Як выдаць кнігу і яе прадаць. Парады рэдактаркі беларускага выдавецтва
У падкасце «Каля літаратуры» на Літрадыё галоўная рэдактарка выдавецтва «Гутэнберг Паблішэр» Валянціна Андрэева распавяла пра попыт на беларускія кнігі і тое, як аўтару выдаць сваю першую кнігу.
Як паўстала выдавецтва і пры чым тут Гутэнберг
Як згадвае Валянціна Андрэева, выдавецтва «Гутэнберг Паблішэр» вырасла са студыі Imago.by. Яшчэ гадоў дзесяць таму ў Мінску ўдзельнікі студыі пачалі даследаваць старадаўнія карты і гравюры. Быў створаны сайт. Пазней распачалася выдавецкая дзейнасць. З пераездам у Кракаў стала зразумела, што картаграфія не можа быць прыбытковай. Таму каманда вырашыла пашырыць сваю дзейнасць і заняцца выданнем кніг.
Распавядаючы пра выбар назвы выдавецтва, Валянціна згадвае:
«Гутэнберг, як чалавек, які паставіў на эфектыўныя рэйкі выданне кніг, герой другога тысячагоддзя не толькі для немцаў, але і для ўсёй Еўропы. Мы таксама Еўропа, і ён для нас таксама герой. Такі ўніверсалізм мы паспрабавалі адлюстраваць у сваёй назве».
Як аўтару выдаць сваю кнігу
Валянціна заўважае, што перад тым, як пачаць працэс выдання кнігі, трэба знайсці адказы на шмат пытанняў. Галоўнае — прафесійная падрыхтоўка кнігі. Практычна ніколі не працуе сітуацыя, калі аўтар прыходзіць і кажа: «У мяне ўсё гатова, вам застаецца толькі надрукаваць». Любы тэкст патрабуе ўвагі рэдактара і карэктара.
Калі няма знаёмага рэдактара, то Андрэева раіць накіраваць рукапіс у тое выдавецтва, кнігі якога падабаюцца аўтару, і папрасіць пра нейкую рэакцыю-адказ. Але не трэба разлічваць на хуткі адказ, бо ў кожнага выдавецтва шмат падобнай карэспандэнцыі. «Калі аўтар настойлівы і нагадае пра свой рукапіс, то, як правіла, усе прафесійныя выдавецтвы дадуць рэакцыю. Калі выдавецтву рукапіс падасца перспектыўным, то яно само падбярэ рэдактара і давядзе рукапіс да канца».
Таксама можна пайсці іншым шляхам. Калі вам падабаецца нейкі рэдактар, кнігі ў яго рэдакцыі вы чыталі, то можна яму напісаць, напрыклад, у сацыяльных сетках.
Акрамя гэтага трэба вызначыцца, як будзе надрукавана кніга і дзе будзе захоўвацца тыраж пасля выдання. Аўтар, заўважае Андрэева, не заўсёды ўяўляе, колькі гэта — тысяча экзэмпляраў, які гэта аб'ём і «пад якую канапу ў доме яны могуць змясціцца».
Важным зʼяўляецца пытанне распаўсюду тыражу. «Калі гэта кожны раз камунікацыя, адпраўка поштай, сустрэча з іншым чалавекам, то гэта занятак на цэлую працоўную стаўку прыблізна на год. І такія патрэбы аўтар не мусіць ігнараваць, бо кніга становіцца кнігай, калі яна дайшла да чытача».
Зразумела, што аўтар не мусіць сам займацца распаўсюдам. Ён можа даручыць гэта выдавецтву ці нейкаму прадаўцу.
Якія наклады кніг
Па словах рэдактаркі, пакуль што рана гаварыць пра аптымальныя наклады, пра тое, як распрадаецца тое ці іншае выданне. Жыццёвы цыкл кнігі — мінімум год. З беларускай кнігай сітуацыя ўскладняецца праблемай дыстрыбуцыі. У выніку гэты цыкл расцягваецца на паўтара-два гады.
«Тым не менш, наш прынцып — выдаваць большыя наклады. Задача не стаіць у тым, каб не даплаціць рэдактару, карэктару, уціснуцца і надрукаваць 72 асобнікі кнігі і зрабіць яе вельмі дарагой. Задача стаіць у тым, каб усім заплаціць годныя грошы, з тым абмежаваннем, каб кошт кнігі не вымаў апошнія грошы з гаманца чалавека. І так арганізаваць прасоўванне, каб гэты прадукт разышоўся ў дастатковай колькасці.
Беларусаў дастаткова, каб раскупіць мінімальны камерцыйны наклад у тысячу асобнікаў, які акупляе выдаткі», — лічыць Валянціна Андрэева.
Якія кнігі выдае «Гутэнберг Паблішэр»
Па словах Валянціны, выдавецтва не будзе выдаваць кнігу, калі яна не адпавядае яго палітыцы, нават калі замоўца цалкам прапануе прафінансаваць выданне.
«Перад усім, гэта пачуццё адказнасці за беларускую кнігу, якая цяпер звярнула на сябе ўвагу тых людзей, якія раней, магчыма, не чыталі па-беларуску. Мы не маем права расчараваць гэтых людзей, выдаць нешта, што будзе нудна, нецікава, кепска падрыхтавана. У такім выпадку мы не проста выкінем у сметніцу грошы і час, але і расчаруем некалькі чалавек»,
— тлумачыць Андрэева і падкрэслівае, што акрамя гэтага, выдавецтва хоча выдаваць пазітыўныя, добрыя кнігі, якія будуць даваць сілу для таго, «каб ранкам устаць і пайсці жыць сваё ўнікальнае жыццё, а не пакутаваць ад пачуцця віны, безвыходнасці, нейкіх негатыўных эмоцый».
Найбліжэйшым часам чакаецца выхад зборніка апавяданняў Вашынгтона Ірвінга.
«Гэта менавіта такая кніга, якая сваім настроем максімальна перадае тое, што мы хочам выдаваць, — цудоўнае, якаснае, добра выкананае па-беларуску чытво, якое дапамагае жыць, уздымае настрой і дадае яму святлейшых фарбаў».
Чытайце яшчэ:
Выйшла кніга «Круглая Square» Вала Клемэнта — іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі
«Гэта зробіць нас толькі мацнейшымі». Беларускія выдаўцы прадавалі кнігі на кірмашы ў Беластоку
Выйшла з друку і ўжо едзе да сваіх першых чытачоў вялікая кардонная кніжка «Хто жыве ў гаражы?»
Каментары