Грамадства2121

Алана Гебрэмарыям расказала пра няёмкую сустрэчу з Марыяй Калеснікавай

Алана Гебрэмарыям, адна з лідарак студэнцкага руху Беларусі, дала першае інтэрв'ю пасля вызвалення. Яна апісала свой турэмны шлях і дзёрзкае вітанне Эдуарду Пальчысу на Валадарцы, а таксама як пасля вызвалення яе зноў затрымлівалі і вербавалі гэбісты.

Алана Гебрэмарыям Alan Gebremariam Алана Гебремариам
Алана Гебрэмарыям падчас інтэрв'ю. Скрын відэа: Placouka / Youtube

Інтэрвʼю, запісанае ў Вільні, зʼявілася на ютуб-канале PLACOÜKA.

Пра знаходжанне ў СІЗА

Алана згадвае, што, у адрозненне ад іншых, яна атрымлівала мала лістоў. Пра тое, што лісты не будуць даходзіць, яна зразумела на самым пачатку.

«Мне відавочна далі зразумець, што ёсць нейкае рашэнне ад розных службаў і каб я не чакала. Але ж ты ўсё роўна чакаеш. Я чакала лістоў, спрабавала дамагацца, вельмі моцна сварылася з адміністрацыяй, пісала заявы, хадзіла на розныя размовы. Але папраўдзе гэта не дае ніякага выніку. Некаторым асуджаным па палітычным артыкулам прыходзіла дзесяць і больш лістоў за дзень, а мне — адзін-два лісты за два ці тры тыдні».

Прычыну гэтага дзяўчына тлумачыць тым, што «кадэбэшнікі, ведаючы мой партрэт як чалавека і аналізуючы яго яшчэ да майго затрымання, проста разумелі, што для мяне гэта важна. Таму вырашылі такім чынам на мяне ціснуць».

Знаходзячыся ў СІЗА, Гебрэмарыям моцна сварылася з начальнікам аператыўнага аддзела: «Я не магу маўчаць, калі бачу, што людзей прыніжаюць, пазбаўляюць элементарных правоў, і калі не даюць аказаць медычную дапамогу, калі чалавеку дрэнна, хаця такія навыкі ў мяне ёсць, і я магу гэта зрабіць».

Прэсінг, па словах дзяўчыны, быў псіхалагічны. У камеру да яе садзілі «розных варʼятак», якія кідаліся на яе, не давалі спаць, крычалі. З-за такіх людзей Алана пачынала галадоўкі, ставіла ўльтыматумы. У нейкі момант дзяўчына хацела, каб яе памясцілі ў карцар, каб гэтых людзей побач не было.

Але, з другога боку, было шмат людзей, якія былі сапраўды крутымі, добрымі, якія станоўча паўплывалі на яе станаўленне як асобы. «За такіх людзей я дзякую Богу, сусвету», — кажа Алана.

Вітанне Пальчысу

Будучы ў СІЗА, Алана спрабавала перадаць прывет Эдуарду Пальчысу.

«Гэта быў момант, калі ўсе мае былі на прагулцы. Я была ў следчай частцы ў адваката. Потым мяне забіраў супрацоўнік. Ён мне сказаў, што, хоць гэтага нельга рабіць, ён можа мяне давесці да маіх у дворык на прагулку. Такія прапановы здараюцца вельмі рэдка. Я пагадзілася.

Мы ўпершыню пайшлі праз мужчынскі корпус, дзе ў той момант сядзеў Эдуард, здаецца, у камеры 46. Калі мы праходзілі каля гэтых камер, я пачала крычаць «Пальчыс! Выходзь!» І я ўжо чула, як з камер пачалі смяяцца хлопцы. Супрацоўнік, зразумела, пачаў на мяне злаваць і крычаць.

Але я ўпершыню там праходзіла і для мяне было важна абазначыць і Эдуарду і астатнім, каго я ведала, што ніхто не забыты, што мы ўсе памятаем пра іх. Але ў мяне не было часу, каб ім нейкі якасны мэсэдж агучыць». Зразумела, што на прагулку я ўжо не трапіла. Але мне было прыемна (хоць я не ведаю, ці пачуў Пальчыс), што хлопцы ўзбадзёрыліся».

Калонія

Знаходжанне ў калоніі было значна складанейшым. «Сістэма там больш жорсткая.

