«Нават падчас вайны адчуваю сябе больш абароненай, чым у Беларусі». Беларуска расказала, як цяпер жывецца ў Ізраілі
Ася Траяноўская — вядомая ў Бабруйску блогерка, мастачка, зоаабаронца. Жанчына з дзяцінства мае інваліднасць, што не перашкодзіла ёй весці актыўнае жыццё, займацца валанцёрствам, выйсці замуж і нарадзіць дзіця. Чатыры месяцы таму Ася разам з мужам і маленькай дачкой пераехалі ў Ізраіль. А 7 кастрычніка на Ізраіль здзейсніла найбуйнейшую за апошні час атаку тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС, якая месціцца на тэрыторыі сектара Газа. Выданне «1387» звязалася з Асяй і папрасіла яе расказаць, як яна і яе сям’я перажываюць вайну.
«Паветранай трывогі не было з 2006 года — усе моцна перапужаліся»
— Ася, распавядзі, калі ласка, дзе вы цяпер знаходзіцеся? Як сустрэлі навіну пра вайну? Што цяпер адбываецца ў вашым горадзе?
— Мы жывем у горадзе Кір’ят Ям недалёка ад Хайфы, на марскім узбярэжжы. Гэта на поўначы Ізраіля. Учора ў нас была сірэна (размова з Асяй была 12 кастрычніка — Рэд.), як потым высветлілася, ракета ляцела аднекуль з Газы. Пасля сірэны былі запушчаныя фэйкавыя чуткі, што на поўнач рухаюцца тэрарысты, як раней на поўдзень. Нібыта яны перасеклі мяжу на парапланах і ўжо ў 40 кіламетрах ад нашага горада. Усе моцна перапужаліся. Тым больш, што ў нашым раёне паветранай трывогі не было з 2006 года, усе ўжо адвыклі ад гэтага.
Але сёння ўжо ўсё спакойна. Затое ўсе даведаліся, дзе іхнія мамады — так называецца бамбасховішча, пратэставалі іх. У нашым доме не мамады, а мамак. Мамад — гэта пакой проста ў кватэры. А мамак — у пад’ездзе. Яны могуць быць толькі на першым паверсе, а ў нас — на ўвесь дом. У яго можна зайсці на кожным паверсе, па лесвіцы спусціцца ўніз.
Тут таксама ёсць дамы, дзе зусім няма мамадаў і мамакаў. Для іх жыхароў, а таксама для тых, каго сірэна заспела на вуліцы, ёсць так званыя грамадскія бамбасховішчы на вуліцах.
«Самае страшнае — калі чытаеш, што тэрарысты ходзяць па дамах і выразаюць усіх»
— Дзе вы з сям’ёй былі, калі пачулі сірэну?
— Я тады ўвечары пайшла гуляць, як звычайна, з дачкой і сабакам. Каб выйсці з пад’езду, мне трэба націснуць на кнопку дамафону. Я да яе крыху не дацягваюся, тэлефонам націскаю. Пакуль я даставала тэлефон, мы выйшлі з ліфту, там нейкі мужчына стаяў з каробкамі з садавіной, штосьці рабіў.
Я спрабавала націснуць на кнопку і раптам чую — віск, дзяўчаты крычаць. Я падумала, ці мала што — мо тараканаў убачылі. Тут жа ў нас такія тараканы памерам у палову рукі лётаюць. У нас у пад’ездзе два ўваходы, і калі ты націскаеш на кнопку, адразу два адчыняюцца. І вось у другі яны забеглі.
Я выйшла з пад’езду, і пачула сірэну. Я развярнулася, дзверы амаль зачыніліся. І мы з тым мужчынам з садавіной хуценька ў мамак пабеглі. Муж у гэты час заставаўся ў кватэры. Калі пачуў сірэну, давай спачатку шукаць тэлефон, не знайшоў, пабег на ніз, але пакуль спускаўся, сірэна ўжо скончылася і мы з дачкой выйшлі з мамака.
Муж Асі далучаецца да размовы:
— Я пабег на ліфт, хоць ведаю, што на ліфце нельга. Усе суседзі на пляцоўцы сабраліся ў мамаку і глядзелі на мяне як на дурня, што я бягу да ліфта, але я не мог кінуць Асю з дачкой. Калі чуеш сірэну — гэта, канешне, страшна. Але што яшчэ страшнейшае, гэта калі чытаеш паведамленні пра тое, што тэрарысты ўжо перасяклі мяжу на параплане, што ходзяць па дамах і ўсіх там выразаюць і гвалцяць. Вось гэта страшна.
Самыя дарагія — кватэры з мамадамі (пакоямі-бамбасховішчамі)
— А ці абароніць мамад ці мамак ад тэрарыстаў? Наколькі яны надзейныя, на твой погляд?
— Яны лічацца надзейнымі. Там нават інтэрнэт не ловіць. Калі суседзі там сабраліся, наш сусед увесь час выбягаў, каб разумець, што адбываецца і быць на сувязі. Там дзверы знутры замыкаюцца. Але цяжка сказаць, ці дакладна наш мамак абароніць ад тэрарыстаў, ці не адкрыюцца дзверы, калі прастрэліць ручку, замок.
Але ведаю гісторыю — на поўдні захапілі кібуц, там была сям’я — знаёмыя маёй знаёмай. Яны адсядзеліся ў бамбасховішчы, тэрарысты не змаглі да іх дабрацца.
— Як вы сябе ў гэтым усім адчуваеце? Ці была падрыхтаванасць да такіх падзей?
— У Ізраілі заўсёды ёсць гатовасць як мінімум да паветранай трывогі. Мы гэта разумелі, калі ехалі сюды. І калі ты вельмі баішся тэрактаў, вайны, табе не трэба ехаць у Ізраіль. Мы адмыслова выбіралі такі рэгіён для жыцця, дзе сірэны рэдкія, як я ўжо казала, тут іх не было з 2006 года. Але верагоднасць усё роўна заўсёды ёсць, і мы гэта разумелі.
Мы шукалі дом з бамбасховішчам. Глядзелі дамы з мамадам, але там кватэры вельмі дарагія, і калі мы прыехалі, у такіх дамах увогуле не было нічога ў арэнду. Тады мы сталі шукаць дом з мамакам. У такіх дамах кватэры таксама ў два разы даражэйшыя, чым у доме без бамбасховішча.
І цяпер, дарэчы, жыхары дамоў без бамбасховішчаў, раёнаў, дзе мала бамбасховішчаў, падымаюць скандалы. У нас даецца афіцыйна 1 хвіліна на тое, каб дабегчы да бамбасховішча. Гэта калі ракета ляціць з поўдня. Калі яна ляціць з поўначы, ёсць толькі 15 секунд. Калі трывога заспявае на вуліцы, тым жа людзям у сталым узросце будзе вельмі цяжка дабрацца. Таму пытанні задаваць пачалі нават тыя, каму раней было ўсё адно, пасля таго, як паслухалі сірэну гэтым разам.
«У Ізраілі нашмат больш шанцаў выжыць у вайне, чым было б у Беларусі»
— Ці не думалі вы вярнуцца ці прынамсі на нейкі час паехаць у Беларусь, калі пачалася вайна?
— Так, былі такія думкі, калі паведамілі пра тэрарыстаў. Мы разгубіліся. Калі ўсе былі ў паніцы, канешне, нас накрыла. Нават сталі глядзець квіткі да Беларусі.
Але потым раніцай усё ўзважылі — што ўсё ж мы на поўначы, што Ізраіль ужо гатовы да абароны, што склікалі шмат рэзервістаў. Мы зразумелі, што тут нават падчас вайны мы адчуваем сябе больш абароненымі, чым у Беларусі. Тым больш, з Беларусі ўсе паз’язджалі.
Калі раптам у нас штосьці такое пачнецца, я не ведаю, што будзе. А тут я адчуваю сябе абароненай. Тут адзінства ў сто разоў больш адчуваецца. Усе вельмі сяброўскія, усе адзін аднаго падтрымліваюць, імкнуцца дапамагчы. Клапоцяцца. Кранула, як, напрыклад, мужчына, у якога мы замаўляем бульбу, прыехаў і адразу запытаўся, ці ёсць у нас мамак. Хоць, агулам, тут кожны другі пытаецца, ці мы ведаем, дзе бамбасховішча.
