У Мінску аднавілі страчаны твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя
У мінскім Залатагорскім касцёле ў верасні прайшоў ІІІ Фестываль хрысціянскай культуры. Падчас яго адбылося першае выкананне твора беларускага кампазітара Фларыяна Міладоўскага, які раней лічыўся страчаным. Адшукалі яго выпадкова, але некаторыя часткі давялося аднаўляць з нуля.
Рэлігійны твор «Спевы да святой імшы» для хору, камернага ансамбля і аргана быў вернуты з забыцця беларускімі адмыслоўцамі, якія спачатку цудам выявілі рукапіс Фларыяна Міладоўскага ў архівах, а потым аднавілі яго незахаваныя часткі, піша Сatholic.by.
На прэм’еру быў запрошаны акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі, дырыжорам якога з’яўляецца Андрэй Саўрыцкі. Арганную партыю выканаў кампазітар Віктар Кісцень.
Адзіны знойдзены на сёння яго рэлігійны твор «Спевы да святой імшы» знаходзіцца ў Варшаўскім музычным таварыстве імя Станіслава Манюшкі.
Будучы кампазітар нарадзіўся ў Мінску ў 1819 годзе ў сям'і калісьці багатай навагрудскай шляхты. Яго продкі пераехалі на Міншчыну пасля страты маёнтка ў пошуках сродкаў для існавання. Тут Фларыян даволі паспяхова вучыўся музыцы і лічыўся маладым віртуозам. Актыўная сольная канцэртная дзейнасць хлопчыка-віртуоза ў Мінску, Слуцку і Вільні працягвалася да 1834 гада. Усе важныя імпрэзы ў Вільні з удзелам знакамітых выканаўцаў не абыходзіліся без Фларыяна, шматгранны талент якога выявіўся ў ансамблевым музіцыраванні і акампаніятарскім майстэрстве.
Паўстанне 1863—1864 гадоў падзяліла жыццё і творчасць Міладоўскага на дзве часткі. Цудам пазбегнуўшы пакарання за ўдзел у ім, ён быў вымушаны эміграваць у Францыю.
Міладоўскія пераехалі ў Страсбург, потым — у Мец, дзе на працягу пяці гадоў Фларыян выкладаў фартэпіяна. Яго педагагічную дзейнасць абарвала хвароба вачэй, у выніку якой у пачатку 1870 года ён страціў зрок. Паспяхова праведзеная аперацыя дазволіла Фларыяну займацца напісаннем музыкі, але актыўна працаваць ён ужо не мог. У апошнія гады Міладоўскі жыў у Бардо, дзе памёр 8 ліпеня 1889 года.
Галоўным пакліканнем Фларыяна Міладоўскага стала кампазітарская творчасць. Нягледзячы на прызнанне яго таленту Феліксам Мендэльсонам, Станіславам Манюшкам, Міхалам Ельскім, уся вялікая спадчына Міладоўскага — вакальна-інструментальныя і камерна-інструментальныя кампазіцыі — сёння вядомая нам толькі па назвах. На жаль, большасць твораў засталася толькі ў рукапісах, месцазнаходжанне якіх пакуль не выяўлена.
Напісанне твора «Спевы да святой імшы», або музыкі да нязменных частак святой імшы, было прымеркавана да інаўгурацыі Таварыства Святой Цэцыліі, арганізаванага Станіславам Манюшкам і Фларыянам Міладоўскім у Вільні. У паперах Станіслава Манюшкі захаваўся сшытак з актам заснавання аб’яднання і нататкамі, што датычыліся збораў, рэпетыцый і фінансавых спраў — так званай хронікай Таварыства Святой Цэцыліі, дзе акурат узгадваецца твор Фларыяна Міладоўскага: «Віленскія музыкі і аматары з мэтай пашырэння добрай і сур’ёзнай музыкі пажадалі аб’яднацца ў хор, каб спяваць падчас набажэнства найлепшыя творы замежных і мясцовых кампазітараў <…>. На ўрачыстасць святой Цэцыліі, што прыпадае на 22 лістапада, пан Міладоўскі напісаў імшу, якую выканаюць усе віленскія аматары і артысты добрай волі».
Асновай для «Спеваў да святой імшы» Фларыяна Міладоўскага сталі спецыяльна напісаныя Уладзіславам Сыракомлем вершы.
Фрагменты рукапісу твора выявіла Святлана Шэйпа. Знайсці ноты твора атрымалася толькі дзякуючы асабістай уважлівасці даследчыцы, бо праца захоўвалася пад прозвішчам першага выканаўцы твора, сябра і паплечніка Міладоўскага — Станіслава Манюшкі.