Там ёсць розныя інструменты ўплыву на асуджаных. І адміністрацыя, і асуджаныя, якія працуюць на адміністрацыю (такіх шмат) робяць усё, каб усе ведалі, чым ты займаешся, што парушаеш з правілаў унутранага распарадку, каб ты не мог пачуваць сябе ў бытавым плане камфортна, — расказвае Алана.

— Таму ў калоніі было нашмат складаней упісацца ў гэтую сістэму і супакоіцца пасля СІЗА, якое мяне вельмі моцна эмацыйна стаміла. Я прыехала ў калонію і ўжо ведала, што на мяне заведзена іншая крымінальная справа. Мне было цяжка змірыцца і цяжка было зразумець, што ўсё будзе адбывацца больш, чым два плюс гады.

Але прыйшлося шукаць сілы і магчымасці, дзесьці сабе на горла наступіць, каб спрабаваць камунікаваць з людзьмі, якія там працуюць, каб дамагчыся паляпшэння ўмоваў для людзей, якія там сядзяць».

Няёмкая сустрэча з Марыяй Калеснікавай

Алана адбывала тэрмін у той жа калоніі, што і Марыя Калеснікава. Яна згадвае пра няёмкую сустрэчу з ёй:

«Гэта быў канец працоўнай змены. Я працавала на першым паверсе, а Маша на другім. Мяне вельмі раззлавала мая брыгадзірка. Я сыходзіла са змены з такім настроем, што гатова проста забіваць. І я спрабавала адчыніць дзверы, каб выйсці з фабрыкі. А Маша ў гэты момант спускалася з другога паверха. І я з усёй сілы ўдзяўбла ёй ці то па галаве, ці то па корпусе.

Я не ведаю, бо ў гэты момант у мяне ўсё перад вачыма праскочыла. Яна адляцела, пачала вельмі моцна смяяцца, калі пабачыла, хто гэта зрабіў. Мы ўжо выйшлі з цэху. Яна ішла наперадзе нас з сяброўкай. Я выбачалася, што так здарылася. Тыпу сутыкнуліся экстрэмістка з экстрэмісткай.

Мая сяброўка тады пачала крычаць на ўсё фабрыку: «Увага-увага. «Советская Белоруссія» піша на першай паласе: «Алана Гебрэмарыям змяніла свае погляды, вырашыла забіць лідарку дэмакратычных сіл Марыю Калеснікаву».

Маша сказала, што ўсё акей, што гэта выпадковасць».

Жыццё пасля вызвалення

Пасля свайго вызвалення восенню мінулага года Алана спрабавала прайсці ардынатуру і вярнуцца ў спецыяльнасць стаматолага.

«Тэкставай адмовы ў мяне не было. Але на словах мы абмеркавалі з людзьмі, што працуюць у камітэце аховы здароўя, што яны не могуць мяне ўзяць, бо ўсе такія асобы, як я, узгадняюцца з людзьмі там (паказвае ўверх — НН). Пазней мне патэлефанавалі і сказалі, што гэта немагчыма. Потым я шукала розныя варыянты працы.

Мяне не бралі нават з заяваю цэнтра занятасці. Мне адмовілі ў пасадзе медстатысткі і медрэгістратаркі. Сказалі, што ў мяне не сярэдняя спецыяльная медычная адукацыя. Я паказала дакументы, што ў мяне вышэйшая, але гэта розны ўзровень. З вышэйшай адукацыяй нельга працаваць медстатысткай ці медрэгістратаркай у паліклініках», — распавядае Алана.

Дзяўчыну ўзялі ў IT-кампанію, дзе ёй вельмі падабалася: «Цёплыя, добрыя, блізкія па інтарэсах і каштоўнасцях людзі. Пасля калоніі мне гэтага не хапала». 

Алана згадвае, што дзесьці ў канцы вясны гэтага года пачаўся прэсінг:

«На мяне выйшлі розныя людзі. У мяне ўжо была інфармацыя, што ГУБАЗіК незадаволены тым, што я так мала адсядзела. Яны ведаюць, што на мяне заведзена іншая крымінальная справа.

Яны нават у калоніі хацелі мяне перавесці са статусу сведкі ў падазраваныя. А там ужо іншыя тэрміны. Гэта былі чуткі. Але ты ўсё роўна спрабуеш жыць. Ёсць сачэнне, увага, але я вельмі хацела застацца ў Беларусі, быць з сямʼёй, падтрымаць маці».