Калі ўсё гэта пачалося, усе вельмі салідарызаваліся. Для салдат пастаянна нейкія зборы ідуць. Салдаты ездзяць на танках з дзіцячымі малюнкамі, якія ім дзеці малююць і ўкладаюць у перадачы. Тут пастаянна абвесткі кшталту «вазьму сям’ю з Поўдня». Кожны гатовы нечым падзяліцца.
З нашай вуліцы хлопец быў забіты на музычным фестывалі, і ўжо трэці дзень на вуліцы стаіць вялізны намёт, людзі прыходзяць туды, згадваюць яго, суседзі там збіраюцца, падтрымліваюць бацькоў.
Мне тут насамрэч спакайней. Як бы страшна ні было, Ізраіль гатовы да абароны. І людзей тут рыхтуюць ды папярэджваюць. Адразу, як пачалася вайна, было зроблена прыкладанне, праз якое паведамляецца пра сірэну, пра небяспеку, камандаванне тылу рассылае дакладныя інструкцыі, што рабіць.
Учора нам сказалі ўсім закрыцца дома, апусціць жалюзі і нікуды не выходзіць, пакуль не адмянілі трывогу ў сувязі з пранікненнем тэрарыстаў. Тут дамы надзейныя, пабудаваныя, каб вытрымліваць ракеты, тыя ж бамбасховішчы паўсюль. Гэта не параўнаць з тым, як будуецца, напрыклад, у нашых 6 ці 7 мікрараёнах у Бабруйску. Мне падаецца, што ў Ізраілі нашмат больш шанцаў выжыць у вайне, чым было б у Беларусі.
І вельмі падтрымлівае адчуванне грамадства як адзінага жывога арганізму. Ты ўжо як бы і не можаш яго кінуць. Муж нават пра армію тут задумаўся.
— У нас жа як у менталітэце — ад арміі трэба «касіць», зрабіць усё, каб туды не трапіць. А тут людзі — рэпатрыянты з Беларусі і Расіі, самі ідуць і просяцца ў армію, — дадае сужэнец Асі. — Ды нават паглядзіце, як з іншых краін людзі сабраліся і паляцелі ў Ізраіль, як рэзервісты збіраліся. Ад гэтай салідарнасці ўвогуле мурашкі па скуры. І я таксама падумаў, што калі б што, пайшоў бы ў армію, а калі б не Ася і дачка, то дакладна б.
«Дзеля дачкі імкнемся захоўваць спакой, нягледзячы ні на што»
— Як дачка перажывае вайну?
— Калі мы пачулі сірэну, і ўсе закрычалі, яна таксама спужалася, — распавядае Ася. — Я яе тэлефонам імкнулася заняць, відэаролікамі. Але ў мамаку тэлефон не працаваў, не было сувязі, і яна там адчувала сябе напружана. У той жа час, калі мы з мужам спакойныя, яна таксама не хвалюецца, таму мы імкнемся захоўваць спакой, нягледзячы ні на што.
Мы, дарэчы, толькі вось учора прыгатавалі сумкі для бамбасховішча, але па мінімуму там паклалі ўсё — ваду, памперсы. Проста каб выжыць.
— Вы ў Ізраілі толькі чатыры месяцы, але кажаце і пра гатовасць да паветранай трывогі, і пра пачуццё абароненасці. Можаце сказаць, што ўжо адаптаваліся?
— Мы неяк адразу адаптаваліся і нам усё спадабалася. Цяпер мы чакаем моўныя курсы. У мяне яны пачнуцца ў лістападзе, у мужа пакуль невядома, калі. Без мовы тут, канешне, вельмі абмежаваныя магчымасці. Працу тут можна знайсці і без мовы, але ці аддаленую, ці не самую кваліфікаваную, ці будзе патрэбная вельмі добрая англійская мова.
Але моўнага бар’еру мы амаль не адчуваем. Тут амаль большасць размаўляюць па-расейску. Нават тыя, на каго б ніколі не падумаў, тыя ж эфіопы, напрыклад. Але праз тое, што тут шмат расейскамоўных, яны таксама запамінаюць, як, напрыклад, цэны будуць па-расейску ці назвы тавараў. Ну і іўрыт не самая складаная мова, хутка запамінаецца, мы яго яшчэ ў Беларусі пачыналі крыху вучыць.
Англійская мова распаўсюджаная сярод маладых і даволі адукаваных людзей. Акрамя іх, мала хто размаўляе па-англійску.
Калі здараюцца нейкія моўныя складанасці, усе стараюцца дапамагчы. Неяк на касе была эфіопка, і мы не маглі зразумець адна адну. Тады да мяне падбегла бабулька і пытаецца, што трэба перакласці. І такая гатовасць дапамагчы ва ўсіх сітуацыях, і гэта вельмі падкупляе.
«Па беларускіх мерках мы атрымліваем шалёныя грошы, але і выдаткі тут такія ж»
— Які ўзровень жыцця ў Ізраілі? Якая сітуацыя з працай, заробкамі, цэнамі?
— Мы пераехалі па праграме рэпатрыяцыі, пакуль атрымліваем дапамогу. Нам тут плацяць фантастычныя грошы ў параўнанні з Беларуссю, але адначасова тут і выдаткі такія ж шалёныя. Тут вельмі дарагое жытло, цэны на ежу таксама высокія.
Тут ёсць такая штука — жыццё ў крэдыт. Ты цягам месяцу набіраеш на пэўную суму крэдыт, які з цябе здымаецца ў наступным месяцы. Акрамя таго, ёсць дазволены мінус на рахунку, у які можна сыходзіць. Вось мы і жывем у мінус пакуль што. Кватэра каштуе 5000 шэкеляў, на ежу на сям’ю сыходзіць 4000. Каб быў зразумелы памер сумы, па цяперашнім курсе 1 шэкель = 1 беларускі рубель.
—— Мы пакуль не працуем, вучым мову. Айцішнікі тут, напрыклад, атрымліваюць тысяч з 12-20 шэкеляў. На заводзе можна зарабляць тысяч з 6-8 у месяц. Нам яшчэ, дарэчы, даводзіцца здымаць даволі дарагое жытло, бо гэта была амаль адзіная кватэра, дзе Асі было зручна перасоўвацца на вазку, а таксама тут ёсць прасторны ліфт.
Ці прыстасаваныя мамады для людзей у вазках?
— Ася, ці заўважаеш ты нейкую розніцу ў стаўленні грамадства ў Ізраілі да людзей з інваліднасцю, а таксама адаптаванасць інфраструктуры ў параўнанні з Беларуссю?
— Што адрозніваецца == тут не дзеляць інвалідаў на групы — першая група інваліднасці, другая і да т. п. Тут лічаць па адсотках — якая ў цябе ступень інваліднасці — можа быць 100%, 88%. За ўсе ступені табе плацяць грошы. Тут шмат розных відаў дапамогі.
Ёсць дапамога, напрыклад, толькі на тое, каб знайсці сабе памочніцу. Таксама на тое, каб ты перасоўваўся на грамадскім транспарце ці сваёй машыне, на бензін, напрыклад. Ёсць асобная дапамога для хатніх гаспадынь з інваліднасцю. Могуць таксама не грошы даваць на памочніцу, а адразу выдзеліць сядзелку на нейкі час — пераважна так робяць у выпадку са сталымі людзьмі, а маладым даюць грошы.
Я пакуль без памочніцы, таму што інваліднасць пацвярджаецца тры месяцы і мне толькі-толькі пачалі выдзяляць гэтыя грошы і памочніцу я яшчэ не знайшла. І, дарэчы, іх усіх здзіўляе — як гэта — без памочніцы? Кажуць: патрэбна, каб была памочніца.
Тут вельмі шмат людзей на вуліцах у вазках. Таксама тым, каму цяжка хадзіць, даюць ралатар. Тут калі цяжка, табе адразу дапамогуць. Тут усе інваліды вядуць нармальны лад жыцця. Ведаю, што ёсць людзі ў вазках, якія працуюць на касе, напрыклад. Калі чалавек з інваліднасцю працуе, гэта ніяк не адлюстроўваецца на суме ягонай дапамогі па інваліднасці.
Тут няма такога, што калі ты інвалід і жывеш на пятым паверсе, то лічы, ты закрыты ў чатырох сценах. Не, тут прыходзяць сацыяльныя супрацоўнікі, ацэньваюць даступнасць твайго жытла, вылічаюць, што трэба памяняць, чаго табе не хапае, напрыклад, стульчака для ваннай, глядзяць, каб ты мог зайсці і выйсці з памяшкання.
У той жа час, што датычыць вуліц, то з безбар’ерным асяроддзем не ўсё так добра. Тут бывае, што ідзеш па тратуары і раптам перад табой вырастае нейкая перашкода ці дрэва, ці тратуар звужаецца. Але агулам няма такога, што ты недзе захраснеш, бо адразу ж знойдуцца людзі, якія дапамогуць табе прайсці, праехаць.
Мы яшчэ да вайны ездзілі ў Тэль-Авіў да лекара, і на зваротным шляху высветлілася, што платформа, на якой нам трэба было сядаць, знаходзіцца на іншым баку, і туды трэба было ісці па лесвіцы, а ліфт не працаваў. Тады нам чыгуначная станцыя выклікала сацыяльнае таксі, якое падвезла нас да самай платформы.
— А ці прыставаныя бамбасховішчы для людзей, якія перасоўваюцца ў вазку?
— З бамбасховішчамі можа быць па-рознаму, дапускаю, што ёсць такія, куды цяжка трапіць на вазку, але я ўпэўнена, што калі мяне на вуліцы заспее паветраная трывога, мне абавязкова дапамогуць трапіць у бамбасховішча.
«Працягваю апекавацца жывёламі ў Бабруйску»
— Ася, ты працягваеш займацца зоаабаронай на новым месцы жыхарства?
— Так. Мы тут на паркоўцы падабралі трох кацянят. Аднаго прыстроілі, двое пакуль з намі жывуць. У нас у Бабруйску засталіся жывёлы на ператрымцы пад нашай апекай — сабака і тры каты. Я збіраю грошы для іх утрымання. Учора, на жаль, з адным з нашых падапечных здарылася бяда. Пакуль у нас тут была сірэна, у Бабруйску адзін наш сабака праламаў плот, уцёк і яго збіла машына. Мы яго некалі прытулілі, калі ягоны гаспадар памёр.
— Як агулам выглядае сітуацыя з бадзяжнымі жывёламі ў Ізраілі ў параўнанні з Беларуссю?
— Сабак бяздомных тут амаль няма. Па вуліцах бегаюць, хіба, толькі тыя, якіх на самавыгул адпускаюць. А вось катоў тут шмат на вуліцах. Але іх усе любяць і шануюць, бо яны змагаюцца з грызунамі. Іх кормяць. Тут шмат валанцёраў з Беларусі, Расіі, якія іх лечаць, выходжваюць, забіраюць да сябе. Мне падаецца, тут коткам на вуліцы лепш, чым у нас. Бо ў нас халодныя зімы, а каты — жывёлы пустыні, ім цяжка, калі халодна. А тут заўсёды цёпла, і людзі іх любяць, таму яны такія распешчаныя і нават часам нахабныя, я б сказала.
«Пераязджалі з сабакам і трыма катамі»
— Ці ёсць у Ізраілі адлоў жывёл, прытулкі?
— Так, таксама ёсць прытулкі. У іх абмежаваны час знаходжання, пасля якога жывёл усыпляюць. Я перыядычна бачу абвесткі, у якіх просяць забраць сабак з прытулкаў, інакш іх усыпяць.
Котак адлоўліваюць і стэрылізуюць, і потым выпускаюць. Катоў не чыпуюць, аднак у стэрылізаваных котак адразаюць кончык вушка, каб было бачна, што яе стэрылізавалі. Сабак абавязкова чыпуюць. І з гэтым строга. Калі ты прыводзіш сабаку да ветэрынара, там найперш правераць па чыпе, ці гэта твой сабака, бо тут часта крадуць сабак, нават дробных парод.
Таксама можна патэлефанаваць у муніцыпалітэт, калі бачыш вельмі хворую жывёліну, і яны прыедуць, забяруць яе і будуць лячыць. Ёсць выпадкі, што тым, хто корміць бадзяжных жывёлаў, нават выдзяляюць грошы на корм, але гэта залежыць ад горада — тут у кожнага муніцыпалітэту свабода дзеянняў і свае фішкі.
— У які момант і чаму да вас увогуле прыйшло рашэнне пераехаць у Ізраіль?
— Мы даўно хацелі. У мужа габрэйскія карані, і так мы вырашылі рэпатрыявацца. Але гэта заняло шмат часу. Мы доўга збіралі дакументы, запаўнялі анкету — каля 1,5 года. Пераязджаць было таксама няпроста — мы шукалі самалёт, у які мы маглі ўзяць усё нашае дабро, а таксама нашых жывёл. Мы перавозілі сабачку і трох котак. На жаль, адна котка ў нас уцякла падчас пераезду. Мы яе потым знайшлі на суседняй вуліцы, але яна паводзіць сябе так, нібы нас не ведае — напэўна, стрэс паўплываў. Іншыя дзве добра асвоіліся.
«Сумуем па людзях з Бабруйска, у астатнім нам тут падабаецца»
— Не сумуеце па Беларусі, па Бабруйску?
— Сумуем хутчэй па людзях. А так нам тут вельмі падабаецца. Найперш клімат. У Бабруйску ўжо ў верасні халодна, і трэба шмат вопраткі, каб апрануцца. Для нас гэта заўсёды было няпроста — спачатку апрануць мяне, потым дачку. А тут адно задавальненне — вельмі цёпла. Тут, канешне, бывае зіма, але яна цягнецца нядоўга, і гэта як нашая восень, калі шмат дажджоў і тэмпература каля +13 — +15.
Тут няма цэнтральнага ацяплення, і кажуць, што зімой у дамах бывае халодна. Але мы пакуль гэтага не адчулі, паглядзім далей.
— Ася, як справы з тваёй рэабілітацыяй?
— Пакуль я да гэтага пытання яшчэ не дайшла — доўга афармляла ўсе інвалідныя дакументы. Калі я прыехала, мяне папрасілі здаць усе аналізы, пацвердзіць інваліднасць. Я ўсё гэта зрабіла, прайшла розных спецыялістаў. Мне прызначылі фізіятэрапеўта, ён раз на месяц запрашае мяне, глядзіць і на гэтым усё. Пазней я думаю абавязкова пашукаць нейкія цэнтры, заняткі з коньмі. Проста цяпер вельмі шмат папяровай цяганіны. Мне проста вельмі цяжка ахапіць усё адразу, не магу быць індыйскай багіняй (смяецца).
«Такога, як цяпер, яшчэ не было, і думаю, Ізраіль гэтага не прабачыць»
— Як вы думаеце, калі скончыцца вайна? Калі сітуацыя супакоіцца?
— Вайна Суднага дня цягнулася тры тыдні — так і разлічваем. Муж лічыць, што месяцы на паўтара ўсё зацягнецца. Але людзі тут падрыхтаваныя, яны ўмеюць у гэтым жыць. Тут жыццё не спыняецца. Так, у школах заняткі адмянілі часова. Але крамы працягваюць працаваць, людзі працуюць. Ізраіль працягвае жыць у сваім звычайным рэжыме. Кавярні працуюць, я вось манікюр схадзіла зрабіла.
Вось калі б у Беларусі штосьці такое выбухнула, мне страшна ўявіць, што было б. Тут вельмі добрая падрыхтоўка ў арміі, усё ж такі краіна ўвесь час жыве ў разуменні пагрозы. А ў Беларусі што — у арміі толькі аўтаматы разбіраюць і збіраюць — што яны там умеюць?
У той жа час і такога, як цяпер, кажуць, ніколі не было. Каб дзяцей забівалі, сотні закладнікаў бралі…. Я думаю, Ізраіль гэтага не прабачыць. І я не магу гэта ўсё ператравіць, і гэтыя фотаздымкі глядзець — псіхіка не вытрымлівае, мяне пачынае ванітаваць. Але адначасова тут шмат гераічных гісторый, калі чытаеш, захапляешся гэтымі людзьмі, і цешышся, што жывеш з імі ў адной краіне.
Каментары
Бытие 6:11 — Быт 6:11: https://bible.by/verse/1/6/11/