«У часы вучобы ў кансерваторыі я трапіла ў касцёл. Спачатку проста шукала працу, але ў Бога свае шляхі — такім чынам Ён прывёў мяне да Сябе. Я зацікавілася беларускай музыкай і беларускай касцельнай традыцыяй. Калі скончыла кансерваторыю, ужо ведала, што буду далей займацца навукай у аспірантуры пры Акадэміі музыкі.
Я стала паглыбляцца ў гісторыю і адчула, што шмат «белых плям» ёсць у беларускай музычнай культуры. Я склала для сябе спіс айчынных кампазітараў, якія працавалі ў перыяд з XIX да першай паловы XX стагоддзя. Убачыла, што твораў гэтага аўтара няма, твораў таго аўтара няма… Склаўшы спіс, пачала працаваць у розных архівах Беларусі, Літвы, Польшчы, шмат твораў адшукала.
Сярод дакументаў я знайшла жыццяпіс Міладоўскага, які падрыхтаваў сын Аляксандра Валіцкага — першага біёграфа Станіслава Манюшкі. Гэты жыццяпіс павінен быў легчы ў аснову біяграфіі Міладоўскага, якую напіша Валіцкі-старэйшы.
Я зрабіла пераклад з польскай мовы гэтага вялікага дакумента, з якога даведалася наконт твораў, пра якія не было напісана ў энцыклапедычных выданнях XIX стагоддзя. Я пачала шукаць, шукаць, шукаць… і выпадкова трапіла на Імшу Міладоўскага.
Цікава, што ў каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы ў Варшаве была картка з гэтай інфармацыяй, але ніхто з навукоўцаў не звярнуў увагі, таму што яна была ўся са спасылкамі на Манюшку. Я думаю, што даследчыкаў менавіта гэты факт заблытаў», — падзялілася Святлана Шэйпа.
Працяглы час твор Міладоўскага захоўваўся пад прозвішчам Станіслава Манюшкі. У бібліяграфічным апісанні да першага сшытка імя Міладоўскага сціпла значыцца ў канцы: «Станіслаў Манюшка. Спевы да св. імшы для чатырох галасоў з суправаджэннем аргана (словы Уладзіслава Сыракомлі), музыка Фларыяна Міладоўскага». У каталагічных вопісах другога і трэцяга сшыткаў ён не ўзгадваецца ўвогуле.
Блытаніна адбылася таму, што Імша зафіксавана ўласнай рукой Станіслава Манюшкі, які быў і ёсць надзвычай паважанай асобай у польскай культуры. Архіварыусы Варшаўскага музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі старанна збіралі ўсе матэрыялы, звязаныя з ім. З аднаго боку, такая акалічнасць нябачна ахоўвала рукапіс ад занядбання, а з іншага — прадвызначыла лёс дакумента — доўга знаходзіцца ў небыцці.
Твор Станіслава Міладоўскага захаваўся цудам. Да пачатку другой чвэрці ХХ стагоддзя ў фондзе Варшаўскага музычнага таварыства зберагалася каля 30 тыс. музычных рукапісаў і бясцэнныя асабістыя рэчы кампазітараў. Падчас нямецкай акупацыі рукапісныя матэрыялы бібліятэкі сталі часткай Staatsbibliothek Warschau і былі перавезеныя ў снежні 1944 года ў Адэлін (Ніжняя Сілезія).
Калі ў жніўні наступнага года іх знайшлі варшаўскія бібліятэкары, то аказалася, што загінула каля 40% даваеннага фонду: амаль уся калекцыя нотных старадрукаў і значная колькасць незакаталагізаваных рукапісаў.
Час моцна пашкодзіў твор Міладоўскага. Аўтарам музычнай рэдакцыі знойдзенага твору стаў кампазітар Віктар Кісцень, які аднавіў незахаваныя часткі арганнай партыі і некаторых духавых інструментаў.
Навуковую распрацоўку выдання зрабіла кандыдат мастацтвазнаўства Святлана Шэйпа. Карпатлівую працу па перакладзе вершаў беларускага польскамоўнага паэта Уладзіслава Сыракомлі зрабіла паэтка Юлія Шэдзько.
Прэм’ера асобных нумароў «Спеваў да святой імшы» адбылася ў студзені 2016 года з удзелам Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Андрэя Саўрыцкага на фестывалі «Калядныя вечары на Залатой Горцы». Сёння твор канчаткова вернуты з забыцця, але гэта толькі невялікая крупінка страчанай беларускай музычнай спадчыны.
Каментары