Новае затрыманне

У канцы вясны Алану затрымаў КДБ.

«Яны пераследуюць свае інтарэсы — хочуць знішчыць усякі грамадска-палітычны патэнцыял чалавека, яго індывідуальнасць. Каб рэпутацыйнае вяртанне ў любое грамадскае, палітычнае поле было немагчымае.

Таму яны мяне затрымалі і спрабавалі развесці на розныя рэчы, тыпу інтэрвʼю, супраца. Але дзякуючы розным людзям, якія потым падключыліся, мне ўдалося пацягнуць час, і потым зʼехаць з Беларусі».

Дзяўчына лічыць, што гэта была спроба яе зламаць, бо чалавек, які выйшаў на свабоду, не хоча больш сесці. «Адно — калі да цябе прыходзіць у калонію Следчы камітэт і кажа, што ў цябе новы артыкул і ты можаш сесці на 12 гадоў, і іншае, калі ты на волі, прайшло толькі паўгода.

Ты не паспела адысці і пачаць жыць, а цябе зноў хочуць закрыць. Я была гатовая нават сесці. Але так атрымалася, што яны адпусцілі і далі час падумаць».

Алана адзначае, што ў яе была забарона на два гады выезду з краіны. «Калі ты выходзіш з калоніі, то табе даюць даведку, што твой часовы нявыезд з Рэспублікі Беларусь зняты. Але па факце, як я даведалася ад знаёмых, якія праверылі праз базы, для мяне забарона не была знятая. Акрамя гэтага, калі я пайшла станавіцца на ўлік 2 снежня, мне далі даведку, што я невыязная».

Як сцвярджае дзяўчына, яна выехала з Беларусі ў чэрвені з дапамогай «Байсола».

Пра бацькоў

Па словах Аланы, яе бацькі — звычайныя людзі. Маці — беларуска з польскімі каранямі, бацька — эфіоп. Яны ўвогуле не звязаны з палітыкай.

«Можна сказаць, што яны апалітычныя, не падтрымлівалі ніякага боку, не былі за тое, каб я пачынала працаваць у нейкіх грамадскіх арганізацыях, удзельнічаць у палітычны рухах. Так склалася, што ў нас з імі розныя погляды. Мы нават перыядычна спрабуем не абмяркоўваць палітыку, таму што гэта складанае ў нашай сям'і пытанне.

Я іх вельмі люблю, паважаю. Яны мне дапамагалі і дапамагаюць увесь час. Але складана бывае зразумець адно аднаго, таму што ў нас абсалютна розны светапогляд, розныя арыенціры ў жыцці. Яны, напэўна, недзе шкадуюць, што мяне так выхавалі, таму што я заўсёды намагалася паставіць агульны дабрабыт вышэй за свой, што і прывяло да таго, што я апынулася ў турме, у нейкім нестабільным становішчы. Любы бацька, любая маці, як мне здаецца, хоча для свайго дзіцяці шчаслівага жыцця і стабільнасці».

Пра дзяцінства

Алана распавяла, што з самага дзяцінства разумела, што не такая, як усе. І бацькі таксама папярэджвалі, што да яе будзе больш увагі.

Дзяўчына згадвае, што сутыкнулася з булінгам у школе.

«Хлопчыкі адыгрываліся на мне. Былі абразы. Прыдумвалі нейкія песні, каб мяне зачапіць. Свастыку малявалі ў сшытках. Маглі стул адцягнуць, каб я на падлогу павалілася, маглі цікаваць па дарозе да дому з каменем ці кавалкам лёду, каб кінуць і напужаць».

Дзяўчына адзначае, што такі досвед пакінуў адбітак, і яна над ім працавала і працуе. «Нейкія комплексы, траўмы. Я на іх не канцэнтруюся, але разумею, што гэта праяўляецца ў жыцці. Я працую над гэтым сама і з дапамогай спецыялістаў. І спрабую жыць як звычайны чалавек».

Як прыйшла ў актывізм

Як згадвае Гебрэмарыям, яна заўсёды была дастаткова актыўнай. Ёй хацелася ўкладваць свае веды, думкі ў нешта карыснае для грамадства. Але гэта не атрымлівалася. Ва ўніверсітэце быў БРСМ, прафсаюзная арганізацыя, але сапраўднага самакіравання не было. Дзяўчына выступала з рознымі ініцыятывамі, але да яе не прыслухоўваліся.

Яе далучэнне да актыўнай грамадскай дзейнасці адбылося ў пачатку 2018 года:

«Аднойчы я гартала стужку УКантакце і ўбачыла праект Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС). Гэта быў праект Акадэміі студэнцкага лідарства. Я прыйшла, прайшла адбор. І з гэтага ўсё пачалося.

ЗБС даў штуршок для таго, каб прыйсці ў грамадскі сектар, займацца моладзевай палітыкай, абаронай правоў студэнтаў і моладзі <…> Потым ужо я валанцёрыла, рабіла свае мерапрыемствы, стыпендыю Аркадзя Смоліча пры падтрымцы розных партнёраў».

Планы на будучыню

У канцы інтэрвʼю Алана Гебрэмарыям расказала пра свае планы на будучыню.

«Для мяне адно з асноўных пытанняў, ці хачу я сваё далейшае жыццё звязаць з медыцынай. Знаходзячыся ў Беларусі, я адчувала сябе не на сваім месцы, таму што я не прыношу карысці людзям, не дапамагаю людзям і не ўдзельнічаю ў грамадскім жыцці Беларусі. Не магу дапамагчы ні добраахвотнікам на Украіне, ні сваім калегам ці незнаёмым людзям, ні палітзняволеным. Хаця досвед у мяне ёсць і разуменне, як працуе пенітэнцыярная сістэма.

На дадзены момант я разумею, што, знаходзячыся ў Беларусі, я адышла ад усіх справаў, і мне не хапае таго існага, важнага, што рабіла маё жыццё паўнавартасным, цэласным, у нечым шчаслівым.

І на дадзены момант я буду працягваць сваю дзейнасць у грамадскім сектары, буду займацца пытаннямі палітзняволеных. Але я не магу сказаць канкрэтна, ці не збяруся праз паўгода паступаць і пацвярджаць свой дыплом. Мне патрэбны час, каб вырашыць».

Чытайце яшчэ:

Прадстаўніца Ціханоўскай па справах моладзі — падазраваная па справе аб масавых беспарадках

«Расісцкія абразы мяне не кранаюць». Афрабеларуска, якая ідзе ў дэпутаты, — пра палітыку, моладзь і беларускую мову

Каментары21

  • Гтк
    15.09.2023
    Жыве Беларусь!
    У цемных куртках простыя грамадзяне абураюцца
    Л. i згадваюць, што Л. прысягау пад БЧБ сцягам.
    Дыктатуру далоу!
  • Планы на мiнулае
    15.09.2023
    Неяк так.
  • ром
    15.09.2023
    афробэлларуссы_)) самим не смешна??

Хрэнін пасля загаду Лукашэнкі імгненна пачаў адводзіць войскі з паўднёвай мяжы5

Хрэнін пасля загаду Лукашэнкі імгненна пачаў адводзіць войскі з паўднёвай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

Што адбываецца на мяжы з Польшчай перад выходнымі

«Замоў вельмі шмат». Польскі рэстаран арганізаваў дастаўку піцы проста ў чаргу на мяжы з Беларуссю1

Полк Каліноўскага абверг паведамленне Мінабароны Беларусі аб гібелі Яна Рудзіка3

У Іспаніі даказалі гіпотэзу 54-гадовай даўніны вядомага матэматыка родам з Кобрына

Пад Варшавай трагічна загінуў 31-гадовы беларускі раварыст Аляксандр Пуставітаў4

Чаму ў гарачыя дні часта баліць галава і як ад таго ўберагчыся

У мястэчку Гарадок на Беласточчыне сёння пачаўся фестываль Tutaka

Міліцыя страляла ў двары мінскага шматпавярховіка. Што здарылася?

У Беларусі зноў пастрожылі палітычны фільтр для экскурсаводаў. Што змянілася ў правілах атэстацыі?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хрэнін пасля загаду Лукашэнкі імгненна пачаў адводзіць войскі з паўднёвай мяжы5

Хрэнін пасля загаду Лукашэнкі імгненна пачаў адводзіць войскі з паўднёвай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →