Новая сенсацыя на раскопках у Полацку: археолагі знайшлі скарб старажытных візантыйскіх манет
Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі гарадскога стадыёна ў Полацку працягваюць здзіўляць новымі адкрыццямі. Пра знаходкі апошніх дзён распавёў gorod214.by старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Коц.

Нагадаем, што раней археолагі знайшлі шмат матэрыялаў, якія сталі падцвярджэннем існавання на гэтым месцы буйной вытворчасці па апрацоўцы каляровых металаў — так званага квартала ювеліраў.

А днямі ў ювелірнай майстэрні быў знойдзены скарб медных візантыйскіх фолісаў. Гэта старажытныя манеты, адчаканеныя на мяжы X—XI стст., якія патрапілі ў Полацк у XI стагоддзі. Гаспадар схаваў іх пад печкай-каменкай, дзе плавілі каляровыя металы.
Дзве манеты знаходзяцца ў добрым стане, на адным баку прачытваецца надпіс-легенда, на другім — аблічча правіцеля-імператара. Папярэдне навукоўцы мяркуюць, што гэта Васіль II Балгарабойца, пры якім падтрымліваліся цесныя сувязі Кіеўскай Русі і Візантыйскай імперыі.

Пашкоджаныя манеты ўжо накіраваныя на рэстаўрацыю ў музей-запаведнік.
Унікальнасць знаходкі ў тым, што раней у Беларусі, як патлумачыў Аляксей Коц, у межах археалагічных раскопак візантыйскіх скарбаў не знаходзілі. Адзінкавыя манеты былі, а ў складзе калекцыі яны трапіліся ўпершыню.

Яшчэ адзін каштоўны артэфакт — фрагмент падвескі ў выглядзе сякеркі, што служыла абярэгам для ваяра. На сякерцы напаяна птушачка. Знаходка датуецца XI—XII стагоддзямі і раней падобных прыкладаў на тэрыторыі краіны зусім не сустракалася. Насіць такія рэдкія статусныя рэчы маглі толькі ваяры высокага рангу.

Рэдкімі з’яўляюцца таксама фрагменты фальшывых дырхемаў, якія не завозіліся з Арабскага халіфата, а выплаўляліся непасрэдна на месцы. Цікава, што ў 1980-я гады археолаг Сяргей Тарасаў знайшоў падчас раскопак у Полацку ліцейную форму для вырабу такіх манет.

Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары