WSJ: Здзелка ЗША з Венесуэлай пра нафту нібы спісаная з «Хроснага бацькі». Але дамовы з нелегітымнымі прэзідэнтамі маюць сумнеўную каштоўнасць
Незвычайная форма нафтавай дамовы Вашынгтона з Каракасам і палітычны статус венесуэльскага кіраўніцтва ставяць пытанні пра тое, наколькі трывалай яна будзе, піша ў рэдакцыйным каментары выданне для фінансавых колаў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даўно казаў, што ў выпадку амерыканскага ўмяшання за мяжой варта «забіраць нафту». Цяпер, як заўважае рэдакцыя The Wall Street Journal, ён спрабуе рэалізаваць гэты прынцып у Венесуэле.
28 жніўня Трамп абвясціў, што ЗША заключылі пагадненне з уладамі Венесуэлы, якое дае амерыканскаму боку кантроль над распрацоўкай радовішчаў з больш як 65 мільярдаў барэляў даказаных запасаў нафты.
Амерыканскі прэзідэнт назваў пагадненне гістарычным і заявіў, што яно больш чым падвоіць нафтавыя рэзервы ЗША, павялічыць прапанову і ў перспектыве знізіць цэны бензіну. Венесуэльскую нафту ён таксама хоча выкарыстоўваць для папаўнення Стратэгічнага нафтавага рэзерву.
Аднак WSJ звяртае ўвагу, што гэта мала падобна да звычайнай камерцыйнай угоды.
Паводле выдання, ЗША атрымаюць 35% у North American Blue Energy Partners — прыватнай кампаніі, якой кіруе венесуэльскі бізнэсмен Алехандра Бетанкур, блізкі да кіраўніцы краіны Дэлсі Радрыгес. Кампанія атрымае магчымасць распрацоўваць радовішчы, а ЗША — пераважнае права купляць 20% здабытай нафты па сабекошце.
Незвычайна і тое, што інвестарам ад ЗША выступіць Пентагон. Паводле WSJ, схема дазволіць яму атрымаць долю ў кампаніі без істотных выдаткаў сродкаў падаткаплатнікаў. Пры гэтым выданне звяртае ўвагу на прававое пытанне: незразумела, ці мае Міністэрства абароны ЗША паўнамоцтвы станавіцца саўладальнікам замежнай кампаніі.
На думку рэдакцыі, Пентагону і без таго хапае задач.
Нафта ёсць, але здабыць яе хутка не атрымаецца
Яшчэ адна праблема — стан венесуэльскай нафтавай прамысловасці. Цяпер краіна здабывае каля 1,1 мільёна бараляў за суткі, а істотнае павелічэнне вытворчасці запатрабуе гадоў і вялікіх інвестыцый.
Трамп ужо заклікаў амерыканскія нафтавыя кампаніі інвеставаць у Венесуэлу, аднак асаблівай цікавасці яны не праявілі. Паводле WSJ, бізнэс стрымлівае адсутнасць дастатковых прававых і кантрактных гарантый. Пры гэтым Chevron, якая ўжо даўно працуе ў Венесуэле, застаецца адной з нешматлікіх вялікіх амерыканскіх нафтавых кампаній, што захоўваюць прысутнасць у краіне.
Таму, адзначае WSJ, застаецца адкрытым галоўнае практычнае пытанне: хто менавіта будзе фінансаваць распрацоўку гэтых запасаў.
Дамова з уладай, легітымнасць якой спрэчная
Яшчэ больш складанай выданне называе палітычную частку здзелкі. Яна заключаная з Дэлсі Радрыгес, якая прыйшла да ўлады не праз выбары. У выніку Вашынгтон фактычна становіцца бізнэс-партнёрам не дэмакратычна абранага венесуэльскага кіраўніцтва і звязанага з ім прыватнага прадпрымальніка.
Угода пры гэтым можа ўмацаваць пазіцыі самой Радрыгес, якая імкнецца захаваць уладу і адначасова пазбегнуць патрабаванняў апазіцыі пачаць працэс правядзення новых выбараў.
Пагадненне крытыкуюць прадстаўнікі абодвух асноўных палітычных лагераў Венесуэлы. Левыя прыхільнікі баліварыянскага руху бачаць у ім саступку ЗША і могуць выкарыстаць тэму «амерыканскага імперыялізму» ў будучай выбарчай кампаніі.
Дэмакратычная апазіцыя выступае супраць па іншай прычыне. Яна лічыць Радрыгес нелегітымнай кіраўніцай, якая не мае права распараджацца нацыянальнымі рэсурсамі такім чынам. Апаненты ўлады таксама асцерагаюцца, што нафтавая здзелка зробіць Вашынгтон менш зацікаўленым у правядзенні новых выбараў. Крытыкі пагаднення ўжо ставяць пытанне і пра яго адпаведнасць Канстытуцыі Венесуэлы.
Гэта стварае і доўгатэрміновую рызыку для саміх ЗША. Трамп не будзе прэзідэнтам вечна, а будучая венесуэльская ўлада можа паставіць пад сумнеў абавязацельствы, узятыя кіраўніцтвам, легітымнасць якога аспрэчваецца.
«Шмат што яшчэ застаецца невядомым, але ўсё гэта выглядае як прыклад таго, як адміністрацыя Трампа распаўсюджвае свой паўзучы «кумаўскі этатызм» за межы ЗША. У сазе пра «Хроснага бацьку» кубінскі дыктатар атрымаў ад сваіх гасцей залаты тэлефон, але неўзабаве страціў уладу», — рэзюмуе выданне.
Цяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары
І гэта яскравы прыклад для ўсіх трампістаў у антылукашэнкаўскім асяроддзі, якія згодныя на сколь заўгодна кабальныя бізнэс-дамовы Лукашэнкі з Трампам з фальшывай надзеяй на то, што гэта неяк прагарантуе незалежнасць Беларусі. Таму што па-першае калі глядзець у гісторыю - у Нікарагуа праамерыканскага дыктатара Самосу змяніў прасавецкі дыктатар Артэга, а на Кубе праамерыканскага дыктатара Батысту - прасавецкі дыктатар Кастра. А па другое - калі Крэмль прапануе асабіста Трампу досыць шчодры адкуп за Беларусь і працяг права трампаўскіх кампаній на драпежнае выпампоўванне беларускіх недраў (а падобны досвед у Крамля ёсць і ён мае назву Ямал-СПГ, а пра Казахстан нават і ўзгадваць залішне) - Трамп здасць незалежнасць Беларусі адразу ж.