Усяго патроху1111

«Я не Хаціка, каб чакаць цябе з эміграцыі». Беларускі расказалі, як спрабавалі захаваць адносіны на адлегласці

Пасля 2020 года многія беларусы апынуліся па розныя бакі мяжы з блізкімі людзьмі. Некаторыя пары пасля ўзʼядналіся ў эміграцыі, іншыя — распаліся. Але ёсць і тыя, хто імкнецца захаваць адносіны на адлегласці. MOST паразмаўляў з беларускамі, якія спрабавалі гэта зрабіць. Усе імёны ў тэксце змененыя.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com

«Прыехала ў Беларусь зрабіць сюрпрыз і даведалася, што хлопец ажаніўся»

Ксенія была ў адносінах амаль шэсць гадоў: тры гады яны з маладым чалавекам жылі ў Беларусі, а з верасня 2020 года Ксенія спрабавала захаваць адносіны на адлегласці.

— Першы год эміграцыі амаль не адрозніваўся ад нашага ранейшага жыцця, — дзеліцца Ксенія. — Мы кожны дзень размаўлялі па тэлефоне ці ў зуме, будавалі сумесныя планы і чакалі добрай магчымасці, каб зрабіць майму маладому чалавеку візу. Давер, разуменне і каханне — усё гэта ў нас засталося. Мы вельмі сумавалі адно па адным і верылі, што пачуцці акажуцца мацнейшымі за абставіны, таму ўсяму зможам даць рады.

Праз год адносіны на адлегласці пачалі змяняцца: малады чалавек стаў тэлефанаваць не кожны дзень, а праз дзень, і размова доўжылася не гадзіну-дзве, як раней, а літаральна паўгадзіны. Ён паспяваў спытаць пра тое, як прайшоў дзень, і развітацца.

— Я не адразу змагла гэта заўважыць: у новай краіне і без таго было шмат праблем — пачынаючы з легалізацыі і заканчваючы фінансавымі складанасцямі, — працягвае дзяўчына. — Але хлопец настойваў на тым, што ўсё гэта часова. Ён усё гэтак жа планаваў зрабіць візу і пераехаць да мяне, маўляў, удвух будзе лягчэй. Я верыла і чакала. Але пасля пачатку вайны ва Украіне зрабіць візу стала нашмат складаней, таму мы вырашылі адкласці гэтае пытанне да лепшых часоў.

Месяц таму, за тыдзень да шостай гадавіны адносін, дзяўчына вырашыла зрабіць сюрпрыз маладому чалавеку і прыехала ў Мінск, рызыкуючы сваёй бяспекай.

Яна ўзяла адпачынак на працы, купіла цацку, дарагі гадзіннік у падарунак і ехала ў прадчуванні доўгачаканай сустрэчы.

— Я падумала, што калі не зраблю гэтага, то адносінам прыйдзе канец. І каб гэтага не адбылося, вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі і прыехаць, — распавядае Ксенія. — Праз агульных сяброў з цяжкасцю змагла даведацца, дзе і калі ён будзе ў дзень майго прыезду. Яны не хацелі мне казаць і адразу пачалі адгаворваць, але потым усё ж вырашыліся сказаць.

Я прыехала да яго на працу ў офіс з вялікім мядзведзем, як з яго любімага мультфільма, гадзіннікам і вялікай каробкай польскіх цукерак. Але замест цёплых абдымкаў убачыла на яго пальцы заручальны пярсцёнак, а на твары — здзіўленне і жах.

Мы маўчалі, мусіць, хвілін пяць. Калі на маім твары зʼявіліся слёзы, ён падышоў і спытаў: «Ты чакала чагосьці іншага? Я не Хаціка, каб чакаць цябе з эміграцыі».

Пасля гэтага былі яшчэ словы аб тым, як яму было добра са мной, што мы можам застацца сябрамі і ўсё ў такім духу. Але я ўжо не слухала і не чула — істэрыка мяне аглушыла, а тое, што здарылася, да гэтага часу не магу прыняць.

«Муж усё ж прыехаў да мяне, але праз месяц мы вырашылі развесціся»

У Кацярыны адносіны на адлегласці працягваліся на працягу года. За гэты час яна стамілася знаходзіцца ў стане «ад званка да званка» і паставіла мужу ўльтыматум: альбо ён прыязджае да яе ў Гданьск, альбо варта заканчваць такія адносіны.

— У яго быў невялікі, але прыбытковы бізнэс у Брэсце, — распавядае Кацярына. — Па гэтай прычыне яму трэба было больш часу для таго, каб закрыць усе справы. Я зʼехала першая з Беларусі з поўнай упэўненасцю, што праз два-тры месяцы ён да мяне прыедзе, і мы пачнём будаваць сваё жыццё з чыстага ліста ў новай краіне.

У мужа была віза, але ён увесь час пераносіў даты адʼезду і толькі абяцаў, што вось-вось будзе побач са мной і дапаможа з усім. Я цярпела, чакала і верыла яго словам, але ўсяму прыходзіць канец. Вось і мне прыйшлося паставіць яго перад фактам, каб хутчэй збіраў рэчы ў чамадан і зʼязджаў з краіны, дзе яму небяспечна знаходзіцца.

Пасля ўльтыматуму, па словах Кацярыны, муж прыехаў, але год, праведзены паасобку, пакінуў свой адбітак на адносінах.

— Ён увесь час злаваўся на мяне, крычаў і правакаваў на канфлікт, як быццам гэта я вінаватая, што Лукашэнка не даў нам спакойна жыць у сваёй краіне, — працягвае жанчына. — Ён вінаваціў мяне ў тым, што ў Польшчы трэба па-іншаму наладжваць побыт, што мы не можам дазволіць сабе той узровень жыцця, які быў у нас у Брэсце, што ён не ведае польскай мовы і яму складана вырашаць нават самыя базавыя пытанні.

Апошнім, як мне падаецца, стала тое, што ён не бачыў магчымасці для сябе развівацца ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Замест таго каб шукаць працу, ён вырашыў пайсці простым шляхам: сесці на канапу і гуляць у кампʼютарныя гульні.

Месяц я трывала і другі таксама, а потым прама сказала, што мне не патрэбны такі муж, і прапанавала развесціся.

Каментары11

  • дзед Мазай
    19.10.2023
    Дык ты і з крамы яго чакаць ня будзеш, калі ён за цыгарэтамі пойдзе. Адмазка ёсць, не Хаціка, і не Ізольда, чаго табе яшчэ трэба, адвянь....
  • Вероятный
    19.10.2023
    Маім меркаваннем, абодва кейсы з серыі “як шчасліва пазбавіцца мудака”. 
  • No
    19.10.2023
    Ведаю гісторыю знаёмай, у якой муж айцішнік. Ён прыгразіў жонцы з трыма дзецьмі разводам, бо яна не хацела з'яжджаць у Польшчу. Толькі яна не была ІП, а настаўнікам. Значыць, было што губляць. У выніку ўсёй сям'ёй з'ехалі з краіны. Мінус пяць чалавек за раз!
    Ведаю суседа, які таксама з цэлай сям'ёй (жонка і двое дзяцей) з'ехаў у Польшчу. Мінус 4 чалавекі за раз.
    Беларусы эмігрыруюць цэлымі сем'ямі.
    Краіна страчвае насельніцтва страшнымі тэмпамі. Эміграцыя жахлівая. З ГУЛАГу бяжыць інтэлектуальнае і працаздольнае насельніцтва.
    Не даціснулі у 2020 хатаскрайнікі таракана. Гэта адплата за баязлівасць

Цяпер чытаюць

У Мінску кідаюць будаваць трэцюю лінію метро ў Зялёны Луг. Усе сілы пойдуць на чацвёртую, кальцавую1

У Мінску кідаюць будаваць трэцюю лінію метро ў Зялёны Луг. Усе сілы пойдуць на чацвёртую, кальцавую

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы будуць судзіць 12 дропераў — яны давалі свае рахункі махлярам для вываду грошай. Сярод іх ёсць і беларусы3

Мілых зайчанятаў пабачылі леснікі ФОТАФАКТ2

Алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова штодня праводзіць у сацсетках па пяць гадзін

Вядучай СТБ намалявалі на машыне пеніс — ужо другі раз35

Як ЗША выбудоўваюць новы сусветны парадак: кантроль над марскімі вузламі перадусім7

«Вясна»: Праводзяцца ператрусы ў дзеячоў культуры6

«Эфект губной памады» ў продажах сапраўды працуе

Дакументы на пражыванне ў Польшчы маюць больш за 139 тысяч беларусаў8

«Крутыя лекцыі», але «жыве ў свеце, які сам і стварыў». Студэнты расказалі пра выкладчыка БДУІР, які запісаў зварот да Лукашэнкі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску кідаюць будаваць трэцюю лінію метро ў Зялёны Луг. Усе сілы пойдуць на чацвёртую, кальцавую1

У Мінску кідаюць будаваць трэцюю лінію метро ў Зялёны Луг. Усе сілы пойдуць на чацвёртую, кальцавую

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць