Кіно

Рэжысёр Аляксей Палуян: Сустрэча з «каліноўцамі» — найлепшае, што здарылася са мной у 2023 годзе

«Не хачу абясцэньваць іншыя сеансы, але паказы «Куражу» ў Бучы і Кіеве былі, бадай, найгалоўнымі за жыццё гэтай карціны», — прызнаецца Аляксей Палуян, аўтар вядомага дакументальнага фільма «Кураж» («Смеласць»). Падсумоўваючы вынікі мінулага года, беларускі кінематаграфіст узгадаў свае падарожжа ва Украіну, на фестываль беларускага-украінскага кіно «1084. На мяжы», у межах якога адбыліся сустрэчы не толькі з украінскімі гледачамі, але і з добраахвотнікамі палка Каліноўскага і іншых беларускіх фарміраванняў. Рэжысёр вылучыў паездку як адну з галоўных падзей сышоўшага года. Reform.by вырашыў не абмінуць гэтай гісторыі, якая распавядае пра боль, радасць, моц мастацтва і веру ў людзей.

Паказы вядомай карціны Аляксея Палуяна «Кураж» ва Украіне арганізаваў фестываль беларуска-украінскага кіно «1084. На мяжы» на чале з Таццянай Гацурай-Яворскай. Гэта была ўжо другая эдыцыя форуму, і беларускі кінарэжысёр, які жыве ў Германіі, атрымаў запрашэнне ад арганізатараў ужо ў другі раз.

— Падчас першага фэсту ў мяне не атрымалася прыехаць, але ў другі раз я не мог адмовіцца, — распавядае кінематаграфіст. — Я вельмі паважаю каманду беларуска-украінскага фестывалю і лічу, што яны робяць неверагодную справу — знаёмяць беларускага гледача з украінскім кіно, а ўкраінскага — з беларускім. Прычым гэта — у такі час.

Паказ фільма «Кураж» у Кіеве. Фота: Вольга Закрэўская

Дарога ў Бучу для беларускага фільммейкера была няпростай. На ўкраінскай мяжы як чалавека з беларускім пашпартам яго запрасілі на «бяседу», якая доўжылася прыкладна гадзіну. Потым ён чакаў пацвярджальнага тэлефанавання з Кіеву яшчэ некалькі гадзін.

Але, як прызнаецца Аляксей Палуян, ён быў маральна гатовы да падобных «правалочак».

— Сёння ва Украіне ідзе бітва за цывілізаваны свет. Там зараз вяршыцца гісторыя. І для мяне было важна ўбачыць усё на ўласныя вочы, — тлумачыць сваю пазіцыю аўтар «Возера радасці». — Каб адчуць вайну, не абавязкова ехаць на фронт — тое, што адбываецца ў тыле, на той жа мяжы — гэта таксама следства вайны, гэта яе яўныя прыкметы.

Ды таксама творца ва Украіне хацеў пазнаёміцца з беларускімі хлопцамі — дабраахвотнікамі палка Каліноўскага, якіх запрасілі на паказы «Куражу».

— У кожнага з нас існуе свой вобраз гэтага ваяра, я ж хацеў сустрэцца з рэальнымі людзьмі, якія аддаюць свае жыцці за Украіну і Беларусь, — дадаў фільммейкер.

Першы паказ нашумелай дакументальнай стужкі пра беларускія пратэсты 2020-га ладзіўся ў Бучы — у кінатэатры Filmax. На сеанс прыйшла жанчына, якая паспрабавала «сарваць» падзею.

— У гэтай жанчыны памёр брат, і гэта быў маналог чалавека, у якога моцна баліць, — узгадвае інцыдэнт рэжысёр. — Яна была супраць таго, што мы збіраемся паказваць беларускі фільм. Правакавала нас. Я імкнуўся мякка даводзіць, што прыехаў на фестываль беларускага і ўкраінскага кіно, што нам варта больш ведаць адзін пра аднога, што вось тут прысутнічаюць ваяры палка Каліноўскага… Але яе было цяжка пераканаць. «Гэтых хлопцаў я моцна люблю і паважаю, але чаму мы павінны глядзець беларускае кіно? Чаму вы тут?» — сварылася яна. Вядома, гэта ўсё чуць было балюча, але потым жанчына сышла. Я выбачыўся перад нашымі хлопцамі за сітуацыю, сведкай якой яны сталі — гэтыя папрокі ўсё ж моцна дэмаралізуюць. Але па іх рэакцыі я зразумеў, што яны прызвычаіліся да падобных рэчаў.

Паказ фільма «Кураж» («Смеласць») у Кіеве. Фота: Вольга Закрэўская

Аляксей ужо падчас першай сустрэчы быў уражаны беларускімі добраахвотнікамі.

— Я ўбачыў перад сабой звычайных хлопцаў — такія жа, як я. Яны цікавяцца тымі ж рэчамі, яны адстойваюць свае перакананні, як бы ні было цяжка. І яны гэтаксама, як і ўсе мы, хвалююцца, перажываюць і маюць патрэбу ва ўвазе, — дае некалькі штрыхоў да партрэту «каліноўцаў» кінематаграфіст.

Стужку «Смеласць» беларускія ваяры прынялі. Пасля сеансу ў Бучы рэжысёру ўдалося пагутарыць з маладымі «каліноўцамі».

— Выпілі кавы і проста пасядзелі-пагаварылі пра жыццё. І гэта была вельмі цікавая размова! Як хто жыве, чым цікавіцца. Хто якую музыку слухае. Пра дзяўчат. Адкуль родам. Увогуле адчуваецца, што хлопцам хочацца падзяліцца з кім-небудзь такімі жыццёвымі рэчамі, выгаварыцца. У гэты момант я адчуў, што нягледзячы на ўсе «інцыдэнты», тут быць вельмі важна.

Паказ беларускай стужкі ў Кіеве канчаткова пераламіў сітуацыю. На сеансе ў кінатэатры «42 Kino» на Падоле быў аншлаг. Людзі сядзелі ажно на прыступках.

— На сеанс прыйшоў прафесар Магілянскай акадэміі. Ён звярнуўся да мяне на беларускай мове, маўляў, «зараз вам цяжка трымаць свой сцяг у замежжы. Але вы не здавайцеся!» — падтрымаў ён. Бачна, што ў гэтага чалавека баліць за Беларусь, — узнаўляе Аляксей Палуян.

Ад скандалу ў Бучы не засталося і следу.

Паказ фільма «Кураж» («Смеласць») у Бучы. Фота: Вольга Закрэўская

Рэжысёр апісавае сітуацыю, калі пасля паказу ў Кіеве ён пачуў водгук ад аднаго з добраахвотнікаў.

— Мужчына з сівымі валасамі ўстаў і прызнаўся, што карціна яго моцна матывавала. Зіма — цяжкі час для ваяроў. Але «каліновец» падзяліўся, што пасля прагляду фільма ён зноў акрыяў духам. «Дзякуй, што нагадалі, за што мы змагаемся», — сказаў мужчына. Пачуць такія словы — было вельмі прыемна, — дадае беларускі фільммейкер.

Ды асабліва запомнілася Аляксею Палуяну прамова аднога са сталых «каліноўцаў».

— Гэта быў мужчына недзе 50-ці гадоў. Пасля паказу фільма ён сказаў наступныя словы. Маўляў, я хачу выбачыцца перад маладымі людзьмі за тое, што ў 1996 годзе мы, наша пакаленне, не адстаялі свабоду. І сёння моладзь вымушана змагацца з дыктатурай са зброяй у руках у такіх жорсткіх умовах. Такія водгукі не забудзеш, — дадае Аляксей.

Заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі прызнаўся, што акурат цяпер ён працуе над фільмам на гэту тэму — праз старэйшае і маладое пакаленне беларусаў — пакаленне, якое рабіла свой выбар у 1980-х і 2020-х гадах. Пра памылкі бацькоў і дзяцей.

— Пасля моцнай рэплікі «каліноўца» я ўпэўніўся, што ідэя майго фільма акурат трапляе ў нерв часу, — кажа аўтар.

Ды яшчэ Аляксей Палуян, наведаўшы Бучу і Кіеў, з горыччу канстатаваў, што і вайна ва Украіне — тая новая паўсядзённасць, канец якой па-ранейшаму складана прадказаць.

— Я бачыў на аўтобусным прыпынку ў Луцку, як адзін хлопец сыходзіў на фронт, — і гэта была сцэна, якая трапіла ў маю душу, — дзеліцца кінематаграфіст. — На вакзале з маладым ваяром развітваліся бацькі, сястра і сябры. Сястра плача, сябры плачуць, але хлопец трымаўся. Потым ён зайшоў у аўтобус, махнуў рукой бацькам, каб разыходзіліся, закрыў фіранкі на акне, і ціхенька заплакаў. Але яго сябры адчулі гэта і зайшлі ў аўтобус. Адзін з іх зняў з шыі амулет і сказаў: «Мяне выратаваў, і цябе мусіць выратаваць». Яны абняліся, і ўжо не саромячыся зарыдалі ў голас разам. Я назіраў гэту сцэну з цяжкім сэрцам — вось так таксама выглядае вайна. І колькі жыццяў яна яшчэ забярэ — невядома.

Фота: Аляксей Палуян

Адказваючы на пытанне наконт вобразу «каліноўца», які рэжысёр для сябе стварыў пасля знаёмстваў з добраахвотнікамі, ён адказаў:

— Я не магу сказаць дакладна — мае знаёмства налічвае некалькі дзесяткаў чалавек, — разважае творца. — Але, пэўна, гэта мужчына сярэдняга і маладога веку. Нешматслоўны. Задуменны. Эмпатычны. Са стомленымі вачыма… І пры гэтым са стрыманай годнасцю, — зазначыў Аляксей. — Годнасцю, якая праяўляецца праз дабрыню, якая бачная нават у звычайным вітанні. Сустрэча з гэтымі хлопцамі — бадай, найлепшае, што здарылася са мной у 2023 годзе.

Псіхалагічная падтрымка, удзячнасць, добрае слова — гэта тое, у чым, на думку кінематаграфіста, беларускія ваяры зараз маюць асаблівую патрэбу. І Аляксей заклікае беларусаў дзяліцца гэтай дапамогай з тымі, хто на самым пярэднім краі.

— Гэта была складаная паездка, — дадае рэжысёр, — бо я ўбачыў шмат гора, болю, стомленасці. Але гэта падарожжа было і вельмі светлым — бо я пазнаёміўся з тымі людзьмі, якія натхнілі мяне надзвычайна. Я ўбачыў іх чалавечнасць, самаадданасць, мужнасць. Часам думаеш, што нас так мала, і ўвесь свет жыве сваім жыццём. Але гэта не так. Ты не адзін. І ў гэтым я бачу вялікую надзею — у чалавечай узаемападтрымцы, салідарнасці.

Калі ў што і варта верыць у новым годзе — гэта ў людзей, у адзін аднаго, — прамаўляе беларускі кінематаграфіст.

Аляксей Палуян дадае, што хацеў бы зноў з’ездзіць з паказамі свайго кіно ва Украіну. Ужо ў гэтым годзе.

Каментары

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі1

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

«Мне не далі жыцця — увесь час правяралі, трэціравалі». Былы палітвязень расказаў, чаму праз тры гады пасля вызвалення ўсё ж выехаў з Беларусі1

Расійскі блогер сыграў у S.T.A.L.K.E.R.2 і выразаў літару Z на забітым персанажы. Ён жыве ў ЗША7

Лукашэнка даў прытулак суддзі Шміту, які ўцёк з Польшчы2

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім36

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі1

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі

Галоўнае
Усе навіны →