна ні з кім не сварылася і «выконвала ўсё, што ад яе хацелі», ніякіх праблем з адміністрацыяй не было. Жанчына выйшла на волю вясной 2023 года.
«Спадзявалася, што за гэта ў мяне не будзе нагляду [пасля вызвалення] і ўсяго астатняга. На жаль, атрымалася так, што паставілі мяне на [прафілактычны] ўлік і забарону на выезд з краіны далі».
Выехаць усё ж удалося, і цяпер Ала жыве ў Польшчы. Калі яна шукала працу, разглядала і вакансіі швачкі. Беларуска знайшла месца, куды шукалі кандыдата, які ўмее карыстацца рэдкай швейнай машынкай. Менавіта на ёй Ала навучылася працаваць у калоніі.
«І вось ім патрэбны быў работнік якраз на гэтую спецыфічную машыну. Я прыйшла, аказалася, што яны шыюць натаўскія балаклавы. Ачмурэць. І я сказала: «Так». Тое, чым я цяпер займаюся, — адчуванні фенаменальныя. Як быццам я сяджу дома і шыю сцягі. Гэта мой адказ гэтаму ўсяму».
Чытайце таксама:
Алана Гебрэмарыям расказала пра няёмкую сустрэчу з Марыяй Калеснікавай
Каментары